Галоўная»Практычны раздзел»Літаратурна-мастацкі аналіз вершаў да тэмы 3.6. М.Багдановіча
Адметнае месца ў творчасцi М. Багдановiча займае пейзажная лiрыка. Асэнсаванне дзецьмi вобразаў пейзажнай лiрыкi – эфектыўны сродак фармiравання iх эстэтычна-мастацкага густу.
Паэтычныя творы М. Багдановіча даюць багаты матэрыял для лінгвістычных назіранняў. М.Багдановіч пакінуў нашчадкам у спадчыну цудоўныя вершы, у якіх арганічна спалучаюцца пачуццё і розум, глыбіня думкі і адточанасць кожнага радка.
Тонкі лірык, чалавек, які глыбока адчуваў хараство навакольнага свету, М. Багдановіч стварыў цыкл прырода-апісальных вершаў, аб’яднаных агульнай назвай “У зачараваным царстве”. Амаль кожны верш гэтага цыкла вызначаецца дасканалай формай, якая перадае думкі і пачуцці аўтара. Звернем увагу на два вершы – “Зімовая дарога” і “Зімой”. У абодвух апісваецца зімовы пейзаж, тонка паказваецца хараство і сіла прыроды, што так дабратворна ўплывае на чалавека, здольнага бачыць, адчуваць прыгожае. У вершы “Зiмовая дарога” Багдановiч стварае паэтычныя карцiны зiмовай ночы, паказвае яе прыгажосць i таямнiчасць. У вершы “Зiмой” паказвае карцiну зiмовага вечара, у якой усё жыве, рухаецца, да чагосьцi iмкнецца.
Вершы быццам аднатэмныя. Познім марозным вечарам па заснежаным прасторы імчаць сані. Далёка чуваць мілагучныя перазовы срэбных званочкаў. Гэтыя гукі, шырыня і прыгажосць прастораў абуджаюць сілы лірычнага героя, нараджаюць светлыя надзеі. Такі ў агульных рысах змест абодвух твораў. Але гэта два вершы, і яны не аднолькавыя. Калі іх чытаеш, нават не ўзнікае думкі, што аўтар паўтараецца.
Выдатна ўмеючы слухаць і бачыць навакольнае, М. Багдановіч паказвае розныя грані жыцця, розныя куточкі “царства светлай прыроды”, розныя нюансы “радасці адчування, што ты жывеш”. Робіць гэта паэт, падбіраючы тое адзінае слова, якое найбольш поўна перадае думку, найбольш дзейсна ўплывае на людскія адчуванні [1].
Вершы “Зімовая дарога” і “Зімой” – словам створаныя рэалістычныя карціны, у якіх адчуваюцца контурнасць прадметаў, фарбы і гукі позняга зімовага вечара, водар роднай прыроды:
Самыя звычайныя словы, звыклыя і арыгінальныя метафары, азначэнні, якія характарызуюць з’явы і адначасова перадаюць настрой паэта, мілагучнасць радкоў – усё злілося ў адно, нішто не звяртае на сябе асаблівай увагі. Паспрабуем жа прыгледзецца да слоў, сказаў, вобразна-фанетычнай структуры твора. Пачынаецца верш радкамі:
Шпарка коні імчацца ў полі,
Сумна бомы гудзяць пад дугой…
Усе словы, акрамя сумна, ужываюцца з прамым значэннем. Гэта не выпадкова. Аўтар дае прадметна-канкрэтнае апісанне зімовай дарогі, на якую будзе глядзець вачыма чалавека, што ляціць у лёгкіх санках па заснежаным полі. Першы радок меў і другі варыянт:
Шпарка коні бягуць чыстым полем…
Каб выразней паказаць імклівасць руху, надаць радку большы дынамізм, Багдановіч выкрэслівае бягуць чыстым полем і надпісвае імчацца ў полі. У слове імчацца – большая хуткасць руху. Змянілася і гучанне радка, ён стаў значна карацейшы, хоць колькасць складоў захавалася.
Прыслухаемся да радка, прыгледзімся да яго гукавой інструментоўкі:
Шпарка коні імчацца у полі…
Ці няма тут своеасаблівай гукавой асацыяцыі? Паўтарэнне гукаў а – а – о – а – а – у – о нагадвае рэха ў марозным паветры, свіст ветру ў вушах ад хуткага бегу лёгкіх санак. Вось што значыць “гібкі верш”, створаны з надзвычайнай цярплівасцю, увагай да сэнсу і гучання слова.
