Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 3.9. Зоська Верас
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 3.9. Зоська Верас
Тэма 3.9. Зоська Верас
Асноўныя паняцці і тэрміны: абразок, адраджэнне (рэнесанс), імпрэсія, інверсія, рэфлексія
Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік (1892-1991) – беларускі грамадска-культурны дзеяч, пісьменнік, выдавец. У 1909 – 1913 гг. – удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі.
У псеўданіме Зоська Верас пісьменніца Людвіка Сівіцкая зашыфравала дзень уласнага нараджэння – 30 верасня. Выкарыстоўвала таксама псеўданімы: А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка.
Зоська Верас – адна з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры
У кожнай вялікай справе ёсць тыя, хто ўзняты на самую вяршыню, чые імёны вядомыя. У нашым вялікім Адраджэнні, грамадска-палітычным, нацыянальным, культурным, літаратурным, пачатку ХХ стагоддзя такое месца, на першы погляд непрыкметнае, належыць Зосьцы Верас. Яе можна назваць праўдзівай Пчолкай беларускага Адраджэння, руплівасцю і шчырасцю якое рабіліся многія справы. Асабліва многа рабіла для дзяцей: арганізавала ў прыфрантавым Мінску прытулак для дзяцей-сірот, школку, летні адпачынак у знакамітай Карпілаўцы – маёнтку Антона Іванавіча Лявіцкага. Пазней, ужо ў Вільні, выдавала часопісы для дзяцей “Заранка” (1927-1931), “Пралескі” (1934-1935), вельмі многа зрабіла для Гудзеўскага комплексу музеяў, адзін з якіх – музей народнай медыцыны імя Зоські Верас [4].
Яна шмат пісала пра іншых, бо была знаёма з многімі цікавымі асобамі нашаніўскай пары: Максімам Багдановічам, Ядвігіным Ш., Гальяшом Леўчыкам. Дапамагала ў выданні твораў беларускіх аўтараў, далучылася да з’яўлення зборніка вершаў зняволенага заходнебеларускага паэта Міхася Машары “Малюнкі”, рукапіс якога вынесла з турмы.
На Беларусі стала вядомай пасля з’яўлення ў друку яе ўспамінаў пра Максіма Багдановіча “Пяць месяцаў у Мінску: З жыцця Максіма Багдановіча” ў газеце “Літаратура і мастацтва” за 29 верасня 1967 года. А да таго часу роўна 29 гадоў (з 1938) – ні адной публікацыі.
І толькі ў 1985 годзе, калі пісьменніца мела ўжо 87 гадоў, выйшла яе кніжка “Каласкі”. І адзіная мастацкая кніга Зоські Верас таксама прысвечана дзецям [4].
У кнігу ўвайшлі вершы і празаічныя творы, напісаныя ў розныя часы: на пачатку ХХ стагоддзя, у 20-ыя і 30-ыя гады.
Вершы, што склалі першы раздзел “Чароўны край” – гэта не проста пейзажныя замалёўкі, якія раскрываюць перад юнымі чытачамі свет прыроды. У іх знаходзяць водгук лёсавызначальныя праблемы беларускай нацыі, што яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя былі ўвасобленыя ў яркіх, аптымістычных выявах-вобразах. Да прыкладу, у зачынным вершы “Сонейка грэе” заключная страфа:
І прыйшоў вось час жаданы:
Рады мы вясну сустрэць,
Просім сонца край каханы
Абудзіць і абагрэць.
Адзін з лепшых у мастацкім плане вершаў Зоські Верас “Я не баюся” выходзіць за рамкі дзіцячай літаратуры. Можа быць узорам выхавання чалавечай, грамадзянскай пазіцыі для тых, хто стаіць на парозе сваёй будучыні, бо ў ім узнята праблема бездухоўнасці, бязмэтнага існавання, што, як сцвярджае аўтарка, горай за смерць фізічную. Твор, што быў напісаны зусім юнай паэткай, відавочна змяшчаў яе ўяўленне пра жыццёвыя ідэалы:
Але ж баюся я ўтраты веры, траты энергіі баюся без меры, баюся жыці без ідэалу, бо ў чорнай пустцы сэрца б сканала…
Больш чым цялеснай баюся смерці – душой умерці…
Верш, які даў назву раздзелу, “Чароўны край” уяўляе сабой паэтычную экскурсію, у якой перад дзіцячымі вачыма раскрываецца свет красы і вялікага багацця. На першы погляд – гэта звычайныя рэчы, але як замілавана апавядаецца пра іх, колькі ўсяго можна ўбачыць уважлівым, зацікаўленым позіркам. І сапраўды – чароўны край. Бо экскурсаводам у адной асобе добрая матуля і адначасна настаўніца, педагог, што вядзе дзіцятка ў незвычайны свет. Адкрыццю незвычайнага ў прыродзе спрыяе шчырасць, даверлівасць інтанацыі, пяшчотны зварот – “сыночку маленькі”. Узнікае матыў вяртання ў страчаны рай, дзе існуе гармонія чалавечага і прыроднага:
Сыночку маленькі, ты ручку мне дай,
Цябе павяду я ў нязведаны край,
Мы пойдзем вузенькай мяжою ўдваіх;
Так мякка, нат крокаў не чуем сваіх,
Так мякка, прыгожа, пахуча… аж рай!
