Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 3.10. Андрэй Александровіч
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 3.10. Андрэй Александровіч
Тэма 3.10. АНДРЭЙ АЛЕКСАНДРОВІЧ
Андрэй Іванавіч Александровіч (1906 –1963)
Псеўданімы: А. А-віч, А. Андр., Андр. Ал-іч, А. Худніцкі, Чыгуначнік Бэцін.
Андрэй Іванавіч Александровіч (22.01.1906, г.Мінск – 06.01.1963, Падмаскоўе), беларускі паэт, дзіцячы пісьменнік, публіцыст і літаратурны крытык, перакладчык, адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларускай ССР.
Браў актыўны ўдзел у Рэформе беларускага правапісу 1933 года, да таго часу ніколі не займаўся лінгвістыкай. Адзіны беларускі літаратар, які трапіў у Палітычную камісію для перагляду расейска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы.
Паэт нарадзіўся у Мінску ў сям’і шаўца. Бацька заўчасна памёр, і Андрэй быў вымушаны пайсці працаваць яшчэ ў дзяцінстве. Першай яго прафесіяй было шавецтва, аднак не цураўся ён і выпадковага заробку.
У 1914 г. хлопчыка аддалі вучыцца ў царкоўна-прыходскую школу. Тут ён стаў удзельнікам першага беларускага народнага хору пад кіраўніцтвам У. Тэраўскага – выкладчыка спеваў у школе, а пазней вядомага кампазітара. Калектыў з поспехам выступаў у шпіталях перад параненымі, жыхарамі горада, набываючы ўсё большую вядомасць у слухачоў. Амаль 6 гадоў спяваў Андрэй у хоры У. Тэраўскага, дэкламаваў творы беларускіх пісьменнікаў. У 1919 г. на адным з канцэртаў яго заўважыў Янка Купала і падарыў яму кнігу сваіх вершаў “Шляхам жыцця”, якой юнак захапляўся на працягу доўгага часу.
У 1921–1925 гг. А. Александровіч вучыўся ў Мінскім педагагічным тэхнікуме, а ў 1930 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Малады паэт з’яўляўся адным з арганізатараў літаратурнага аб’яднання “Маладняк” (1923). У 1925 г. стаў рэдактарам часопіса “Малады араты”, потым – намеснікам рэдактара газеты “Чырвоная Полаччына” і адказным сакратаром акруговай нацыянальнай камісіі [3].
Хуткі кар’ерны ўздым Андрэя Александровіча быў невыпадковы. Пад канец 20-х гг. разам са зварочваннем палітыкі беларусізацыі ўзмацнялася таталітарная дыктатура, пачыналіся масавыя рэпрэсіі. У такіх умовах многія пісьменнікі імкнуліся ўсімі сіламі прадэманстраваць сваю лаяльнасць бальшавікам.
У 1932 г. прызначаны намеснікам старшыні аргкамітэта па ўтварэнні Саюза пісьменнікаў, прымаў удзел у першым Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў.
У 1933–1934 гг. А. Александровіч прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы новага беларускага правапісу. У сваім артыкуле “Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце” ён не толькі заўзята выступаў за русіфікацыю беларускай мовы, але і абвінавачваў многіх сучаснікаў, у тым ліку былых “маладнякоўцаў”, у нацыяналізме, антысавецкай дзейнасці.
У 1936 г. А. Александровіч абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларускай ССР. Пэўны час ён з’яўляўся дырэктарам Інстытута мовы АН БССР, пад яго рэдакцыяй быў выдадзены “Руска-беларускі слоўнік” (1937).
Але ні грамадзянская пазіцыя, ні выслужванне перад уладай не ўратавалі паэта, і ў 1938 г. ён быў рэпрэсаваны. Адбываў пакаранне А. Александровіч на Крайняй Поўначы, працаваў на будаўніцтве Нарыльскага металургічнага камбіната (1938–1947).
