Беларуская мова

электронны сшытак

сшытак алімпіёніка 5 клас паўтарэнне вывучанага за 4 клас

У першай частцы сабраны заданні і практыкаванні, якія дапамогуць паўтарыць пройдзены матэрыял у 4 класе

Яшчэ больш цікавага знойдзеш, калі заглянеш у нашу гульнятэку.

ELсшытак 5 клас Сінтаксіс і пунктуацыя

У другой частцы знаходзяцца заданні павышага характару па тэме "Сінтаксіс і пунктуацыя"

Не забывай паўтараць пройдзены матэрыял . Узровень засваення тэмы можна праверыць у трэнажорцы.

Мова.Маўленне.Тэкст.Тыпы мовы

Трэцяя частка сшытка- гэта заданні па тэме "Мова. Маўленне. Тэкст. Стылі і тыпы мовы"


Калі стаміўся, знайдзі ў карысных спасылках цікавае для сябе і правядзі час з прыемнасцю.

ELсшытак частка 4 Фанетыка і арфаграфія

У чацвёртай частцы нашага сшытка ты замацуеш так неабходныя веды па фанетыцы і арфаграфіі.

Стала сумна - загляні ў караоке-клуб і развучы беларускую песню, як народную, так і сучасную.

ELсшытак частка 5 Лексіка

"Лексіка і фразеалогія", напэўна, самы цікавы раздзел мовазнаўства. Тут будзеш пазнаваць таямніцы слова, яно заграе рознымі адценнямі.

Будзь уважлівы да цытат, якія падабраны да кожнага занятка. Пастарайся запомніць іх, каб затым спасылацца на іх у сваіх творчых работах.

Карысныя матэрыялы

СЛОЎНІКАВЫЯ СЛОВЫ

Правапіс галосных е,ё,я

1. Бесклапотны, гледачы, цецерукі, сямнаццаць, тысяча, пабелены, мелодыя, перспектыва, абеліск, пасеяны, абледзянелы, лебедзь, лебедзяняты, медзведзяня, восень, чэрвень, велікаваты, леснічоўка, ляснічы, песняры, памяць, дзясяты, аперацыя, удалечыні.

Правапіс галосных о, э, а, ы

2. Тунэль, чэртсвы, экзэмпляр, далікатны, рамонт, інжынер, адажыа, дрывотня, арандатар, шніцаль, камп’ютар, брызент, лодар, почырк, кластар, канцылярыя, цырымонія, ордар, Юпітэр, дрымота, Чарнышэўскі, бухгалтар, світар, крамлёўскі, шэрыф, цэнтральны, п’едэстал, рэпрадукцыя, кандытар, жамчужына, крышыць, шынель, інтэрнэт, рэзюмэ, партфоліа, выкрасліць, крапасны, сардэчны.


Алесь Якімовіч Займальныя гісторыі пра мову

Аляксей Якімовіч. Тэкст, Тэма і Жучок

Ішлі па лясной сцяжынцы Тэкст, Тэма і Асноўная Думка з партфелямі ў руках. Бачаць: невялікі чорны сабачка каля хваінкі сядзіць.

— Я сабака Жучок! А вы хто такія? Чаму з партфелямі тут ходзіце? — закрычаў Жучок, каб паказаць, што ён у гэтым ляску гаспадар.

— Я Тэкст, — нясмела азваўся Тэкст.

— А я Тэма, — ціха прамовіла Тэма.

— А я Асноўная Думка, — назвала сябе Асноўная Думка.

Жучок паварушыў доўгім хвастом.

— У нашым ляску жы­вуць розныя звяркі і птушкі, а пра вас я не чуў.

— Мы жывём не ў ляску, а ў школе, — паведаміў Тэкст.

— Няўжо ты анічога не ведаеш пра нас? — пацікавілася Тэма.

— Зусім не ведаю! — шчыра прызнаўся Жучок.

