Галоўная»Практычны раздзел»Літаратурна-мастацкі аналіз кніг вершаў Алега Лойкі
I. Літаратурна-мастацкі аналіз кніг вершаў Алега Лойкі
Заданне 1. Зрабіце аналіз кнігі А. Лойкі на выбар:
Мэта: ацаніць задуму аўтара;
прааналізаваць выхаваўчы і пазнавальны аспекты кнігі;
вызначыць адпаведнасць кнігі заяўленым жанрам;
ацаніць змест і форму твораў з ўлікам чытацкага адрасу;
прааналізаваць мову і стыль твораў;
ацаніць афармленне выдання.
Заданне 2. Напішыце водгук на твор з выбранай кнігі, выкарыстайце наступны план аналізу мастацкага твора:
Вызначце жанравую разнавіднасць твора.
Вызначце тэму творы.
Вызначце тып тэксту: апісанне, апавяданне, разважанне.
Аднавіце сюжэт: развязку, кульмінацыю, разважанне.
Раскрыйце кампазіцыйныя асаблівасці тэксту.
Складзіце апісанне мастацкіх вобразаў: партрэт, учынкі, гаворка, стаўленне, паводзіны.
Правядзіце аналіз аўтарскага стылю (гіпербала, кантраст, эпітэт, метафара, параўнанне, увасабленне)
Сфармулюйце высновы (раскрый ідэю твора).
Мэта: раскрыць удумлівае псіхалагічна-дакладнае ўвасабленне ў вершах А. Лойкі асаблівасцей мыслення і ўспрымання дзяцей-дашкольнікаў; паказаць глыбокае пранікненне ў свет дзяцінства; паказаць лірычнасць, мяккі гумар, элементы гульні, шматфарбнасць, пошук слова яркага, вобразнага, эмацыянальнага – асноўныя асаблівасці паэзіі.
План водгуку:
1. Агульная ацэнка твора, уражанне ад яго.
1.1. Тэзіс.
2. Тэма, ідэя (праблема) твора, аўтарская пазіцыя.
2.1. Аргументы.
2.2. Кампазіцыя твора (сюжэтныя лініі, вобразы, памер верша, наяўнасць эпіграфа, форма верша).
2.3. Мова твора (асаблівасці ўжывання лексічных, фанетычных, сінтаксічных адзінак, наяўнасць тропаў і г. д.).
3.Чым узбагаціў твор, над чым прымусіў задумацца, чаму варта прачытаць.
4. Уражанні.
5. Вывад.
Зборнікі Алега Лойкі
“Як Тоня рэха шукала” (1962)
Жанр казкі ў творчасці А. Лойкі не надта пашыраны, усяго два такія творы. Але яны вельмі цікавыя ў філасофскім, маральным і этычным плане. Казка “Як Тоня рэха шукала” можа ўспрымацца і як прыгодніцкая балада. Твор і пачынаецца з баладнага запеву.
Лес сустракае Тоню як сапраўдную чаканую госцю: ляснымі кілімамі высцілае дарожкі, частуе “малінай, сакаўной ажынай, суніцай духмянай, арэхам крамяным”. Усе найдаражэйшыя дары лес прадстаўляе Тоні, тая ад радасці “пляскае ў далоні”. Вось адсюль пачынаецца чыста казачнае дзейства, бо ўслед за Тоняй “як запляскаў хтосьці ў дужыя далоні”. I яна рашыла знайсці гэтае таямнічае рэха. Дзяўчынка ідзе праз многія прыгоды, сустракаецца з рознымі ляснымі жыхарамі, якія яе адпраўляюць то на Захад, то на Усход, то на Поўнач, то на Поўдзень. Пошукавая эпапея захапляе Тоню, адначасова з ёю і чытача настраёвасцю на вынік. Дзеці шмат чаго даведваюцца пра таямніцы лесу, яго жыхароў і расліннасць. Сцвярджаецца дапытлівасць і дасведчанасць, з усіх звяроў і птушак самы пераканаўчы адказ дае Бусел, даводзячы Тоні, што рэха ходзіць па ўсіх прасторах бору. Спачуванне выклікае і няўдача Тоні.