Калі загаварылі пра музыку Багдановічавых радкоў, дык перачытаем яшчэ і канцоўку верша.
І лятуць мае лёгкія сані,
Унашуся я ў сінюю даль.
Паўтарэнне галосных гукаў [а], [у] таксама перадае працяжны посвіст ветру ў марозным паветры. Бязмежнасцю вее ад спалучэння слоў у сінюю даль. Эпітэт сіні да слова даль прывычны. Пад пяром некаторых аўтараў гэта гатовы выраз, штамп. А ў Багдановіча сіняя даль – гэта і заснежаная прастора, што цьмяна асвятляецца маркотным месяцам, і нешта светлае ў будучыні, што ўбачылася лірычнаму герою, які, “з прыродай зліўшыся душою”, пачынае думаць “пра волю і долю”.
М. Багдановіч часта карыстаўся эпітэтамі. У вершы “Зімовая дарога” бачым, што поле нікне ў срэбным тумане, дарожкі ўюцца змейкай срабрыстай, снег блішчыць, як халодная сталь. Гэтыя мастацкія азначэнні падпарадкоўваюцца адзінай думцы: паказаць, даць адчуць халодны бляск заснежанага поля, асветленага месяцам, маркотныя рожкі якога зіхацяць праз марозную мглу. Метафарычныя эпітэты срэбны (туман), срабрыстая (змейка), сіняя (даль) перадаюць фарбы зімовага наваколля, а эпітэт маркотныя (месяца рожкі) – аўтарскае бачанне з’яў прыроды праз прызму настрою. Можа, паэту здалося, што месяц замаркоціўся ў адзіноце (пачуццё, такое знаёмае аўтару), можа, праз марозную мглу проста неакрэслена былі відаць абрысы месяцавага сярпочка, таму ўзнікла такое апісанне, а можа, і што-небудзь іншае выклікала такі вобраз [6].
Метафара заўсёды цікавіла М. Багдановіча як выразны сродак эмацыянальна-пластычнага адлюстравання з’яў жыцця. Карыстаўся паэт метафарай тады, калі яна “прасілася” ў радок, які павінен быў загаварыць, засвяціцца нейкімі адценнямі думкі. І вось бомы не толькі гудуць, але і запяваюць аб волі і долі, навяваюць у сэрцы спакой. Значыць, сум святлее, душа спакайнее, болей выразна бачыш навакольнае хараство. Так метафарычнае слова ў вершы паэта рэалізуе глыбокі сэнс.
Алегарычнасць думкі М. Багдановіча найчасцей мае канкрэтную аснову, толькі ён як мастак бачыць падабенства і там, дзе другі чалавек, можа, яго не прыкмеціў бы. Таму ў творы знаходзім і прывычнае параўнанне дарогі са змейкай (уюцца змейкай срабрыстай дарожкі), і параўнанне бляску снегу з бляскам сталі (снег блішчыць, як халодная сталь). Абодва параўнанні арганічна ляглі ў вобразную сістэму верша, памаглі аўтару стварыць выразны малюнак зімовай прыроды.
Перачытваючы “Зімовую дарогу”, варта звярнуць увагу на сінтаксічную структуру верша. Яна надзвычай цікавая, падпарадкаваная пэўнай заканамернасці: тры страфы – тры складаныя сказы, часткі якіх аб’ядноўваюцца ў асноўным бяззлучнікавай сувяззю, толькі ў другім і трэцім сказах ёсць злучнік і. Кожны радок нясе адносна закончаную думку. Бяззлучнікавая сувязь, аднародная структура сказаў добра перадаюць плаўнасць хуткага руху, дапамагаюць стварыць настрой захаплення.
Асноўны змест верша “Зімой” нагадвае змест верша “Зімовая дарога”. І тропы, “гэтыя наймагутнейшыя рычагі паэтычнага ўздзеяння”, як называў іх сам паэт, амаль тыя самыя, а верш іншы. Галоўнае тут у настроі, якому падпарадкоўваецца ўсё апісанне.
Хуткая язда, марознае паветра, прыгажосць прыроды можа бадзёрыць чалавека і заспакойваць яго, што і выяўляецца ў вершы “Зімовая дарога”, але ўсё гэта можа захапіць, узбудзіць, выклікаць хваляванне, – і такі вось настрой перадае М. Багдановіч у вершы “Зімой”. Заўважым, якімі моўнымі сродкамі гэта дасягаецца.
