У гэтым раздзеле прадстаўлены прылады працы паўсядзённага ўжытку і прадметы аздоблення жылля. Многія з гэтых рэчаў страцілі сваю актуальнасць з прыходам масавай фабрычна-завадской вытворчасці і тэхнічнага прагрэсу.
Сялянскае жыццё было складаным і цяжкім.Большасць работ выконвалася ўручную. Гэта апрацоўка зямлі,сяўба, сенажаць,збор і пераапрацоўка ўраджаю, догляд за жывёлай.У дадзеным раздзеле прадстаўлены прыстасаванні для апрацоўкі збожжа і льну, для хатніх спраў. Гэта часала, грэбень для кудзелі, трапачы, цэп для абмалоту, сярпы, сіта, маслабойка, плецены посуд, прадметы для занятку хатнімі рамёсламі. Ёсць прадметы хатняга посуду, вырабленыя з гліны і дрэва.
У раздзеле “Інтэ’ер хаты” прадстаўлены прадметы мэблі і аздаблення.
Жыла калісьці бабка-папрадуха.
Была бабка – маладухай:
Дзень і ночку працавала,
Нітак тоненькіх напрала.
Самапрадка ў куточку
Не адну стагнала ночку.
І весела круціўся калаўрот,
І нітачка даўгая да варот
Вілася, казку доўгую віла,
А ў печы шапацела чапяла.
І снавала, і круціла,
Аж кудзела матавіла.
А ў куточку хаты прасніца стаяла.
Хутка бегаў чаўнок, рабіў тоненькі радок.
Берда ей дапамагалі –
Той радочак прыціскалі.
Ручнічкі ткала, на раку насіла,
У вадзе мачыла, пранікам адкалачвала.
Нясла на сонцы паляжаць,
Каб пабялелі ручнікі.
Ручнічкі-веселічкі
Пра жыцце людзей раскажуць,
На малюнку ўсе пакажуць:
Стужачка чырвоная ўсім сонейка жадала,
Ад людзей цяпла, пяшчоты госцю абяцала.
І зяленая таксама усміхалася ласкава,
Быццам бы ўслых казала:
— Ведаеце, у гэтай хаце
Добрых вы людзей пабачыце.
А карычневая стужка ў падарожжа запрашала,
Неба чыстае і сонца добрым людзям абяцала.
Таму заўседы побач з ею жоўтую, як сонейка,
І блакітную, як неба, вышывалі роўненька.
І вось ручнік дарагі – вышываны берагі.
Кожны свой малюнак мае.
Хто ўмее, той чытае.
А на покуці ў хаце
Што часцей за ўсе пабачыце?
— Бажніцу!
Ручнік на бажніцы набожнікам звалі
І покуць у хаце ім аздаблялі.
Гэты – просты “ўцірач”,
А вось гэты – “трапкач”.
Многа людзі працавалі:
Сеялі, палолі, рвалі,
Пралі пражу, кросны ткалі.
Выйшлі просцілкі на славу –
Хоць на ложак, хоць на лаву.
А вось гэты дыванок усіх здзіўляе незнарок.
Яркі, рознакаляровы,
Ен і праз сто год, як новы.
А вось і ходнік паласаты, каляровы,
Чароўны і пяшчотна-адмысловы.
На ходнічак аж боязна ступіць:
Вяселкаю нябеснай зіхаціць.
У гэтых ночвах бабка зерне падкідала,
Зерне падкідала, пыл вытрасала.
У гэтым сіце муку прасявала,
А ў маслабойцы масла ўзбівала.
Масла, смятану ў муку дабаўляла,
Каравай у печ садзіла, гасцей частавала.
А побач вілы. Яны, быццам конь,
Носяць гаршкі, чыгункі ў агонь.
А тут качарга – крывая нага,
Золата ў скрыню грабе, як мага.
Стаіць на лаве жоўты гляк,
Не надзівіцца на яго ніяк.
У печы шапацела чапяла.
Блінок вымала а саджала новы
У сонечнай патэльні адмысловай.
Не мінайце нашай хаты,
Прыязджайце вы да нас!
Пірагамі і блінамі
Пачастуем, госці, вас.