Адкрыццё заўсёды нечаканае, для маленькіх яно сустракаецца на кожным кроку, для крыху пасталеўшых прыходзіць у выніку іх жыццёвага вопыту, але таксама спантанна, неспадзявана. Такі фінал і казкі. Тоня нечака ўздыхнула ў збанок пасля таго, як выпіла малако. I пачула адказ. Гукнула яшчэ раз – зноў вынік. Малы чытач радуецца разам з героем казкі, што ўрэшце таямніца адкрыта.
Дзе хто начуе?: [вершы: для малодшага школьнага ўзросту] / Алег Лойка. Мінск : Мастацкая літаратура, 1977, [30] с. : каляр. іл. ; 21 см.
У творчасці А. Лойкі своеасабліва паэтызуецца стыхія. Кніжка “Дзе хто начуе?” і адкрываецца такімі вершамі. Сонца – аснова ўсяго жыцця, таму так займальна і пяшчотна, дарэчы, як і іншыя нябесныя свяцілы, малюецца яно. Павучальна-дасціпна паэт расказвае, куды знікае сонца вечарам. Верш напісаны ў форме дыялогаў, спрэчак птушак пра тое, дзе начуе сонца: можа, у ГУМе каля цацак, можа, на складзе, дзе многа розных награвальных прыбораў, можа, у агародзе, таму што расцвітае, як півоня, калі ўзыходзіць. Але найбольш пераканаўчы аргумент выказвае пліска, заявіўшы, што сонца начуе “між дубоў, аселіц”. Гэтым сцвярджаецца і пачуццё патрыятызму. Прывіваецца любоў да родных краявідаў, сваёй радзімы. Надзвычай вобразна распавядаецца пра месяц і зоркі. Ненавязліва даюцца дзецям назвы сузор’яў. Найважнейшая ў Млечным шляху Вялікая Мядзведзіца, аказваецца, кіруе зоркамі. Перад самай раніцай, калі яны засынаюць.
Уменне гаварыць з малым чытачом сцісла і метафарычна з’яўляецца характэрнай рысай паэзіі А. Лойкі. Выказанае ў такім плане захапляе і добра запамінаецца. Прыгадаць можна вершы пра дождж, пра сонца, дзе ў наяўнасці адкрытая дыскусійнасць, пошук ісціны, што зноў жа вядзе да спазнання таямніц. У вершы “Спрэчкі ў кювеце” адбываецца ўзбуджэнне фантазіі, супастаўляюцца знаёмыя і рэдкасныя рэчы і з’явы. Паэт ненавязліва дае зразумець малому чытачу, што свет бяскрайні: высветліць, дзе начуе вецер, проста немагчыма, бо ён паўсюдна. Але галоўнае, чаго дабіваецца паэт, – гэта сцверджанне абавязковасці, вернасці ў дружбе. Сам вецер нечакана падслухаў тыя спрэчкі і адказаў насельнікам кювета.
Пра тое, куды знікае ноч, расказана ў вершы “Ноч начавала ў полі...” не менш захапляльна. Тут пералічваюцца многія мясціны прыроды: лясы, лугі, палі, урочышчы, дзе ў розныя часы начавала ноч, а пасля ёй усё гэта надакучыла і яна “ў месяца начоўках сплыла за небакрай”. Афарыстычна даецца адказ і на пытанне, чаму месяц бывае то як сярпок, то круглы, як вока. Высвятляецца, што яго склёўваюць птушкі, як толькі ён з’яўляецца над прасторамі. Тады месяцу зноў трэба вяртацца пад молат маладога каваля, які яго расклепле і выпусціць зноў на неба. Так і паўтараецца нязменны кругаварот. Такія вершы развіваюць у дзяцей фантазію, прывучваюць іх да назіральнасці, да ўмення знаходзіць у звычайным элементы прыгожага і таямнічага [4].
