Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 1.1. Фальклор, яго асаблівасці і спецыфіка
Галоўная»Тэарэтычны раздзел»Тэма 1.1. Фальклор, яго асаблівасці і спецыфіка
Тэма 1.1. Фальклор, яго асаблівасці і спецыфіка
Асноўныя паняцці і тэрміны: алегорыя, анекдот, апокрыфы, замова, іронія, легенда, метафара, паданне, параўнанне, пародыя, эпітэт.
Фальклор (англ. – народная мудрасць, народныя веды) – сукупнасць розных відаў і форм народнай слоўнай творчасці, што ўвайшлі ў побытавую традыцыю таго ці іншага народа, вынік мастацкай калектыўнай творчай дзейнасці народа, якая адлюстроўвае яго жыццё, погляды, ідэалы, жыццёвыя прынцыпы.
Вусная народная творчасць, якая пачала складвацца яшчэ ў глыбокай старажытнасці, стала асновай кніжнай культуры, нацыянальных мастацкіх традыцый, а таксама важным складнікам этнапедагогікі. Менавіта з фальклору пачынаецца выхаванне дзяцей і знаёмства іх з асновамі народнай маралі і народнага этычнага ідэалу.
Вусная народная творчасць характарызуецца наступнымі прыметамі:
вусная форма існавання і пашырэння
традыцыйнасць
варыятыўнасць
ананімнасць
калектыўнасць.
Важным паказчыкам фальклорнага твора з’яўляюцца
выкарыстанне традыцыйнай паэтыкі
устойлівыя мастацкія тропы (эпітэты, параўнанні, алегорыі, метафары)
своеасаблівая кампазіцыя.
У вуснай народнай творчасці адлюстроўваюцца адносіны чалавека да прыроды, навакольнага асяроддзя, ідэалы адносін паміж людзьмі.
Мастацкая творчасць кожнага народа мае спецыфічныя асаблівасці. Беларускі фальклор па сваім характары сінкрэтычны (спалучае ў сабе хрысціянскія і паганскія ўяўленні пра свет) і пантэістычны (адвяргае антрапацэнтрызм, прызнае адзінства ўсяго жывога і сакральныя адносіны да прыроды).
Вывучэннем беларускага фальклору ў розны час займаліся такія вядомыя вучоныя і культурныя дзеячы такія, як Я. Чачот, У. Сыракомля, I. Насовіч, П. Шэйн, Я. Карскі, Р. Шырма, Н. Гілевіч [5].
Ян Чачот (1796-1847) з’яўляецца адным з першых збіральнікаў беларускіх народных песень: 6-томнае выданне “Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны...” (1837-1846), у якім змешчаны каля 1000 песень у арыгінале і ў перакладзе на польскую мову, прыказкі, прымаўкі, маленькі слоўнічак беларускай мовы (200 слоў), а таксама вершы аўтара на беларускай мове.
Працай па зборы і апрацоўцы народных песень займаўся і Уладзіслаў Сыракомля (1823-1862): “Народная песенька з ваколіц Вільні”, “Доля”, ‘Труган”, “Жніўная песня”; 4-томны зборнік апрацаваных народных казак, паданняў А. Глінскага “Польскі казачнік” (1853). Акрамя таго, У. Сыракомля з’яўляецца аўтарам такіх прац, як “Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі” (1856), “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” (1853), “Мінск” (1857).
Шмат увагі вывучэнню беларускіх прыказак, песень прысвяціў вядомы мовазнаўца і фалькларыст Іван Насовіч (1788-1877): “Словарь белорусскаго наречня” (1870), за які была атрымана “палавінная” Дзямідаўская прэмія, зборніка “Беларускія песні” (1874), “Зборніка беларускіх прымавак” (1867), які быў адзначаны залатым медалём Імператарскага Геаграфічнага Таварыства. Апошняе выданне было дапоўнена зборнікам “Беларускія прымаўкі і загадкі” (1869). У 1874 г. перавыдаецца “Зборнік беларускіх прымавак”. I. Насовіч з’яўляецца аўтарам гісторыка-лінгвістычнага даследавання “Аб плямёнах да часоў Рурыка, засяляўшых беларускую тэрыторыю” і гісторыка-мемуарнай працы “Успаміны з майго жыцця”. На жаль, невядомы дагэтуль лёс рукапісу “Легенды, паданні, быліны, байкі, анекдоты”.
