Урок 2. Віды падпарадкавальнай сувязі
ў словазлучэнні: дапасаванне, кіраванне, прымыканне.
Граматычнае значэнне словазлучэння (азнаямленне)
Урок 2. Віды падпарадкавальнай сувязі
ў словазлучэнні: дапасаванне, кіраванне, прымыканне.
Граматычнае значэнне словазлучэння (азнаямленне)
Змест старонкі
відэа «Віды падпарадкавальнай сувязі ў словазлучэнні: дапасаванне, кіраванне, прымыканне. Граматычнае значэнне словазлучэння (азнаямленне)»;
інтэрактыўныя практыкаванні;
заданні для самаправеркі (тэставыя заданні, а таксама рабочы ліст па тэме);
матэрыял для цікаўных;
дыдактычныя матэрыялы ўрока (схемы, памятка, прэзентацыя).
1. Адукацыйнае відэа
✅ Будзеце ведаць:
віды падпарадкавальнай сувязі ў словазлучэннях;
асноўныя граматычныя значэнні словазлучэння.
✅ Будзеце ўмець:
адрозніваць дапасаванне, кіраванне і прымыканне;
вызначаць граматычнае значэнне словазлучэння;
рабіць сінтаксічны разбор словазлучэння.
Пры неабходнасці вы можаце разгарнуць блок і з дапамогай тайм-кодаў звярнуцца толькі да пэўнага фрагмента ўрока.
Тайм-коды
00:00 праверка дамашняга задання.
00:43 паўтарэнне па тэме «Часціны мовы».
01:07 паведамленне тэмы ўрока.
01:21 задачы.
01:44 тлумачэнне №1: віды падпарадкавальнай сувязі.
04:22 інтэрактыўнае заданне «Віды падпарадкавальнай сувязі».
04:35 тлумачэнне №2: граматычнае значэнне словазлучэння.
06:23 тэставыя заданні «Граматычнае значэнне словазлучэння».
06:47 парадак сінтаксічнага разбору (тэорыя + практыка).
09:15 падагульненне (практыка).
11:14 дамашняе заданне.
2. Інтэрактыўныя практыкаванні
3. Заданні для самаправеркі
Выніковы тэст па тэме
Рабочы ліст па тэме «Віды падпарадкавальнай сувязі ў словазлучэнні. Граматычнае значэнне словазлучэння»
Адказы да рабочага ліста па тэме «Віды падпарадкавальнай сувязі ў словазлучэнні. Граматычнае значэнне словазлучэння»
4. Для цікаўных
«Сінтаксіс кахання»
Калі хлопец на дзяўчыну
Усё глядзіць з замілаваннем,
Знаць, на тое ёсць прычыны –
Узнікае прымыканне.
Пачуцця хапае, сілы
Кожны вечар на спатканні:
– Родны мой!
– Як ты мне міла! –
Гэта ўжо дапасаванне.
Так жыве між імі згода,
Іх вясны мінае ранне –
Без яе ён ані ходу –
Пачалося кіраванне.
Іван КУРБЕКА
Такі жартоўны верш, пабудаваны на назвах відаў сувязі ў словазлучэннях, быў змешчаны ў сатырычна-гумарыстычным часопісе «Вожык» (2018 год).
Гісторыя часопіса пачынаецца са з’яўлення ў Гомелі ў суровым 1941 годзе выдання ў выглядзе газеты-плаката пад вострай назвай «Раздавім фашысцкую гадзіну!». Тады ў прыфрантавым горадзе, які штодня бамбілі варожыя самалёты, выйшаў першы нумар новага сатырычнага выдання. Практычна з першага і да апошняга дня вайны беларуская карыкатура ішла па гарачых слядах бітваў, часта апярэджваючы падзеі. Яшчэ да залпаў пераможнага салюту былі многія месяцы кровапралітных баёў, а ў графічных лістах ужо гучала весялосць будучай Перамогі.
Галоўным рэдактарам выдання з сакавіка 1943 года быў пісьменнік-сатырык, байкапісец Кандрат Крапіва. Баявы дух выданню дадаваў удзел у ім народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Максіма Танка і многіх іншых беларускіх літаратараў.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, у пераможным 45-м ваенны агітплакат быў «дэмабілізаваны», а на свет з’явіўся часопіс сатыры і гумару «Вожык».
Своеасаблівае крэда часопіса было выкладзена ва ўступным артыкуле: «Я – “Вожык” першы з’явіўся на свет з добрымі намерамі і вострымі іголкамі...».
Адметна, што з 1957 года выдаецца серыя «Бібліятэка “Вожыка”». Першай была кніга апавяданняў Якуба Коласа «Дзядзькаў сведка». Сёння гэта ўжо цэлая бібліятэка гумарыстычнай літаратуры – каля 170 выданняў.
На працягу многіх гадоў «Вожык» друкаваў фельетоны, памфлеты, байкі, прытчы, вершы, апавяданні, інтэрмедыі, п’есы, сцэнкі, гумарэскі, мініяцюры, пародыі, эпіграмы, каламбуры, афарызмы, анекдоты, пераклады сатырычных і гумарыстычных твораў, а таксама плакаты. З 2022 года часопіс «Вожык» выходзіць на старонках газеты «Літаратура і мастацтва».
