1817-1913 год

Першая школа была арганізавана ў 1817 годзе у в. Дзярэчын. Узнікла яна пры Дзярэчынскім касцёле. Навучэнне вялося на польскай мове. Руская мова выкладалася на правах замежнай мовы. Сялянскія дзеці ў гэту школу не прымаліся.

У 1832 годзе Дзярэчын быў канфіскаваны ў князёў Сапегаў і быў перададзены дзяржаве. Толькі ў 1845 годзе ў Дзярэчыне была арганізавана народная школа – сялянскія дзеці ўпершыню атрымалі магчымасць вучыцца.

На першых часах свайго існавання ёй давялося пераадольваць вялікія цяжкасці. Для школы не было памяшкання. Размяшчалася яна ў сялянскай хаце. У асобныя гады школа “качавала” па хатах вучняў. Пісалі вучні лежачы на падлозе. Не было cшыткаў. Настаўнік назначаўся на валасным сходзе сялян. Часта настаўнікамі станавіліся зусім неадукаваныя людзі. Нярэдка ім быў гаспадар хаты, у якой размяшчалася школа. Ён выконваў функцыі вартаўніка, прыбіральшчыка, апальшчыка. Часта настаўнікамі былі адстаўныя унтэр-афіцэры царскай арміі.

Выпадкова наняты настаўнік кватэры сваёй не меў. Ён жыў у той хаце, у якой была школа. Калі школа “качавала” па хатах вучняў, то і настаўнік чаргаваў свой начлег па хатах вучняў. Зарплату настаўнік атрымліваў толькі за тыя месяцы, у якія школа працавала (а іх было 3 – 5 у годзе). Летам такі настаўнік каб пражыць, павінен быў наймацца пастухом або батраком у багацеяў.

Пачаўшы з двух невялікіх аддзяленняў, Дзярэчынская школа да канца ХІХ стагоддзя вырасла ў двухкласнае вучылішча.