Васіль Васільевіч Зуёнак нарадзіўся 3 чэрвеня 1935 года ў вёсцы Мачулішча Халопеніцкага раёна (зараз Крупскі раён) Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі працавалі па гаспадарцы – аралі, сеялі, збіралі ўраджай. Сын спасціг сялянскую навуку рана, быў і пастушком, і касцом, і аратым, і малацьбітом.
Пару лет дзяцінства азмрочыла вайна, якая потым не раз адгукнецца ў творах. Яна пакінула трагічны след у душы на ўсё яго астатняе жыццё… Да вайны пайсці ў школу не давялося, але чытаць і пісаць навучыўся рана, яшчэ да школы. У 1944 годзе прыйшло вызваленне, першыя школьныя класы пасля вызвалення не вызначаліся асаблівымі выгодамі : адчыніла дзверы Мачулішчанская пачатковая школа. Першыя школьныя гады пасля вызвалення не вызначаліся асаблівымі выгодамі : ні паперы, не кажучы ужо пра сшыткі, пісалі на кавалках старых шпалераў, у каго былі яны на сценах, ды на газетных прабельных бакавінах; чарнілам служыў часцей за ўсё бураковы сок; добра, калі на ўсіх быў адзін падручнік, а звычайна «чытанкамі » былі тыя ж газеты ці зрэдку – нумар часопіса… Але вучыліся. Пачатковую школу Васіль скончыў фарсіраваным тэмпам – за два гады. Тады ж захапіўся паэзіяй, пачаў пісаць вершы сам. Пасля ён вучыўся у Узнацкай сямігадовай школе, якую законччыў у 1950 годзе.
Да 1949 года назбіраўся першы «збор твораў», два сшыткі вершаў. Некаторыя з іх былі дасланы ў газету «Літаратура і мастацтва», адкуль прыйшоў ліст «яшчэ шмат павучыцца». Можа гэтыя словы і вызначылі лёс Васіля Зуёнка : прачытаўшы пісьмо з рэдакцыі, бацька выправіў сына ў Барысаўскае педагагічнае вучылішча. На развітанне даў некалькі чырвонцаў.
Паступіў у Барысаўскае педагагічнае вучылішча.
У Барысаве творчая дзейнасць маладога паэта працягвалася далей. Свае першыя вершы у 1952 годзе Зуёнак надрукаваў у Барысаўскай аб’яднанай газеце «Бальшавіцкая трыбуна».
Скончыўшы ў 1954 годзе педвучылішча з дыпломам выдатніка, стаў студэнтам аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
У пачатку універсітэцкай вучобы трапіў у літаратурнае асяродзе, жыў у адным інтэрнаце з будучымі пісьменнікамі Вячаславам Адамчыкам, Міколам Арочкам, Рыгорам Барадуліным, Анатолем Вярцінскім, Леанідам Гаўрылкіным, Нілам Гілевічам, Віктарам Карамазавым, Арсенем Лісам, Міхасём Стральцовым, Барысам Сачанкам.
Тады ж, у 1954 годзе ўпершыню выступіў з вершамі ў рэспубліканскім друку. Сябры хвалілі, падахвочвалі, аднак гэтыя раннія выступленні не прыносілі задавальнення – голас гучаў яшчэ квола і не адпавядаў тым новым патрабаванням і магчымасцям, якія пачалі акрэслівацца ў другой палове 50-гадоў.
Пасля заканчэння ў 1959 годзе ўніверсітэта, малады журналіст пайшоў працаваць у газету «Рабочае юнацтва», а затым «Піянер Беларусі». З 1966 года па 1972 год Васіль Зуёнак намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». З 1972 года – галоўны рэдактар часіпіса «Бярозка». Праца ў дзіцячых выданнях абудзіла ў ім захапленне паэзіяй для дзяцей, і ён сам пачаў для іх пісаць. Пачалі выходзіць кнігі «Вясёлы калаўрот» (1965 г.); «Жылі былі пад вадой» (1969 г.); «Сонечны клубочак» (1974 г.). Раскрываючы гэтыя кніжкі, малы чытач трапляў у той свет, сярод якога праходзіла ягоштодзённае жыццё, але гэта быў свой, пераўтвораны паэтычнай фантазіяй аўтара свет. Першы зборнік «дарослай» лірыкі «Крэсіва» з’явіўся ў 1966 годзе. У 1969 годзе ўбачыла свет кніга вершаў «Крутаяр» , затым з’явілася кніга «Сяліба» (1973 г.), якая ўключала вершы і паэму аднайменнай назвы.
Калі гаварыць пра напрамак мастацкіх, духоўных пошукаў паэта 70-х гадоў, дык трэба адзначыць, што позірк яго скіраваны ў глыбіню жыцця, на пазнанне яго сутнасці. Вынікам гэтых пошукаў стала паэма «Маўчанне травы», над якой В. Зуёнак працаваў у 1974 – 1979 гадах. Пазней з’явіліся зборнік «Світальныя птушкі» і паэма «Агонь і сонца» (1981 г.), прысвечаная касманаўту Уладзіміру Кавалёнку – земляку паэта.
