Галоўная»Практычны раздзел»Аналіз вершаў Я.Купалы для дзяцей
У вершы “Бай” (1921) створаны вобраз казачнага персанажа або казачніка, апавядальніка Бая. У народных уяўленнях – гэта дзед з барадой, які цікава і займальна расказвае казкі, байкі. “У забаўлянках з Баем абыгрываюцца словы “баіць”, “бай” – апавядай”. Забаўлянка “Бай” – твор павучальна-пазнавальнага зместу. У ім назіраем “ланцужковы прынцып пабудовы, характэрны для народных “баяў”. Казачны персанаж – апавядальнік-Бай – гутарыць з дзіцем з той мэтай, каб пазабаўляць яго. Ён расказвае, як труцень-ашуканец убіваецца ў працавітую пчаліную сям’ю і пачынае жыць за яе кошт:
Бегаў бай па сцяне
У чырвоным кафтане.
Байку баіў. Ай, лю-лі!
Жылі пчолкі ў вуллі...
Баіць ці не?
– Баіць!
Калі на ўсе ранейшыя пытанні Бая пра тое “баіць ці не” дзіця адказвала “баіць”, то ў фінале верша, даведаўшыся аб дармаедстве трутня, яно не жадае далей слухаць аповед пра яго:
Бегаў бай па сцяне...
Труцень пальцам не кіўне;
Пчолкі мёд нясуць да сот,
Труцень есць ды есць той мёд.
Баіць ці не?
– Не!
Гэтым самым аўтар звяртае ўвагу на здольнасць дзіцяці рабіць адпаведныя маральныя вывады і паказвае ўзор адносін да негатыўных праяў жыцця: дзіця павінна ад іх адмежавацца [2].
Фальклорныя матывы выкарыстаны Я. Купалам і ў вершы “Мароз” (1921). Тут “трансфармаваны народный матывы народных казак пры жывёл і нарадзейных казак, героі якіх увайшлі ў дзіцячы паэтычны свет”. Аповед у гэтым вершы адбываецца да імя персаніфікаванага вобраза Мароза, які расказвае пра свой уладарны шлях па прасторах зямлі:
Іду я, сняжысты, ўсясільны,
Па сцежках-пуцінах пустых,
I ночкай і днём безупынна
Пільную абшараў сваіх.
Герой гэтага верша паэтычна прадстаўляе сябе як уладара, панаванне якога бязмежнае, каранаванае “зялёным борам”, яно мае свой “трон-пасад” у выглядзе “белага снегу”, палац у выглядзе “лесу буйнога, вяцвістага”, што “ірдзіцца брыльянтамі скрозь”. Лес тут паказаны палацам. А воўк і мядзведзь, вавёрка і лось – яго ахоўнікамі. Як сапраўдны валадар мароз мае i сваіх слуг: ваўка, мядзведзя, вавёрку, лася. Мароз рэпрэзентуе сябе гасцінным і клапатлівым гаспадаром прасторы, на якой ён валадарыць:
Хто ў госці ка мне забярэцца,
Тулю тых, галублю іх сон.
I казкі шапчу ім аб шчасці,
I цемру зганяю з вачэй…
Аднак жа такі клопат небяспечны для чалавека. I вось у гэтым сэнсе верш вымагае дадатковага тлумачэння для дзяцей з боку дарослых: не заўсёды прывабнае з прыродных праяў карыснае для чалавека.
Верш-аповед “Мароз” мае прыродазнаўчы змест. У ім створаны карціны зімовай казкі.
Верш “Сын і маці” (1921) прасякнуты патрыятычным пафасам нацыянальнага зместу. У форме гутаркі Я. Купала вырашае праблему доказнага, ілюстрацыйнага разумення школьнікам-хлопчыкам паняцця “Беларусь”, пра якое ішла гаворка ў школе i якую герой верша не зразумеў. Маці імкнецца даходліва адказаць на пытанні сына пра тое, што такое Беларусь як частка акаляючай прасторы, хто такія беларусы i што такое беларуская гутарка. У выніку ў свядомасці хлапчука фарміруецца адчуванне ўласнай значнасці як беларуса, пачуццё нацыянальнай гордасці:
– Ну, ужо знаю, знаю, мамка!
