Народнае мастацтва Беларусі – яркая і самабытная старонка ў гісторыі нашай культуры. На маю думку, знаёмства з народным дэкаратыўна–прыкладным мастацтвам, яго майстрамі сёння набывае асобую актуальнасць. Менавіта яно адлюстроўвае погляды і ўяўленні народа, яго гісторыю, нацыянальны характар, адвечнае імкненне да прыгажосці.У народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ўвасобілася неабдымная, вечна жывая душа народа, яго багаты, назапашаны стагоддзямі практычны вопыт і эстэтычны густ. Наноснае, безгустоўнае яму не ўласціва. Створаныя па законах хараства вырабы народных майстроў не пакідаюць абыякавымі дарослых і дзяцей. Знаёмства з імі выклікае пачуццё гонару за свой народ, які ў самых цяжкіх умовах ствараў выдатныя, высокамастацкія вырабы з самых звычайных, шырокадаступных матэрыялаў.
“Беларуская народная творчасць – паэма жыцця беларускага народа на ўсіх этапах гісторыі, трапяткое люстра яго душы, невычарпальная крыніца творчага натхнення і мастацкіх вобразаў”, – пісаў М.Раманюк.
Значнае месца ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве адводзіцца ўпрыгожванню і дэкору ручнікоў.
“Ручнік - рэч глыбока сімвалічная, шматзначная. Ён адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу і сучаснаму. Вышываная тканіна здольна выклікаць у нас шмат пачуццяў і асацыяцый. Створаны па законах мастацтва ручнік упрыгожвае паўсядзённасць і адначасова з’яўляецца сімвалічным напамінам аб нябачных сувязях, што знітоўваюць асобнага чалавека з Богам, яго родам, продкамі”.
Беларускі ручнік – верны спадарожнік беларусаў. Ручнiк адлюстроўвае гiсторыю народа, яго дух, творчыя памкненнi i мастацкае светаўспрыманне. Гэта найкаштоўнейшы здабытак беларускай культуры i мастацтва. Загадкавымi знакамi арнаменту, магiчнай абрадавай сiлай i хвалюючай вобразнай мовай мастацтва ручнiк прадаўжае прымаць удзел у нястомным дыялогу культуры мiнуўшчыны i будучынi.
Прадстаўляем Вам альбом "Ручнікі Бярозаўскага раёна"