Пасля скарачэння тэрміну зняволення працаваў літаратурным супрацоўнікам на Мінскім трактарным заводзе (1947). У 1949 г. быў зноў адпраўлены ў ссылку ў Краснаярскі край. Пасля рэабілітацыі ў 1955 г. жыў і працаваў у Мінску [3].
Літаратурная дзейнасць
Літаратурная дзейнасць А. Александровіча пачалася ў 1920-я гг. У 17 гадоў юнак ужо быў адным з заснавальнікаў “Маладняка”.
Першы яго верш “Ад беларускай моладзі” быў надрукаваны ў 1921 г. у газеце “Савецкая Беларусь”. У 1924 г. пісьменнік стварыў навукова-фантастычнае апавяданне “Палёт у мінулае”, тым самым ён праклаў шлях да жанру фантастычнай прозы, які пачаў фарміравацца ў беларускай літаратуры ў 1920-я гг.
У 1925 г. выйшаў з друку першы зборнік паэта “Па беларускім бруку”, у гэтым жа годзе – раман “Ваўчаняты” (напісаны ў суаўтарстве з А. Вольным і А. Дударом). Крыху пазней былі выдадзены кнігі паэзіі “Прозалаць” (1926), паэма “Паўстанцы” (1925), зборнік апавяданняў “Сутарэнне” (1925). Творы прасякнуты ўрачыстым хваляваннем, захапленнем рамантыкай новага жыцця, тэмпераментам і запалам маладосці, “бурапеннасцю” і фармальнымі эксперыментамі. У вершах гучыць тэма рабочай вуліцы, рытмічны гул Мінска 1920-х гг., паўстае вобраз індустрыяльнага горада; “Угрунь” (1927), “Фабрыка смерці” (1929) і інш.
Сапраўдную славу маладому паэту прынёс верш “Сасна”, які ўпершыню пабачыў свет у газеце “Звязда” ў 1927 г. Верш быў перакладзены на чэшскую, балгарскую, грузінскую, узбекскую, рускую і іншыя мовы.
1930-я гг. сталі часам найбольш актыўнай творчай працы А. Александровіча. У гэты перыяд выйшаў вершаваны зборнік “Гудкі” (1930), “Паэма імя вызвалення” (1930), “Цені на сонцы” (1930), “Паэма імя вызвалення” (1930), зборнік вершаў “Устаноўка” (1930), паэма “Цені на сонцы” (1930), вершаваны раман “Нараджэнне чалавека” (1931), “Векапомная восень” (1933), п’еса “Напор” (1934), кнігі для дзяцей. Патрыятычная тэматыка адлюстравана ў паэтычным зборніку “Узброеныя песні” (1936). У 1938–1955 гг. паэтам быў напісаны цыкл вершаў “Поўнач”, прысвечаны яго жыццю ў ссылцы.
У гэты час канчаткова акрэсліліся і раскрыліся асноўныя тэмы творчасці пісьменніка: рэвалюцыйнае пераўтварэнне жыцця, працоўныя будні людзей, праблема выхавання новага чалавека. У гады вайны паэт з болем апяваў знявечаную беларускую зямлю, віншаваў герояў-пераможцаў. Пазней звяртаўся да тэмы пасляваеннага аднаўлення горада, карыстаўся класічнымі традыцыямі вершаскладання [3].
Паэзія паэта жорстка вытрыманыя ў стылістыцы сацрэалізму, асноўны пафас – грамадзянскі: А. Александровіч выкрывае ворагаў, усхваляе Радзіму. Героямі, што характэрна для дадзенага перыяду, з’яўляюцца звычайныя працоўныя людзі, радзей, сяляне. Пры гэтым усе яны шаблонныя: пралетарый – добры, працавіты, сумленны, кулак альбо нацдэм – сквапны, помслівы, баязлівы. У перыяд паміж ссылкамі (1947–1949) узнікае новы, больш цікавы герой – горад Мінск. Працуючы ў газеце “Трактор”, Александровіч, апроч вершыкаў-віншаванняў і сатырычных замалёвак на злобу дня, апісвае пасляваенны горад, яго побыт, аднаўленне. У вершы “Таполі і сосны” паэт праз маналог старых сосен адсылае чытача да мінулых часоў мясцовасці, на якой быў пабудаваны Мінскі трактарны завод:
Калісь тут быў гушчар лясны.