У пачатку верша пераважаюць вобразы пачуццёвага, эмацыянальнага зместу, якія настройваюць дзіцячую душу, рыхтуюць да ўспрымання разнастайнага, багатага свету [3].
У вершах першай часткі зборніка паэтызуюцца такія з’явы ў прыродзе, як красаванне жыта, маўклівасць бусла, галашэнне кнігаўкі, заклапочанасць гусака, прыгажосць і сум прыазёрнай прасторы, гармонія лесу і поля, лугу і нівы, надыход вясны і сонечных цёплых дзён.
У вершах “Сонейка грэе”, “На імяніны”, “Чароўны край” спалучаны пазнавальнасць у адносінах да свету прыроды і загадкавасць у дачыненні да некаторых сацыяльных праяў.
У наступным раздзеле кнігі “Поры года” змешчаны празаічныя творы Зоські Верас. Але, як слушна заўважыў А.М. Пяткевіч, “яе вершы і проза складаюць у кніжцы адзінае цэлае, бо празаічныя творы – замалёўкі-імпрэсіі, псіхалагічныя эцюды, паэтычныя мініяцюры – скрозь эмацыянальныя, напоўненыя рэфлексіяй, перадаюць споведзь мудрай натуры, якая прагне дабра” [2].
Адкрывае раздзел апавяданне “Калядамі” – твор з цікавай кампазіцыяй, калі ў сюжэтную канву ўплецена казка пра Мароза, якая ўкладзена ў вусны апавядальніцы бабулі. Казка вельмі паэтычная, з паўторамі, рыфмаванай мовай, рытмізаваная. У пачатку яе – знаёмства з героем, ягоны партрэт, у якім асноўная прыкмета, што вызначае назву: “У белы кажух апрануты, у белыя боты абуты, у белай шапцы, з вялізарнай барадой, таксама белай, ходзіць сабе Мароз па нашай зямлі і здалёк свеціць сваім вялізным чырвоным носам. Дзеля гэтага і назвалі яго: Мароз – чырвоны нос”. А далей – пра забавы, якія насамрэч ёсць няпростай працай, гэта заняткі героя, яго “творчая” дзейнасць. Мароз паводзіць сябе як гаспадар прастораў: “Ходзіць сабе па палях і лясах, па вёсках і гарадах і ўсюды па-свойму забаўляецца. Ідзе праз поле, як дзьмухне – снег пылам падымаецца. Ідзе праз лес, як пачне дубцом па дрэвах біць – дрэвы трашчаць, калыхаюцца…”.
Аповед нечакана абрываецца, бо часам свет навокал бывае цікавейшым за казку. Слухачоў прываблівае незвычайнае здарэнне: хлопчык прыносіць у хату з марозу малую пташку – “пекненькага, рабенькага шчыгліка”. Дзівосны свет казкі жыве побач, часам ягоным “героям” патрабуецца дапамога, як гэтай пташцы. Пісьменніца павучае ненавязліва, пра што пісаў Уладзімір Ягоўдзік, рэцэнзуючы “Каласкі”: “Зоська Верас валодае бліскучым талентам педагога, настаўніка, яна вельмі тонка разумее дзіцячую душу, яе памкненні і жаданні. Пісьменніца не назаляе сумнымі павучаннямі сваім юным героям, яна гаворыць з імі як роўная з роўнымі” [4].
