Раздел "Этнографический"

Лапці

Загадка:” У ліпавым карытцы жывое варушыцца”. Гэта лапці.

Лапці – сялянскі абутак, плецены з лыка. Лыка дралі з маладой ліпы, сушылі ў клеці або на гарышчы хаты. Потым палоскі кары, каб яны не ламаліся, размочвалі ў цёплай вадзе. Плялі лапці на драўлянай калодцы, палоскі лыка шчыльна падганялі адна да адной. Па баках пакідалі петлі-вушкі, у якія зацягваліся аборы – вяроўчатыя або раменныя шнуркі, якімі лапці падвязвалі да ног. На ногі накручваліся палатняныя анучы. Падэшву для трываласці падпляталі лыкам, пянькою, зрэдку падшывалі скураю. Плялі лапці звычайна мужчыны.У лапцях сялянам было добра і на працы, і ў танцы.

Драўляныя абіякі

Рабіліся з кавалкаў дрэва, у якіх выдзёўбваліся адтуліны для ног. Глыбокія, яны засцерагалі ад вады і гразі. Заходзячы ў хату, абіякі пакідалі ў сенцах або каля парога ў кухні, каб не наслядзіць на падлозе.

Калыска

Ля ложка гаспадыні да столі была прывязана калыска, сплеценая з дубцоў лазы і ракіты. Лёгкі штуршок- і калыска плыла па хаце, як чароўная лодка. Увялікай сям’і яна ніколі не пуставала, калыхала дзяцей па чарзе з году ў год. Мала было адной, дык рабілі другую. Прыказка нават папракае багатага на дзяцей чалавека: “Ані лыжкі, ані міскі, а павесіў тры калыскі”.

Вырабы ручнога ткацтва

Квасоўка – цэнтр мастацкага промысла - ручнога ткацтва, сыравінай для якога былі лён і воўна. Усе працэсы па апрацоўцы сыравіну выконвалі ўручную. Пралі пры дапамозе верацяна або калаўродка. Пражу бялілі або фарбавалі. Ткалі на кроснах абрусы, посцілкі з папярэчна-паласатым арнаментам, дываны. Асаблівай прыгажосцю вылучаліся ручнікі, вытканыя з традыцыйным спалучэннем белага і чырвонага колераў , з геаметрычным арнаментам у выглядзе ромбаў і крыжоў. Доўгі час мастацтва ручнога ткацтва перадавала нашчадкам жыхарка вёскі Гарны Юргель Зінаіда Іванаўна. Сучасная моладзь не забывае традыцый сваіх продкаў.

Драўляная хлебная лапата

Драўляная хлебная лапата прымянялася тады, калі пяклі хлеб. Хлеб звычайна пяклі з жытняй мукі.

Сітны хлеб пяклі з мукі, прасеянай праз сіта. Гаспадыня рукамі брала цеста з дзяжы, выкачвала круглыя боханы. Драўляную хлебную лапату пасыпалі мукой, на яе выкладвалі боханы і саджалі ў печ, на гарачы под. Каб хлеб быў смачнейшы, пад боханы часам падкладвалі капуснае, кляновае ці дубовае лісце.Да хлеба адносіліся з вялікай пашанай. Хлебам-соллю сустракалі гасцей, маладых у час вяселля. Пра хлеб захаваліся беларускія прыказкі: “ Хлеб плячэй не горбіць”, “ Не я хлеб нашу, а ён мяне носіць”, “ Лепш свой посны праснак, як чужое сала”.

Пранік – пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім пралі бялізну пры мыцці, адбельванні, ім таксама ябівалі лён, проса. Вядомы з 11 – 12 ст.


Кубак(конаўка, кружка, кухлік) – невялікая металічная (драўляная, ганчарная) пасудзіна цыліндрычнай формы з ручкай. У паўсядзённым побыце служыла для зачэрпвання і пералівання вадкасцей, для пітва. Падвешвалася на край цэбра з вадою ці бочкі з квасам.

Масляная лямпа – ліхтар, які працаваў на аснове згарання масла або керасіна.

Чорназадымленая кераміка – ганчарныя вырабы чорнага колеру. Вядомы з раннежалезнага веку. У 19 – 20 ст пашыраны на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Гаршчок - ганчарны выраб для гатавання гарачых страў, захавання сыпучых рэчываў. Памеры вагаліся ад 0,5 л да 10-15 л. У малых гаршчках варылі малако, кашу, заварвалі лекавыя травы, у вялікіх – студзень, корм для жывёл.Разнавіднасці: паўзлівач, гарнушак, абеднік, адлеўнік, варэйка, пітушка, спарыш.