— Калі каму-небудзь патрэбна расказаць пра якую-небудзь падзею, паразважаць аб чым-небудзь, апісаць нешта, асобных сказаў яму недастаткова. Тады на дапамогу прыходжу я, Тэкст. Мяне яшчэ называюць выказваннем, аб'яднаным паводле сэнсу і законаў граматыкі, — адрэкамендаваўся Тэкст.

— Выходзіць, ты складаешся з асобных сказаў?

— У Тэксце кожны сказ звязаны з папярэднім, — заўважыла Тэма.

— Тэкст мае пачатак, асноўную частку і заключэнне, — дадала Асноўная Думка.

— Тэкст аб'ядноўваецца асноўнай думкай, — зноў падала голас Тэма.

— Да кожнага тэксту можна падабраць загаловак, — сказала Асноўная Думка.

— А што вы скажаце пра сябе? — звярнуўся да Тэмы і Асноўнай Думкі Жучок.

— Тэма — тое, пра што ці пра каго расказваецца, гаворыцца ў тэксце. Мяне можна вызначыць у загалоўку ці ў першым сказе тэксту, — сціпла паведаміла Тэма.

— А я — тое, што хацеў выказаць аўтар, да чаго ён заклікае, чаму вучыць, — сказала Асноўная Думка.

— Загаловак адпавядае тэме або перадае асноўную думку, — удакладніла Тэма.

— Зусім заблыталі вы мяне! Зусім! Зусім! — ледзь не плачучы, усклікнуў Жучок.

Тэкст падумаў хвілінку і дастаў з партфеля два аркушы паперы.

— Шаноўны, прачытай, што тут напісана.

— Поле аруць трактары. У лесе спеюць суніцы. Па вуліцы рухаецца трамвай, — прачытаў Жучок на першым аркушы.

— А цяпер прачытай на другім аркушы, — папрасіў Тэкст.

— Надвор'е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла як след. Дрэвы зелянелі. Была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе. Першы раз адбылася яна з месяц назад, з крыгамі, замаразкамі. Пасля таго тыдні са два трымалася сапраўдная, цёплая вясна, — прачытаў Жучок урывак з твора Янкі Маўра на другім аркушы і радасна ўсклікнуў: — Гэта тэкст! Я здагадаўся!

— Жучок, ты вялікі разум­нік! — пахваліў Жучка Тэкст і на развітанне падарыў яму падручнік беларускай мовы. За кемлівасць і старанне.

Ці згодны вы з Жучком?

Аляксей Якімовіч. Тэст

Прыйшоў коцік Паласацік да сабачкі Жучка ў госці, а той за сталом сядзіць, на аркуш паперы глядзіць, хмурыцца.

— Мабыць, нейкай важнай справай ты цяпер заняты? — нясмела пачаў Паласацік.

Цяжка ўздыхнуў сабачка.

— Задачу не магу рашыць, мучэнне дый годзе!

— Па матэматыцы? — вырашыў удакладніць у яго сусед.

— Ды не! Ужо другую гадзіну складаю Запіску-"памагатку" "Стылі маўлення". Дзе выкарыстоўваюцца стылі, напісаў, пра прыметы стыляў — напісаў. А задачы стыляў маўлення — цёмны лес для мяне! — ціха закончыў Жучок і апусціў чорную касматую галаву.

Паласацік прысеў побач з сябрам.

— Не бядуй так моцна. Зараз разам вызначым задачы стыляў, напішам як трэба.

Жучок ажывіўся, падняў галаву.

— Лічыш, што ў нас атрымаецца?

— Абавязкова атрымаецца! — упэўнена сказаў Паласацік.

А ў вас, сябры, атрымаецца?

Тэст

Замест кропак устаўце патрэбныя словы.

1. Па-мастацку, вобразна апісваць падзеі, эмацыянальна ўздзейнічаць на чытачоў (слухачоў) — задача ... стылю.

2. Дакладна перадаваць афіцыйную інфармацыю — задача ... стылю.

3. Паведамляць навіны культуры, навукі, грамадскага жыцця, пераконваць чытачоў і слухачоў, уздзейнічаць на іх — задача ... стылю

Словы для даведкі: публіцыстычнага, мастацкага, афіцыйнага.