У гэтым апавяданні звесткі пра карысць, якую прыносяць птушкі, аўтарка ўкладвае ў вусны старэйшага хлопчыка, гімназіста Ёзіка. З пэўнай доляй смутку параўноўваюцца адносіны да свету прыроды ў іншых краях і ў нас, на Беларусі: “У другіх краях, дзе людзі святлейшыя, там і птушкам лепей жывецца. Там кожны гаспадар дбае аб сваёй прыяцельніцы-птушцы і памагае пракарміцца ў цяжкую для яе зімовую пару”. Прычына гэтага: людзі – “святлейшыя”, адукаваныя. Зоська Верас, як і ўсе нашыя адраджэнцы пачатку ХХ стагоддзя, стаяла на пазіцыях культурна-асветніцкіх, разумеючы, як многа можна зрабіць праз адукацыю, выхаванне [3].
У раздзеле змешчана некалькі казак, якія таксама адрозніваюцца жанрава-стылёвай разнастайнасцю. Гэта абразок “Чараўніца”, якому характэрна ліра-эпічная непаспешлівасць, што ствараецца праз працяглую інтанацыю, якой спрыяе паэтычная інверсія, паралельныя сінтаксічныя канструкцыі, расквечаная эпітэтамі, метафарамі мова: “З далёкай Поўначы, з краю вечнага снегу і лёду, парай белых касматых мядзведзяў, спавітая ў белыя пуховыя тканіны, прыехала да нас Чараўніца. Зачаравала воды нашай мілай зямелькі, і зрабіліся яны камянямі празрыстымі. Зачаравала лясы нашы, і заснулі яны сном глыбокім”.
Інакш гучаць казкі “Жаваранак”, “Скуль узяліся ў нас бярозы і асіны”, у якіх фантастычны казачны элемент перамяжаецца з рэалістычнымі карцінамі, што апавядаюць пра нялёгкую долю хлебароба. У казцы “Жаваранак” ілюзія на біблейскі сюжэт укладзена ў вусны Вясны, якая з спагадай назірае за працай у полі, дзе зямелька камяністая, пясчаная, неўрадлівая: “Такая ўжо доля людская, каб у поце свой хлеб здабывалі”. Ды чалавеку неабходны не толькі хлеб штодзённы, каб наталіць патрэбы цела, але і спажытак для душы – краса ў яе разнастайных праявах. Таму і стварае чараўніца Вясна жаўранка – шэрую пташку з шэрай грудкі зямлі. Узнікае эфект прысутнасці пры тварэнні цуду, які таксама нагадвае біблейскі сюжэт пра стварэнне чалавека: “Затрапятала ў руцэ Вясны, зашчабятала і аж у неба высока ўзнялася шэранькая птушачка – жаваранак… Галасок зычны, як сярэбраны званочак, паліўся на сумную зямлю”. Жаваранак песняй сваёй абуджае змарнелую душу працаўніка, дапамагае пераадолець стому, сум, шэрую аднастайнасць ранняй вясны: ”А хлебароб падняў галаву, усміхнуўся і з новай сілай, з большай ахвотай пачаў араць свой вузенькі загон”.
“Поры года” – раздзел, у якім адлюстраваны адметныя праявы беларускай прыроды ў кожную пару, працоўныя справы, што робяцца весела, з радасцю (збор яблыкаў, грыбоў), бо праца робіцца супольна, за справу бяруцца дружным гуртам і плён яе відавочны: ствараюцца запасы на доўгую зіму. Гэта апавяданні “У грыбы”, “Вясёлая работа”. Творы насычаныя дыялогамі, што перадаюць усхваляваны, радасны настрой маленькіх герояў:
–Кошыкі, кошыкі! Малыя, вялікія! Які хто хоча? – выкрыкваў малы Вінцук.
–Мне дай меншы!
–А мне той круглы!
–Мне з вечкам!
–А гэты, большы, каму будзе?
Іншым кампазіцыйным ладам, інтанацыйным малюнкам вызначаюцца творы пазнавальнага, павучальнага зместу: “Амяла”, “Для нашых прыяцеляў”, якія маюць форму артыкулаў і былі напісаны для часопіса “Пралеска”. Зоська Верас не толькі знаёміць дзяцей з асаблівасцямі расліны амяла, яе выглядам, звычкамі, але і расказвае пра стаўленне да яе ў нас і ў іншых краінах, цяпер і ў далёкія часы: “У старажытнасці народ галаў лічыў амялу святой раслінай, асабліва калі яна расла на дубе. Пад гэтакім дубам, на пачатку кожнага года, складаліся прынашэнні. Два чалавекі ў белых вопратках узлазілі на дрэва і, зрэзаўшы амялу залатым сярпом, падавалі яго двум іншым, якія складалі куст на белае палатно”. Такі аповед не толькі ўзбагачаў веды юных чытачоў, але і абуджаў фантазію [1].