Тэма народных выпрабаванняў у гады вайны прысутнічае ў яго творчасці, пачынаючы з самых першых вершаў. Вайна са сваім трагізмам і героікай, драматызмам і самаадданай барацьбой народа за жыццё фарміравала светаўспрыманне паэта і ў многім вызначыла яго сучасны погляд на рэчы. Да вершаў гэтай тэматыкі можна аднесці «З вайны сустрэлі мацяркі сыноў…», «Помнік», « У прымыльніку – мыліцы…», «А чаму без аркестраў сталіца?», «Прыйдзі аднойчы ў вечаровы час…», «Дзень і ноч», «Дзіўна але ж ад яго, ад гэтага каменя…», «Мой ліпень», «Мой друг са смуткам іудзейскім…», «На шляхах вялікай даўніны», «Гэты час», «Пераможца» і інш.
Савецкі перыяд у творчасці В. Зуёнка завяршаюць зборнікі вершаў «Вызначэнне» (1987 г.) і «Лета трывожных дажджоў» (1990 г.). Новы, постсавецкі перыяд у творчасці В. Зуёнка пачаўся кнігай «Чорная лесвіца» (1992 г.), у якой былі змешчаны вершы і паэма «Падарожжа вакол двара».
З 1995 года не выходзіла новых арыгінальных кніг лірыкі Васіля Зуёнка, але ў гэты час з’явіўся віртуальны паэтычны сборнік. Гэта электронная версія кнігі, куды ўвайшло каля тысячы твораў 1993 – 2006 гадоў.
У 2009 годзе была выдадзена кніга «Паміж небам і зямлёй», у якую ўвайшлі тэксты на розныя тэмы.
Паралельна з няспыннай творчасцю Васіль Зуёнак займаецца навуковай і грамадскай дзейнасцю.
У 1973 годзе ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, з 1982 года пачаў выконваць абавязкі сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, а пасля ўзначаліў гэтую мастакоўскую супольнасць (1990 – 1998).
Васіль Зуёнак – Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, яму давялося прыняць удзел і ў працы міжнародных арганізацый – у 1985 годзе ў складзе беларуская дэлегацыі пабываць на 40-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Займаецца перакладамі з рускай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і іншых моў. Разам з Р. Барадуліным пераклаў кнігу вершаў У. Лучука «Возера-Бульдозера». Вершы В. Зуёнка перакладаліся на англійскую, балгарскую, польскую і іншыя мовы.
У 1974 годзе за кнігу паэзіі «Сяліба» прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі, а за паэму «Маўчанне травы» ў 1982 годзе Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.
Крыніца інфармацыі:
Заяц, Н. Гаспадар паэтычнай Сялібы [прадм.] / Н. Заяц // Выбраныя творы / В. Зуёнак. – Мінск, 2010. – С. 5–24.
Пазнаёміцца з матэрыялам можна па спасылцы: https://elib.bspu.by/bitstream/doc/15537/1
Пра жыццё і творчасць пісьменніка можна прачытаць у наступных крыніцах:
Барадулін, Р. Недзе слова шукае мяне…/Р. Барадулін // Маладосць. – 1995. – № 6. – С. 232-239.
Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2 / Ін-т літ. імя Я.Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны. Пад рэд. А.В.Мальдіса; Рэдкал.: І.Э. Багдановіч і інш – Мн.: Бел ЭН, 1993. – С. 172.
Беларускія пісьменнікі (1917-1990): даведнік / склад. А.К.Гардзіцкі; Нам. рэд. А.Л.Верабей –. Мн.: Маст.літ., 1994. – 653 с. іл .
Гарэлік, Л. «Акрас не патрабую» : літ. партрэт В. Зуёнка / Л. Гарэлік // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1991. – № 7/8. – С. 69-79.
Гніламёдаў, У. «І ўсіх працягаў я – пачатак» : паэтыч. эпас В. Зуёнка «Пяцірэчча» / У. Гніламёдаў // Роднае слова. – 1995. – № 6. – С. 8-21.
Гніламёдаў У. Праўда жыцця: творчы партрэт Васіля Зуёнка / У. Гніламёдаў – Мінск: Маст.літ., 1992. – 143с.
Памяць. Яны праславілі Крупшчыну / [уклад. Д.М. Хромчанка; рэдкал.: Г.А.Фатыхава і інш. ]. – Минск: Пэйпико. – 2008 – 584с. іл.
Іванова, Г. Горыч шматкроп’яў [Электронны рэсурс] / Ганна Іванова // Звязда. – 2021. – 22 ліп. – Рэжым доступу:https://zviazda.by/be/news/20210721/1626875637-gorych-shmatkropyau .