Там шмат што ствараецца на прынцыпах алагізму, абсурду: гэтую асаблівасць добра ўлавіў А. Лойка ў зборніку “Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй”. Гумарыстычныя сітуацыі захапляюць сваей недарэчнасцю, незвычайнай віртуознасцю ўзнаўлення тых неверагодных сітуацый. Тут зноў у наяўнасці фальклорны пачатак. Адразу ўзнікае пытанне: хто такія гэтыя бабка і дзед? Яны тутэйшыя. Дзед Аяяй і бабуля Оёёй вельмі часта трапляюць у камічныя сітуацыі, але гэта не смех дзеля смеху. У кожным выпадку выносіцца маральная выснова: неабходнасць духоўнага станаўлення і развіцця асобы, пазбаўлення перш за ўсё ад дрэнных звычак, выпрацоўкі ўмення не трапляць у недарэчнае становішча, практычных жыццёвых умельстваў, назіральнасці, разумення прыроды і адрозненне яе дароў.
Гумар і сатыра ў А. Лойкі не самамэтныя. Уся кніжка пранізана гумарам і сатырай, мае многія адметныя рысы забаўляльнасці, нават парадаксальнасці, але тут няма жадання толькі пасмяшыць, стварыць камічную сітуацыю. Перш за ўсё вылучаецца этычна-маральны і эстэтычны аспекты. З дзедавай працы смяюцца не толькі хлапчукі, але нават і гусі, таму што ён прыбіваў парканіны абыяк, крыва, цвікі згіналіся, штыкеціны ледзь трымаліся. Але не лепшым апынуўся і інспектар у асобе бабкі Оёёй.
Нядбальства, лянота – найгоршыя рысы. Дасціпнай паэзіяй А. Лойка дае кірунак чытачу, як трэба пазбаўляцца ад такіх заганных якасцей. Смешнымі выглядаюць прычытанні бабкі Оёёй, што ў яе сапсаваўся тэлевізар, нічога не паказвае. Прыйшоў майстар, выцер ад пылу – і зноў экран заяснеў. Або пра тое, як прысніўся дзеду Аяяй сон [5].
Этычна-маральная праблематыка характэрна для ўсёй творчасці А. Лойкі. У зборніку “Кніжка Надзейкі” яна становіцца стрыжнявой, паколькі гераіняй усіх вершаў з’яўляецца дзяўчынка Надзейка. У займальнай форме паэт паказвае ўсе варункі і турботы сваёй маленькай гераіні, падкрэслівае яе самастойнасць, што немалаважна для дзіцяці ў такім узросце, яе трывогі і клопаты, паколькі новая апратка выклікае ў яе страх. Асабліва паэтызуецца беражлівасць і працавітасць, мастацкія захапленні дзяўчынкі. Займальнасць такіх твораў значная, пазнавальная магчымасць высокая, бо паэт імкнецца размаўляць са сваім чытачом хоць і з лагоднай усмешкай, але на сур’ёзным узроўні.
Зборнік “Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы” з’яўляецца свайго роду паэтычнай анталогіяй. У ім сабраны найбольш значныя творы з некаторых папярэдніх кніжак. Кампазіцыйна ён скампанаваны так, што наступныя раздзелы пашыраюць далягляды, узбагачаюць папярэдне набыты вопыт, замацоўваюць веды, дасведчанасць і асновы духоўнасці [3].
II. Паэтызацыя прыроды, хараства навакольнага свету ў вершах А.Лойкі
“У зімовым лесе”, “Верабейчык”, “Пасля навальніцы”, “Суніцы”, “Дзе начуе сонца”, “Як Тоня рэха шукала”, “Тоніна калыханка”, “Баравікі”, “Зрэдку скрыпне дзе снег пад палоззямі...”, “Жаваранак”, “Вясенні лес”, “Як Тоня рыбу лавіла”, “Першы снег”, “Як замярзае рэчка”, легенда “Нёман і Лоша”.
Заданне 1. Прачытайце вершы. Размеркуйце іх на тэматычныя групы.
Заданне 2. Вызначце ў вершах прыклады разнастайных сродкаў мастацкай выразнасці (тропы і стылістычныя фігуры), найбольш цікавыя з іх запішыце ў сшытак.
Заданне 3. Дзяўчынка Тоня – гераіня многіх твораў А. Лойкі. Размеркаваўшыся на тры групы, на аснове вершаў “Пасля навальніцы”, “Суніцы”, “Тоніна калыханка” падрыхтуйце макет характарыстыкі дзяўчынкі:
дачыненні да прыроды
паводзіны гераіні
даверлівасць
чысціня душы
наіўнасць жаданняў.