Газета Слонімская №746 от 21.09.2011

Аляксей Якімовіч. Спрэчка

У гэты дзень сабачка Жучок быў не ў настроі. Бывае так. Магчыма, не з той лапкі ўстаў ён. Гэта нават коцік Паласацік заўважыў.

— Што з табою здарылася? Ты не захварэў — сустрэўшыся з Жучком, пацікавіўся ён.— Незахварэў, — напісаў Жучок на лістку паперы. Яму нават гаварыць не хацелася."Ён словы піша няправільна! Сапраўды, захварэў!" — занепакоіўся Паласацік і вырашыў паправіць суседа:— Шаноўны, трэба пісаць не захварэў, каб асобна было, як два словы.Не спадабалася Жучку, што Паласацік заўвагу яму зрабіў.— "Незахварэў” пішацца разам, — паказаўшы вострыя зубкі, сказаў ён.Хто мае рацыю ў спрэчцы: Жучок ці Паласацік?

Газета Слонімская №748 от 05.10.2011.

Аляксей Якімовіч. Мама і тапкі

— А я ведаю галоўныя члены сказа! — сустрэўшыся з Паласацікам, пахваліўся Жучок.

Паласацік наставіў вострыя вушкі.

— Назаві іх, калі ласка.

— Галоўныя члены сказа — дзейнік і выказнік! — гучна, як салдат на службе, адрапартаваў Жучок.

Паласацік пакруціў доўгімі белымі вусамі і пытаецца:

— А ў сказе ты мог бы іх вызначыць, знайсці?

— У сказе?.. — на хвілінку разгубіўся Жучок. — Напэўна...

— Напэўна, не зможаш.

Жучок строга, як настаўнік на вучня, які правініўся, паглядзеў на суседа.

— Змагу! Возьмем, на­прыклад, такі сказ: Мама купіла мне новыя тапкі. Тут выказнік — купіла, а дзейнікі — мама, тапкі.

— Не! — усклікнуў Паласацік.

— Мама, тапкі — гэта дзейнікі, — упэўнена паўтарыў Жучок, — бо яны адказваюць на пытанне што? і выражаны назоўнікамі.

Ці згодны вы з маленькім Жучком? Што не сказаў ён пра дзейнік як галоўны член сказа? (Выражаны назоўнікам у назоўным склоне.)

Газета Слонімская №753 от 09.11.2011

Аляксей Якімовіч. Пад дубам

Пад магутным разложыстым дубам сядзелі Клічны Знак і Пытальны Знак.

— Шаноўны Клічнік, — распачаў гаворку Пытальнік, — як ты лічыш: слова дуб мае аднакаранёвыя словы?

Клічнік паглядзеў угору.

— Мабыць, мае. Ён вунь як укараніўся!

Пытальнік усміхнуўся.

— Ты не мог бы іх назваць?

— Аднакаранёвыя словы маюць адзін і той жа корань, — пачухаў патыліцу Клічнік. — Так я разумею?

— Так, — кіўнуў галавою Пытальнік.

— Ведаю адно такое аднакаранёвае слова, — падумаўшы, пахваліўся Клічнік. — Дубовы!

— Правільна. Яшчэ адно назаві.

Клічнік апусціў галаву.

— Каб ведаў, то адразу назваў бы.

— Давай крыху паразважаем, — прапанаваў Пытальнік. — Тут расце адзін дуб? Так?

— Так, — пагадзіўся Клічнік.

— А калі б расло шмат дубоў, то як ты назваў бы гэтае месцейка?

— Дубняк! — усклікнуў Клічнік. — Шаноўны Пытальнік, я яшчэ адно аднакаранёвае слова ўспомніў!

— Якое?

— Дубец!

— Ой! — ад неспа­дзеўкі вырвалася ў Пытальніка. — Словы дуб і дубец не аднакаранёвыя.

— Аднакаранёвыя! — заўпарціўся Клічнік. — У іх ёсць агульная частка — дуб.

