Балоты... Яны заўсёды прыцягваюць сваёй мiстычнасцю. Вось так угледзешся ў iх i на памяць прыходзяць старонкi з кнiг У.Караткевiча "Дзiкае паляванне караля Стаха" цi А.Конан-Дойля "Сабака Баскервiляў" -- вунь скачуць па кочках шэрыя бязгучныя коннiкi або вялiзная чорная злая сабака наводзiць жах на людзей. А пра ўсялякiх там сiвых ды зялёных ведзьмакоў, кiкiмар, лешых, вурдалакаў ды й iншай балотнай нечысцi колькi казак насачыняў наш народ! На болотах заўсёды хапала прыродных багаццяў - i звярам, i птушкам, i людзям. Важна толькi правiльна iмi скарыстацца. Вось i наш пасёлак вырас на такiх балоцiстых мясцiнах. У даўнiну яны былi непраходныя. Сам генерал Невяроўскi - герой вайны 1812 года, сюды прыяджаў на паляванне толькi зiмой, бо летам сюды было не дабрацца. Але паступова дарогi пашыралiся, дабiрацца стала ўсё зручней i зручней, усё больш забудоў станавiлася ў пасяленнi. А з 30-х гадоў ХХ стагоддзя, у сувязi з утварэннем торфапрадпрыемства "Чырвоны Сцяг", пасёлак пачаў развiвацца паскоранымi тэмпамi. У пасёлку былi сканцэнтраваны: кiраўнiцтва прадпрыемствам, майстэрнi, медыцынскi пункт, крамы, школа, клуб, стадыён. У пасляваенны час прадпрыемства аснашчалася трактарамi, найноўшай торфаздабываючай тэхнiкай. Колькасць працуючых на здабычы торфу дасягала 2 тыс. чалавек. Але паступова торф вырабатываўся, яго станавiлася ўсё менш i менш, i людзi раз'яджалicя хто куды, зачынялiся ўчасткi, змяншалася жыллёвае будаўнiцтва, прыходзiлi ў заняпад вёскi. Дзе цяпер тыя Цэнтральны i Пеліка?! Першы ператварыўся ў невялiчкi дачны пасёлак, а другi разам з бабулькамi дажывае, губляючыся ў наступаючым на яго лесе. Пусцее пасёлак!.. Асаблiва гэта бачна на прыкладзе школы. Яна з'явiлася ў пасёлку ў 1930 годзе, калi запрацавала торфапрадпрыемства, у выглядзе пачатковай школы i выпусцiла 109 вучняў. У 1955 годзе быў пабудаваны цяперашнi будынак школы, яна стала 7-годкай, а з 1968 года - сярэдняй школай. Ляцелi гады, пусцеў пасёлак, усё менш заставалася у школе вучняў. I з 2002 года яна ўжо не сярэдняя, а базавая - у ёй навучаецца каля 50 вучняў. Гледзячы на ўсё гэта прыходзiць думка, што вось прыйшлi людзi, асушылi балота, узялi яго скарб, а потым, калi гэта багацце скончылася, сталi людзi жыць намнога горш. Прырода таксама многа страцiла: з-за недахопу вады змялелi рэкi, адвадныя каналы ператварылiся ў заросшыя асокай брудныя канавы, поўны сакавiтай травой дол паступова ператвараецца ў купiны жоўтай, цвёрдай, як iголкi вожыка, раслiннасцi... Вось i пiльнуем кожны год, цi прылятяць да нас буслы, цi не будзе пуставаць iх гняздо на дрэве. Прыляцяць яны, значыць жыве яшчэ пасёлак... Жывём i мы з надзеяй на лепшае...
Пачатак сваёй гісторыі пасёлак бярэ з першай паловы ХІХ стагоддзя. За акыўны ўдзел у Айчыннай вайне 1812 года тутэйшыя забалочаныя землі былі дараваныя генерал-лейтынанту Невяроўскаму Дзімітрыю Пятровічу. Паплавы, якія меліся тут, генерал пачаў засяляць сялянамі, якія й асвойвалі гэтыя землі. Першыя хаты былі пастаўленыя там, дзе зараз знаходзіцца вуліца Майская.
Асвойванне гэтых зямель працягвалася сялянамі і пасля таго, як Невяроўскага адазвалі ў Пецярбург. Так з часам узнікла паселішча - Чарніцкі востраў. Сваю назву атрымала па назве ракі Чарніца. Напэўна, назва "Чарніца" ды "Чарніцкі" звязана з лясамі ў гэтых мясцінах, у якіх было многа ягад чарніц...
У 1930 годзе, у сувязі з адкрытымі тут у 1928 годзе запасамі торфа, узнікла торфапрадпрыемства "Чырвоны Сцяг", якое здабывала торф машынна-фармовачным спосабам. У паселку Чарніцкім размяшчаліся: упраўленне прадпрыемствам, майстэрні, медыцынскі пункт, крамы, школа, клуб, стадыён. Населеныя пункты каля пасёлка былі звязаны паміж сабой грунтовымі дарогамі і вузкакалейнай чыгункай. Збабыты тут торф праз чыгуначную станцыю "Чырвоны Сцяг" накіроўваўся на электрастанцыі г.Мінска.
У часы нямецкай акупацыі 1941 - 1944 гадоў у пасёлку размешчаўся нямецкі гарнізон, які забяспечваў ахову створанага гітлераўцамі прадпрыемства па здабычы торфу "Торфверке Пліса". На прадпрыемстве ў гады вайны дзейнічала падпольная партыйна-камсамольская група, якая ўсяляк замінала працы акупацыйнай адміністрацыі.
У пасляваенны час прадпрыемства "Чырвоны сцяг" атрымлівала найноўшую тэхніку, трактары, таму пасёлак пачаў развівацца паскоранымі тэмпамі. Колькасць працуючых на прадпрыемстве дасягала 2 тысячаў чалавек!..
Але паступова торф выпрацоўваўся, зачыняліся участкі па здабычы торфу, паменшыла жыллёвае будаўніцтва, людзі пачалі з'яджаць з гэтых месц... У 1995 годзе спынілася здабыча торфа на апошнім участку "Руднянец". Вялікае некалі прадпрыемства ператварылася ў невялічкі цэх, які вырабляў дэталі для машын. Зараз у пасёлку жыве каля 600 чалавек, дзіцячы садок і школу наведваюць каля 70 дзетак...