Пачынаецца верш двума клічнымі сказамі з разгорнутымі звароткамі:
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег! [5].
Своеасаблівая форма звароту-прывітання “здароў!”, у якой так і чуецца фізічная і душэўная энергія чалавека, – асноўны гукавы фон радкоў, створаны гукамі [з], [р], [ч], дакладна падабраныя азначэнні звонкі (вечар), скрыпучы (снег) адразу настройваюць на бадзёры тон, на аптымістычнае сцвярджэнне жыцця. Паэта захапляе і ўзбуджае гармонія красы зімовай прыроды.
Вечар – гэта позні час, калі працоўны дзень з яго мітуснёй, рознымі гукамі адышоў на спачын, а ў марозным паветры далёка чуваць “вясёлых бомаў медзь” і скрып снегу пад палазамі лёгкіх санак. Метафарычны эпітэт звонкі падтрымліваецца і гучаннем радка і азначэннем скрыпучы (снег), якое таксама – выразная дэталь у гукавым малюнку. Ні скрып снегу, аднак, ні гукі бомаў не парушаюць цішыні прыроды:
Мяцель не вее, сціхнуў вецер.
Асноўная частка верша (дзве сярэднія страфы) будуецца на зрокавых вобразах. Зноў перад намі апісанне снягоў, марознага неба, як і ў “Зімовай дарозе”, але на ўсё гэта глядзіць другі чалавек, у другі час – і бачыць ён іншае. Заснежаная начная прастора, асветленая месяцам, адлівае сінявою. І паэт пры яе апісанні выкарыстоўвае словы, якія абазначаюць колеры той самай гамы, што і ў “Зімовай дарозе”: срэбная рыза, белыя бярозы, сінеючыя снягі, сінява начная, але не звяртае ўвагі на халодны бляск снягоў: усё наваколле ў гэтым вершы напаўняецца дыханнем жыцця.
З вялікім майстэрствам паэт “ажыўляе” прыроду, і робіць ён гэта, карыстаючыся мастацкімі прыёмамі, заснаванымі на пераносных значэннях слова. Прыгадаем:
У небе зоркі ад марозу,
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Тут метафарычны дзеяслоў дрыжаць і такое ж метафарычнае азначэнне пахаладзеўшыя ад марозу надалі малюнку жыццё, напоўнілі яго дыханнем зімовай ночы. Таму, напэўна, месяц, на гэты раз вільготны не проста свеціць ці, дакладней, адбівае святло на зямлю, а спусціў на поле празрысты, светлы стоўп, пакрыў срэбнай рызай снежную прастору. Дзеясловы спусціў, пакрыў, назоўнікі стоўп, рыза рэалізуюць таксама пераноснае значэнне.
Жыве прырода, абуджае сілы чалавека. Як да пэўнай, жывой асобы, звяртаецца паэт да вечара, снегу, званочкаў пад дугой. Усё злілося ў адно, і над усім – чалавек. Ён настолькі захапіўся шпаркай яздою, хараством краявідаў, што нават пачынае адчуваць, як у грудзях пачала кроў кіпець.
Вершы “Зімовая дарога” і “Зімой” сталі хрэстаматыйнымі творамі, на іх мы вучымся бачыць красу роднай прыроды, вучымся шанаваць роднае слова.
Паэма-казка “Мушка-зелянушка i камарык – насаты тварык” мае пазнавальнае значэнне для дзяцей. У аснову твора пакладзена беларуская народная песня пра няўдалую жаніцьбу камара. У казцы сустракаем насякомых, вонкавы выгляд якіх і паводзіны адпавядаюць біялагічным. У творы адноўлены народныя сямейна-бытавыя абрады (сватанне, заручын, вяселле, пахаванне, скарга) [6]. Паэма-казка вызначаецца пазнавальнасцю маральнага зместу (не заўсёды за прыгожымi i нiбыта шчырымi словамi стаяць прыгожыя ўчынкi.)
Творчымі адносінамі М. Багдановіча да фальклору вызначаецца паэма-казка “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык”. Чулы да народнай паэзіі, аўтар дакладна захаваў асаблівасці паэтыкі, характэрныя інтанацыі народных песень і стварыў на іх аснове зусім новы, арыгінальны мастацкі твор. У аснове яе ляжыць распаўсюджаны ў народных песнях жартоўны матыў аб няўдалай жаніцьбе камара.