Актыўнай дзейнасцю па збіранні беларускага фальклору займаўся Павел Шэйн (1826-1900): “Праграма для збірання помнікаў народнай творчасці” (Віцебск, 1867). Першы яго беларускі фальклорны зборнік “Беларускія песні” з’явіўся ў 1874 годзе. Тут было змешчана каля тысячы песень, некалькі казак, легенд, паданняў, прымет, замоў, анекдотаў. У “Пасляслоўі” да зборніка аўтар тлумачыў гісторыю і прынцыпы сваёй працы: песні змяшчаліся ў “біяграфічна-каляндарным” парадку (спалучаліся хрэсьбінныя, калядныя, масленічныя, валачобныя, купальскія, жніўныя, разгульныя, вясельныя). Асобае месца ў гісторыі беларускай фалькларыстыкі і этнаграфіі займае грунтоўная праца П. Шэйна “Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва паўночна-заходняга краю” (1887-1902), якая выйшла ў трох тамах.
Шмат увагі беларускаму фальклору надаваў у сваёй дзейнасці і вядомы філолаг-славіст Яўхім Карскі (1860-1931): 700 прац на славістыцы, у тым ліку па беларускім фальклоры і этнаграфіі. Падрыхтаваў “Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак” (1897 і 1916). Выдаў зборнікі “Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.” (1884-1885) і “Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.”(1889). Самай значнай працай Я. Карскага з’яўляецца трохтомнік “Беларусы” – найбольш грунтоўнае даследаванне ў еўрапейскай славістыцы канца XIX – пачатку XX ст.
Цяжка пераацаніць уклад у беларускую фалькларыстыку Еўдакіма Раманава (1855-1922), які за дастаткова кароткі час выдаў найбагацейшы збор вусна-паэтычных і этнаграфічных матэрыялаў у “Беларускім зборніку”: “Песні, прыказкі, загадкі” (1886), “Казкі (жывёльны эпас, казкі міфічныя і бытавыя і інш.)” (1887),
“Казкі (касмаганічныя і культурныя)” (1891), “Замовы, апокрыфы, духоўныя вершы” (1891), “Казкі” (1901), “Беларускія народныя мелодыі. Песні сезонныя, абрадавыя, гульнявыя, танцы, духоўныя вершы” (1910), “Быт беларусаў” (1912), “Вопыт слоўніка ўмоўных гаворак Беларусі: з паралелямі велікарускімі, маларускімі і польскімі” (1912), апошні выпуск павінен быў выйсці пад назвай “Гаворкі Магілёўскай губерніі”, але гэтая праца была выдадзена ўжо пасля смерці Е. Раманава Інбелкультам у 1928 г. у перакладзе на беларускую мову).
Значнай папулярызацыі беларускай песні ва ўсім свеце спрыяў Рыгор Шырма (1892-1978) – дзеяч нацыянальнай беларускай культуры, які разам з пытаннямі аднаўлення мовы падняў пытанне аднаўлення музычнай спадчыны. Шырма быў стваральнікам і кіраўніком шэрагу харавых калектываў, арганізаваў і ўзначальваў Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу, якая з 1978 г. носіць яго імя. Пачынаючы з 1910 г. сабраў больш за дзве тысячы народных песень, выдаў шэраг фальклорных зборнікаў: “Дзвесце беларускіх народных песень” (1958), “Беларускія народныя песні” (т. 1-4, 1959-1976), “Беларускія народныя песні для хору” (т. 1-2, 1971-1973).
