Раздзелы экспазіцыі

Асноўныя раздзелы экспазіцыі:

- ПАНАРАМА ГОРАДА

- КАРЧМА

- ГАРБАРСТВА

- ПЯКАРСТВА

- ГАНЧАРСТВА

- СЯЛЯНСКАЯ ХАТА

- КІРМАШ

- ГІСТОРЫЯ ПЯТАЙ ШКОЛЫ



Панарама старажытнага горада выканана даволі цікава: акрамя таго, што захавана размяшчэнне тагачасных пабудоў, вуліц і гандлёвай плошчы, можна даведацца, якую назву мелі гэтыя вуліцы раней і як называюцца яны цяпер. Выява Смаргоні тых далёкіх часоў захоўваецца ў мініяцюры ў музеі таксама.

Тут жа месціцца карчма: тры бярвенчатыя сцяны прылягаюць да бетоннай сцяны падвала. Ад столі падвала, якая з’яўляецца і столлю карчмы, адыходзіць паясок стрэшкі. У карчме ёсць камін, лавы, стол, посуд, патэфон. Тут спыняліся сяляне і іншыя спадарожнікі, каб адпачыць, падсілкавацца, заключыць нейкія дамовы.

За карчмою па гэты ж бок вуліцы стаіць майстэрня гарбара. Смаргонь у свой час славілася ўмельцамі па апрацоўцы скур жывёл. Рабочыя інструменты ў гарбароў былі простыя: : косы, нажы, скрабкі -для зняцця мяздры. Тут жа стаялі бочкі для замочвання і дублення скур, швейная машынка для пашыву скуранога абутку, калодкі для надання яму пэўнай формы, а таксама паліцы для гатовага абутку. Усё гэта можна ўбачыць у майстэрні гарбара.

Па выяве крэндзеля, які прымацаваны да вугла наступнай пабудовы, можна здагадацца, што перад вамі пякарня. Смаргонь калісьці славілася абаранкамі. Для іх выпечкі рабілі спецыяльныя печы, абараначніцы пяклі вялікія і маленькія абаранкі, з макам і без яго. Прадаваліся смаргонскія абаранкі не толькі на мясцовых рынках, а і ў Вільні, у Польшчы. Садзейнічылі рэкламе смаргонскіх абаранкаў і цыганы, якія з дрэсіраванымі мядзведзямі гастралявалі па краінах Еўропы. Стваральнікі экспазіцыі паклапаціліся, каб у пякарні наведвальнік змог убачыць невялікія ручныя жорны, карабы для мукі, дзяжу для цеста, сіта для прасейвання мукі, драўляныя лапаты, пры дапамозе якіх выпякалі хлеб.


Дворык ганчара лёгка пазнаць па ганчарным крузе, які стаіць пасярод майстэрні. Непадалёку знаходзіцца карыта для замешвання гліны, паліцы з гатовымі вырабамі, калодзеж-журавель.

А вось і бярвенчатая з саламянаю страхою сялянская хата. Яна служыла сваім гаспадарам не толькі жытлом, а і месцам працы. У куце хаты стаяць кросны, на якіх жанчыны ткалі палатно, непадалёку калаўрот і прасніца. Пры іх дапамозе гаспадыні з кудзелі ці воўны сукавалі ніткі. Тут жа можна ўбачыць даматканыя вырабы. Стол з самаварам, куфар - вось аснова інтэр’ера хаты пачатку 20 стагоддзя.

Па другі бок вуліцы раскінуўся кірмаш. Чаго тут толькі няма: рамесныя вырабы: кашы, карабы, драўляны і медны посуд, саматканыя посцілкі і ручнікі, ганчарныя вырабы-усе рэчы, без якіх не абыходзілася ніводная сялянская гаспадарка. На гандлёвых радах раскладзены лялькі, мужчынскае і жаночае адзенне, дзіцячыя кашулі, ручнікі, сурвэткі, дываны, пацеркі і іншыя ўпрыгожванні. Тут жа, на вуліцы, стаіць сапраўдны сялянскі воз.