У беларускім дзіцячым фальклоры шмат песень, у якіх цэнтральнымі вобразамі з’яўляюцца камарык і мушка, а іх узаемаадносіны ўзнаўляюцца ў камічнай форме. Паводле фальклорных крыніц, камарык ажаніўся з легкадумнай мушкай, якая аказалася дрэннай гаспадыняй, не ўмела “ні прасці, ні ткаці”, а толькі “з гарлачыкаў смятанку збіраці”; расчараваны безгаспадарлівасцю мушкі-жонкі, камарык паляцеў у “чыстае поле”, стаў жаліцца на свой лёс; нечакана падуў моцны вецер, камарык зваліўся з дуба і загінуў; няшчасная мушка зрабіла пышнае пахаванне мужу, на яго магіле насыпалі вялікі курган [5].
М. Багдановіч захапіўся паэтычнай прыгажосцю народных песень, аднак, узяўшы за аснову фальклорныя першакрыніцы, ён па-іншаму расставіў акцэнты: у казцы менш увагі надаецца эпізодам скаргі расчараванага камарыка на свой лёс і яго трагічнай гібелі, уключаны зусім новыя яскравыя аўтарскія малюнкі народнага побыту, абрадаў і звычаяў. Паэт пашырыў і ўраўнаважыў сюжэтна-кампазіцыйныя кампаненты, узмацніў ідэйную накіраванасць паэмы, што надало твору адзінства.
Першыя радкі зачыну паэмы-казкі ўводзяць у рэальны свет: Максім ляжыць на траўцы каля рэчкі, над вухам манатонна звіняць камарыкі. Вакол гэтага рэальнага факта паэт размяшчае казачнае, незвычайнае, прымушаючы паверыць у праўдзівасць выдумкі:
Блізка рэчкі Самацечкі камары таўкуцца,
I “таўкачыкі” спяваюць і ў скокі тнуцца:
“Гэй, гоп, таўкачыкі,
Гэй, гоп, асінавы,
Ды работы Максімавы... ”
Па змесце і інтанацыях казачны зачын надзвычай блізкі да беларускай народнай песні “Таўкачыкі”, дапоўненай рэалістычнымі элементамі. Зачын “пераводзіць” настрой на казачны лад, у сне Максіму бачыцца казка. Пачынаецца яна з песні-жальбы мушкі-зелянушкі на свой лёс:
Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі,
Што мяне і не сваталі ніколі?
А пасагу прабагатага я маю:
Куст шыпшыны ад краю і да краю,
Шчэлка ў яблыні – пры ветры каб хавацца,
Лісць альховы – на ночку пакрывацца... [1].
Маляўнічасць вобраза камарыка дасягаецца яго гумарыстычным апісаннем, выкарыстаннем трапных мастацкіх дэталей, прыёмаў самахарактарыстыкі. М. Багдановіч заўсёды захапляўся фальклорнай манерай выяўлення народнага характару, што вызначаецца дабрадушнасцю, мяккім гумарам. Менавіта ў такім плане адлюстроўваюцца падзеі ў казцы: свядома прыўзнімаючы ўрачыстасць інтанацый і адносячы іх да камічных сцэн і сітуацый, паэт стварае адпаведны фальклорным першакрыніцам настрой жартоўнасці. Калі ў народных лірычных песнях жартоўны тон толькі намечаны, то ў паэме-казцы ”Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык”, дзякуючы ўвядзенню шматлікіх побытавых сцэн, напрыклад, адзявання вянка:
Як вянок на муху свацейкі надзелі,
Усе навокала аж вочы праглядзелі.
А калі бацькам журылася дзяўчына,
Аж заплакала жаноцкая радзіна.
Камічныя элементы значна ўзмоцнены і дасягаюць значнага выхаваўчага эфекту.
М. Багдановіч паслядоўна ўводзіць у казку характэрныя асаблівасці сватання, падкрэслівае прыгажосць народнага звычаю, шырока выкарыстоўвае тыпова фальклорныя іншасказальныя формулы: ”Мы – стральцы, шукаем куніцу, не куніцу, але дзявіцу” традыцыйныя звароты, сімвалічныя сцэны (падарунак мушкай ручніка, ”што яна на траўцы сцяліла і на ясным сонцы бяліла”, як згода нявесты [5].
