Легенды і паданні Крычава
Існуе некалькі версій адносна паходжання горада Крычава. Згодна адной з іх сваю назву горад атрымаў ад слоў «крычнае» (што азначае прафесію) «крыца», «крычнае жалеза». Менавіта так называлі балотную жалезную руду, на якую было багата наваколле Крычава. Заснаванне паселішча прыпісваюць яшчэ крывічам.
Існуе некалькі народных легенд і паданняў адносна паходжання назвы горада. Даўным-даўно гэта было. Па правы і левы бераг Сажа раслі дубы-волаты. Па рацэ сплаўлялі лес. Жабракамі жылі ў мястэчку на ўзгорку людзі. Горкі і цяжкі быў іх хлеб. З ранку да цемры аралі яны зямлю. Яшчэ цяжэйшай і рызыкоўнай была праца плытагона. Туды паны-палякі выбіралі моцных і дужых маладых хлопцаў. Жыў у мястэчку па-над Сожам і хлопец-асілак Ясь. Бацька яго даўно памёр. Засталася маці, хворая і сляпая жанчына. Па суседству з Ясем жыла прыгожая і маладая Ядвіга. Крыху багацейшая, але і сэрцам багатая. Кахалі яны адзін аднаго. Але бацькі Ядвігі былі супраць іх кахання. Яны хацелі выдаць дачку за багача-паляка. Тым часам надакучыла жабрацкае жыццё Ясю. Сабраў ён сотні дзве хлапцоў з мястэчка, з суседніх вёсак, і пайшлі яны за Сож у лес. Пабудавалі там сваё гарадзішча. Вырашыў Ясь за зіму сабраць вялікае войска, узброіць яго самапаламі і вясною прагнаць з мястэчка паноў, якія здзекваліся над простым людам. Дазналіся і багачы пра атрад Яся. Зрабілі яны засады каля дома Ядвігі і маці Яся. Чакалі доўга, кожную ноч. Ясь з вернымі сябрамі Міхасём і Іваськам вырашылі наведаць мястэчка. Першымі пайшлі сябры. Дамовіліся так, калі няма нікога каля матчынай і Ядвісінай хаты, то хлопцы пракукарэкаюць познімі пеўнямі. Толькі яны пракукарэкалі, як паны іх схапілі. Ясь жа прыйшоў, не спадзяючыся на засаду. Яго схапілі, білі кулакамі, дубінамі, пакуль не страціў прытомнасць. А раніцай, ледзь узыйшло сонца, Яся з сябрамі босымі па снезе павялі да шыбеніц. Ішоў Ясь і думаў пра сваіх воінаў, якія і не маглі ўявіць, што яны арыштаваны. Не ведаў Ясь, што, не дачакаўшыся яго і сяброў, войска стаяла на тым беразе Сажа, пад дубамі-волатамі. Але не бачна было ім Яся, ні Ясю іх. І тады прыйшла думка да асілка.
Калі паставяць іх да шыбеніц, на ўзгорак, трэба моцна закрычаць. Рэха разнясе іх галасы у сто разоў мацней. Паны ўзвялі іх на прыгорак, развязалі вочы, рукі.
Святар запеў малебен. І тады Ясь разам з сябрамі моцна закрычалі. Рэха ўзнясло іх галасы па марозе, па дубах-волатах. І пачулі воіны на тым беразе Сажа моцныя галасы — крыкі сяброў. І пабеглі яны шпарка на выратаванне Яся. У той дзень Ясь і яго войска вызвалілі мястэчка. Ажаніўся Ясь з Ядвігай. А плытагонаў больш не стала. Лес не сплаўлялі, а будавалі новыя хаты, сеялі, аралі, дзяцей нараджалі.
З таго часу мястэчка назвалі Крычаў. Ад таго, што горад стаіць на вышыні і далёка чуваць людскі крык.
Ёсць яшчэ адно паданне аб паходжанні назвы Крычава. Яно прыпісваецца цуду. Там, дзе зараз стаіць Крычаў, некалі язычнікі прыносілі ахвяры сваім багам. Але раз прагучаў голас зверху, які загадаў кінуць паганства і хрысціцца. Ад таго крыку і назвалі гэта месца — Крычаў.
Урочышча Крычаў — за ракою Сож ёсць высокі курган: гэта магіла загінуўшых татараў; з гэтага ж боку ракі месца, дзе татары былі разбіты, называецца Крычаў, таму што калі іх тураўцы прыціснулі да ракі, татары паднялі страшэнны крык. Хто паспеў пераплысці раку, таго кончылі на том баку. Над імі і насыпан курган.
Гавриленко, А. Кречет / А. Гавриленко // Ленінскі кліч (Крычаў). — 2005. — 30 красавіка. — С. 4.