Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 3.7. Янка Маўр
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 3.7. Янка Маўр
Тэма 3.7. Янка Маўр
Іван Міхайлавіч Фёдараў (1883-1971)
Асноўныя паняцці і тэрміны: байка, раман, фельетон, экстэрн, эсперанта, эцюд.
Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў) нарадзіўся 11 мая (29 красавіка) 1883 y г. Лiбaвe (Лaтвiя). Адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, заснавальнік прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, перакладаў [5].
Нарадзіўся ў сям’і выхадца з Беларусі. Яго бацька быў адстаўным салдатам, паходзіў з беззямельных беларускіх сялян, працаваў сталяром. Да ваеннай службы ён насіў прозвішча Ільін, а прозвішча Фёдараў з’явілася ў выніку памылкі армейскага пісара, які запісаў Міхаіла Фёдаравіча – Міхаілам Фёдаравым. Бацька рана памёр, і маленькі Іван разам з маці пераехаў на яе радзіму – у вёску Лебянішкі (былой Ковенскай губерні). Яны жылі ў беднасці, і толькі дзякуючы намаганням маці, якая марыла даць адукацыю сыну.
У 1895 годзе ён скончыў пачатковую школу, а ў 1899 – Ковенскае рамеснае вучылішча. Пасля вучылішча ён паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. У канцы 1902 года яго выключылі з апошняга, выпускнога класа – за вальнадумства і “за сумневы ў рэлігіі”. Тым не менш, у 1903 годзе ён усё ж атрымаў пасведчанне настаўніка пачатковай школы, здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс. Пасля навучання ў настаўніцкай семінарыі Фёдараў пачаў працаваць у школе пад Панявежам у мястэчку Наўямесціс, а потым яго перавялі ў вёску Бытча на Барысаўшчыне.
У 1906 годзе ён прыняў удзел у нелегальным педагагічным з’ездзе, які адбыўся на Мікалаеўшчыне. У гэтым жа з’ездзе прыняў удзел і будучы класік беларускай літаратуры Якуб Колас. У “Працоўным спісе”, які захаваўся ў архіве пісьменніка, адзначаны вынік гэтай падзеі для яго ўдзельніка: “1906. VIII. Звольнены са службы і аддадзены пад суд…”. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі. Судовае разбіральніцтва па справе аб настаўніцкім з’ездзе доўжылася амаль два гады. Фёдарава адхілілі ад педагагічнай дзейнасці і ўзялі пад нагляд паліцыі. Пасля звальнення з працы Янка Маўр уладкоўваецца хатнім настаўнікам для дзяцей Варвары Фёдараўны Адамовіч, дачкі святара. Сям’я Варвары жыла ў Турцы, туды і пераязджае малады настаўнік [2].
Пасля смерці мужа Варвары пайшлі перасуды: недапушчальна маладому чалавеку жыць у адной хаце з удавой. Настаўнік проста апынуўся перад выбарам – ці з’ехаць з дому і шукаць работу, ці ажаніцца. У 1909 годзе яны абвянчаліся.
Працуючы хатнім настаўнікам, Іван Фёдараў не губляў час і завочна вучыўся ў Віленскім універсітэце. Экстэрнам здаў экзамены і атрымаў права выкладаць гісторыю і геаграфію. І ў 1911 годзе ён пераязджае са сваёй сям’ёй у Мінск, дзе яму пашанцавала ўладкавацца нелегальна ў прыватную гандлёвую школу. На сваіх уроках гісторыі і геаграфіі ён вандраваў разам з вучнямі па геаграфічнай карце, завочна адпраўляўся ў далёкія краіны або ў глыб вякоў, у сівую мінуўшчыну. Ён быў сапраўдным капітанам дзіцячых падарожжаў. Усе вучні верылі, што настаўнік усё гэта бачыў сваімі вачамі, быў сведкам усіх падзей, аб якіх расказваў. На самой справе Янка Маўр ніколі не выязджаў за межы Савецкага Саюза. Усе веды ён атрымліваў з кніг, якія збіраў на працягу многіх год, часта адмаўляючы сабе ў многім. Як успамінала дачка Янкі Маўра, Наталля, яго бібліятэка на той час у Мінску была адной з лепшых: “Адна сценка пакоя ад падлогі да столі была застаўлена паліцамі з кнігамі. Тут былі энцыклапедыі Бракгаўза і Эфрона, першы выпуск Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, “Жыццё жывёл” Брэма, кнігі вядомых вандроўнікаў. Многа кніг было па гісторыі. Але больш усяго было мастацкай літаратуры – зборы твораў Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Талстога, Тургенева, а таксама Марка Твэна, Джэка Лондана, Жуля Верна, Вальтэра Скота, Уільяма Шэкспіра і шматлікіх іншых аўтараў. Бацька вельмі перажываў страту гэтай бібліятэкі ў час вайны” [6].
