Наша Крычаўшчына багатая на мясціны, авеянымі паданнямі і легендамі, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, і дайшлі да нашых дзён, абрастаючы ўсё новымі і новымі падрабязнасцямі. Маўклівымі сведкамі мінуўшчыны выступаюць вёскі, крыніцы, паэтычна ўплеценыя ў канву самабытных гісторый.

Наш абавязак – сабраць усе даступныя звесткі пра мінуўшчыну нашых гарадоў і вёсак Крычаўшчыны, каб мець магчымасць азнаёміцца з легендамі і паданнямі, якія захаваліся да нашага часу.

Мы пастараліся сабраць як мага больш такіх гісторый і з мэтай захавання і распаўсюджвання ведаў пра родны край, звычаі і традыцыі продкаў распрацавалі краязнаўчы пазнавальны інтэрнэт-праект «Крычаўшчына ў легендах і паданнях».

Прапануем вашай увазе легенды і паданні аб Крычаўскай зямлі, якія апавядаюць пра гістарычныя падзеі і гістарычных асоб, пра паходжанне гарадоў, вёсак Крычаўшчыны, урочышчаў і іх назваў.

Пры складанні выкарыстоўваліся вусныя і гістарычныя крыніцы, а таксама спецыяльная літаратура, матэрыялы з сродкаў масавай інфармацыі.

Спадзяемся, што наша праца паспрыяе фарміраванню ўстойлівай цікавасці да нацыянальнай культуры і ўсведамлення яе самабытнасці.