— Але ж яны маюць рознае значэнне, — сказаў Пытальнік.

— Вось яно што! Аднакаранёвыя словы блізкія па значэнні, — здагадаўся Клічнік і пачаў называць такія словы: грыб — грыбнік, салома — саламяны, стрэл — перастрэлка...


Аляксей Якімовіч. Жучок і Мухалоўка

Неяк Жучок у бярозавым гайку ляжаў, адпачываў.

Прыляцела ў гаёк Мухалоўка-стракатка і завяла, заспявала:

— Ті-круті-круті-тірр...

Жучок устаў, крыху падзівіўся на птушку дый пытаецца:

— Паважаная, па-руску спяваеш?

Гэту Мухалоўку нездарма стракаткай назвалі. Уся яна стракатая: верх цёмна-шэры, ніз белы, на лбе вузкая, па крылах шырокія белыя палоскі.

Прыўзняла яна распушчаны хвост.

— Не, даражэнькі! Па-беларуску спяваю, бо тут, у беларускім лесе, нарадзілася... Ті-круті-круті-тірр...

— Хоць ты і нарадзілася ў беларускім лесе, але не навучылася вымаўляць беларускіх гукаў, паленавалася, — заўважыў Жучок.

Ті-круті-круті-тірр... — на злосць Жучку моцна праспявала Мухалоўка-стракатка і паляцела шукаць іншага слухача.

А вы, сябры, здагадаліся, якія беларускія гукі не навучылася вымаўляць Мухалоўка

Аляксей Якімовіч. Як Жучок і Паласацік збіраліся на рэчку

Сабачка Жучок і коцік Паласацік вырашылі схадзіць на рэчку. Паласацік узяў ручнік і выйшаў на двор. Стаіць чакае сябра. А яго ўсё няма і няма.

— Жучок, ты хутка выберашся з хаты? — гукнуў, страціўшы цярпенне.

Жучок высунуўся ў адчыненае акно.

— Сваю кепку ніяк не знайду. А без кепкі на рэчку не пайду: галаву сонцам напячэ. Пасля разбаліцца.

— Жучок — гэта зваротак, — уголас разважаючы, адзначыў Паласацік.

— Я не зваротак. Я Жучок! — пакрыўдзіўся сабачка. — Не абзывайся!

— Я не абзываюся, — пачаў апраўдвацца Паласацік. — Я падумаў, што ў вымаўленым мною сказе слова Жучок з'яўляецца звароткам. Ты не ведаеш, што такое зваротак?

— Краем вуха чуў, але добра не запомніў. Памяць у мяне курыная, — паскардзіўся Жучок.

— Ты проста няўважлівы. У цябе ў адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае, — паўшчуваў Паласацік. — Пастарайся запомніць наступнае правіла: зваротак — гэта слова (ці спалучэнне слоў), што абазначае асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца ў размове. Зразумеў?

Жучок наморшчыў лоб.

— Здаецца, зразумеў. Назаві сказ са звароткам, а я паспрабую яго знайсці.

— Калі ласка, — павесялеў Паласацік. — Эх ты, лета!

— Ты звярнуўся да прадмета пад назвай лета. Выходзіць, слова лета — зваротак, — крыху паразважаўшы, здагадаўся Жучок.

Паласацік змахнуў пот з ілба.

— Так. А цяпер яшчэ адзін сказ. Эх ты, лета гарачае!

— Тут звароткам з'яўляецца не адно слова, а спалучэнне слоў, — і на гэты раз здагадаўся Жучок і, азірнуўшыся, усклікнуў: — Мая кепка на стале ляжыць, а я яе шукаю!

Жучок схапіў са стала кепку і выбег з хаты.

Аляксей Якімовіч. Казка ці каска?

Аднаго разу сябры-суседзі Жучок і Паласацік адправіліся ў падарожжа па родным краі.

Прыселі на ўзгорку, каб адпачыць.

Унізе распасціраецца зялёны луг, пасярод яго прытаілася азярцо, паўз берагоў парослае чаротам. На азярцы качкі плаваюць, гуляюць, ежу здабываюць.