У 1911 годзе нарадзіўся першы сын – Фёдар. Пачалася Першая сусветная вайна, сям’я эвакуіруецца ў Сібір. Там, у Томску, нарадзіўся другі сын – Арсень (1917 г.). Пасля вызвалення Беларусі сям’я вяртаецца ў Мінск, Іван Фёдараў уладкоўваецца настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў чыгуначную школу. Пасля нараджэння дачкі Аляксандры (1919 г.) Варвара Фёдараўна цяжка захварэла і восенню 1919 года памерла. Праз год Янка Маўр ажаніўся з Стэфанідай Аляксандраўнай Шылёнак, сястрой Марыі Шылёнак, якую запрасілі даглядаць за хворай Варварай і яе малымі дзецьмі. Стэфаніда стала добрай маці для дзяцей Івана Фёдарава. У 1924 годзе ў іх нарадзілася дачка Наталля, якая значна пазней выйшла замуж за малодшага сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.
У 1920-я працаваў у Наркамаце асветы Беларусі і ў Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы. Працу настаўніка Фёдараў пакінуў толькі ў 1930 годзе, калі перайшоў на працу ў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, дзе прапрацаваў да 1936 года. З 1930 года – на творчай працы. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.
У друку выступіў у 1923 г., змясціўшы ў газеце “Советская Белоруссия” і ў ленінградскім часопісе сатыры і гумару “Бегемот” фельетоны. Да таго часу была ўжо напісана аповесць “Чалавек ідзе” (надрукавана ў 1926-1927 гг. у дзіцячым часопісе “Беларускі піянер”, асобным выданнем выйшла ў 1927 г.). Аповесць паклала пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у беларускай літаратуры. Сам аўтар вельмі хваляваўся, ці прымуць рэдакцыя і чытачы гэты твор, бо ў ім не было нічога піянерскага. Але аповесць спадабалася. Яе з захапленнем чыталі вучні, іх бацькі, настаўнікі, пісьменнікі. Народны паэт Беларусі Янка Купала гаварыў, што ён быў адным з першых чытачоў аповесці “Чалавек ідзе” і потым іншых кніг пісьменніка. Аповесць захапіла сваёй навізной і незвычайнасцю, нават і імя аўтара Янка Маўр, якім падпісаўся І.Фёдараў было незвычайным і загадкавым [1].
“Янка” – гэта беларускі аналаг імя “Іван”. Як паказвала даследчыца творчасці Янкі Маўра беларуская літаратуразнаўца Эсфір Гурэвіч, пісьменнік, захаваўшы сваё сапраўднае імя ў першай частцы псеўданіма, недвухсэнсоўна паказваў на тое, што ён – сын беларускай зямлі. Значэнне псеўданіма “Маўр” шырока адкрыецца ў яго наступных аповесцях: “У краіне райскай птушкі”, “Сын вады”, у якіх ён паказаў сябе як абаронца правоў каланіяльных і залежных народаў, са спагадай ставіўся да карэнных народаў Паўночна-Заходняй Афрыкі.
За час літаратурнай дзейнасці выдаў шмат твораў для юных чытачоў:
аповесці “У краіне райскай птушкі” і “Сын вады” (1928), “Палескія рабінзоны” (1930, аповесць экранізавана ў 1935), “Слёзы Тубі” (1930), “Аповесць будучых дзён” (1932), “ТВТ” (1934), “Вакол свету” (1947), “Шлях з цемры” (1948), “Апавяданні” (1951), “Аповесці і апавяданні” (выбранае, 1954), “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага” (часопіс “Маладосць”, 1954-1955), “Аповесці і апавяданні” (1969), апавяданне “Цётка Эмілія” (1954), байкі “Пекла” (1929), рамана “Амок” (1930) – першы беларускі раман для дзяцей Я.Маўра. У яго аснове ляжаць гістарычныя падзеі – паўстанне на востраве Ява ў 1926 годзе.
А напісаць раман дапамагла папулярная ў той час штучная мова свету, якая была створана ў 1887 годзе варшаўскім акулістам Лазарам Заменгофам [4].