Заданне 4. Складзіце план заняткаў па чытанні дзецям вершаў аб прыродзе Алега Лойкі.
Заданне 5. Адкажыце на пытанні літаратурнай віктарыны на тэму: “Пейзажная лірыка А. Лойкі”.
Пейзажная вершы А. Лойкі шмат у чым традыцыйныя. Якіх класікаў беларускай літаратуры адчуваецца высокая культура радка ў вершах паэта? (Я. Коласа, Я. Купалы і М. Багдановіча).
У якіх дзіцячых вершах выражана вялікая ўлюбёнасць у родны край, рамантычная захопленасць жыццём, паэтызацыя прыроды, непасрэднасць успрымання акаляючага свету? (“Баравікі”, “Зрэдку скрыпне дзе снег пад палоззямі...”, “Жаваранак”, “Вясенні лес”).
Назавіце вершы, у якіх паэт у звычайным умее ўбачыць незвычайнае, яркае? (легенда “Нёман і Лоша”, вершы “Адкуль казкі”, “Верабейчык”, “Тоніна калыханка”, “Як Тоня рэха шукала”).
Якое старажытнае паданне ляжыць у аснове легенды “Нёман і Лоша”? (Спрэчка дзвюх рэк аб тым, хто дужэйшы, хто хутчэй дабяжыць да мора. Дамовіліся адправіцца з усходам сонца, а калі Нёман бесклапотна заснуў, Лоша рашыла перахітрыць і кінулася першай у дарогу, выбіраючы мякчэйшыя мясціны. Нёман убачыў раніцой, што Лоша яго перахітрыла, і кінуўся даганяць, але ў адваротны бок. Так і вандруюць яны з таго часу ў розных кірунках. Праўда, паэт адступае ад сюжэта народнай легенды, сцвярджаючы, што Нёман усё ж дапамог Лошы, каб падкрэсліць жыццёвую мудрасць Немана і паказаць шляхі да прымірэння).
Назавіце вершы, у якіх прысутнічаюць элементы гульні, фальклорныя традыцыі (“Тоніна калыханка”, “Як Тоня рэха шукала”, “Як Тоня рыбу лавіла”).
Прырода-мастак уносіць новыя фарбы ў наваколле, фігуральна мяняе выразы знаёмых прадметаў, калі надыходзіць зіма. У якіх вершах паказваецца загадкавы, нетутэйшы, мадэрновы свет зімовай пары? (“Першы снег”, “У зімовым лесе”, “Як замярзае рэчка”, “Зрэдку скрыпне дзе снег пад палоззямі...”).
Прыгажосць навакольнага свету паэтызуецца ў прыродаапісальных вершах вясенне-летняга цыкла. Якія прыродныя дзівосы прысутнічаюць у вершах паэта (дождж, навальніца, вясёлка).
Якія ўрокі засвойваюць дзеці дзякуючы вершам аб роднай прыродзе А. Лойкі? (практычныя ўрокі жыцця, першы вопыт, першая перамога, добразычлівасць, удзячнасць акаляючаму свету і спадзяванне на змяншэнне варварскіх адносін да прыроды).
У якой кнізе паспрабаваў А. Лойка паказаць першасны наіўна-неўсвядомлены працэс засваення прыродных з’яў? (“Дзе хто начуе?”).
Які пазнавальны прыродны матэрыял дзеці атрымліваюць з кнігі “Дзе хто начуе?” (матылькі затрымліваюцца на кветках, пчолка можа заначаваць пад любым лісцікам, вароны з’яўляюцца санітарамі, кажаны спрытна ловяць палявых мышэй, зубры бачаць сны) [2].
Літаратура
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2008.
Гісторыя беларускай літаратуры xx ст.: у 4 т. Мінск, 2003. Т.4, кн. 2.
Лойка, А. Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы / А. Лойка. Мінск, 1993.
Лойка, А. Дзе хто начуе? / А. Лойка. Мінск, 1977.
Лойка, А. Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй / А. Лойка. Мінск, 1984.