— Сапраўдная казка перад намі! — у захапленні прамовіў Жучок.

— У слове казка пасля «а» якая літара пішацца: «с» ці «з»? — пацікавіўся Паласацік. Ён любіў задаваць пытанні, не даваў сумаваць Жучку.

— Напэўна, «с», — выказаў здагадку Жучок.

— Шаноўны, калі ты напішаш літару «с», у цябе выйдзе іншае слова — каска, — усміхнуўся Паласацік. — Каскі звычайна на галаву надзяваюць. Напрыклад, салдаты ў час бою альбо будаўнікі ў час працы. А ты хацеў сказаць пра тую казку, якую ў кнізе можна прачытаць. Так?

— Так. Але я не магу зразумець, чаму ў слове казка трэба пісаць «з», а не «с».

— Каб не памыліцца ў напісанні, трэба ведаць, як правільна абазначыць на пісьме парны зычны, — сказаў Паласацік.

— Як?

— Трэба падабраць праверачнае слова з галосным пасля зычнага, — прамовіў Паласацік. — Паспрабуй змяніць слова казка і адразу пачуеш, што пішацца пасля «а».

— Казачка, казачны, казачнік, — стаў змяняць слова казка Жучок. — Затым паглядзеў на сябра і радасна ўсклікнуў: — Я ўсё зразумеў! Няхай жыве казка праз літару «з»!

Аляксей Якімовіч. Падфутболіў!..

Сядзіць Жучок на ўскрайку бярозавага гаёчку і ад смеху заходзіцца.

Падбег да яго Паласацік, пацікавіўся:

— Што так рассмяшыла цябе, сусед?

— Не што, а хто, — паправіў сябра Жучок. — Хлопчык Алесь тут нядаўна быў. Пад ядлоўцавым кустом вожык ляжаў, а Алесю здалося, што гэта мяч!..

— Алесь хацеў падфутболіць яго? — выказаў здагадку Паласацік.

— Яшчэ як хацеў! Але ўцёк ад яго вожык! Я пра гэта нават верш склаў. Паслухай!

Па сцяжынцы, цераз

поле,

У лясок зайшоў Алесь.

Бачыць — мяч.

— Эх, падфутболю!

А той мяч... у кусты

пабег.

Цікавае апісанне выйшла ў мяне?

Хоць і спадабаўся коціку Жучкоў верш, але ён мусіў зрабіць заўвагу:

— Гэта не апісанне, браток.

— А што? — усклікнуў Жучок.

Да якога тыпу маўлення адносіцца верш з казкі?

Аляксей Якімовіч. Дапамажыце Шпачку

Аднаго разу Шпачок звярнуўся да Шпака-таты:

— Тата, многія птушкі кажуць, што хутка восень наступіць. Апішы мне гэту восень, каб я мог уявіць яе як жывую.

Шпак да знаёмага Грака сабраўся ляцець, не меў часу. Таму вось як апісаў наступленне восені:

Пакарацелі дні. Пайшлі дажджы. Пажаўцела лісце. Закурлыкалі жураўлі. Наступіла восень.

Сядзіць Шпачок за сталом, уважліва чытае татаў тэкст, а восень уявіць як жывую ніяк не можа.

Невядома, што ён рабіў бы, калі б суседка Сарока да яго не завітала.

— Сарока-белабока, птушкі кажуць, што неўзабаве восень наступіць. Я папрасіў тату, каб апісаў яе, як жывую. Ён, здаецца, апісаў, але я не магу ўявіць яе — паскардзіўся Шпачок.

Сарока села побач са Шпачком за стол, прачытала тэкст і заявіла:

— Слабавата апісаў твой тата. Мабыць, кудысьці спяшаўся.

— Чаму слабавата? — пацікавіўся Шпачок.

— Слухай і, як людзі кажуць, на вус матай, — прамовіла Сарока. — Сказы твайго таты складаюцца з якіх членаў: з галоўных ці даданых?

