Этнаграфічны музей"Спадчына"

ДУА "Сярэдняя школа № 28 імя В.Д.Сакалоўскага г. Гродна"

Нашы дасягненні 

Вазьмі ў звычай, сын герояў і багоў,

не пагарджаць святым сваім мінулым,

а заслужыць яшчэ і вартым быць яго. 

Уладзімір Караткевіч

   Этнаграфічны музей “ Спадчына”, урачыстае адкрыццё якога адбылося 4 лістапада 2016 года знаёмымі кожнаму беларусу словамі “Ад прадзедаў спакон  вякоў мне засталася спадчына…” , прадстаўляе  наведвальнікам цікавы экскурс для каго ў гісторыю, для каго ў дзяцінства, а для малодшых школьнікаў - у новы, нязведаны свет. Кожны куток экспазіцыі  насычаны інфармацыяй,  стварае дакладны малюнак побыту нашых продкаў.

    Ад парога бацькоўскай хаты , пакланіўшыся абразу  на  покуці, экскурсанты трапляюць у куток гаспадыні, або “бабін кут”. Яны могуць патрымаць у руках вілкі, драўляную хлебную лапату, іншыя прылады працы, неабходныя кожнай гаспадыні. 

    Побач размясціліся кашы розных памераў і для розных патрэб. Плесці іх умеў кожны пастушок.  Не абмінуць увагай і маслабойку. Як жа шпарка бегала калатоўка зверху ўніз, каб атрымалася смачнае масла. Многім узгадваецца маслёнка, якая так смакавала з цёплай  бульбай.

    Гліняны посуд спрадвеку карыстаўся попытам  у нашых  продкаў. Пацверджанне  гэтаму – наступная экспазіцыя. Збаны , глякі і гарлачы- у іх было вельмі зручна захоўваць малако, ваду, бярозавік, алей. І мала хто ведае, што ў такім посудзе малако ў гарачыню доўга не скісала і заставалася халодным.

   Зямля для нашых продкаў была карміцелькай. Ад валодання ёю залежаў дабрабыт і сацыяльны статус сям’і. У нашай экспазіцыі прадстаўлены архіўныя матэрыялы, судовыя справы, у якіх вырашаліся зямельныя пытанні. 

    Немагчыма не зазірнуць у куток, дзе занялі  пачэснае месца кросны. Яны яшчэ памятаюць рукі сваёй гаспадыні  Ганны Пятроўны Паплаўскай, дачка якой і падарыла іх нашаму музею.  Прычым не толькі кросны, але і ручнікі, дываны , вытканыя на гэтым станку.  Акрамя кроснаў, можна ўбачыць калаўроты, прасніцу, церніцу, матавілы , сукала- прылады, неаходныя для прадзення і ткацтва. А калі зазірнуць у куфар, то можна знайсці там сапраўдны скарб -  тканыя кашулі, ручнікі, дываны, сурвэткі, абрусы. Такіх абноў у краме не купіш. Вочы разбягаюцца ад гэткай прыгажосці. 

   Чароўны свет карункаў і вышыўкі не пакіне абыякавым ніводнага наведвальніка.  Гэтыя творы мастацтва  непроста  прыгожыя,  у кожнай вышыўцы  з намі “ гавораць”  колеры і знакі, бо  значэнне іх  перадавалася з пакалення ў пакаленне. Але самае важнае, штоў іх – жыццё, натхненне, талент і душа сапраўдных майстрых. 

   Усім вядома, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Таму шчыра запрашаем усіх жадаючых наведаць наш музей, пазнаёміцца з экспазіцыяй “ Ад парога бацькоўскай хаты...” і атрымаць магчымасць яшчэ раз зразумець,чым для кожнага з нас з’яўляецца наша маленькая Радзіма, а праз гэта ўсвядоміць і адчуць дыханне нашай Айчыны, Бацькаўшчыны. “Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы…,”- сказаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч, які вельмі любіў і шанаваў нашу родную Беларусь.

   І сапраўды. Часцей азірайцеся, сябры, у мінулае, каб адказаць на пытанні: “Хто я?”, “Адкуль я?”, “Дзе мае карані?” І тады з любоўю і спакоем у сэрцы лягчэй будзе ісці наперад, у будучыню…