Метадычныя рэкамендацыі да праекта
віртуальнай квэст-экскурсіі «Сцяжынкамі Полацкай зямлі»
Найважнейшым сацыяльным патрабаваннем да сучаснай школы з'яўляецца арыентацыя адукацыі не толькі на засваенне пэўнай паўнаты ведаў, але і на развіццё асобы, пазнавальных і стваральных здольнасцяў.
Для рэалізацыі гэтай задачы неабходна ствараць умовы для авалодання ўніверсальнымі здольнасцямі або ключавымі кампетэнцыямі: здольнасцю да даследавання, эфектыўнай камунікацыі, да прыняцця рашэнняў і іх рэалізацыі, здольнасцю да крытычнага асэнсавання інфармацыі, здольнасцю да самаразвіцця і самарэалізацыі.
Зразумела, што развіццё гэтых здольнасцяў немагчыма без дзейнасці самога вучня.
Праца з дзецьмі ў школе выявіла наступныя праблемы: нежаданне большасці дзяцей асвойваць пазапраграмны матэрыял вывучаемага, аналізаваць інфармацыю, самастойна прымаць рашэнні.
Колькасць даступнай інфармацыі расце з кожным годам. Да тэлебачання, відэа, радыё ўсё больш актыўна далучаюцца камп’ютарныя сеткі. Але ўсе гэтыя крыніцы падаюць у асноўным матэрыял для пасіўнага ўспрымання, не спрыяюць фарміраванню ўмення самастойнай ацэнкі і адбору атрыманай інфармацыі.
Пры неабходнасці працы з дадатковым матэрыялам вучні часцей за ўсё выкарыстоўваюць сетку інфармацыйнага прастору. Капіруючы дадзеныя з інтэрнэту, не задумваюцца над сэнсам і зместам тэксту, часта нават не ўлічваюць сувязь знойдзенага з зададзенай тэмай.
У выніку адзначылі для сябе, што сучасныя дзеці ў большасці сваёй чытаюць мала і практычна не ўмеюць чытаць ўдумліва, нежаданне дзяцей цалкам ўключыцца ў працу, адсутнасць у многіх імкнення рэалізаваць сябе на ўроку прыводзяць да істотнага зніжэння цікавасці да вучобы, паніжэння вучэбнай матывацыі, памяншэння пазнавальнай актыўнасці.
Каб пазбегнуць гэтых праблем, мы прыйшлі да высновы, што трэба ў сваёй працы выкарыстоўваць тэхналогіі, якія будуць не толькі цікавымі, але і пазнавальнымі для сучасных школьнікаў. Паколькі большасць свайго часу дзеці праводзяць у гаджэтах, мы вырашылі стварыць з дапамогай інтэрактыўна-камунікатыўных тэхналогій віртуальную квэст-экскурсію, дзе дзеці будуць вучыцца гуляючы.
Трапіўшы на галоўную старонку сайта, удзельнікі могуць праслухаць зварот, прачытаць уступнае слова. Потым трэба пазнаёміцца з планам маршруту, дзе змешчаны назвы аб’ектаў, якія будуць наведвацца. Далей ідзе знаёмства з умоўнымі абазначэннямі і правіламі квэст-экскурсіі.
Перайшоўшы непасрэдна на карту квэст-экскурсіі, удзельнік націскае на актыўную геаметку і трапляе на першы аб’ект. Абавязкова трэба пазнаёміцца з гістарычнымі звесткамі, слоўнікам, стужкай часу, праглядзець відэаматэрыял, а толькі потым прыступіць да выканання задання.
Пасля выканання задання ўдзельнік атрымлівае ключ для пераходу на наступны аб’ект.
Такім чынам адбываецца знаёмства з усімі аб’ектамі.
Асаблівасцю з’яўляецца тое, што ўсе аб’екты размешчаны ў пэўнай паслядоўнасці і, не прайшоўшы адзін аб’ект, не трапіш на наступны.
Пасля завяршэння квэст-экскурсіі дзеці могуць праверыць атрыманыя веды ў абагульняючай віктарыне «Сцяжынкамі Полацкай зямлі» . Узнагародай будзе атрыманне сертыфіката ўдзельніка квэст-экскурсіі.
У ходзе квэст-экскурсіі дзеці выконваюць разнастайныя заданні:
«Крыжаванка»;
«Праўда — няпраўда»;
«Фанетычная галаваломка»;
«Гістарычнае даміно»;
«Згубленае слова»;
«Гістарычная матэматыка»;
«Гістарычны філворд»;
«Рассыпаныя літары»;
«Знайдзі пару».
