Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 4.3. Янка Брыль
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 4.3. Янка Брыль
Тэма 4.3. Янка Брыль
Іван Антонавіч Брыль (1917-2006)
Асноўныя паняцці і тэрміны: дакументальная аповесць, мініяцюра, лірыка-псіхалагічная проза, лірычная проза, сінквейн.
Цікава ведаць. Янка Брыль пражыў насычанае сумленнае жыццё, стаў жывым класікам і памёр не дажыўшы месяц да 90-годдзя.
Пісьменнік нарадзіўся ў Адэсе, дзе працаваў тады яго бацька, ва ўзросце 5 гадоў з бацькамі вярнуўся ў Беларусь.
Бацькоўскі дом і навагрудская зямля пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года сталі часткай тэрыторыі Польшчы, таму заходнебеларуская тэма будзе пазней адной з вызначальных у творчасці пісьменніка.
Пасля заканчэння сямігодкі ў будучага пісьменніка выспела жаданне працягваць вучобу ў гімназіі. Брат Міша, які ўжо год адвучыўся ў Навагрудскай польскай гімназіі, падрыхтаваў хлопца да экзаменаў, і Янка паспяхова вытрымаў іспыты і стаў у 1931 годзе гімназістам. Аднак вымушаны быў вярнуцца ў бацькоўскую хату, дзе займаўся гаспадаркай і самаадукацыяй.
Усё жыццё справаў разабрацца – паляк ён, рускі, ці ўкраінец. Альбо ўвогуле беларус? Адказ шукаў у сваіх творах, у падарожжах, у творцаў, якіх паважаў.
Маці моцна паўплывала на Янку Брыля. Яна вечарамі прасіла дзяцей чытаць кнігі ўслых. Жанчына імкнулася браць літаратуру, якая б уразіла дзіцячае сэрца.
Яго любімыя пісьменнікі – Кузьма Чорны, Мікалай Гогаль, Фёдар Дастаеўскі. Але больш за ўсё цікавіўся творчасцю Льва Талстога, якім Янка Брыль быў захоплены ў юнацтве.
Інтэлектуальнаму і творчаму росту Янкі спрыяла таксама сяброўства з нацыянальна свядомымі і патрыятычна настроенымі паэтамі – Міхасём Васільком і Алесем Мілюцем. Паступова ў юнака з’явілася жаданне і самому пісаць. Першымі апублікаванымі творамі маладога літаратара былі вершы, якія з’явіліся ў часопісе “Шлях моладзі” ў 1938 годзе: “Апошнія крыгі”, “Ажываюць лес і поле... ”. У іх выяўлялася ўзвышана-паэтычнае, лірычнае бачанне свету, што пазней стане адной з дамінуючых рыс творчай манеры гэтага празаіка [3].
У 1939 годзе трапіў у польскае войска, у марскую пяхоту, дзе хутка вылучыўся. Таму што быў высокім, статным мужчынам з добрым голасам.
Трапіў ў палон, адкуль двойчы спрабаваў збегчы. У першы раз вярнулі, другая спроба скончылася паспяхова.
Пасля пабегу стаў партызанам ды ў атрадзе ўзначаліў выданне газеты “Сцяг свабоды”.
Званне народнага пісьменніка Беларусі Брылю прысвоіў Пётр Машэраў, падкрэсліваючы яго талент і эстэтычны стыль творцы.
Сябраваў з Алесем Адамовічам, Уладзімірам Караткевічам, Максімам Танкам.
На першае спатканне са сваёй будучай жонкай прыйшоў з кнігай “Крытыка чыстага розуму” І. Канта.
Смалісты – так даследчыкі называюць творчы стыль Янка Брыль.
Добра спяваў. Ведаў рускія, украінскія, польскія і, канечне, беларускія песні. Любімая песня пісьменніка – “Цячэ вада ў ярок”.
