Галоўная»Практычны раздзел»Аналіз вершаў і казак М. Танка
Творы Максiма Танка, якiя ўваходзяць у дзiцячае чытаннне вельмі разнастайныя. Першыя творы для дзяцей з’явiлiся ў 1937 годзе, але i да гэтага ў некаторых вершах паэта ўжо гучала тэма дзяцiнства.
Разнастайныя па тэматыцы, праблематыцы i мастацкiх асаблiвасцях творы М.Танка для дзяцей цесна звязаны з фальклорам. Паэт творча пераапрацоўваў народныя сюжэты. У сваiх казках М. Танк закранаў розныя этычныя праблемы, як у казцы “Мухамор”. У казцы высмейваецца хвалько Мухамор, якi лiчыў, што “мог бы смела быць паслом або нават i царом”. Упэўнены, што роўнага па прыгажосцi яму ў лесе няма. Аднак калi ў лес прыйшлi дзецi, усё стала на сваё месца: яны пазбiралi добрыя грыбы, а мухамор нiкому не спатрэбiўся. Казка вучыць чытачоў рэальна ацэньваць сябе i не выхваляцца перад iншымi. Пазнавальнае значэнне ў тым, што дзецi даведаюцца, якiя растуць грыбы ў беларускiм лесе.
Свет роднай прыроды паказаны ў “Казцы пра Мядзведзя”. Паэт iмкнецца выклiкаць у дзяцей гонар за сваю Бацькаўшчыну. Тут пісьменнік канкрэтызуе месца дзеяння, згадваючы нарачанскiя мясцiны i Белавежскую пушчу. У гэтай казцы багатая сiстэма вобразаў. Сярод дзеючых асоб ёсць мядзведзь, воўк, лiса, зубр, казёл, зайцы, вавёрка, варона, сарока, певень, цецерукi, дзятлы. Твор напiсаны ў традыцыях беларускiх народных казак. З гумарам асуджаецца ў казцы гультайства, прыстасавальнiцтва мядзведзя. Ён вырашыў знайсцi жонку працавiтую i з добрым пасагам, каб i надалей гультаваць і быць сытым зiмой. Мядзведзевы сваты воўк i лiса змаглi знайсцi выгадную нявесту працавiтую вавёрачку. Але хiтрасць у казцы пакарана. Калi мядзведзь з’еў усе вавёрчыны запасы i занудзiўся, то знайшоўся той, хто змог вылечыць яго ад ляноты i гультайства. Цыган лячыў мядзведзя брагай, паiў зеллем, салодкiм, як мёд, спаiўшы мядзведзя, прыкаваў яго да калоды i павёў яго цешыць людзей на кiрмаш. У казцы паказана, што праца здольна змянiць характар чалавека. Твор мае i пазнавальнае значэнне, дзецi даведваюцца пра норавы i звычкi лясных жыхароў (чаму вавёрачка хавае свае арэхi) [2].
У творы “Казка пра Музыку” паэт уводзiць вобраз асiлка i паказвае змаганне народа супраць несправдлiвасцi i ўцiску. Герой казкі Музыка – хлопчык сiрата, які не меў нi двара, нi гароду. Ён не прадае сваю музыку нi за якiя грошы. Яго чарадзейнае гранне абуджала i падтрымлiвала народ.
Казка “Галiнка i верабей” блiжэй да забаўлянак. У творы расказваецца пра тое, як галiнка-вярбiнка не хоча калыхаць дзяцей вераб’я, i нiхто не можа прымусiць яе гэта рабiць, бо ўсе ў лесе адмаўляюцца выконваць свае абавязкi. Аднак, калi ўмешваецца чалавек, то ўсё становiцца на свае месцы: “з тых дзён без спачынку, каб кожны быў рад, калыша галiнка ўсiх птушанят”.
Казка “Журавель i Чапля” выхоўвае ў дзяцей пачуццё сяброўства, уменне саступiць адзiн аднаму.
У казцы “Жук i Слiмак” аўтар звяртае ўвагу на няўдзячнасць жука: “забыўся пра нягоды i не на ўме жуку, што абяцаў паднесцi ён хату слiмаку”, засцерагае дзяцей ад падобнай рысы характару.
Казка “Конь i Леў” даносіць да чытача, што дабро заўсёды ўзнагароджваецца: гаспадар, хоць i выгнаў каня, але потым зноў вярнуў яго дадому.
Творы М. Танка шчодра заселены дрэвамі, травамі, кветкамі, птушкамі, свойскімі і дзікімі жывёламі, якія сваімі звычкамі і паводзінамі падобны да людзей. І хоць вобразы фаўны і флоры традыцыйныя ў дзіцячай літаратуры, але неўтаймаваная фантазія паэта ставіць іх у незвычайныя, займальныя і камічныя сітуацыі, каб найбольш ярка высвеціць адпаведныя рысы таго ці іншага персанажа.
