Праваслаўныя храмы Смаргоншчыны

У нашым горадзе існавала драўляная царква (XVII cт.). Пасля пажару ў 1840 годзе смаргонцы збудавалі каменную царкву, каб велічны храм быў духоўным прыстанкам для многіх пакаленняў.

У гады Першай Сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны царква была разбурана. Намаганнямі айца Ўладзіміра Роўды і прыхаджан былі сабраны сродкі і храм быў адноўлены. У сумна вядомыя гады богаборніцтва царкву знішчылі.

У 1992 годзе Экзархам Усея Беларусі Філарэтам быў закладзены камень будучай Спаса-Праабражэнскай царквы. Выпадкова (а можа і не) для яго будаўніцтва было выбрана месца, дзе стаяла хата айца Уладзіміра Роўды. Будаўніцтва храма пачаў святар Пётр Пургель. На Вялікдзень у 1995 годзе у ніжнім храме адбылася першая Літургія. У верасні 2009 года адбылося ўрачыстае асвячэнне храма архіепіскапам Навагрудскім і Лідскім Гурыем. Велічны храм зноў упрыгожыў наш горад.

У заходнім мікрараёне быў пабудаваны і 12 красавіка 2014 года ў Лазараву субботу Гурыем, архіепіскам Навагрудскім і Лідскім, храм святых Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія быў асвечаны архіерэйскім чынам. Настаяцелем храма святых Віленскіх пакутнікаў прызначаны іерэй Міхаіл Вероха. Айцец Міхаіл часта наведвае нашу школу, парводзіць гутаркі з вучнямі, выставы праваслаўнай кнігі, конкурсы.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўключана Свята-Аляксандра-Неўская царква ў Крэве. Крэўская царква ўзведзена ў 1854 годзе. Першая сусветная вайна прынесла для Крэва вялікія страты і разбурэнні. Усе драўляныя пабудовы згарэлі, а ад каменных будынкаў засталіся толькі муры замка і царквы Святога Аляксандра Неўскага.

Паступова мястэчка адраджалася. Узяліся вернікі і за адбудову Свята-Аляксандра-Неўскай царквы. Аднаўленне царквы было завершана ў 1928 годзе.

Калі скончылася Вялікая Айчынная вайна, лёс царквы апынуўся ў руках савецкай улады. Быў забаронены царкоўны звон, практыкавалася правядзенне ў святочныя дні разнастайных суботнікаў і нядзельнікаў. Нягледзячы на забарону, Свята-Аляксандра-Неўская царква ў Крэве не спыніла сваю дзейнасць.

Прыгожы храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы пабудаваны ў вёсцы Міхневічы ў 1866 годзе. Званы храма ўжо больш за 150 гадоў склікаюць праваслаўных на пабажэнства.

У гэтым жа 1866 годзе была асвечана царква “Усіх Засмучаных Радасць” у весцы Кеўлы. У царкве знаходзіцца Евангеле, якому больш за 100 гадоў.

У канцы XX ст. началося адраджэнне храмаў: храм Святых роўнаапостальных Канстанціна і Алены ў аграгарадку Жодзішкі, царква святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Святляны, храм царскіх страстацерпцаў ў вёсцы Солы.

У аграгарадку Вішнева, у вёсках Рацавічы, Сукневічы, на тэрыторыі раённай бальніцы і на тэрыторыі вайсковай часці дзейнічаюць прыпісные цэрквы.

У Свята-Духавай царкве ў вёсцы Сукневічы знаходзіцца абраз Божай Маці Сукневіцкай. У канцы 2003 года Сукневецкі абраз быў знойдзены ў жаночым манастыры вескі Дамашаны. 10 ліпеня 2004 года з Божай ласкі цудатворны абраз Божай Маці быў вернуты на сваю радзіму. У гэты дзень адбылася ўрачыстая сустрэча абраза Божай Маці ў в. Сукневічы. Абраз Божай Маці неслі хрэсным ходам ад г. Смаргоні да в. Сукневічы, дзе яна была ўстаноўлена ў царкве. Спецыяльна для яе быў выраблены кіёт. У 2006 годзе на свята Уваходу Госпада ў Іерусалім (Вербная нядзеля) іконе падарылі новую рызу з бісеру. 10 ліпеня 2017 года і 10 ліпеня 2018 года ў дзень Свята Сукневіцкай іконы Божай Маці мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, архіепіскапы і епіскапы з усёй Беларусі служылі Літургію ў Спаса-Праабражэнскім саборы нашага горада.