Свае погляды на генезіс асобных фальклорных жанраў выклаў у прадмовах да зборнікаў, у навуковых артыкулах беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык Ніл Гілевіч (1931-2016). Працяглы час займаўся навукова-даследчай працай у галіне фалькларыстыкі: збіраў, сістэматызаваў, усебакова апісваў і вывучаў беларускі фальклор, з’яўляецца аўтарам кніг “Наша родная песня” (1968), “3 клопатам пра песні народа” (1970), “Паэтыка беларускай народнай лірыкі” (1975), “Паэтыка беларускіх загадак” (1976), “Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян” (1978). Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў “Песні сямі вёсак” (1973), “Песні народных свят і абрадаў” (1974), “Лірычныя песні” (1976), “Лірыка беларускага вяселля” (1979), “Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі” (1983).
Вывучэнне дзіцячага фальклору як спецыфічнай галіны пачалося адносна нядаўна. Тэрмін “дзіцячы фальклор” узнік у пачатку XX ст., калі з дапамогай яго пачалі вызначаць тую частку вусна-паэтычнай творчасці, якая адпавядае інтарэсам і запатрабаванням дзяцей рознага ўзросту. Даследчыца фальклору Г.А. Барташэвіч у сувязі з гэтым адзначае наступнае: “Хаця першыя ўзоры дзіцячага фальклору былі запісаны яшчэ ў пачатку XIXст., сам тэрмін “дзіцячы фальклор” не ўжываўся ў фалькларыстыцы. Творы, якія збіральнікі называлі дзіцячымі змяшчаліся ў фальклорных зборніках побач з абрадаеай паэзіяй, часцей за ўсё далучаліся да радзінных, хрэсьбінных песень.
Тэрмін “дзіцячы фальклор” вельмі шырокі. Ён аб’ядноўвае ўсе віды вуснай народнай паэзіі, створанай дарослымі для дзяцей, і творчасць саміх дзяцей. Сюды ж уваходзяць і тыя творы, якія хаця і ствараліся для дарослых, але з цягам часу перайшлі ў разрад творчасці для дзяцей” [6].
Таксама даследчыца адзначае, што “дзіцячаму фальклору ўласціва поліфункцыянальнасць. Утылітарна-практычная функцыя твораў розных жанраў спалучаецца з іншымі – пазнавальнай, выхаваўчай, мнематычнай, эстэтычнай, пацяшальнай, камунікатыўнай” [3].
Дзіцячы фальклор мае своеасаблівую жанравую сістэму, у якую ўваходзяць творы малых жанравых форм (калыханкі, пястушкі, забаўлянкі, лічылкі, дражнілкі, песенькі, заклічкі і прыгаворы, прыказкі і прымаўкі ) і творы буйных жанраў (казкі, легенды, паданні).
Фалькларысты па-рознаму класіфікуюць жанры дзіцячага фальклору ў залежнасці ад прынцыпаў, якія ляжаць у аснове сістэматызацыі. Асноўнымі прынцыпамі з’яўляюцца наступныя:
узроставы
бытавы
генетычны
функцыянальны
сінтэтычны (эклектычны) [3].
Першым творам, які чуе дзіця ў сваім жыцці, з’яўляецца калыханка. Першапачаткова гэта мелодыя, пазней яна спалучаецца з песняй, з дапамогай якой прыспешвалася засынанне дзіцяці. Такой мэце падпарадкаваны змест і форма твора; пры гэтым вызначальным з’яўляецца гукавы кампанент: размераны рытм, выкарыстанне асанансу, спецыфічных слоў (баю-баю, люлі-люлі). Калыханка таксама спрыяе развіццю маўлення, уплывае на душэўнае здароўе дзіцяці.
