Галоўная»Практычны раздзел»Літаратурна-мастацкі аналіз вершаў да тэмы 4.2. Эдзі Агняцвет
Тэматыка вершаў і паэм Эдзі Агняцвет досыць шырокая:
Вялікая Айчынная вайна з яе трагедыямі і незагойнымі ранамі;
гераізм дзяцей і дарослых;
адбудова разбуранай сталіцы Беларусі Мінска;
мірная стваральная праца;
дружба, інтэрнацыянальная еднасць працоўных;
піянерскае дзяцінства.
У яе творчасці для дзяцей і юнацтва ёсць розныя жанры:
лірычны
апавядальна-сюжэтны
сатырычны верш
верш-дыялог
песня
опернае лібрэта
паэмы, якія часцей за ўсё ўслаўляюць гераічнае ў нядаўняй гісторыі нашага народа, выхоўваюць у дзяцей смеласць, мужнасць.
Паэтызацыя радзімы, прыгажосці роднага краю характэрна для паэзіі Эдзі Агняцвет. Пачуццё прыроды ў Эдзі Агняцвет асаблівае. Часам прырода ў яе творах адухаўляецца, надзяляецца чалавечымі якасцямі (“Музыка лесу”, “Падарожнiк”, “Дажджы”, “Рабiнка”, “Чаму ў трывозе дзед Мароз”, “Рэчка, рэчанька мая”).
У кожным творы раскрываюцца цуды прыроды, яе разнастайнасць, але галоўнае, што яна падштурхоўвае юнага чытача заўважаць гэтую прыгажосць, цаніць яе. Актыўнае ўзаемадзеянне з прыродай гартуе дух маладога пакалення.
З вершаў так і струменіць заклік не паддавацца паныласці, жыць у адпаведнасці з запаветамі продкаў. Услаўленне прыгажосці роднага краю – гэта і ўслаўленне прыгажосці чалавека, яго пачуццяў, гарманічнасці яго паводзін сярод людзей і прыроды.
Прырода і радзіма ўспрымаюцца паэтэсай як адзіна каштоўная вартасць; чысціня лясоў і рэк павінна сімвалізаваць і чысціню душ, добрых чалавечых памкненняў, сардэчную адкрытасць для ўсіх добразычлівых людзей. Так ад захаплення роднай прыродай, сваім краем паэтэса падводзіць чытача да ўсведамлення неабходнасці шанаваць і любіць культуру іншых. Праз прыроду пазнаецца і душэўная еднасць людзей, што найбольш поўна выявілася ў вершы “Зямля з блакітнымі вачамі”:
Твае сыны, твае ўнукі,
Мы любім гул тваіх бароў.
1 рэкі цягнуцца, як рукі,
Да чыстых рэк тваіх сяброў”.
Вялікую ўвагу паэтэса надавала патрыятычнаму выхаванню дзяцей, фарміраванню ў іх гонару за сваю краіну, павагу да працоўных прафесій, пачуцця годнасці ў вершах “Міхеіч”, “Хто пачынае дзень?”, “Скульптар”, “Цагліна”, “Вясёлка”, “Мой тата – будаўнiк”, “Машынiст”. Паэтэса па-майстэрску апісвае прафесіі. Аб высакароднай працы настаўніка верш “Буду настаўнікам”:
У няшчacцi дpyг дaлёкi,
Tpaпiў y бядy cyceд, –
He глядзi cпaкoйнa збoкy,
Пaмaжы ямy як cлeд!
Aдкpывae шкoлa цyды
Mнe i ўciм мaiм cябpaм.
Kaлi-нeбyдзь, мoжa, бyдy
Я нacтaўнiкaм i caм.
Паэтэса сцвярджае, што ўсе прафесіі для працоўнага чалавека з’яўляецца ганаровымі, бо павагу ў грамадстве яму прыносяць не займаемая высокая пасада, а канкрэтныя карысныя справы. Людзі пранікаюцца павагай да тых, хто стварае камфорт у паўсядзённасці, падтрымлівае чысціню ў двары.
