Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 4.4. Артур Вольскі
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 4.4. Артур Вольскі
Тэма 4.4. Артур Вольскі
Артур Вітальевіч Вольскі-Зэйдэль (1924-2002)
Паэт, празаік, драматург, перакладчык, публіцыст, крытык, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, “Знак Пашаны”, медалямі.
Псеўданімы: Відэлец Антось; Вольский Артур Витальевич; Вольскі Артур.
Я хаджу па белым свеце
I гляджу, як вы жывеце.
Калi трэба – памагу,
Бо я ўсё рабiць магу.
Хто я? Дзед-Барадзед,
Абышоў белы свет,
А цяпер у цiхi час
Завiтаў да вас.
Хто з маленькiх беларусаў у свой час не пачуў гэтай вясёлай песенькi з перадачы “Калыханка”? Аўтар яе слоў паэт Артур Вольскi на свайго самага пазнавальнага персанажа, Дзеда-Барадзеда, быў падобны часткова: барады не насiў, але меў сапраўдныя боцманскiя вусы... I пiсаў ён не толькi для дзяцей i не толькi аптымiстычнае:
Слабее зрок.
Цiшэюць рухi.
Пара спакою настае.
А след жыццёвай завiрух
І не растае, не растае.
Артур Вольскi нарадзiўся ў 1924 годзе ў Дзяржынску, якi раней называўся Койданава.
Быў сынам вядомага пiсьменнiка i артысткi. Яго бацька – Віталь Вольскі родам быў з Пецярбурга – быў таленавітым пісьменнікам, маці – Адэля – вядомай артысткай, дзед – знакамітым доктарам. Жонка Артура Вольскага – Святлана Георгіеўна Яўсеева – вядомая паэтэса і перакладчыца на рускую мову твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Анатоля Вярцінскага. Традыцыі таленавітай сям’і працягвае сын Артура і Святланы – культавы музыкант і спявак Лявон Вольскі [1].
Артур Вольскi вучыўся ў лепшай школе – № 25 iмя Чарвякова, мiнскай узорнай чыгуначнай школе. З Артурам разам вучылася будучая паэтка Эдзi Агняцвет. А геаграфiю выкладаў Iван Фёдараў, ён жа знакамiты Янка Маўр, пiсьменнiк i настаўнiк ад Бога. Магчыма, на рашэнне стаць пісьменнікам паўплываў і Іван Фёдараў.
У 1937 годзе ў часопiсе “Iскры Iльiча” было надрукавана апавяданне “Воўчае гняздо”, падпiсанае “А.Зэйдаль”. Паэтычны дэбют адбыўся трохi пазней, у 1939-м, у тым жа часопiсе – там надрукавалi верш А.Зэйдаля “Калi б быў бы я паэтам”.
Першае апавяданне надрукаваў у 13 гадоў. Зразумела, у творчай сям’i хлопчык не мог не захапiцца творчасцю. Шмат маляваў i пасля сёмага класа паступiў у Вiцебскае мастацкае вучылiшча, дзе яшчэ памяталi Марка Шагала.
Праўда, мастаком так і не стаў, бо пачалася вайна. З пачаткам вайны студэнт мастацкага вучылiшча Артур Вольскi быў эвакуiраваны ва Уральск, працаваў мастаком у таксама эвакуiраваным вiцебскiм тэатры Якуба Коласа. Калi ў 1942 годзе юнаку споўнiлася васямнаццаць, яго прызвалi ў армiю. Трапiў служыць на флот. Дзесяць гадоў Артур Віталевіч служыў на флоце. Быў боцманам, плаваў па Цiхiм акiяне, быў мінёрам, ваенным журналістам, удзельнiчаў у баях з Японiяй. Вельмі часта падчас сустрэчы з дзецьмі пісьменнік прыгадваў, што ён боцман: часта апранаў пад кашулю матроскую цяльняшку, а ягоныя вусы сябры называлi боцманскiмi. Ваенныя ўспамiны заставалiся ў радках:
Завалачэцца дымам даль, шалёны вецер зноў завые ў мачтах…
Першы мой медаль быў за заслугi баявыя…
Па гнуткiх сходнях мы бяжым, хоць смерць сячэ ва ўпор i скоса…
Дасюль на беразе чужым
Ляжаць мае сябры-матросы.
Пасля дэмабiлiзацыi ў 1952-м былы боцман i мастак пачынае лiтаратурную кар’еру. Працаваў у рэдакцыі газеты “Чырвоная змена” загадчыкам аддзела культуры і быту, адказным сакратаром часопісаў “Бярозка”, “Вясёлка”. У 1962 годзе скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, хаця iнтарэсы падзялялiся памiж лiтаратурай, тэатрам i кiно – пiсаў нават iнтэрмедыi для эстрады i цырка. З 1962 г. – дырэктар Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з 1963 г. – загадчык літаратурна-педагагічнай часткі. А. Вольскі ўстанавіў своеасаблівы рэкорд дырэктарства ў ТЮГу – 12 гадоў. З 1978 г. – дырэктар Дома літаратара. У 1981-1984 гг. – старшы рэдактар выдавецтва “Юнацтва”. Займаўся актыўнай грамадскай работай [2].
Па звестках Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, Артур Вольскі ўваходзіць у тройку лідараў пісьменнікаў БССР па агульным накладзе кніжак, выдадзеных з 1918 па 1991. Агульны наклад кніг Артура Віталевіча ў гэты прамежак часу склаў 4 млн 879 тыс. асобнікаў. Болей выдалі толькі Алесь Якімовіч (11 млн 447 тыс.) і Якуб Колас (5 млн 720 тыс.).