Калыханкі цесна звязаны з замоўнай паэзіяй, пра што сведчаць настойлівыя паўторы і формулы ў змесце і рытміцы песень, выкарыстанне архаічнай вобразнай сістэмы (Сон, Дрымота і набываюць рысы жывой істоты):
Ходзіць сон каля вакон,
А дрымота каля плота.
I пытае сон дрымоту:
– Дзе мы будзем начаваць?
– Дзе хацінка цяпленька,
Дзе дзетачка маленька.
А мы пойдзем начаваць
I дзяцінку калыхаць.
Асобую групу калыханак складаюць творы, якія не маюць замоўнага характару, але даюць уяўленне пра народны ідэал, правілы паводзін:
Ой, люлі-люлі,
Ветры ў полі загулі.
Ехаў каток ды па дровы,
Загарэлася дуброва.
Пайшоў каток ваду насіці,
Стаў дубровачку тушыці.
Сустракаюцца калыханкі, у якіх утрымліваецца пагроза пакарання за нядобрыя ўчынкі:
Люлі-люлі, коцік,
Не хадзі па плоце,
Не хадзі па печы,
Буду біці ў плечы.
Не хадзі па лаўцы,
Буду біці па лапцы.
Не тапчы падушкі,
Буду драці за вушкі.
Не хадзі па хаце,
Не будзі дзіцяці...
Найбольш распаўсюджанымі вобразамі народных калыханак з’яўляюцца Кот, Певень, Голуб, іншыя жывёлы, якія надзелены чалавечымі якасцямі.
Для матчынай песні характэрна своеасаблівая сістэма сродкаў выразнасці, лексічнага складу, свая кампазіцыя. Найбольш часта паўтараліся аднолькавыя ці сугучныя зычныя гукі (алітарацыя), таксама ўжываліся памяншальна-ласкальныя афіксы ў адносінах да дзіцяці і навакольнага свету.
3 цягам часу ў жыццё дзяцей прыходзяць і іншыя творы. Напрыклад, забаўлянка (або пястушка, пацешка) Гэта невялікія ці зусім кароценькія паводле памеру песенькі або вершыкі гумарыстычнага, жартоўнага зместу гульнявой скіраванасці. Яны актывізуюць (стымулююць) яднанне слова і маторыкі дзіцяці, суправаджаюцца адпаведнымі рухамі (напрыклад, пагойдваннем дзіцяці на каленях, гушканнем яго на руках і назе, гульнёй з пальчыкамі, ручкамі, ножкамі дзіцяці; часам забаўлянкі выконваюцца без пэўных рухаў, калі, напрыклад, трэба супакоіць дзіця ці рассмяшыць яго), развіваюць моўныя здольнасці маленькага чалавека. Забаўлянкі спрыяюць хуткаму далучэнню дзіцяці да праяў, падзей асяроддзя, у якім яно знаходзіцца, прывучаюць да адчування прыгожага, выражанага ў моўна-вобразнай форме.
Гісторыкі беларускай дзіцячай літаратуры вылучаюць у забаўлянках пястушкі і пацешкі, прапаноўваючы іх розныя азначэнні.
“Пястушкі – вершаваныя радкі, якімі дарослыя суправаджаюць першыя рухі дзяцей.
Пацешкі – невялікія вершы, песні з захапляльным жартаўліва-гумарыстычным зместам, у якіх (у адрозненне ад пястушак) адбываецца сюжэтнае развіццё дзеяння” [4].
Забаўлянкі дастаткова сталы жанр, пра што сведчаць лексічны склад і сюжэт гэтых твораў.
Кую, кую ножку –
Паедзем у дарожку
За чатыры мілі
Па масла, па сыры.
Дарожка крывая,
Кабылка храмая,
А ножка малая (рытмічна прамаўляючы гэты тэкст, дарослы лёгенька пабівае дзіця па пятцы, а потым казыча падэшву яго ножкі).