Гэтай спагадай, дабрынёй напоўнены сэрцы і юных герояў іншых твораў. Як у вершы “Міхеіч”. Сюжэт (дарэчы, сюжэтныя ў сваёй аснове і многія вершы, у чым таксама сказваецца праяўленне эпічнасці яе таленту) узяты з паўсядзённасці. Дзеці пасябравалі з дворнікам, адзінокім і старым. І вось яны даведаліся, што Міхеіч захварэў, а дапамагчы няма каму. Адразу ж, не чакаючы падказкі дарослых, “пабеглі… у аптэку, пабеглі ў магазін”:
Прынеслі аспірыну:
Хутчэй, хутчэй прымай! –
Прыправілі малінай
Грузінскі смачны чай.
Не забыліся, што двор не падмецены. Тут за справу ўзяўся герой-апавядальнік: “Надзеў фартух я сіні, пайшоў з мятлой, з вядром”. А праца па ахвоце, без прымусу заўсёды радасць прыносіць, таму маленькі дворнік не хавае свайго захаплення ад таго, што зрабіў карысць людзям: “Мне вокнамі ўсімі наш усміхнуўся дом”.
Шумны свет дзіцячай паэзіі Э. Агняцвет населены не толькі самімі дзецьмі, але і дарослымі: тут створаны вобразы бацькі, маці, дзеда, настаўніцы (“Твая настаўніца”). Паэтэса расказвае дзецям пра рабочага чалавека, пра прафесіі (“Хто пачынае дзень?”), пра складаную работу скульптара, у якім сумяшчаецца і мастак, і рабочы (“Скульптар”). Сваіх юных герояў паэтэса падае ў дзеянні, у працэсе вучобы, у гульнях, у падарожжах (“Я іграю на скрыпцы”, “Хто перагоніць?”, “Вясёлы памочнік”).
У вершах Э. Агняцвет жыве ўспамін пра вайну. Паэтэса паказвае, што не толькі асірацелыя маці, а нават “зямля ўздыхае па сынах забітых, што з бою не прыйшлі” (“Паслухай, разгадай! ”). Гледзячы сёння на шчаслівых дзяцей, яна ўспамінае цяжкія дарогі адступлення, на якіх гінулі ад бамбёжкі дзеці, і не можа стрымаць гневу:
Задушыць бы мне таго фашыста,
Хто бамбіць адважыўся малых!
Ёсць у Э. Агняцвет вершы-ўспаміны, вершы-звароты, замалёўкі з натуры. Рэдка сустракаюцца абстрактныя творы, найбольш частыя ў яе паэзіі – канкрэтныя, прадметныя вершы, звязаныя з асабіста перажытым, убачаным. Глыбока гуманістычным сэнсам вызначаюцца вершы абагульняльнага характаруру “Маці невядомага салдата”, “Хай часцен смяюцца дзеці”. Дзеці – гэта будучыя творцы, абаронцы Радзімы; яны з’яўляюцца на свет для жыцця і радасці.
Паэтка адкрывала дзецям свет людзей, што ў час вайны здзяйснялі подзвігі. Гэта найбольш ярка адлюстравалася ў паэмах “Песня пра піянерскі сцяг”, “Будзем сябраваць”.
Вялікае месца ў твочасці Э.Агняцвет займае інтэрнацыянальная тэма, якая раскрываецца не дэкларатыўна, яна мае канкрэтныя, адчувальныя каардынаты; заключае ў сабе значны пазнавальны матэрыял. Так, гаворачы пра Узбекістан, паэтэса знаёміць беларускіх дзяцей з геаграфіяй гэтай рэспублікі, яе рэкамі, гарадамі, мовай, а галоўнае – з людзьмі, якія славяцца сваёй гасціннасцю і дабратой.
Цудоўна ведала Эдзі Агняцвет псіхалогію дзяцей і таму, што часта сустракалася са сваімі чытачамі. І не толькі ў час прэзентацыі кніг, канферэнцый. Даўняе сяброўства было і з вучнямі Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве. Плёнам яе стала кніга “Доктар Смех”, якая ў 1977 годзе выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У ёй падкрэсліваецца значэнне добрага настрою, гаючая ўласцівасць смеху, увогуле дадатных эмоцый. Праілюстравалі яе самі дзеці. Юныя мастакі з гэтай школы пастараліся і афармляючы зборнік Эдзі Сымонаўны “Ад зярнятка да вясёлкі”.