Як помнік старыны,
Стаяць дзве цёмныя сасны
Ля завадской сцяны.
Абняўшыся, былыя дні
Успомняць і ўздыхнуць:
– “Ужо лясное цішыні
Нам болей не пачуць.
Які гушчар дрымотны быў!
У гэтым гушчары –
Бывалі ягады, грыбы,
Вадзіліся звяры”.
Дзіцячая творчасць
Плённа працаваў у галіне дзіцячай літаратуры. Цікавасць выклікаюць і дзіцячыя вершы: “Рыбак” (1928), “Горад раніцой” (1930), “Калыханка” (1930), “Хлопчык і певень” (1930), “Як дзеці памагалі будаваць самалёт” (1931), “Шчаслівая дарога” (1935), “Казка пра пана Жываглота” (1935), паэма-казка “У ноч на Новы год” (першапачатковая назва “Палярная ноч”, 1937), “Падарунак дзеткам-малалеткам” (1960) [1].
Услаўленне самастойнасці дзяцей знайшло яркае выражэнне ў кнізе “Рыбак”. Найбольш характэрна гэта выявілася ў аднайменным вершы, у якім паэтызуецца самавітасць хлапчука, яго адухоўленае ўспрыняцце прыроды, нават у саміх паводзінах героя адчуваецца нейкая паважнасць і даросласць.
Рысы самастойнасці праяўляе і герой верша “Хлопчык і певень”. Хлопчык сам рыхтаваў сабе сняданак, замурзаўся, пайшоў памыцца, а певень пакляваў яго катлету, не з’еў, а толькі спаскудзіў. Раззлаванага хлапчука певень спалохаўся і ўцёк. У вершы адчуваецца далікатная іронія старэйшага чалавека ў адносінах да бедаў дзіцяці, але адначасова і ўсхваляецца яго імкненне быць незалежным.
А. Александровіч імкнецца стымуляваць маленькіх чытачоў да самастойнай творчай працы. У кнізе “Як цацкі дома зрабіць самому” ўхваляецца энтузіязм дзяцей у дзіцячым садзіку, якія не чакаюць дапамогі ад старэйшых, а самі з усіх падручных матэрыялаў майструюць цацкі. Яны ад гэтага атрымліваюць задавальненне. Дыдактычнае значэнне такіх твораў яшчэ і ў тым, што з іх дапамогай выхоўваецца і беражлівасць: да зробленага сваімі рукамі абавязкова будуць адносіны з пашанай, а разам гэта выпрацоўвае павагу і да працы іншых. Увогуле творы А. Александровіча для дзяцей напоўнены лірызмам, замілаванасцю да юных герояў, што асабліва яскрава праявілася ў “Калыханцы”. Нават коцік па просьбе маці не сваволіць, праганяе ў норкі мышак, каб не перашкаджалі сну, а пасля і сам згортваецца ў клубочак каля калыскі. Можна сцвярджаць, што такія творы пісаліся пад непасрэдным уплывам трох фактараў: фальклорнай традыцыі, жыццёвых назіранняў і фантазіі аўтара [2].
Паэма-казка “У ноч на Новы год” ставілася на сцэне мінскага Палаца піянераў (сёння Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі). Аўтарам музыкі да танцаў і песень у спектаклі выступіў знакаміты музычны дзеяч У. Тэраўскі. У вершы “Наш дзень” паэт навучае: “Дзецям з працай трэба знацца, пасабляй бацькам у працы!” і “Хочаш знаць усё і ўсіх – сябрам будзь цікавых кніг…”. Дзіцячы вершык “Гарачы дзень” стаў адным з апошніх твораў паэта. Працаваў пісьменнік таксама і над аўтабіяграфічным творам “Маё маленства”, але не паспеў яго скончыць.