Як у люстры бачу,
Пакажу я ўсяму свету,
Хто я дый што значу!
Цэнтральныя вобразы падзейнай прасторы верша – вобразы сына і маці. Вобразы акаляючай прасторы – гэта названыя маці аб’екты геаграфічнай прасторы i яе насельнікі, якія з’яўляюцца носьбітамі і захавальнікамі роднай мовы. Доказы маці прасякнуты замілаванасцю тым, пра што яна распавядае сыну. Такая прыхільнасць і любасць маці да ўсяго роднага перадаецца і сыну, які сцвярджае наступнае:
– А! Ужо сцяміў! Дык багат я,
Меўшы столькі цудаў:
Гэткім чынам я ніколі
Служкаю не буду.
Да твораў Я. Купалы аб дзіцячых захапленнях, свеце дзіцячых уяўленняў адносяцца вершы “Кароль”, “Хлопчык і лётчык”. Калі ў вершы-аповедзе “Кароль” (1922) адлюстраваны вобразныя ўяўленні хлопчыка-пастушка, што бачыць сябе каралём на прасторы, дзе пасецца яго статак, то лірычны герой верша “Хлопчык і лётчык” (1935) – гэта маленькі рамантык новага часу. Твор вельмі ўдала перадае гераічна-рамантычныя захапленні і памкненні дзяцей савецкага часу. Варта адзначыць, што гэты верш-зварот (верш-прамова) быў папулярным сярод дзяцей на працягу цэлай эпохі. I гэта натуральна: у ім праўдзіва, жыва, пераканаўча, матывавана перададзены памкненні маленькага хлопчыка, які марыў стаць лётчыкам [2]. Стыль гэтага твора вызначаецца меладычнасцю мовы, ён перадае рамантычную ўзнёсласць мары сямігадовага прамоўцы:
Мне ўжо надакучыла дома –
Ў дзіцячы хадзі адно сад,
А так паглядзеў бы, вядома,
На іншы парадак і лад.
Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я
Пабыць у людзях, паглядзецъ,
Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзведзь,
Як свецяцца ночкаю зоры,
А днём не відаць іх чаму,
Як рэчкі ў далёкія моры
Улетку плывуць і ўзіму.
У 1942 г. быў напісаны верш-зварот “Хлопчык і лётчык на вайне” (“Савецкая Беларусь”, 1942). Хлопчык, трэба меркаваць, усё той жа, што і ў вершы 1935 г., але яму ўжо болей гадоў. У гэтым сэнсе “Хлопчык і лётчык на вайне” з’яўляецца своеасаблівым працягам “Хлопчыка i лётчыка” (першыя два радкі амаль даслоўна паўтараюцда). Герой верша таксама марыць быць лётчыкам, толькі ўжо дзеля таго, каб помсціць фашысцкім захопнікам за зробленае імі зло. У час Вялікай Айчыннай вайны, пасляваенны перыяд гэты верш выконваў пэўную грамадзянскую функцыю, але пазней яго значнасць як літаратурнага твора становіцца мінімальнай, бо ён пазбаўлены той вобразнай і эстэтычнай напоўненасці, якая павінна быць у вершаваным творы.
Літаратура
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б.Яфімавай. – Мінск: Выш.ш., 2008.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Літаратура : вучэбны дапаможнік для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / пад рэд. А.П.Бязлепкінай-Чарнякевіч, І.Д.Воюш. – Мінск : РІПА, 2020.
Рагойша, В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах : дапаможнік / В. Рагойша. Мінск, 2001.