У казцы “Сярод лясоў наднёманскіх” адлюстраваны адухоўлены, дзівосны i запамінальны свет роднай прыроды, пад уздзеяннем якога ў дзяцей фарміруецца пачуццё прыгожага. Удалае выкарыстанне вялікіх магчымасцей беларускай мовы робіць малюнкі прыроды яркімі i каларытнымі.
Гераiня казкi – дачушка леснiка Верачка вырасла на ўлоннi прыроды, тут ёй усё дорага. Аднак засумавала, што ўвосень ападаюць лiсты, знiкаюць матылькi, адлятаюць птушкi. Нi звяры, нi птушкi не змаглi дапамагчы Верачцы, толькi маленькi павучок здолеў ажывiць павуцiннем прыроду [8].
Казка “Былiна пра касмічнае падарожжа Мураша Бадзiні” з’явiлася водгукам на рэальныя падзеi, што адбылiся ў краiне i былi звязаны з актыўным асваеннем космасу. Дзецi, збiраючы грыбы, згубiлi газету. Лясныя жыхары не змаглi адразу прачытаць газету, толькi бусел змог прачытаць. Галоўны герой Мураш Бадзiня вырашыў паляцець у космас. Ён стаў сапраўдным героем, але не заганарыўся i вельмі сціпла перажыў сваю славу.
Пазбягаючы прамой павучальнасці, аўтар паказвае, як важна быць адукаваным чалавекам і заклiкае чытачоў авалодаць граматай, без якой не абысцiся ў жыццi: лясныя жыхары не адразу змаглі прачытаць знойдзеную газету, і толькі бусел, “што гнездаваў на школе, які, чуваць, кумекаў у грамаце найболей”, змог паведаміць, “што з Байканура скора ў ракеце касманаўты адправяцца да зораў”. На прыкладзе Мураша Бадзіні ўслаўляюцца смеласць і адвага тых, хто імкнецца пазнаць нязведанае, стаць першым у любой новай справе. Мураш выявіў упартасць і настойлівасць у дасягненні вызначанай мэты: паляцеў на самалёце ў Байканур, а потым, пераадолеўшы страх, трапіў на касмічны карабель. У казцы паэтызуецца сіла розуму, якая здольна пераўтварыць бязмежную фантазію ў рэальнасць. Палёт у космас стаў не казачнай неверагоднасцю, а звычайнай справай. Аўтар звяртаецца да чытачоў, каб яны не баяліся перашкод і імкнуліся ў жыцці да акрэсленых мэт. Герою казкі дазволілі стаць “паўнапраўным касманаўтам”, і ён сумленна выканаў сваю місію – з касмічнай вышыні пабачыў Беларусь. Казка вылучаецца займальнасцю (спалучэнне фантастыкі з рэальным жыццём), мае вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне, адлюстроўвае своеасаблівую сістэму педагагічных поглядаў, якія могуць дапамагчы юнаму пакаленню знайсці адказы на пытанні пра дабро і зло, пра сяброўства і здраду, пра высокароднае і таямнічае [3].
Такім чынам, удалае спалучэнне казачна-фантастычнага з рэальным і выкарыстаннем антрапамарфізму нарадзіла твор, які мае вялікае пазнавальнае i выхаваўчае значэнне[7].
Літаратурна-мастацкія сродкі паэмы “Сказ пра Вяля”
Расказваючы аб узнікненні “Сказа пра Вяля”, Максім Танк зазначае, што ён стварыў гэту паэму па матывах розных народна-паэтычных твораў. Гэта своеасаблівы мастацкі твор, які не мог быць звычайнай вершаванай апрацоўкай закончанага фальклорнага сюжэта хоць бы з той прычыны, што народны эпас проста не ведае аналагічнага сюжэта ў гатовым выглядзе. Тое ж невялікае паданне пра Вяля, якое давялося пачуць паэту з вуснаў свайго дзеда, настолькі розніцца ад танкаўскай паэмы, што яно сапраўды нічога не магло даць аўтару, акрамя натхнення і першапачатковага творчага штуршка.
Яму ўдалося стварыць вельмі дакладную, нават бліскучую стылізацыю былінна-казачнага беларускага эпасу, якая па сваей агульнай дасканаласці, па глыбіні пранікнення ў дух народнай творчасці можа быць параўнана з такім шэдэўрам ў гэтай галіне, як “Курган” Янкі Купалы.