Тэатральнае і сцэнічнае жыццё
Андрэй Іванавіч прымаў удзел у тэатральным жыцці Беларусі, наведваў спектаклі “Беларускай хаткі”, удзельнічаў у рабоце падсекцыі па тэатры Інбелкульта, часам выступаў з артыкуламі, якія прысвячаў сцэнічным пытанням. Пісьменнік з’яўляецца аўтарам драматычнай паэмы “Напор”. Як адзначаў драматург, тэатразнавец і артыст Я. Рамановіч, А. Александровіч не адважыўся даць паэму для пастаноўкі Першаму тэатру, а перадаў рэжысёру М. Міцкевічу ў Другі тэатр, у Віцебск (цяпер Нацыянальны драматычны тэатр імя Я. Коласа). Маўляў, “хай там паставяць, паглядзім, што выйдзе, калі пройдзе з поспехам, вазьмуся і для Першага тэатра напісаць”. Прэм’ера “Напору” адбылася ў Гомелі, дзе БДТ-2 знаходзіўся на гастролях. Спектакль быў вырашаны як публіцыстычны музычна-драматычны паказ, бадзёры і жыццярадасны, які распавядаў пра жыццё і адпачынак камсамольцаў лесазавода, таму невыпадкова меў поспех у маладых гледачоў. Па ўспамінах Я. Рамановіча і іншых сведкаў прэм’еры, моладзь напоўніла залу гоманам і вясёлымі галасамі, гулі, як пчолы, апладзіравалі моцна, спявалі разам з акцёрамі ўсе песні па ходзе спектакля, крычалі “ўра!” і “малайцы”. Але тэатральныя крытыкі папракнулі “Напор” за схематызм і залішнюю лозунгавую патэтыку.
У 1931 г. вядомы беларускі рэжысёр Юрый Тарыч зняў кінаэцюд пад назвай “Поэма имени освобождения”. Фільм уяўляў сабой запісаную на стужку паэму Андрэя Александровіча, прысвечаную грамадзянскай вайне на Беларусі. Дэкламацыя паэмы акцёрам Ю. Калчанавым ілюстравалася матэрыяламі хронікі і фрагментамі аднаго з нямых фільмаў Ю. Тарыча, які суправаджаўся музыкай Я. Цікоцкага. Да нашых дзён фільм не захаваўся [3].
Паэт-песеннік
На вершы А. Александровіча беларускія кампазітары напісалі шэраг музычных твораў, напрыклад, “Песня росквіту і славы” М. Аладава, “Зорка” А. Туранкова, “Дзе б я ні быў” К. Паплаўскага, трэцяя частка араторыі “Мая Радзіма” Д. Смольскага, “Калыханка” Я. Ксяневіча і іншыя.
Перакладчык
Займаўся А. Александровіч таксама і перакладамі. У прыватнасці, пераклаў на беларускую мову паэму А. Пушкіна “Руслан і Людміла”, шэраг твораў рускіх, украінскіх, літоўскіх паэтаў і празаікаў.
Яшчэ ў 1935 г. Александровіч пераклаў “Інтэрнацыянал”. У газеце “Літаратура і мастацтва” ад 1 мая 1957 г. быў апублікаваны ўдасканалены варыянт:
Паўстань, з’яднаны сілай грознай,
Працоўны люд усіх краёў!
Бурліць абураны наш розум
I весці ў гнеўны бой гатоў.
Агнём зруйнуем да асновы
Свет лютых здзекаў, а затым –
Мы наш, мы свет збудуем новы:
Хто быў нічым, той стане ўсім.
Ніхто дабром не дасць збаўлення –
Ні бог, ні цар і не герой.
Даб’емся самі вызвалення
Сваёй уласнаю рукой.