Лес, палянка,
Горка, ямка,
А там халодная вадзіца (малому дзіцятку кудлацяць валасы, потым гладзяць лобік, водзяць пальцам па носіку, па роціку, казычуць пад шыйкай і кажуць гэтыя словы).
Іграў я на дудцы,
Седзячы на будцы.
Ту-лю, ту-лю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю
Грае мая дудка,
Пяе весялушка.
Ту-лю, ту-лю, ту-лю-лю,
Ту-лю-лю!
Як зайграла дудка –
Прыбег скакаць Юрка (пасля апошніх слоў дзіця, якое да гэтага сядзела на каленях дарослага, бяруць пад пахі, ставяць на ножкі і дапамагаюць яму імітаваць танец-скокі).
Паколькі эфектыўнае функцыянаванне забаўлянак вымагае спеваў, рытмічнага іх агучвання, то працэсу сучаснага выкарыстання гэтых форм дзіцячага фальклору можа спрыяць, акрамя іншага, музычная частка (ноты) зборніка “Дзіцячы фальклор” [2].
Лічылка – невялікі, часцей рыфмаваны, мастацкі твор, з дапамогай якога вызначаецца чарга ў гульні ці выбіраецца яе вядучы. У. Анікін заўважае: “Паходжанне дзіцячых лічылак узыходзіць да глыбокай старажытнасці і, несумненна, звязана са старажытнымі формамі варажбы, калі выпадковае выпадзенне жэрабя каму-небудзь лічылася воляй наканавання, лёсу і не магло крыўдзіць або ўспрымацца як несправядлівасць” [1].
Г. Барташэвіч заўважае, што “аб старажытнасці лічылак і іх сувязі з вераваннямі сведчаць мясцовыя назвы беларускіх лічылак – “варажба”, “варажбіткі” [2].
Лічылкі будуюцца, найперш, на лічэнні ці пералічэнні. Пры гэтым яны могуць быць бессюжэтнымі:
Эна, бэна, рэсь,
Кэнтар, мэнтар, тэсь,
Эна, бэна, раба,
Кэнтар, мэнтар, жаба
і сюжэтнымі:
Едзе брычка, званок звоне,
Выйшла пані лічыць коні.
Раз, два, тры,
Выйдзі, малы, ты.
Гэтыя творы абавязкова павінны лёгка вымаўляцца; таму, як правіла, яны“пазбаўлены слоў, дзе збег зычных абцяжарвае плаўнае, мернае скандаванне, словы падбіраюцца з дастатковай колькасцю галосных гукаў. Таксама ў лічылках выкарыстоўваюцца словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, скажоныя формы пэўных слоў для рыфмы, захавання рытму. Кампазіцыйна лічылкі складаюцца з зачыну, ходу і выхаду. Зачын выражаецца звароткам ці пэўным лікам. Ход можа супадаць з зачынам або развіваць яго. Выхад можа выражацца пэўнай формулай (“выйдзі вон”, “табе вадзіць”, “шукай!”) або акцэнталагічным выдзяленнем пэўнага слова.
Дражнілка – невялікі, часцей вершаваны, мастацкі твор, які адлюстроўвае негатыўныя з’явы ва ўспрыманні дзіцяці і скіраваны на тое, каб раззлаваць апанента. У. Анікін так тлумачыць генезіс дражнілак: “Дзеці прымалі ўдзел у сутычках і спрэчках дарослых, засвойвалі ад іх саму манеру даваць мянушкі і дражніць. Крыўдныя мянушкі ў дзіцячым асяродку ў пэўнай ступені змякчаліся. У большасці выпадкаў яны ўзнікалі як рыфмаваныя дадаткі да імя, без усякай сувязі з прадметам спрэчкі або нагодай, што выклікала сутычку: Архіп – стары грыб, Андрушка – індзюшка. Далучэнне да гэтай мянушкі якога-небудзь новага верша ператварала мянушку ў дражнілку” [1]. Дражнілка выступае своеасаблівым аргументам у час дзіцячых спрэчак, з’яўляецца рэакцыяй на крыўду, злосць, іншым разам нянавісць. Складанне дарэчных дражнілак сведчыць пра маўленчыя ўменні, назіральнасць дзіцяці.