Псеўданім Заменгофа – Esperanto (“Той, хто спадзяецца”) – вельмі хутка стаў назвай самой мовы. Эсперанта – штучная мова, прызначаная для міжнароднага карыстання. Янка Маўр быў вядомым эсперантыстам. Эсперанта ён пачаў вывучаць яшчэ ў 1904 годзе. У 1926 годзе ён вёў перадачу для эсперантыстаў на беларускім радыё. Быў ганаровым старшыней (1957-1971 гг.) арганізацыі беларускіх эсперантыстаў. Знаёміў Янка Маўр беларускіх чытачоў і з сусветнай літаратурай. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі творы Р.Кіплінга, М.Твэна, Ж.Верна, В.Гюго, казкі Г.Х.Андэрсэна [3].
Памёр Я. Маўр 3 жніўня 1971 года на 89-м годзе жыцця. Пахаваны ў Мінску. На магіле пісьменніка пастаўлены арыгінальны помнік (скульптар I. Місько): над цёмнай мармуровай плітой нібы трапеча белы ветразь... Гэтую дэталь успрымаеш як увасабленне рамантычнай захопленасці Я. Маўра жыццём, як сімвал таго, што гэты таленавіты пісьменнік сваёй творчасцю вынес беларускую дзіцячую літаратуру далёка наперад, актыўна садзейнічаў яе паскоранаму развіццю [2].
За поспехі ў галіне літаратуры і грамадскай дзейнасці Я. Маўр узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны” і медалямі. У 1968 годзе яму было нададзена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР, а ў 1972 годзе Я. Маўр першы з беларускі дзіцячых пісьменнікаў быў адзначаны (пасмяротна) Дзяржаўнай літаратурнай прэміяй БССР. Яго імем названы вуліца, бібліятэка ў Мінску, Бытчанская школа на Барысаўшчыне. Я. Маўр – пісьменнік-класік, ён не толькі ўзбагаціў беларускую дзіцячую літаратуру новымі тэмамі, своеасаблівымі жанрамі, a і пашырыў яе абсягі, далучыў да агульных кантактаў з сусветнай дзіцячай літаратурай.
Гласарый
Байка – невялікі, звычайна вершаваны, алегарычны твор павучальна-гумарыстычнага ці сатырычнага характару. Жыццё чалавека адлюстроўвае ў вобразах жывёл, раслін, рэчаў або зводзіць да ўмоўных адносін. Іншасказальнасць байкі заўсёды шматзначная.
Раман – эпічны празаічны (часам – вершаваны) твор, у якім шырока ахоплены істотныя жыццёвыя з’явы пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказаны шматлікія характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці, створаны разнастайныя бытавыя малюнкі.
Фельетон – жанр мастацкай публіцыстыкі, які мае пераважна сатырычную накіраванасць і спалучае надзённасць і насычаную вобразнасць, дакументальную дакладнасць і высокі эмацыянальны накал.
Экстэрн (ад лац.: externus – старонні, знешні, вонкавы) – навучанне ў экстэрнатуры, форма атэстацыі, якая прадугледжвае самастойнае вывучэнне агульнаадукацыйных праграм асноўнай агульнай, сярэдняй (поўнай) агульнай, вышэйшай адукацыі з прамежкавай і дзяржаўнай (выніковай) атэстацыямі ў адукацыйнай установе, якая мае дзяржаўную акрэдытацыю.
Эсперанта (эсп. еsperanto) – найбольш распаўсюджаная планавая мова, створаная Варшаўскім лінгвістам і акулістам Лазарам (Людвікам) Маркавічам Заменгофам у 1887 годзе, пасля дзесяці гадоў працы.
Эцюд – невялікі твор навуковага, крытычнага і падобнага характару, прысвечаны якому-небудзь. асобнаму пытанню, калі пісьменнік ад празаічных эцюдаў пераходзіць да апавяданняў.
Літаратура
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б.Яфімавай. – Мінск: Выш.ш., 2008.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Гурэвіч, Э.С. Янка Маўр: нарыс жыцця і творчасці / Э.С. Гурэвіч. Мінск, 2004.
Макарэвіч, А.М. Беларуская дзіцячая літаратура ў тэрмінах і паняццях: дапаможнік / А.М. Макарэвіч, В.І. Караткевіч; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча. Магілёў, 2014. С. 21–24, 90–91.
Маўр, Я. Збор твораў: у 4 т. / Я. Маўр. Мінск, 1975 – 1976.
Чыгрын, І.П. Маўр Янка / І.П. Чыгрын // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4. Мінск, 1994. С. 256-257.