На заручыны, якія адбываліся ў хаце нявесты, запрашалі больш шырокае кола сваякоў, што былі сведкамі перамоў і дасягнутай дамоўленасці. Удзельнікі гэтага абраду павінны былі больш дэталёва пазнаёміцца з сем'ямі двух родаў; назваць асноўных удзельнікаў вяселля, тых, хто будзе надзелены вясельнымі чынамі (шафер, шаферка і г.д.); вызначыць колькасць гасцей з кожнага боку; колькасць сваякоў, якіх неабходна ўшанаваць падарункамі ў час вяселля; канчаткова выбраць дзень вяселля; прытрымліваючыся ўсіх правілаў народнай культуры, вызначыць тых, хто будзе пячы вясельны каравай; пагадзіцца на склад і колькасць пасагу; тут жа называўся дзень і час вянчання, памеры ахвяравання на храм, святару і іншым удзельнікам вянчання.