Такога роду сатырычныя творы з’яўляюцца часткай дзіцячай субкультуры, яны знайшлі шырокае адлюстраванне спачатку ў вуснай народнай творчасці, а пазней і ў мастацкай літаратуры. Дражнілкі могуць быць бессюжэтнымі:
Ларыска- калыска
Тоўстая, як міска
і сюжэтнымі
Райка-балалайка
Дома не хазяйка,
Дома не начуе,
3 крысамі танцуе.
У якасці аб’ектаў дражнілак могуць быць імя чалавека, яго знешнасць, рысы характару, навакольны свет і інш.
Прыказка – устойлівае трапнае народна-паэтычнае выслоўе, малая форма народнай паэтычнай творчасці, фальклорны мікратэкст, уласцівае пэўнай культуры, якое ў непасрэднай альбо метафарычнай, іншасказальнай форме канстатуе нейкую думку ці агульнае павучанне, што адносіцца да адпаведнай жыццёвай сітуацыі; мае форму сцвярджэння альбо павучання (дыдактычны змест); звычайна будуецца на падставе паралелізму альбо сэнсавага кантрасту; нярэдка мае рытмізаваную форму.
Прыклады прыказак: Старога паважай, малога павучай. Сёння зробіш – заўтра як знойдзеш. Узяўся за гуж – не кажы, што не дуж.
Адны прыказкі заўсёды ўжываюцца з прамым значэннем іх кампанентаў, напрыклад: брат любіць сястру багатую, а мужык жонку здаровую; госць госця ненавідзіць, а гаспадар абодвух. У другой групе прыказак частка слоў пераасэнсавалася, а частка захоўвае сваё літаральнае значэнне: не такі чорт страшны, як яго малююць; яйка курыцу вучыць. Трэцяя група прыказак мае алегарычны сэнс, гэта значыць у іх гаворыцца пра адно, а амаецца на ўвазе зусім іншае: з песні слова не выкінеш; куй жалеза, пакуль гарачае; рука руку мые; смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў; яблык ад яблыні недалёка падае [7].
Прымаўка – жанр фальклорнай прозы, кароткае ўстойлівае выслоўе канстатуючага характару, якое мае адначленную будову, нярэдка з’яўляецца часткай прыказкі (але без высновы) і ўжываецца ў пераносным значэнні. Яе змест (у адрозненне ад прыказкі) не мае (абагульняльнага, павучальнага зместу), ёй уласціва сінтаксічная незавершанасць. Дастаткова часта гэта скарочаная прыказка, напрыклад, “як снег на галаву”, “вывесці на чыстую ваду”, “лісіны хвост”, “воўчы рог”, “сабаку з’еў”. Параўнаем: прыказка: родная мова не палова: яе па ветру не развееш // прымаўка: родная мова не палова; прыказка: у чужым воку парушынку бачыць, а ў сваім і сука не заўважае; прымаўка: у сваім воку і сука не заўважае.
Загадка – невялікі (часцей у вершаванай форме) мастацкі твор, які складаецца з дзвюх частак: іншасказальнага апісання прадмета ці з’явы (пытання) і адгадкі (адказу). Генезіс загадак звязаны з “умоўнай мовай”, калі людзі праз пэўныя забароны вымушаны былі паведаміць пра пэўны прадмет ці з’яву, не называючы іх. Самым распаўсюджаным тропам пры стварэнні такога роду твораў з’яўляецца разгорнутая метафара, але пры гэтым выкарыстоўваюцца і іншыя вобразна-выяўленчыя сродкі і прыёмы іншасказальнасці. Загадка не толькі развівае назіральнасць, але і вучыць бачыць незвычайнае ў звычайным. Факт адгадкі прыносіць задавальненне, павышае самаацэнку, асабліва калі гутарка ідзе пра дзіця.
