У памяці народа назаўсёды застануцца подзвігі тых, хто ў гады Вялікай Айчынай вайны 1941 – 1945 гг., не шкадуючы сваёй крыві і самога жыцця, набліжалі час Перамогі. Святая любоў да Айчыны, палымяны патрыятызм, смяротная пагроза, якая ішла ад германскага фашызму, мабілізавалі людзей на адпор ворагу. У гэты суровы час яны праявілі непахісную волю да Перамогі і самаадданасць.
Немцы з'явіліся ў сераду, 25 чэрвеня. Як снег на галаву. На вялікім полі паміж вёскай і станцыяй Азярніца высадзіліся дэсантнікі. Па ўражаннях відавочцаў, усё поле пачарнела ад парашутыстаў, апранутых у чорную форму. Услед за першым выкідам на выбраныя пляцоўкі селі самалёты з танкеткамі, гарматамі. Частка «чорных» салдат паспяшалася ў Клепачы за два кіламетры ад Азярніцы.
На працягу 11 кіламетраў струменіцца маленькая рэчка Іванаўка. Многае пабачыла яна на доўгім сваім вяку, але ніколі не перажывала такога гора, як у чэрвеньскія дні 1941 года. Бераги яе ў пэўным сэнсе абмыліся крывёю савецкіх воінаў.
Толькі ў брацкай магіле ў вёсцы Клепачы ляжыць 209 чырвонаармейцаў (вядомы імёны шасці з іх), чые целы жыхары вёскі адразу знеслі з падворкаў і вуліц, краю бліжэйшага поля і выезду да Азярніцы. Пахаваны там і генерал-маёр Міхаіл Георгіевіч Хацкілевіч.
На тэрыторыі Азярніцкага сельскага Савета знаходзіцца яшчэ 3 брацкія магілы: ў весках Азярніца, Драпава, Плаўскія, у якіх пахавана 515 ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, і толькі вядомы прозвішчы 97 загінуўшых.