Спрабаваў свае сілы Я. Брыль у паэзіі, прозе і нават публіцыстыцы. Першымі апублікаванымі творамі маладога літаратара былі вершы, якія з’явіліся ў часопісе “Шлях моладзі” ў 1938 годзе: “Апошнія крыгі”, “Ажываюць лес і поле... ”. У гэты перыяд былі напісаны і празаічныя творы: апавяданні “Цюцік” (1937), “Сустрэча” (1937), “Марыля” (1937), “Праведнікі і зладзеі” (1938).
У пасляваенны час у Я. Брыля самай жаданай і любімай была творчая праца. Адзін за адным выходзяць яго зборнікі: “Апавяданні” (1946), “Нёманскія казакі” (1947), “Дзеля сапраўднай радасці” (1952).
У наступнае дзесяцігоддзе празаік выдаў шэраг твораў сярэдняй эпічнай формы. У 1975 годзе была напісана аповесць “Ніжнія Байдуны”, у 1978-м – “Золак, убачаны здалёк”.
Покліч роднай зямлі прымусіў Я. Брыля аблюбаваць і абжыць лецішча на беразе Нёмана ў вёсцы Крынічнае, што за дзесяць кіламетраў ад Загоры. Там з 1978 года вельмі добра пісьменніку думалася і тварылася. Менавіта там нарадзіліся апавяданні і мініяцюры, якія ўвайшлі ў кнігі “Сёння і памяць”, “На сцежцы дзеці”.
У творчасці 1980-1990-х гадоў Я. Брыль працягваў пошукі ў распрацоўцы жанраў малой лірычнай прозы [4].
Мастак слова меў шмат узнагарод і за баявыя заслугі, і за самаадданую працу, але самае ганаровае званне – народнага пісьменніка БССР – ён атрымаў у 1981 годзе: два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ордэн Айчыннай вайны II ступені, Ордэн Дружбы народаў, Медаль Францыска Скарыны (1991), Ордэн “Знак Пашаны”, савецкія і польскія медалі, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, 1952 (за аповесць “У Забалоцці днее”), Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа, 1963 (за зборнік “Працяг размовы”), Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа, 1982 (за аповесць “Золак, убачаны здалёк”).
Добра вядомы Я. Брыль і як перакладчык. На беларускую мову ім перакладзены многія творы рускіх пісьменнікаў Л. Талстога, А. Чэхава, М. Горкага, П. Бажова, К. Паўстоўскага, Г. Траяпольскага, украінскіх А. Вішні, А. Даўжэнкі, В. Казачэнкі, польскіх Л. Кружкоўскага, Я. Івашкевіча, Т. Ружэвіча, М. Канановіча.
У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Баляслава Пруса, Тадэвуша Ружэвіча, Марыі Канапніцкай, Элізы Ажэшкі, Эрнеста Брыля, Яраслава Івашкевіча, Аліны Цанткевіч, Юліяна Кавальца, Пятра Казланюка, Часлава Цанткевіча, Уладзіслава Мачэжака, Войцеха Жукроўскага, Лявона Кручкоўскага.
Болей як 100 кніг прозы народнага пісьменніка Янкі Брыля пабачылі свет у розных краінах свету. Творы народнага пісьменніка Беларусі акрамя рускай і польскай, перакладзены яшчэ на азербайджанскую, англійскую, албанскую, армянскую, балгарскую, венгерскую, грузінскую, іспанскую, казахскую, кіргізскую, кітайскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, персідскую, румынскую, славацкую, таджыкскую, татарскую, туркменскую, узбекскую, украінскую, фінскую, французскую. Прысутнасць прозы Янкі Брыля ў кніжнай прасторы іншых краін, народаў – высокая з’ява, сведчанне сталасці беларускай нацыянальнай літаратуры [4].
У 1990 годзе была надрукавана аповесць Янкі Брыля “Муштук і папка”, у якой пісьменнік падзяліўся з чытачом балючай праўдай пра трагічны лёс старэйшага брата Уладзіміра, расстралянага ў 1930-я гады. У творы аўтарфілосаф праз асабістую драму раскрыў шматпакутную гісторыю народа.