Змест загадак разнастайны, што абумоўлена іх сувяззю з жыццём і побытам чалавека. Адсюль вынікаюць тэматычныя групы: прырода, чалавек і яго сям’я, гаспадарка, культура. Па форме вылучаюцца загадкі-задачкі, загадкі-пытанні.
Скорагаворка (хуткамоўка, языкаломка, чыстагаворка) – кароткая фраза, у якой штучна ўскладнена артыкуляцыя; часцей будуецца на алітарацыі. Выкарыстоўваецца для павышэння фанематычнага слыху, паляпшэння выразнасці дыкцыі ці карэкцыі некаторых гукаў у дзяцей. Адрозніваюць простыя (на выпрацоўку аднаго ці двух гукаў) і складаныя (на выпрацоўку трох ці больш гукаў).
Асобую групу твораў дзіцячага фальклору складаюць заклічкі і прыгаворы, паходжанне якіх звязана з замоўнай земляробчай і збіральніцкай магіяй. Сёння гэтыя творы ўспрымаюцца часцей як забаўляльныя.
Заклічкі – невялікія творы, якія ўтрымліваюць зварот да сіл прыроды, жывёл ці раслін і выражаюць якую-небудзь просьбу, што часам суправаджаецца абяцаннем узнагароды, ахвяры. Часцей такога роду звароты звязаны з дажджом і выконваюцца хорам: “Дожджык, дожджык, секані, Каб не ўсядзеў на кані. Дожджык, дожджык, перастань, Я паеду на Ярдань". Прыгаворы – маленькія па памеры вершаваныя творы, якія выконваюцца ў час аднастайных дзеянняў (збор грыбоў, іканне ). Напрыклад, “Грыбок, грыбок, выстаў лабок: Я цябе пацалую”.
3 цягам часу ў заклічках і прыгаворах з’яўляюцца адзнакі іроніі ці пародыі.
Важную ролю ў дзіцячым асяродку адыгрываюць песенькі і вершы, якія маюць абрадавы (калядкі, вяснянкі, валачобныя) і пазаабрадавы характар. Па структуры вылучаюцца дыялагічныя, кумулятыўныя (“казачныя”), з прыпевам, песні-перагудкі. Змест дзіцячых песенек дастаткова разнастайны, але найчасцей звязаны з адлюстраваннем побыту дарослых і дзяцей. Гэтыя творы ствараюць добры настрой і далучаюць да скарбаў народнай культуры: “Саўка ды Грышка ладзілі дуду. Павесяліцца, каб прагнаць нуду. (Павесяліцца з ёй на Каляду). Ду-ду-ду-ду, ду-ду-ду-ду, Каб прагнаць нуду”.
Гласарый
Алегорыя – іншасказанне, увасабленне ў канкрэтным мастацкім вобразе абстрактнага паняцця, выраз якой-небудзь адцягненай ідэі.
Анекдот – фальклорны жанр, кароткая смешная гісторыя, звычайна перадаваная з вуснаў у вусны.
Апокрыфы (ад стар.-грэч.: скрыты, патаемны, таемны) – творы познеіўдзейскай і раннехрысціянскай літаратуры, якія не ўвайшлі ў біблейскі канон.
Замова – старажытны жанр народнай паэзіі, слоўная формула, якой надавалася магічнае значэнне.
Іронія (стар.-грэч.: прытворства, насмешка) – прыхаваная насмешка, якая выступае за знешняй пачцівасцю выказвання. Выкарыстоўваецца іронія ў многіх жанрах вуснай народнай творчасці – прыказках і прымаўках, загадках, анекдотах, устойлівых вобразных параўнаннях, прыгаворах.