— Толькі з галоўных, — падумаўшы, адказаў Шпачок і падскочыў на крэсле. — Я здагадаўся! Каб уявіць восень як жывую трэба ўжыць у сказах галоўныя і даданыя члены.

— Малайчына! — пахваліла Сарока Шпачка. — Зараз мы гэтыя сказы перабудуем так, каб ты мог уявіць сабе восень як жывую, як гаспадыню нашых палёў і лясоў. Згодзен?

— Згодзен! — усклікнуў Шпачок.

— Першы сказ я перабудую так, — пачала Сарока. — Нечакана пакарацелі дні.

Шпачок лапкай пачухаў бурую пярынку на крыле.

— Выходзіць, ночы пабольшалі?

— А як ты думаў! Далей слухай, — незадаволена прагаварыла Сарока. У гэты дзень яна была без асаблівага настрою. Напэўна, устала не з той лапкі. — Пайшлі халодныя дажджы.

Шпачок сагнуўся, скурчыўся.

— Не люблю, калі ідуць халодныя дажджы.

Сарока незадаволена зірнула на Шпачка і наступны сказ перабудавала так:

— Адразу ж пажаўцела зялёнае лісце.

— Не хачу, каб лісце адразу ж жаўцела! — не вытрываў, перапыніў Шпачок суседку.

Сарока дзюбаю пастукала па стале, патрабуючы ўвагі.

— Трывожна закурлыкалі жураўлі.

— Бр-р-р! — страсянуўся Шпачок. Дрыжыкамі яго працяло.

— Наступіла халодная восень, — бадзёра закончыла Сарока.

— Мне страшна, — прызнаўся Шпачок.

— Ты ж хацеў уявіць восень як жывую. Вось і ўяўляй сабе! — сказала Сарока.

— Мне страшна! — паўтарыў Шпачок.

Дапамажыце Шпачку, перабудуйце сказы такім чынам, каб не баяўся восені, каб для яго стала прывабнай. Яна ж бывае рознай.

У выніку можа атрымацца іншы тэкст.

Непрыкметна пакарацелі дні. Пайшлі цёплыя грыбныя дажджы. У небе гучна закурлыкалі жураўлі. На дрэвах пажаўцела лісце. Наступіла залатая восень.


Аляксей Якімовіч. Плакса

Выйшаў Паласацік на двор і бачыць: Жучок сядзіць на лавачцы і касматай лапкай старанна слёзкі выцірае.

— Хто цябе пакрыўдзіў, братка? — усклікнуў Паласацік.

Убачыўшы коціка, Жучок мацней заплакаў.

— Пчала пакрыўдзіла! Я за ёю бегаў, бегаў, даганяў, а яна гудзела, гудзела, кружылася, кружылася, а затым апусцілася і ў правую лапку ўджаліла.

— Напэўна, моцна баліць табе лапка! — паспачуваў Паласацік.

— Яшчэ як! — сабачка ўстаў з лавачкі і прайшоўся, кульгаючы, каб паказаць суседу, як пацярпеў ён ад пчалы.

— Джала ты выцягнуў? — запытаўся Паласацік.

— Ыгы! — усхліпнуў Жучок. — Зубкамі выцягнуў.

— Дык не плач. Калі будзеш плакаць, цябе будуць называць...

Коцік замаўчаў. Яму не хацелася крыўдзіць сябра, вымаўляць абразлівае слова.

— Як будуць мяне называць? — вырашыў удакладніць Жучок. Уважліва глядзіць на Паласаціка, з нецярпеннем адказу чакае.

Паласацік цяжка ўздыхнуў.

— Плаксам цябе будуць называць.

Жучок тупнуў правай лапкай і ўсміхнуўся.

— А мне ўжо не баліць!

Растлумачце лексічнае значэнне слова плакса.


Аляксей Якімовіч. Паспрабуйце адказаць

За сталом сядзелі сабачка Жучок і коцік Паласацік. Жучок знаёмаму ліст пісаў, з днём нараджэння яго віншаваў.