Цэнтральнае месца ў паэме-казцы займае апісанне вяселля. Увядзенне абрадавых, бытавых і псіхалагічных сцэн надае ўсяму малюнку большую ў параўнанні з фальклорнымі творамі сюжэтную паслядоўнасць, стварае адпаведны эмацыянальны настрой, выяўляе нацыянальны каларыт: вуліткі замешваюць каравай; авадзень, старшы камаровы дружка, “дробным макам рассыпаўся перад мушкай” з традыцыйнымі вясельнымі прыгаворамі; гучаць развітальныя песні нявесты, вытрыманыя ў духу старажытных заплачак:
Ускланяюся татачцы і матачцы,
Калі ўжо апрыкрыла ім у хатачцы.
I чаму ж вы мяне гадавалі
Ды ў чужую сямейку аддалі?
Звязаныя з цырымоніяй ”дарэння” вясельныя прыпеўкі баярачкі-чмяліхі носяць адпаведны моманту жартоўна-парадыйны характар:
Ой, багаты баяры, багаты,
Ды забыліся ўзяць грашаняты.
Хоць не шмат грашанят яны маюць,
Дык затое свой гонар трымаюць...
Паказваючы музыкаў, паэт падкрэслівае разнастайнасць адценняў іх дзеянняў:
А як сыпнулі-ўрэзалі музыкі,
Дык узняўся разам гоман там вялікі.
Чмель пузаты на басолі гучна грае,
А на скрыпцы ёмка пчолка падсякае.
I знайшоўся мушанёнак нейкі малы,
Што званіў-такі не кепска ў цымбалы. [1].
М. Багдановіч стварыў вобразныя карціны народных сямейна-бытавых абрадаў, падрабязна ўзнавіў іх працэсуальнасць з выкарыстаннем прыпевак, прымавак, песень, заплачак, прычытанняў, галашэнняў, паказаў багацце народна-песеннай мовы. У адпаведнасці з традыцыямі вусна-паэтычнай творчасці паэт шырока выкарыстаў памяншальна-ласкальныя суфіксы, эпітэты-назоўнікі: ”камарочак”, ”таўкачыкі”, ”траўка”, ”мушка-зелянушка”, ”мушка-пяюшка”, ”пяюшка-сакатушка”, ”свацейкі”, ”баяркі-пчолкі”, ”госцейкі”, ”грашаняты”, ”кросенкі”. Зразумела, што адны толькі фальклорныя крыніцы не маглі задаволіць мастака слова, важную ролю адыгралі жыццёвыя назіранні М. Багдановіча, паколькі без дасканалага ведання народнага побыту немагчыма было б стварыць сюжэтныя малюнкі з такой паўнатой і выразнасцю. Разгорнуты паралелізм у пачатку чацвёртай часткі стварае сумны настрой. Ён ўзмацняецца павольным, журботна-задуменным рытмам верша: Нявеста, што ”ля мужа скромненька сядзела і зялёненькай спаднічкай зіхацела”, стаўшы жонкай змяняецца:
He ўмее мушачка
Працаваць.
Толькі ўмее з хлопцамі
Жартаваць;
Ані выткаць кросенкі,
Ані шыць,
Ані стравы хораша
Наварыць” [5].
З пазіцый народнай этыкі зыходзіў М. Багдановіч, засведчыўшы ў творы, што менавіта праца прыносіць чалавеку маральнае здавальненне, а адносіны да яе выяўляюць сутнасць і сапраўдную вартасць асобы.
Такім чынам, М. Багдановіч значна ўзбагаціў сэнсава-эмацыянальны змест вядомых фальклорных першакрыніц, стварыў арыгінальную паэму-казку “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык”, якая стала прыкладам беражлівага засваення вуснай народнай творчасці, узорам клопату пра захаванне і наследаванне народных традыцый.
Творы М.Багдановiча для дзяцей i пра дзяцей вызначаюцца аб’ёмнасцю вобразаў, псiхалагiчнай матываванасцю ўчынкаў лiтаратурных герояў i эстэтычнай глыбiнѐй [3].
Літаратура
Багдановіч, М. Поўны збор твораў : у 3 т. / М. Багдановіч. – Мінск, 1992–1995. – Т. 1 : Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – 1992.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б.Яфімавай. – Мінск: Выш.ш., 2008.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнік для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / пад рэд. А.П.Бязлепкінай-Чарнякевіч, І.Д.Воюш. – Мінск : РІПА, 2020.
Дзіцячы фальклор ; пад. рэд. К.П. Кабашнікава. – Мінск, 1972. – С. 243–252.
Рагойша, В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах : дапаможнік / В. Рагойша. Мінск, 2001.