Легенда (ад сяр.-лац.: “чытанне”, “чытанае”, “збор літургічных урыўкаў для штодзённай службы”) – адна з разнавіднасцяў неказачнага празаічнага фальклора.
Метафара – yжывaннe cлoвa або выpaзy ў пepaнocным знaчэннi, калі на аснове падабенства адна з’ява або пpaдмeт супастаўляецца з другой з’явaй або пpaдмeтaм.
Паданне – жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра народных герояў.
Параўнанне – вiд тpoпa, y якiм cyтнacць aднaгo пpaдмeтa, з’явы цi пaняцця вытлyмaчвaeццa пpaз cyпacтaўлeннe ix з пaдoбнымi iншымi, бoльш aбo мeнш вядoмымi ўcпpымaльнiкy лiтapaтypнaгa твopa.
Пародыя (грэч. спевы навыварат) – камічнае перайманне стылю і кірунку пісьменства, што знарок скажае і акарыкатурвае рысы арыгінала дзеля высьмейвання.
Эпітэт – слова альбо выраз у функцыі азначэння, якія надаюць слову-назоўніку дадатковую выразнасць, экспрэсіўнасць.
Пытанні
Дайце азначэнне паняцця “дзіцячы фальклор” і назавіце яго спецыфіку.
Падбярыце некалькі педагагічных сітуацый для ілюстрацыі наступных прыказак і прымавак: “Сваё дзіця бі – шкадуй, на чужое крычы – думай”, “Хто бацькоў шануе, той сабе неба гатуе”, “Сёння зробіш – заўтра знойдзеш”, “Блізка локаць, а не ўкусіш”, “Сорам не дым, вочы не выесць”.
Дайце азначэнне малых жанраў дзіцячага фальклору (калыханкі, пястушкі, забаўлянкі, лічылкі, дражнілкі, скорагаворкі, заклічкі і прыгаворы, загадкі, прыказкі і прымаўкі).
Уявіце сябе рэдактарам зборніка малых жанраў дзіцячага фальклору. Вызначце мэту выдання такога зборніка, ахарактарызуйце яго структуру, змест, прыдумайце вокладку і намалюйце некалькі ілюстрацый да тых твораў, якія б вы ўключылі ў гэты зборнік.
Напішыце канспект занятка ў дзіцячым садзе па малых жанрах дзіцячага фальклору (жанр на выбар навучэнцаў).
Прааналізуйце тэхналагічную карту занятка на тэму: “Вывучэнне твораў малых фальклорных жанраў”. Дайце сваю ацэнку занятку. Якімі структурнымі элементамі можна дапоўніць занятак? Гл. Дадатак № 10
Літаратура
Аникин, В.П. Русские народные пословицы, поговорки, загадки и детский фольклор : пособие / В.П.Аникин. М., 1957.
Барташэвіч, Г.А. Дзіцячы гульнёвы фальклор / Г.А. Барташэвіч // Малыя жанры. Дзіцячы фальклор / Т.В. Валодзіна [і інш.] ; навук. рэд. А.С. Фядосік. Мінск, 2004. С. 400-432.
Барташэвіч, Г.А. Дзіцячы фальклор / склад. : Г.А. Барташэвіч, В.І. Ялатаў. Мінск, 1972.
Барташэвіч, Г.А. Сістэма жанраў беларускага дзіцячага фальклору / Г.А. Барташэвіч // Малыя жанры. Дзіцячы фальклор / Т.В. Валодчіна [і інш.] ; навук. рэд. А.С. Фядосік. Мінск, 2004. С. 369-380.
Макарэвіч, А.М. Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб.дапаможнік/А.М. Макарэвіч [і інш. ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б. Яфімавай. Мінск, 2008.
Макарэвіч, А.М. Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Лепешаў, І.Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2 т. Т.1. Мінск, 1993.