Таксама дзейнічаюць капліца ў гонар Іаана Прадцечы Хрысціцеля Гасподняга ў вёсцы Сівіца, храм Узвіжання Часнаму і Жыватворчаму Крыжу ў Новаспасску, дзейнічае Свята-Увядзенскі манастыр у вёсцы Багушы.

Дзейнасць прыхода Спаса-Праабражэнскага храма г. Смаргоні

Але царква – гэта не толькі месца, дзе ўзносяцца малітвы да Бога. Царква прызывае ўсіх людзей прынесці дары Богу.

“Спасіцель чакае ад нас дзейснай любові да нашых бліжніх – служэння ім: “Насіце цяжары адзін аднаго, і гэтак выканаеце закон Хрыстоў”; пакрывайце ўсё любоўю; “цярпеннем вашым здабудзьце душы вашы”; будзьце “уважлівымі адно да аднаго, заахвочваючы да любові і добрых спраў”.[2, с.4]

Пры прыходзе Спаса-Праабражэнскага храма з 2 сакавіка 2009г. дзейнічае сястрынства ў імя святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай (48 чалавек). Асноўнай мэтай сястрынства з’яўляецца духоўна-асветніцкая работа, адраджэнне праваслаўных традыцый міласэрнасці і дабрачыннасці і дапамога тым, хто мае ў гэтым патрэбу: састарэлым, нямоглым людзям, шматдзетным сем’ям. Сястрынства супрацоўнічае з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі “Смаргонскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”, “Смаргонскі сацыяльна-педагагічны цэнтр”, аддзяленнем сястрынскага догляду пры раённай цэнтральнай бальніцы, Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Сёстры праводзяць заняткі з дзецьмі, наведываюць адзінокіх людзей, знаёмяць іх з духоўнай літаратурай, дапамагаюць падрыхтавацца да царкоўных Таемнасцей.

Існуе традыцыя на святы Пакрова Прасвятой Багародзіцы, нараджэння Хрыстова, Вялікдзень і іншыя святы правадзіць сустрэчы, канцэрты з падарункамі. У наш час, калі не шануецца Богам створаны інстытут сям’і,  царква робіць усё, каб умацаваць духоўныя каштоўнасці.

Па благаславенні настаяцеля Спаса-Праабражэнскага храма Анатолія Рэзановіча сёстры праводзяць акцыі супраць абортаў, у абарону жыцця, за моцную сям’ю, за цвярозы лад жыцця.

Пры храме дзейнічае нядзельная школа. З верасня дзеці 6-7 гадоў вучацца, рыхтуюцца да першай Споведзі. На занятках вучаць малітвы, чытаюць кнігі, разбіраюць, што ёсць грэх. Кожную першую нядзелю месяца служыцца Набажэнства для дзяцей. Сем гадоў працягваецца навучанне ў нядзельнай школе. Выпускнікі школы правялі гульню-віктарыну “Кірыл і Мефодзій – асветнікі славян” для дзяцей малодшай і сярэдняй груп школы. Выпускнікоў школы запрасілі далучыцца да Трохсвяціцельскага маладзёжнага брацтва пры храме. Удзельнікі брацтва праводзяць розныя акцыі, паломніцкія паездкі, работу ў сацыяльна-педагагічным цэнтры і цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання. Летам дзейнічае дзіцячы лагер “Нашчадкі”. Былі праведзены акцыі “Анёл у тваім сэрцы”, “Падары пасхальную радасць бліжняга” па збору адзення, сродкаў гігіены.