Віртуальны тур

Шчыра Вас мы вітаем.

У наш музей запрашаем!

Наш музей быў адкрыты ў 1991 годзе.

Экспазіцыя музея ўтрымлівае 4 раздзелы.

Пачынаем нашу аглядную экскурсію з раздзела “З гісторыі краю”.

У ім можна пазнаёміцца з мінулым і сучасным нашай вёскі, фальклорам і тапанімікай рэгіёна.

Вёска Лойкі – маленькі зялёны куточак маёй Радзімы. Вясною ў квецені садоў, восенню – з багатым ураджаем садавіны.

А ў вёсцы маёй усе крыніцы гаючыя ,

Усе травы мядовыя, усе кветкі пахучыя

Узгоркі, паляны, лясы, палі і лугі

Тут мая вёска Лойкі

Край сэрцу дарагі

Рачулачка Бялянка віецца між лугоў,

Тут песенкай заранка вітае грынікоў.

Насельніцтва –каталікі і праваслаўныя па свайму веравызнанню. Мова беларуская, з прымессю польскіх слоў і мясцовых дыялектаў.

Як сведчаць раскопкі старажытных курганоў і могільнікаў, землі на левым беразе Нёмана яшчэ да нашай эры былі заселены плямёнамі яцвягаў. Нашых продкаў прыцягвала рака, поўная рыбы, лясы, дзе вадзілася мноства рознай дзічыны, птушак. Адным словам, у гэтых мясцінах можна было пракарміцца дарамі прыроды-матухны.

Сваю назву вёска Лойкі, хутчэй за ўсё , атрымала ад слова “лой” –авечы тлушч.

Старажылы ўспамінаюць, што і да вайны, і ў пасляваенны перыяд асноўным заняткам тутэйшага люду была авечкагадоўля – гандаль аўчынамі, авечым мясам і тлушчам. Дзяды і прадзеды тутэйшых сялян у кірмашовыя дні перапраўляліся на пароме і лодцы праз Нёман і гандлявалі ў Гродна ўсім, што даваў авечы статак: воўнай, аўчынамі, мясам, тлушчам. Да нашага часу жывуць у Лойках людзі, якіх называюць аўчарамі.

Вёска стала звацца Лойкі ўсяго гадоў 150 таму назад. А раней гэтае пасяленне значылася ў “Геаграфічным слоўніку Польскага Каралеўства” як Баля Велька. Узнікла ў 1812 годзе. А навукоўцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта тлумачаць назву Баля (драўляная бэлька), як месца на Нёмане для прычальвання плытоў і баржаў. І гэта адпавядае сапраўднасці, бо паромная пераправа існавала насупраць вёскі Лойкі з даўніх часоў. А ўверх па цячэнню Нёмана стаяць яшчэ дзве вёскі, як абазначэнне прычалаў: Баля Касцельная і Баля Сольная (менавіта каля гэтага паселішча разгружаліся баржы і караблі, гружаныя соллю з капальняў Вялічкі).

Наступны раздзел “Хата – сусвет селяніна”. Тут Вы можаце на ўласныя вочы пабачыць, як выглядала звычайная вясковая хата ў к.ХІХ – п.ХХ ст., якімі прадметамі побыту карысталіся нашы прадзядулі і прабабулі. Галоўнае і шаноўнае месца ў хаце – покуць – чырвоны кут. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі-набожнікамі, пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў.

Ручнік – верны спадарожнік чалавека на працягу многіх стагоддзяў. На вышыты ручнік клалі дзіця пры нараджэнні, хлебам на ручніку сустракалі гасцей, на яго станавіліся маладыя ў царкве, ручнікі ў якасці абярэгаў вешалі на прыдарожныя крыжы.

Акрамя таго, ручнік суправаджаў чалавека ў паўсядзённых дзеяннях з самай раніцы і да позняга вечара. Перш чым зірнуць на сонца, чалавек «змываў» сон і лашчыў твар ручніком. Перш, чым сесці за стол, трэба было падзякаваць Богу за падараванае жыццё і долю. Позірк накіроўваўся на покуць, а там, пад столлю, знаходзіўся абраз Збаўцы і... бялюткі і надзвычай прыгожа арнаментаваны ручнік. Ён меў адметную назву – набожнік і надзяляўся самым высокім статусам. Так, ім упрыгожвалі абразы Чырвонага кута.

У нашым музеі прадстаўлены вясельныя ручнікі, якія былі абаронцамі здароўя, кахання і дабрабыту. Іх завязвалі на рукі маладым, рассцілалі на парозе хаты ў час вяселля, падносілі ў якасці падарунка. Такія ручнікі захоўваліся ў сям’і як сімвал сямейнага дабрабыту.

А як жа ствараўся ручнік? А гэта была нялёгкая праца. Спачатку лён вырывалі і звязвалі ў снапы для прасушкі. Потым мялі, трапалі, часалі і пачыналі прасці льняную нітку з дапамогай верацяна ці калаўрота.

З каласоў жытнёвых ён сатканы,

Наш ручнік, наш беларускі ўзор.

Васільком, пралескай вышываны,

Хвалямі блакітнымі азёр.

Наш ручнік, як золата, свеціцца,

Кветкамі вясновымі цвіце

ў прасторных хатах, у святліцах,

На вяселлі радуе гасцей… …

Зіхаціць ручнік наш саматканы,

Родны беларускі наш узор,

I глядзіш, глядзіш зачараваны –

На дзівосны, казачны ўбор.

Шырока прадстаўлены экспанаты гаспадарчага, земляробчага карыстання сялянамі ў мінулым, прылады працы ў паўсядзённым жыцці.

Так у працы з сенам памочнікамі сям’і станавіліся каса, граблі і вілы, для збожжа выкарыстоўвалі сярпы, драўляныя вілы, цэп.

Таксама можна пабачыць веялкі, карабы, якія плялі з саломы і лазы. Самы вялікі кораб у нашым музеі называецца саламянік, у ім можа змясціцца каля 300 кг збожжа. З большай часткі збожжа гаспадары рабілі муку пры дапамозе жорнаў – парных кругоў, якія былі каменнымі ці драўлянымі.

Сабраны матэрыял аб народных промыслах і рамёствах.

Найбольш шырока ў нашым музеі прадстаўлены раздзел “Традыцыйная культура рэгіёна. Народныя рамёствы”. Шырока прадстаўлены ткацкія вырабы – посцілкі, дываны, дзярушкі, сабрана вялікая колькасць разнастайных ручнікоў, вырабаў з дрэва, гліны.

Апошні раздзел – “Сядзібна – паркавыя комплексы рэгіёна”. Можна даведацца шмат цікавай і карыснай інфармацыі аб панскіх сядзібах Тукалы, Свяцку Валовічаў, Свяцку Гурскіх.