Каб скінуць з плеч прыгнёт умела,
Нанесці свой смяротны ўдар, –
Жалеза ў кузні куйце смела,
Пакуль іскрыцца ў горне жар.
Пераклад Александровіча і па рытміцы, і па лексіцы значна бліжэй да рускамоўнага варыянта, у ім ужо, у адрозненні ад тэксту Купалы, значна менш беларускага каларыту [3].
Ушанаванне памяці
Андрэя Александровіча не стала 6 студзеня 1963 г. Пахаваны паэт на Усходніх могілках у Мінску.
Яго творчасць непарыўна звязана з усімі падзеямі грамадскага жыцця нашай краіны. Як адзначаў знакаміты пісьменнік С. Грахоўскі, не было ў жыцці ніводнай важнай і актуальнай тэмы, на якую б не адгукнуўся вершаваным словам паэт Андрэй Іванавіч Александровіч.
Памяць пра паэта ўшаноўваецца ў наш час. Так, сын Андрэя Іванавіча, Радаслаў, сабраў усю бацькаву друкаваную і недрукаваную спадчыну і склаў самаробны зборнік успамінаў пра бацьку.
У рамках Фэсту экскурсаводаў 2015 г. вядомы паэт, літаратуразнавец, філолаг і архівіст Віктар Жыбуль правёў экскурсію “Культурныя загадкі Трактарагорада”, падчас якой у якасці выдатнага ілюстрацыйнага матэрыяла выкарыстаў вершы А. Александровіча 1947–1948 гг. пра пасёлак Мінскага трактарнага завода.
Вобраз паэта адлюстраваны ў выяўленчым мастацтве: гэта партрэты работы В. Волкава, В. Дваракоўскага, малюнак А. Кашкурэвіча. Захаваўся і шарж на А. Александровіча аўтарства яўрэйскага мастака Ц. Кіпніса. На ім пазнаецца вобраз паэта і алюзіі на яго верш “Менскі рытм” [3].
Спадчына
У студзені 2019 г. даследчыкі фантастыкі Уладзімір Садоўскі і Вячаслаў Насцецкі знайшлі першае беларускае навукова-фантастычнае апавяданне. Раней лічылася, што гісторыя беларускай навуковай фантастыкі бярэ пачатак ад твора Янкі Маўра “Аповесць будучых дзён” (1932), але высветлілася, што яшчэ ў 1924 г. у часопісе “Маладняк” было апублікавана апавяданне “Палёт у мінулае” А. Александровіча. Аўтар, якому на момант публікацыі споўнілася ўсяго 18 гадоў, звярнуўся да тэмы падарожжаў у часе.
У аповедзе Александровіча ёсць усе прыкметы навуковай фантастыкі: ён падрабязна апісвае фантастычную машыну часу, тлумачыць яе прынцып працы, абапіраючыся на адкрыцці свайго часу.
Андрэй Александровіч – прадстаўнік беларускага авангарду, “майстар графічных эфектаў” і фігурных вершаў, урбаністычнай плыні ў літаратуры 1920-х гг. Яго творчасць ахоплівае шмат жанраў, тэм, вобразаў, напрамкаў. Пісьменнік адгукнуўся на разнастайнасць жыццёвых з’яў шэрагам вершаў і празаічных твораў, шматлікімі публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі, цікавымі і павучальнымі паэмамі для дзяцей, фантастычнымі апавяданнямі.
Творы позняга перыяду асветлены філасофскай мудрасцю. Да апошняга дня А. Александровіч рыхтаваў да друку двухтомны збор твораў, куды ўвайшлі літаратуразнаўчыя і публіцыстычныя артыкулы, вершы, што раней нідзе не друкаваліся. Кнігі былі выдадзены пасмяротна [3].
Літаратура
1. Александровіч, А. Творы / А. Александровіч. Мінск, 1981.
2. Беларуская дзіцячая літартура: вучэб. дапаможнік/А.М . Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б. Яфімавай. Мінск, 2008.
3. Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. – Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992.