— Шаноўны Паласацік, — прагаварыў, падняўшы галаву, — у сваім лісце я ўжываю словы быў і вучоба. У першым слове, калі ты заўважыў...

— Заўважыў! — перапыніў Паласацік. — У слове быў пішам ў нескладовае, а ў слове вучоба — у складовае.

Жучок хітра прыжмурыўся.

— Чаму? Адкажы.

— Калі ласка, — пагадзіўся Паласацік. — Але потым і ты адкажаш на мае пытанні. Дамовіліся?

Хоць Жучок не любіў адказваць на пытанні, але мусіў пагадзіцца:

— Так і быць. Дамовіліся.

— Слухай, — пачаў Паласацік. — Літара ў (у нескладовае) пішацца пасля галосных, у — пасля зычных і знакаў прыпынку. Запомніў?

— Лёгка запомніў, — кіўнуў галавою Жучок.

— А цяпер слухай мае пытанні, праверым, як запомніў, — сказаў Паласацік. — Пытанне першае. Калі пішацца літара ў (у нескладовае), калі — у (складовае)? Пытанне другое. Які гук абазначае вялікая літара У пасля галосных: галосны (складовы) ці зычны (нескладовы)? Ці перадаецца на пісьме скарачэнне гэтай літары? Пытанне трэцяе. Ці ўплываюць на правапіс у або ў злучок і двукоссе?

Паспрабуйце і вы адказаць на гэтыя пытанні.


Аляксей Якімовіч. «Чароўнае» слова

У невялікім ляску сядзелі сабачка Жучок і коцік Паласацік. Паласацік чытаў апавяданне:

— Па моры плыў карабель. Ён упэўнена трымаў курс на захад. Раптам неба пацямнела, наляцеў моцны вецер, і пачаўся шторм. Вялізныя хвалі высока паднімалі карабель і з сілаю кідалі ўніз, у марскую бездань. Судну пагражала немінучая пагібель. Вакол ужо сабралася шмат галодных акул. Караблекрушэння можна пазбегнуць, калі назваць «чароўнае» слова.

— Якое? — не вытрываў, ускочыў Жучок.

— Яно схавалася вось у гэтых словах, — сказаў Паласацік і паказаў на наступныя словы:

лік

імя

чабор

экскурсія

бот

Ніна

іл

капуста

— Здаецца, я ведаю!.. Ведаю гэтае слова!.. — ціха, каб не спалохаць думку, якая з’явілася нечакана, прамовіў Жучок. — Яго можна прачытаць, калі ўзяць...

— Што ўзяць? — таксама шэптам прамовіла Сінічка.

— Першыя гукі слоў лік, імя, чабор, экскурсія, бот, Ніна, іл, капуста.

— Вазьмі і прачытай, Жучок!

— Лічэбнік, — прачытаў «чароўнае» слова Жучок і запытальна паглядзеў на Паласаціка.

— Карабель выратаваны! — прагаварыў ён.


Аляксей Якімовіч. Не доўга радаваўся

Аднойчы сабачка Жучок напісаў на лістку паперы словы з раздзяляльным мяккім знакам і апострафам: п’е, паштальён, аб’ём, канферансье, б’ю, більярд.

На хвілінку адышоўся ад стала, а Дамавічок, які жыў у яго ў доме ў цёмнай кладоўцы, у гэты час падбег і проста так, дзеля смеху, усе апострафы і раздзяляльныя мяккія знакі са слоў прыняў, пасціраў. Вось якімі сталі словы: пе, пашталён, абём, канферансе, бю, білярд.]

Радуецца ў цёмнай кладоўцы Дамавічок. Ён нават загадку прыдумаў са словамі на гэтае правіла і стаў спяваць яе, нібы самую вясёлую песеньку:


Невялікае,

Без’языкае,

І не есць, і не п’е,

А гаворыць і пяе


Але не доўга ён радаваўся. Жучок добра ведаў, калі пішуцца раздзяляльны мяккі знак і апостраф. Таму хутка выправіў памылкі ў словах.

А вы ведаеце, калі пішуцца раздзяляльны мяккі знак і апостраф?