Не стала таленавітага пісьменніка і шчодрага душой чалавека ў ліпені 2006 года.
26 верасня 2007 года імя Янкі Брыля атрымала вуліца ў мінскім мікрараёне Міхалова. 26 жніўня 2009 года імя Янкі Брыля нададзена вуліцы ў Гдыні. Імя Янкі Брыля носіць вуліца ў Драгічыне.
Малавядомыя псеўданімы Янкі Брыля: І. Асцюк, Ів. Асцюк, Сымон Бобрык, Пятрусь Дубавец, Рыгор Іванавіч Лапцік, Я. Лупаты, Ілюк Прышчэпа, Я. Пчала і Іван Сведка.
Уклад у развіццё літаратуры
Ужо першыя творы вылучылі Я. Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псiхалагічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы. Шмат разоў перакладалася ў розных краінах свету лірычнае апавяданне Я. Брыля “Галя” (1953), дзе на фоне жыцця заходне-беларускай вёскі раскрыты пачуццёвы свет галоўнай гераіні, яе глыбокая чалавечая драма.
Стылёвыя пошукі Я. Брыля нарадзілі арыгінальнае спалучэнне эпічных і лірыка-псiхалагічных элементаў, тую напружана-эмацыянальную плынь, якая была незвычайнай для традыцыйнай рэалістычнай прозы тых часоў.
Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць “Я з вогненай вёскі…” (1975) – жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм.
Яркай адметнасцю вылучаюцца такія выдатныя аповесці Я. Брыля, як “Ніжнія Байдуны” (1975) і “Золак, убачаны здалёк” (1978) – творы глыбінна-нацыянальныя, у якіх яскрава выяўляецца маральнае здароўе, высакароднасць і прыродная мудрасць беларусаў. Аповесць “Ніжнія Байдуны” ад першай да апошняй старонкі ўспрымаецца як своеасаблівая паэтычная песня пра блізкіх аўтару людзей, яго землякоў.
Уласцівы творчасці Я. Брыля аўтабіяграфізм асабліва адчуваецца ў гэтым творы. Аповесць “Золак, убачаны здалёк” – пра дзяцінства ў заходне-беларускай вёсцы. Крытыка адзначае, што ў беларускай літаратуры гэты твор практычна не мае роўных.
Трывалае месца ў творчасці Я. Брыля займаюць лірычныя мініяцюры, якія ён пачаў друкаваць з сярэдзіны 1960-х і якія склалі кнігі “Жменя сонечных промняў” (1965), “Вітраж” (1972), “Акраец хлеба” (1977), “Сёння і памяць” (1985), “Пішу як жыву” (1994), “Вячэрняе” (1994), “Дзе скарб ваш” (1997), “Сцежкі, дарогі, прастор” (2001), “Блакітны зніч” (2004), “Парастак” (2006). Мініяцюры Я. Брыля грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах, якія пісьменнік не проста ўзнаўляе, а перадае свае ўражанні ад іх, сваё глыбокае, заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае іх разуменне. Менавіта ў жанры лірычнай мініяцюры адчуваў сябе пісьменнік найбольш раскаваным. Мініяцюры былі своеасаблівай кнігай яго жыцця, лірычнай споведдзю прызнанага майстра пра сябе і свет, пра самых блізкіх людзей, пра светлыя і сумна трагічныя праявы быцця [3].
Ужо ў пачатку творчай дзейнасці Я. Брыль выявіўся і як таленавіты дзіцячы пісьменнік, пра што сведчаць апавяданні “Лазунок”, “Туга”, “Ліпка і клёнік” (1949), “Зялёная школа” (1951), “Светлае ранне” (1954), “Пачатак сталасці” (1957), “Жыў-быў вожык” (1976), “Сняжок і Волечка” (1983). Выйшлі Зборы твораў у 2-х (1960), 4-х (1967-1968) і 5 тамах (1979-1981).