Збан (жбан, кушын, глечык, ручнік, гарлач ) – ганчарны выраб для захавання малака і іншых вадкасцей. Рабіўся з выцягнутам тулавам, звужаным горлам, дзюбкай і ручкай.

Маслабойка – бандарны выраб, вузкая кадачка з клёпак для атрымання сметанковага масла. У накрыўцы адтуліна для калатоўкі. Выкарыстоўвалася да сяр. 20 ст.

Кадушка (кадзь, кадка) – бандарная пасудзіна з ліпы ці асіны, звужаная кверху. Рабілася з клёпак, якія расстаўляліся вакол круглага днішча і сцягваліся 2-3 абручамі. Дзве процілеглыя клёпкі ўтваралі вушкі. Выкарыстоўвалася для захоўвання квашанай капусты, салёных агуркоў, грыбоў і інш.Выкарыстоўвалася ў хатнім побыце са старажытных часоў.

Самавар – прыстасаванне для кіпячэння вады і прыгатавання чая. Першапачаткова вада награвалася унутранай топкай, якая ўяўляла сабой высокую трубу з вуглямі. Пазней з’явіліся керасінавыя самавары.

Прас – прыстасаванне для прасавання бялізны. Унутр корпуса засыпалі гарачыя вуглі і закрывалі крышкай, для цягі рабілі трубу або адтуліны па баках. Махаючы прасам узмацнялі вентыляцыю і раздувалі вуглі.

Сіта.

Сітны хлеб пяклі з мукі, прасеянай праз сіта.

Вілкі – паўкруглы жалезны рагач. Пасаджаны на доўгую палку. Гаршчок ці чыгунок падхоплівалі знізу і ставілі ў печ. А пазней – даставалі з печы. Загадка: “Рагаты, да не бык, яду бярэ, а не сыты, людзям падае, а сам у кут ідзе”.

Серп – прылада для ўборкі збожжавых культур. Вядомы з каменнага і бронзавага вякоў. Да канца 19 ст. рабілі з жалеза, вырабленага з балотнай руды.У гаспадарцы кожная жняя мела свій серп, які захоўвала ў сухім месцы, абкручаны анучай.

Насценны гадзіннік – распаўсюджаны з сярэдзіны 20 ст., з гіркамі і маятнікам.

Бубянцы(бразготкі, званочкі, шархуны) – самагучальны інструмент , падвешваліся на вупраж пад дугу. Сваім звонам радавалі гаспадара і бераглі каня ад порчы. Выкарыстоўваліся на святы: вяселле і інш. Матэрыял – медзь, латунь, бронза.

Бязмен – ручная рычажная вага, складалася з драўлянага стрыжня з гірай на канцы і кручком для грузу на другім. На стрыжні была шкала адліку і рухомая пятля.

Ступа – высакаваты драўляны стаячок, у якім таўклі крупы. Зроблена яна з цвёрдага дрэва – дуба.

Саламяны павук. Упрыгожваў жылы пакой саламяны павук, падвешаны да столі. Ён павольна паварочваўся ў плынях паветра і сімвалізаваў будучы ўраджай.

Калаўрот – прылада для прадзення лёну і воўны. Складалася з кола, педалі, стрыжня і шпулькі для намотвання пражы. Калёсікаў. На Беларусі вядомы з 16 ст.

Карыта – прадаўгаватая пасудзіна, выдзеўбаная з дрэва.Выкарыстоўвалася для кармлення і вадапою жывёлы.

Кашы – саламянкі – ёмістасці пад збожжа, крупы, муку. Прадукты ў іх добра вентыляваліся. Форма нагадвае ганчарны посуд: збаны, гаршкі і інш. Аб’ём вагаўся ад некалькіх літраў да 1 м куб. Для пляцення выкарыстоўвалі жытнюю салому. Размочаную ў вадзе. Выраблялі карабы, шыяны, кублы, гарцы, сявенькі.

Кош – плеценая ёмістасць для захавання і транспарціроўкі сыпкіх і штучных вырабаў, харчовых прадуктаў, збірання гародніны, садавіны, бульбы. Грыбоў, пры рабоце ў полі. Рабілі розных памераў і форм з лазы.