Паэтэса здолела ўбачыць надзвычайныя рысы дзяцей, якія адразу вызначалі характары дзейсных асоб. Цяжка ўявіць дзіцячую паэзію без усмешкі, без гумару. Найбольш характэрныя з іх “Зося на кухні”, “Параска і падказка”, “Вельмі “ветлівы” Мікіта”, “На дачы ў гамаку”, “Шчодры Цiшка”. У вершах асуджаецца гультайства, сквапнасць, ганарлiвасць. У творах спалучаецца разнастайнасць адценняў камiчнага: ад мяккага гумару да самакрытычнай iронii, высокая арганiзацыя паэтычнага радка, меладычнасць вершаў паэтэсы. Так, у вершы “Зося на кухні” гаворыцца пра дзяўчынку, якая надумалася вынайсці новыя стравы і пачала гатаваць суп з усякай усячыны: грыбоў, цукерак, агуркоў, перцу, мукі. Аднак гэтага яе варыва меншы брацік есці не стаў:
– Ніяк не дагодзіш! –
Злуецца кухарка
I ходзіць па кухні, як чорная хмарка,
А ў цеснай каструлі смяюцца грыбкі,
Брусніцы, карыца, мука, агуркі...
Можна пасмяяцца з нядбайнасці, ляноты, з такіх “герояў”, як вучаніца Параска, якая надта вялікія надзеі ўскладае на падказкі, няветлівы хлопчык Мікіта, нядбайны Саўка. У кніжцы высмейваюцца заганы і недахопы некаторых дзяцей: сквапнасць, неахайнасць, няўменне паводзіць сябе ў кіно, на вуліцы, баязлівасць.
Што да смеху, дык яна сапраўды бачыла ў ім “доктара” ад шмат якіх заган. І ад гультайства, і ад зазнайства, і ад самаўпэўненасці. Часам гэты доктар у творах пра падзеі расказвае з іроніяй, а то і, адчуваючы, што дастаткова прафілактычных мер, – з усмешкай. Як у вершы “Параска і падказка”, у якім дзяўчынка трапляе ў недарэчнае становішча. З-за таго гэта адбываецца, што не вучыць урокаў, а спадзяецца толькі на дапамогу аднакласнікаў. Акрамя таго, часта не разабраўшыся, што і да чаго, прамаўляе неўпапад. Не стрымалася настаўніца, запыталася неяк у дзяўчынкі: “Скажы нам, без якога слова пражыць не можаш ані дня? ” Маўчала Параска, пакуль хтосьці не “дапамог” ёй:
Знайшоўся жартаўнік такі,
Што гучна прашаптаў:
Падказка.
– Падказка! – крыкнула Параска.
Прывабліваюць і творы, у якіх выкарыстана форма дзеяння, гульні. Дзіця трапляе ў родную яму стыхію, хоча да ўсяго дайсці самастойна. Таму і прызнаецца герой верша “Скорагаворкі”: “Я гуляў ля горкі і збіраў скорагаворкі”. Збіранне аказалася плённым. Яны звязаны між сабой, тым самым утвараецца адзін твор з асобных раздзелаў, паміж якімі знаходзяцца свайго роду ўстаўкі:
Ці не лепшая – першая?
Следам бяжыць другая – не благая!,
Я да рэчкі падышоў – раптам трэцюю знайшоў,
Вось табе, Рагатун Рыгорка, чацвёртая скорагаворка…
У цэлым у паэзіі Э. Агняцвет удалося выявіць разнастайныя аспекты жыцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.
Такім чынам, паэзія Э. Агняцвет у аснове сваёй аптымістычная, светлая. Светлыя фарбы, добрая ўсмешка характэрны для яе вершаў аб дзецях, аб прыродзе, аб умелых, таленавітых людзях, здольных ствараць прыгожае, абараняць здабытае ранейшымі пакаленнямі.