А якія зараз самыя вядомыя беларускія часопісы?
«Бярозка» – беларускі штомесячны грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Рэкамендаваны да чытання з 12 гадоў. Заснаваны ў 1924 годзе.
Ад пачатку часопіс выходзіў як «Беларускі піянер» (да верасня 1929). Затым рэдакцыйная калегія падзялілася, пачалося выданне газеты «Піянер Беларусі» і часопіса «Іскры Ільіча». З чэрвеня 1945 года выдаецца пад назвай «Бярозка».
Зараз для хлопчыкаў і дзяўчынак у часопісе распрацаваны цэлыя напрамкі. «Бярозка» друкуе матэрыялы на музычныя, «кіношныя», спартыўныя, псіхалагічныя, навукова-папулярныя і нават кулінарныя тэмы. Апошняя не адыходзіць ад прынцыпаў літаратурнага выдання: наша «Гатавальня» прапануе рэцэпты страў, якія сустракаюцца ў паэмах, раманах, легендах. Па ўсім нумары рассыпаны кругляшы-«цікавосткі», апошняя старонка – літаральна «Смешная».
«Маладосць» – беларускі штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс. Арыентаваны ў асноўным на моладзь. Першы нумар «Маладосці» выйшаў з друку ў сярэдзіне красавіка 1953 г. У той час гэта быў адзіны ў Беларусі штомесячны часопіс для моладзі.
Ініцыятарам стварэння выдання з’яўляўся П.М. Машэраў. На старонках «Маладосці» друкаваліся творы Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Міхася Лынькова, Янкі Маўра, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава і інш.; публіцыстычныя, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі; матэрыялы на навуковыя, грамадска-палітычныя і гістарычныя тэмы; нарысы пра дзеячаў навукі, культуры, літаратуры і мастацтва, перадавікоў вытворчасці; пераклады літаратурных твораў народаў СССР і замежных краін.
Выданне адкрыла дарогу да чытача маладым літаратарам: Алесю Разанаву, Яўгеніі Янішчыц, Віктару Шніпу, Людміле Рублеўскай, Міколу Мятліцкаму, Сяргею Законнікаву, творы якіх з часам увайшлі ў залаты фонд айчыннай літаратуры.
Сёння, як і раней, «Маладосць» з’яўляецца аўтарытэтным выданнем маладых літаратараў, якое аб’ядноўвае таленавітых паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, літаратурных крытыкаў і перакладчыкаў, падтрымлівае сувязь з літаратурнымі аб’яднаннямі моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Рэдакцыя часопіса адкрыта для любых форм супрацоўніцтва, выданне прадстаўлена ў сацыяльных сетках, мае свой YouTube-канал.
«Полымя» — літаратурна-мастацкi i грамадска-палiтычны часопіс. Выдаецца са снежня 1922 года ў Мінску штомесяц на беларускай мове. Найстарэйшае беларускае літаратурна-мастацкае выданне, у стварэнні якога непасрэдны ўдзел прымалі народныя песняры Беларусі Янка Купала і Якуб Колас.
На працягу дзесяцігоддзяў «Полымя» друкуе празаічныя і паэтычныя творы беларускіх пісьменнікаў, пераклады твораў класікаў сусветнай літаратуры, артыкулы па пытаннях беларускай літаратуры і мастацтва, гісторыі і культуры Беларусі, рэцэнзіі на новыя кнігі.
Так, 20-я гады XX ст., адметныя абуджэннем у грамадстве цікавасці да сваіх нацыянальных каранёў, да сваёй літаратуры, прадстаўлены творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі і інш.
У трагічны і ахвярны для інтэлігенцыі Беларусі перыяд 30-х гадоў часопіс меў назву «Полымя рэвалюцыі». У тыя часы друкаваліся пераклады твораў Максіма Горкага, Шата Руставелі, Генрыха Гейнэ і інш. Сярод беларускіх пісьменнікаў на гэтым гістарычным этапе значнае месца належала Кузьме Чорнаму. Таксама ў часопісе размешчаны творы Міхася Зарэцкага, Кандрата Крапівы, Міхася Лынькова.
У 40-50-я гады часопіс адраджаўся, як адраджалася і жыццё. Былі апублікаваны такія раманы, як «Людзі на балоце», «Птушкі і гнёзды», «Сэрца на далоні» і інш. Гэтыя творы адлюстроўвалі лепшыя бакі жыцця, паказвалі чалавека з уласцівымі яму дабрынёй і высокімі маральнымі якасцямі.
Далей літаратура станавілася больш быційнай, філасофскай. На старонках часопіса з’яўляюцца творы Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча, Андрэя Макаёнка.
У пачатку ХХІ ст. для вялікай колькасці маладых пісьменнікаў «Полымя» па-ранейшаму застаецца «стартавай пляцоўкай».
5. Дыдактычныя матэрыялы