Характэрнымі рысамі твораў Брыля з’яўляюцца гуманізм, лірычнасць, аналітычнасць. Гуманізм мастака слова вызначаеццо пошукамі яго героямі маральных ісцін ва ўмовах складаных чалавечых узаемаадносін. Яго героі – людзі высакародныя і ахвярныя, носьбіты аўтарскіх ідэй. Па словах літаратуразнаўцы У. Калесніка, “для стылю Брыля характэрна фенаменальная чуйнасць на слова, у якім зліваюцца рэчыўнасць і духоўнасць, пачуццёвасць і мудрасць; слова для яго – форма жыцця душы”.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952) за аповесць “У Забалоцці днее”, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1963) за кнігу “Працяг размовы”, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982) за аповесць “Золак, убачаны здалёк”.
Уся творчасць Я. Брыля – гэта глыбокі філасофскі роздум над убачаным і перажытым за доўгае жыццё.
Гласарый
Дакументальная аповесць – выяўленне ў мастацкіх творах фактаў з гісторыі пэўнай краіны, выкарыстанне рэальных фактаў, а таксама дакументаў.
Мініяцюра – замалёўка пэўнага, важнага для пісьменніка “імгнення жыцця” , у якой аўтар часам перадае цэлы чалавечы характар і лёс.
Лірыка-псiхалагічная проза – сістэма сродкаў і прыёмаў, накіраваная на поўнае, глыбокае і дэталёвае раскрыццё ўнутранага свету героя, яго пачуццяў, думак, жаданняў.
Лірычная проза – стылёвая плынь мастацкай прозы, якая вылучаецца павышанай эмацыянальнасцю і адкрытым, непасрэдным выяўленнем аўтарскіх адносін да паказу.
Сінквейн – гэта творчая работа, якая мае кароткую форму верша. Ён складаецца з пяці радкоў, што не маюць рыфмы. Алгарытм работы над сінквейнам: назва, два азначэнні, тры дзеясловы, сказ з чатырох слоў, сінонім (ці асноўная думка) назвы.
Пытанні
Вызначце факты біяграфіі Я. Брыля, якія паўплывалі на фарміраванне светапогляду і творчай індывідуальнасці пісьменніка.
Падрыхтуйце павеламленне на тэму “Янка Брыль расказвае пра сябе” на аснове зборніка “Пяцьдзясят чатыры дарогі”.
Паразважайце, што гаворыць пра пісьменніка яго жыццёвае крэда: “Не трэба шкадаваць часу на сяброўства, любоў, на стваральную працу, на самаўдасканаленне”.
Раскрыйце сэнс назвы апавядання “Жыў-быў вожык”.
Складзіце характарыстыку мастацкага вобраза-персанажа Лёніка з апавядання “Жыў-быў вожык”. Гл. Дадатак №9
Якія “імгненні жыцця” для героя з апавядання “Сняжок і Волечка” сталі вызначальнымі і чаму?
Раскрыйце тэму апаленага вайной дзяцінства ў апавяданні “Зялёная школа”. Якія праблемы знайшлі ўвасабленне ў гэтым апавяданні?
Раскрыйце ідэйны сэнс апавядання “Ветэрынар”.
Раскрыйце паэтызацыю прыроды, уменне абудзіць у дзяцей цікаўнасць і любоў да яе ў апавяданні “Ліпа і клёнік”.
Складзіце канспект занятка па апавяданні “Жыў-быў вожык”.
Выканайце тэст-виктарыну:
Літаратура
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б.Яфімавай. – Мінск: Выш.ш., 2008.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Беларуская літаратура : вучэбны дапаможнік для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / пад рэд. А.П.Бязлепкінай-Чарнякевіч, І.Д.Воюш. – Мінск : РІПА, 2020.
Брыль Янка. Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. – Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992. – Т. 1. Абуховіч – Ватацы.