Для стварэння заданняў мы выкарыстоўвалі наступныя інтэрнэт-сэрвісы і рэсурсы: LearningApps.org, Wordwall.net, Canva.com, Wordart.com.
Для прымянення праекта неабходна наступнае тэхнічнае і праграмнае забеспячэнне: камп’ютар з аперацыйнай сістэмай Windows 7 і вышэй, браўзер (напрыклад: Google Chrome, Yandex і інш.), манітор, клавіатура, мыш, акустычная сістэма.
Віртуальная квэст-экскурсія з’яўляецца інавацыйнай формай навучання, якая змяшчае ў сабе наглядныя, слоўнікавыя, практычныя, праблемна-пошукавыя, актыўныя, інтэрактыўныя метады, метады візуалізацыі.
Дадзены праект можа быць выкарыстаны настаўнікамі пачатковых класаў, гісторыі Беларусі, выхавацелямі групы падоўжанага дня ва ўсіх установах адукацыі, а таксама экскурсаводамі ў турыстычнай дзейнасці.
Віртуальную квэст-экскурсію можна прымяняць на розных уроках для азнаямлення з новым матэрыялам як фрагментарна, так і як серыю ўрокаў па пэўнай тэме, як частку мадэлі «перагорнутага ўрока», а таксама цалкам для праверкі ведаў вучняў, для абагульнення і замацавання пройдзеных тэм у індывідуальнай, франтальнай, групавой, калектыўнай формах работы.
Настаўнікі пачатковых класаў могуць выкарыстоўваць дадзены праект на ўроках інтэгрыраванага курса «Мая Радзіма — Беларусь» па наступных тэмах:
«Маўклівыя сведкі мінуўшчыны»
«Як да нас прыйшла кніга»
«Усяслаў Чарадзей»
«Ефрасіння Полацкая»
«Адкуль пайшлі назвы нашых гарадоў»
«Пачынальнік кнігадрукавання».
На факультатыўных занятках «Мой край» ён будзе карысны пры вывучэнні тэм:
«Мой раён і раённы цэнтр»
«Славутасці нашага краю»
«Памяць беражліва захоўваем»
«Імі ганарыцца наш край»
«Мая малая Радзіма» для вучняў 1–4 класаў.
Віртуальную квэст-экскурсію можна прымяняць у выхаваўчай рабоце і пазакласных мерапрыемствах, прысвечаных Году гістарычнай памяці, Дню пісьменнасці, Дню памяці Ефрасінні Полацкай і інш. Яна падыходзіць для вучняў любога школьнага ўзросту.
Зручна выкарыстоўваць наш праект пры дыстанцыйным, надомным і інклюзіўным навучанні. Ён будзе дапаможнікам для навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў і настаўнікаў.
Праект віртуальнай квэст-экскурсіі «Сцяжынкамі Полацкай зямлі» мае свае асаблівасці:
папулярызуе беларускую мову (увесь матэрыял падаецца на роднай мове);
мае межпрадметныя сувязі (з урокамі беларускай мовы, матэматыкі, гісторыі, геаграфіі, краязнаўства);
вучыць дзяцей карыстацца картай (знаходжанне аб’ектаў, іх размяшчэнне);
уключае значныя гістарычныя месцы і ўплыў славутых дзеячаў на развіццё нашай Радзімы, якія вывучаюцца па прадмеце інтэгрыраванага курса «Мая Радзіма — Беларусь»;
спрыяе развіццю навыкаў самастойнай, навукова-даследчай дзейнасці, навыкаў прымянення ведаў у незнаёмай сітуацыі;
садзейнічае фарміраванню ў вучняў рэфлексіі сваёй дзейнасці;
аб'ядноўвае адукацыйны працэс з рэальным жыццём;
дазваляе наглядна ўявіць вынік сваёй дзейнасці.
Такім чынам, віртуальная квэст-экскурсія з’яўляецца інструментам для развіцця пазнавальнай сферы школьнікаў, навыкаў самастойнай і калектыўнай працы, для выхавання грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў.
Віртуальная квэст-экскурсія — гэта арганізацыйная форма адукацыйнай дзейнасці, адрозная ад рэальнай экскурсіі віртуальным адлюстраваннем рэальна існуючых аб'ектаў. Перавагамі з'яўляюцца даступнасць, магчымасць паўторнага прагляду, нагляднасць, наяўнасць інтэрактыўных заданняў.
Пры праходжанні квэст-экскурсіі вучні ў займальнай форме знаёмяцца з новым матэрыялам, выкарыстоўваюць атрыманыя веды ў нестандартнай сітуацыі, павышаюць вучэбную матывацыю, пашыраюць кругагляд.