Пра дзіцячую дапамогу птушкам расказвае пісьменніца ў апавяданні “Птушыная ёлка”.
Раздзел ”Поры года” заканчваецца апавяданнем “Добрае сэрца”, у якім аўтарка вучыць дабрыні, спагадзе да тых, каму цяжка, адзінока. Асабліва няпроста пераносяць адзіноту дзеці, як тое сталася з гераіняй твора Стэпкай, што з-за хваробы мусіла ляжаць у ложку ў беднай хаціне, куды ніхто не заглядваў. Апавяданні прысвечаны пераважна школьна-выхаваўчай тэме, яны вучаць любові да працы і прыроды, да дрэў і кветак, да звяркоў і птушак, да ўсяго жывога на зямлі. Ідэйна-маральны змест вытрыманы ў духу традыцый выдатных айчынных педагогаў мінулага.
Заключны раздзел кнігі “Настроі” – гэта лірычныя мініяцюры, імпрэсіі, у якіх свет з ягонымі разнастайнымі праявамі прапушчаны праз успрыняцце лірычнай гераіні. “Настроі” розняцца паміж сабой не толькі жыццёвым матэрыялам, але жанравай разнастайнасцю. Тут ёсць і адкрыты лірычны маналог, і экспрэсіўная пейзажная замалёўка, і глыбока-змястоўная казка.
Большасць гэтых твораў былі напісаны ў трывожныя гады (1915-1918), калі ішла вайна. Відавочна, была неадольная патрэба душы сысці ў свет мрояў, летуценняў, каб адпачыць ад змрочнай штодзённасці, ад клопатаў і стратаў. І адначасна – асэнсаваць тое, што адбываецца навокал праз лірычны сюжэт, дзе толькі штрыхі-адбіткі падзеяў. Да прыкладу, абразок “Плылі хмары” малюе бесперапынны рух у небе, за якім можна ўгледзець натоўпы гнаных вайной бежанцаў ці бясконцую плынь, якая і ёсць самым жыццём, дзе паяднаны малое і вялікае, святло і цемра, а ўсё гэта падпарадкавана невядомай, нябачнай сіле-рухавіку: “Плылі па небе хмары. Хмары цёмныя і светлыя, вялікія і малыя, розных кшталтаў, розных колераў… Адны – асвечаныя ясным сонцам. Другія – чорныя, як асенняя ноч. Усе плылі, плылі безупынку, гнаныя ветрам ці мо якой сілай таемнай” [1].
На вобразе дзвюх хмараў, што плылі насустрач адна адной, бачыцца спрадвечнае жаданне людзей знайсці сваю палову, але не заўсёды гэтае жаданне спраўджваецца. Магчыма, што гэтыя дзве хмары – гэта яны – Людвіка і Фабіян: “На сустрэчу сабе дзве хмаркі плылі… Нейкае спрадвечнае права папхнула іх адну да другой… Але не злучыліся яны, не стварылі адной моцнай, адпорнай на парывы ветру сілы, а сышліся з сабою на сварку, на бой”. Спрадвечнае права – права любові, якая адна і павінна рухаць светам, але рухавіком у ім часцей бывае нянавісць, што і выклікае барацьбу, войны, ад чаго найперш і пакутуюць яны – людзі-хмары.
Часам у творах гучыць мудрае папярэджанне ад легкадумнай уцехі часовым, бо ўсё зменнае, усё мінае, як у абразку “Было лета”: “Цешылася душа яснасцю блакітнага неба, пахам кветак, свежасцю лагоднага ветрыку. Цешылася, бяспамятная, на тую адвечную праяву, што пасля лета прыходзіць восень”. Гэтыя творы – вершы ў прозе з іх асаблівай, павышанай эмацыйнасцю, адметнай рытмічнасцю, а часам сустракаецца нават і вершаваны рытм.
