"Вучыцца, расці, натхняць"
Мой свет перавярнуўся, калі я ўпершыню сутыкнулася з праектнай тэхналогіяй. Да гэтага я вучылася ствараць урокі, праводзіць заняткі ...
А потым… з'явіліся праекты! Спачатку – ціхі шэпт новай ідэі, затым – бурлівы паток творчасці і супрацоўніцтва. Замест строгіх рамак падручніка - бязмежнае поле для эксперыментаў. Я нібы атрымала чароўную палачку, якая ператварыла сухія факты ў захапляльнае падарожжа.
Першым маім сур'ёзным выклікам стаў сеткавы праект "Таямніцы казак". Гэта быў выбух! Замест самотнай працы - каманда аднадумцаў, абмен ідэямі, узаемадапамога. Я стварала новыя цікавыя заданні, абмяркоўвала вынікі з іншымі удзельнікамі "Купалаўскі праектаў - 2023" і кожны ўклад быў каштоўны. Дзеці пагрузіліся ў свет казачнай культуры, у захапляльнае расследаванне. Пасля апрабацыі вынікі перасягнулі ўсе чаканні: дзеці не толькі даведаліся шмат новага, але і навучыліся працаваць у камандзе, вырашаць праблемы сумесна, прадстаўляць свае дасягненні. Атрыманыя вынікі я ўкараніла ў сваю курсавую работу "Творчыя заданні як сродак развіцця чытацкіх уменняў вучняў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі".
Свой сеткавы праект я таксама прадставіла на II Форуме "ІнаФэст", які прайшоў на базе Навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы 2 чэрвеня 2023 г. і стаў пляцоўкай для развіцця навыкаў у галіне інавацыйнай, прадпрымальніцкай і праектнай дзейнасці студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта.
Следам з'явіўся вэб-квест "Прыгоды Капрызкі" - ужо з больш складанай структурай і інтэрактыўнымі элементамі. Тут я ўжо адчувала сябе больш упэўнена, абапіраючыся на вопыт папярэдняга праекта. Гэта была сапраўдная магія адукацыі: дзеці з захапленнем вырашалі загадкі, шукалі падказкі, працавалі з рознымі крыніцамі інфармацыі. Яны былі не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі навучальнага працэсу. Дадзены вэб-квэст я ужо ўкараніла ў сваю дыпломную работу "Выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0 для развіцця чытацкіх уменняў вучняў ІІІ класа"
І ва ўсім гэтым мне дапамог мой цьютар - Лапкоўская Алена Мікалаеўна. Яе падтрымка, парады, бясконцае цярпенне былі неацэнныя. Яна не толькі дапамагала вырашаць тэхнічныя пытанні, але і накіроўвала маю творчасць, дапамагала бачыць шырэйшую карціну.
Сёння я не ўяўляю сябе без праектнай дзейнасці. Гэта не проста методыка выкладання - гэта спосаб натхніць дзяцей, развіць іх творчы патэнцыял і падрыхтаваць іх да выклікаў сучаснага свету.