Музычная камедыя “Сцяпан – вялiкi пан”
Артур Вольскі – драматург і сцэнарыст.
Сумесна з Эдуардам Доўнарам была напісана і знята савецка-чэшская музычная казка “Марынка, Янка i тайны каралеўскага замка”, дзе гучыць шмат цудоўных беларускiх народных песень (тэлеверсія ў дзвюх серыях – “Пастух Янка”).
Сумесна з П. Макалём напісаў п’есы “За лясамі дрымучымі”, “Марынка-крапіўніца”. А ў 1979 годзе п’еса-казка “Сцяпан – вялiкi пан” была пакладзеная на музыку кампазiтарам Юрыем Семянякам, i такiм чынам з’явiлася першая беларуская аперэта для дзяцей, якая тады ж выйшла на сцэне Мінскага тэатра музычнай камедыі.
Пазней былі напісаны п’есы “Тры Іваны – тры браты”, пастаўлены Львоўскім тэатры моладзі; “Граф Глінскі-Папялінскі”, пастаўлены у беларускім дзяржаўным тэатры лялек і “Тэатры лялькі для акцёра” у Польшчы. “Каб не змаўкаў жаваранак”. На Беларускім тэлебачанні былі пастаўлены тэлеспектаклі “Апошняя ноч Алаізы”, “Водар папараці”.
Па яго творах створаны мультфільмы: “Про кота Васю и охотничью котовасию”, “Мая мама чараўніца” [3].
З фiльма “Марынка, Янка i тайны каралеўскага замка”
Дзіцячая творчасць Артура Вольскага
Творчасць А. Вольскага для дзяцей пачалася з кнігі “Маленькім сябрам” (1955) і паспяхова працягвалася больш за сорак пяць гадоў. З таго часу адным з галоўных клопатаў Артура Вольскага стала дзіцячая літаратура. І сёння яго парады пісьменнікам застаюцца актуальнымі: “Цяпер выхаваўчае значэнне дзіцячай літаратуры ўзрастае, хоць ёй і даводзіцца нялёгка. Неабходна ўступаць у своеасаблівае спаборніцтва з тэлебачаннем, кіно, якія часта бяруць знешняй прывабнасцю, маляўнічасцю. Слова ж тады прыйдзецца да дзіцячага сэрца, калі яно ідзе з самай глыбіні. Быць дзіцячым пісьменнікам і не любіць дзяцей – нельга. Калі б з’явіўся такі літаратар, дык, магчыма, ён і дасягнуў бы нейкага майстэрства, а вось што датычыцца шчырасці, непасрэднасці, сумняваюся” [3].
Напісаў кніжкі паэзіі, прозы, казак для дзяцей “Маленькім сябрам” (1955), “Дзедаў госць” (1958), “Чырвоная зорка” (1961), “Чарнічка” (1964), “Рагатка” (1971), “Што такое мікра тое” (1971), “Лясныя мастакі” (1973), “Жывыя літары” (1973), “А куды падаўся дождж” (1974), “Ізумрудавы горад, дзе ты?.. ” (1977), “Еду ў госці да слана” (1978), “Сонца блізка ўжо зусім” (1984), “Дабяруся да нябёс” (1984), “Ад А да Я – прафесія мая” (1987), апавяданне-эсэ “Хлеб – усяму галава” (1989), “Карусель” (1996), за якую пісьменнік у 1997 годзе быў удастоены звання лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра.
Артур Вольскi пiсаў не толькi сцэнарыi для кiно i тэатра, але нават iнтэрмедыi для цыркавых прадстаўленняў.
Ён выступаў i як перакладчык твораў рускiх, лiтоўскiх, латышскiх i ўкраiнскiх паэтаў. Адзiн з заснавальнiкаў часопiса “Вясёлка” i стваральнiк падручнiка беларускай мовы “Беларусачка”.
Вершы і казкі для дзяцей Артура Вольскага найперш прывабліваюць сваей натуральнасцю, адсутнасцю штучнасці, выразным імкненнем аўтара размаўляць з малымі на зразумелай імі мове. Паэзія, драматургія Артура Вольскага – гэта дыялог, размова роўных – пісьменніка і юнага чытача [2].
Ушанаванне
Узнагароджаны ордэнамi “Знак пашаны”, Айчыннай вайны ІІ ступенi, медалямi, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Малдаўскай ССР.
Артур Вольскi памёр у 2002 годзе, пахаваны на Паўночных могiлках.
Пытанні
Біяграфічныя звесткі пра пісьменніка Артура Вольскага.
Паэтызацыя прыроды, займальнасць, элементы гульні. Прыём антрапамарфізму ў вершах “Мухалоўка”, “Козачка”, “Сом”, “Смелы гіль”, “Зязюля”.
Гумарыстычныя вершы-прыгоды “Захварэў парсючок”, “Коцік”, “Выйшаў зайчык пагуляць”. Займальнасць сюжэтаў, паэтычнае майстэрства.
Вызначэнне жанрава-тэматычнай разнастайнасці твораў Артура Вольскага для дзяцей дашкольнага ўзросту “Лясныя мастакі”, “Ізумрудавы горад, дзе ты? ”, “Сцяпан вялікі – пан”.
Літаратурна-мастацкі аналіз вершаў “Свята мам”, “Куркі”, “Радзіма”, “Родны край”, “Мухалоўка”, “Козачка”, “Чарнічка”, “Пчолка”, “Зязюля”.
Літаратура
Арлоў У. Імёны Свабоды: Артур Вольскі // Радыё Свабода. 2006.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б.Яфімавай. – Мінск: Выш.ш., 2008.
Стэльмах Д. Тэатр – яго родны дом (пра Артура Вольскага) // Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. 2009.