У 1862 г. у мястэчку (цяпер аграгарадок) Азярніца існавала народнае вучылішча, у якім вучыўся наш вядомы зямляк - паэт Кандрат Лейка. Утрымлівалася яно за кошт дзяржаўнага казначэйства і мясцовай сялянскай абшчыны. Вучылішча размяшчалася ў грамадскім будынку бясплатна. У ім, напрыклад, у 1886/87 навучальным годзе вучылася 100 дзяцей (сярод іх 4 дзяўчынкі), у 1900/01 навучальным годзе – 109 хлопчыкаў. Потым існавала польская сямігадовая школа. У верасні 1939 г. адкрыта сярэдняя школа. Адразу ў ёй было 5 класаў.
Сярод першых настаўнікаў школы была Ніна Раманаўна Мукасей, якая працавала і пасля вайны да самага пенсійнага ўзросту. У час фашысцкай акупацыі ў будынку школы размяшчаліся нямецкія салдаты. Яны разбурылі кабінеты, бібліятэку, знішчылі ўсе дапаможнікі і абсталяванне.
Пасля вайны ў школе навучалася 106 вучняў розных узростаў у першым класе. На ўсіх вучняў было 6 буквароў.
У школе паступова паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база, дабудоўваліся класныя пакоі, майстэрні, спартыўная зала.