У абразках у алегарычнай форме выказаны глыбокі філасофскі змест, “адчуваецца высокі палёт духу, сталая вера ў чалавека, у перамогу светлых пачаткаў жыцця”. Невыпадкова, відаць, што апошні твор гэтай кнігі, абразок ”Трэба хацець”, напоўнены магутнай вітальнай сілай, у аснове якой – прага тварыць, верыць у цудоўнае, прыгожае, верыць у казку. Клічная інтанацыя, дзеясловы ў форме загаднага ладу, лаканічныя заключныя сказы, паўторы – усё гэта стварае ў творы адметны эмацыйна-напружаны настрой: “Не вер, што сон, збураны жыццёвым сіверам, не вяртаецца, што казка кветчаная, гарачая казка, як паўднёвае сонца, не ўстане больш перад табой. Не вер! Хацець толькі жыць! Хацець – гэта зламаць наймацнейшы боль! Сто разоў паміраць і сто разоў ажыць можна! Шчаслівым быць! З зорак карону мець. Трэба толькі хацець. Трэба хацець! ”
Адукацыйна-асветніцкая праца 3. Верас, створаныя ёю вершы, апавяданні для дзяцей сведчаць пра тое, што пісьменніца годна працягвала ў новых грамадска-палітычных умовах асветніцка-педагагічныя традыцыі, што закладваліся ў пачатку XX ст. Цёткай і Якубам Коласам [4].
Гласарый
Абразок – жанравая форма апавядання, якае нагадвае альбо стварае карціну, узор, абрысы нечага традыцыйнага (практычна нязменнага) з уласцівымі для гэтай традыцыйнасці характэрнымі прыметамі.
Адраджэнне або Рэнесанс – эпоха ў гісторыі культуры Еўропы, якая прыйшла на змену культуры эпохі Сярэднявечча і папярэднічала культуры Новага часу.
Імпрэсія (aд фpaнц. impression – ypaжaннe) – нeвялiкi вepш цi пpaзaiчны aбpaзoк, y acнoвe якoгa – пepшacнae, iмгнeннae, змeнлiвae ўpaжaннe aд cyзipaння нeйкaгa пpaдмeтa цi з’явы.
Інверсія (aд лaц. inversio – пepacтaнoўкa) – aднa з ciнтaкciчныx фiгyp пaэтычнaй мoвы, тaкaя paccтaнoўкa cлoў aбo cлoвaзлyчэнняў y вepшaвaным paдкy, якaя пapyшae ix звычaйны гpaмaтычны пapaдaк (выкaзнiк знaxoдзiццa пepaд дзeйнiкaм, aзнaчэннe – пacля aзнaчaeмaгa cлoвa, дaпaўнeннe – пepaд выкaзнiкaмi) Iнвepciя дaпaмaгae пaдкpэcлiць пэўнae cлoвa, дyмкy.
Рэфлексія (ад лац. reflexio – адлюстраванне) – роздум, поўны сумненняў, хістанняў; аналіз сваіх думак і перажыванняў.
Пытанні
1. Акрэсліце тэматыку, праблематыку вершаў 3оські Верас для дзяцей. Ахарактарызуйце вобразы і выхаваўчае значэнне гэтых твораў.
2. Змадэлюйце выразнае чытанне і інтэрпрэтацыю для дзяцей малодшага ўзросту вершаў з раздзела “Чароўны край” з кнігі “Каласкі” 3оські Верас.
3. Падрыхтуйце мультымедыйныя прэзентацыі:
а) “Жыцце і творчасць Зоські Верас”.
б) “Падарожжа па старонках кнігі “Каласкі” Зоські Верас”.
4. Зрабіце канспект пытання № 1.
5. Зрабіце літаратурна-мастацкі аналіз вершаў, змешчаных у раздзеле “Чароўны край” кнігі “Каласкі”: “Чароўны край”, “Сонейка грэе”, “На імяніны”, “Я не баюся”. Гл. Дадатак № 1
6. Арганізуйце калектыўны прагляд дакументальнага фільма “Верас Зоська” кінастудыі “Летапіс”. Напішыце рэцэнзію на фільм. Гл. Дадатак № 3
Літаратура
Беларуская дзіцячая літартура: вучэб. дапаможнік/А.М . Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б. Яфімавай. Мінск, 2008.
Беларуская міфалогія : энцыклапед. слоўнік / С. Санько [і інш.]. Мінск, 2004. 3. Верас, 3. Каласкі : вершы, апавяданні / 3. Верас. Мінск, 1985.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Петрушкевіч, А.М. Некаторыя старонкі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя: Матэрыялы для вывучэння курса “Беларуская літаратура ХХ ст» / А.М. Петрушкевіч; пад рэд. праф. І.В. Жука. – Гродна: ГрДУ, 2009.