Умоўна-казачная форма паэмы, дзеянне якой перанесена ў мінулае, сапраўды давала аўтару значна большую свабоду выказвання. I проігрышу асаблівага не было, бо дастаткова вопытны беларускі чытач параўнальна лёгка мог зрабіць неабходныя супастаўленні з сучаснасцю. Паэт жа ўсёй логікай сюжэта гаварыў вельмі блізкія і зразумелыя рэчы: нязгода важакоў з народам шкодзіць як ім, так і самому народу, незалежна ад таго, хто ў кожным канкрэтным выпадку мае рацыю. I яшчэ папярэджваў аб хітрасці слугаў князя – спрадвечных ворагау простага люду, якія не спыняюцца ні перад хлуслівымі абяцанкамі, ні перад подкупам, каб толькі захаваць сваё панаванне. А перад усім паказваў сілу народную, сілу грамады працоўных людзей, якія, з’яднаўшыся, “маглі б рукамі нат зямлю падняць”. Але трэба, каб не маўчала і мастацтва, бо яно таксама мае сваю вялікую сілу: “будуць і маланкі, калі зноў сталёвы чуецца ў песнях навальнщы гром”. Усё гэта, вядома, не магло не будзіць гучнае рэха ў сэрцы чытача, асабліва калі ён яшчэ не развучыўся думаць, не страціў здольнасць марыць пра свабоду сваёй Бацькаўшчыны [4].
У “Сказе пра Вяля” сустракаецца тыповая рамантычная квяцістасць, выражаная мастацка-выяўленчымі сродкамі: параўнаннем, эпітэтам і метафарай:
“і таму пачалі каласы ўраджаем ікру ліць у сялянскую мякіну”
“ці ж не можа і зары мёд капаць у нашыя дайніцы”
“не пагасіць дум пажар”
“льюць абозныя агні зару на твар”
“сонна плюшчаць агні вочы на курганах”
“як зары гарачай распускаўся цвет”
“дзень залоціць сінія вочы”
“чоўнам выплывае сіні дзень”
“дзень падзьмуў на зоры ветрам, пагасіў”
“дзе сасновы бор чэша хмараў мокрую кудзелю”
“дзе туманоў палотны сонца беліць”
“скрышаны рукой маланак гром” – усё гэта рамантызаваная вобразнасць. Аднак яе квяцістаць не толькі заўважаецца, але і “выпірае” ў параўнанні з раэлістычна-дакладнай маляўнічасцю такіх эпізодаў, як Вялеў сон або Скібава праца на вузкім загоне [4].
Праўда, гэткіх мясцін, напісаных падкрэслена строга і, бадай, зусім пазбаўленых узнёсласці, у “Сказе пра Вяля” няшмат. Часцей, можна сказаць, як апавядальная норма тут сустрэнецца рамантызаваная, вельмі ёмістая і яркая ў сваей узнёсласці, а то і гіпербалічная фраза, як у цытаваным ужо апісанні бою ці як у наступных прыкладах:
Усе радзяць, калі князя яны зломяць,
Калі межаў абручы з зямлі сарвуць...
Шэрыя бярозы зашумелі над сялянскай паласой,
Змоўкла песня, – толькі звоняць недзе слёзы
На барознах за скрыпучаю сахой.
Вобразнасць моцная і яркая. Але на фоне вобразнасці некаторых ранніх танкаўскіх вершаў нават яна пачынае здавацца досыць памяркоўнай і стрыманай. I калі не яна, дык ужо ва ўсякім разе рэалістычна-дакладныя малюнкі “Сказа пра Вяля” пераканаўча сведчаць, што агульная тэндэнцыя да большай стылявой строгасці і прастаты так ці іначай праяўляецца нават там, дзе зрабіць гэта найцяжэй, – у стылізаваных рамантызавана-фальклорных творах паэта.
Творы паэта з’яўляюцца ўзорам жыццёвай мудрасці, народнай маралі і этыкі. У казках мастака выяўляецца своеасаблівая сістэма педагагічных поглядаў, якая можа дапамагчы юнаму пакаленню знайсці адказы на пытанні дабра і зла, пра сяброўства і здраду, пра высакароднасць і нікчэмнае.
Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. А галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць М. Танка, – Радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова.
Творчасць Максіма Танка 30-х гадоў вызначалася маштабнасцю гiстарычнага мыслення, шырынёй духоўна-мастацкiх даляглядаў аўтара [1].
Літаратура
Арочка, М. Танк: жыццё ў паэзіі / М. Арочка. Мінск, 1981.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б.Яфімавай. – Мінск: Выш.ш., 2008.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Бугаеў, Д. Паэзія Максіма Танка / Дзмітрый Бугаеў. – 2-е выд., выпраўленае і дапоўненае. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – 311 с.
Гарэлік, Л. Літаратурны партрэт М. Танка / Л. Гарэлік // Роднае слова. 1992. № 9. С. 25–35.
Макарэвіч, А.М. Беларуская дзіцячая літаратура ў тэрмінах і паняццях: дапаможнік / А.М. Макарэвіч, В.І. Караткевіч; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча. Магілёў, 2014. С. 21–24, 90–91.
Танк, М. Блікі сонца / М. Танк. Мінск, 1997.