1914-1944 год

У 1914 годзе ў Дзярэчынскай школе вучыліся 103 вучні. Размяшчалася яна ў будынку валаснога праўлення. Загадчыкам школы і першым настаўнікам быў Осіп Осіпавіч Хмылко. Ён скончыў Ваўкавыскае ўезднае вучылішча, экстэрнам здаў экзамены на званне народнага настаўніка. За добрую працу ён быў узнагароджаны залатым і сярэбраным медалямі і быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна. Гэта была самая высокая ўзнагарода для настаўнікаў царскай Расіі. У 1914 годзе О.О. Хмылко было 62 гады, але ён ўсё яшчэ працягваў працаваць у школе. О.О. Хмылко карыстаўся павагай і аўтарытэтам у насельніцтва Дзярэчына.

Другім настаўнікам Дзярэчынскай школы быў Я. Самасюк. У канцы ХІХ стагоддзя праваслаўная царква стала адкрываць свае царкоўна-прыхадскія школы і школы граматы, якія давалі самую элементарную адукацыю. Царкоўна-прыхадскія школы асноўную ўвагу ўдзялялі рэлігійнаму выхаванню. Загадчыкам і настаўнікам у царкоўна-прыхадской школе быў свяшчэннік мясцовай царквы. У 1914 годзе такая царкоўна-прыхадская школа была і ў Дзярэчыне.

З 1931 па 1941 год у Дзярэчыне працавала сямігадовая школа, якая размяшчалася ў палацы князя Сапегі (супраць былой бальніцы).

У перыяд фашысцкай акупацыі школа была ў плябаніі (доме ксяндза). Вучылі мясцовыя настаўнікі на беларускай мове. Па-беларуску пісалі лацінскімі літарамі.