Па ўспамінах старажылаў, царква ў Свіслачы з'явілася яшчэ ў XVII стагоддзі. У першай палове ХІХ ст. у Свіслачы была пабудавана ўніяцкая царква. Захаваліся архіўныя звесткі аб будаўніцтве ўніяцкай царквы ўладальнікам вёскі Дарошавічы і іншых навакольных вёсак. Дакументы, якія датуюцца 1852 годам, паведамляюць: «В починке Деречинковской православной церкви приняли участие владелица имения Браково Станислава Гарковская, владелец имения Рудавица Рошковский.»
У XIX стагоддзі пры царкве было адкрыта вясковае вучылішча.Па звестках архіва: “1863 год - Дзерачынкоўскае вясковае вучылішча пры прыхадской царкве. Вучняў — 20, з іх: мужчынскага полу — 20, жаночага — няма. Святар Аляксандр Пігулеўскі”. З першага верасня 1875 года пасаду кіраўніка Дзерачынкоўскага народнага вучылішча выконвае Соф’я Мікалаеўна Крэчэўская. У 1882 годзе колькасць вучняў народнага вучылішча налічвае 50 чалавек.У 1911 годзе кіраўнікамі Дзерачынкоўскага двухкласнага народнага вучылішча былі Мікалай Чобат і Міхаіл Кун. Захаваўся тыднёвы расклад заняткаў вучняў першага класа.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Свята-Крыжаўзвіжанская царква дзейнічала як праваслаўная. У 1941 годзе царква была разбурана поўнасцю. У будынку размясціўся снайпер, і каб яго знішчыць, храм разбамбілі. На руінах царквы мясцовыя жыхары стварылі драўляны будынак, дзе і праходзілі службы.
У пасляваенны час царква не дзейнічала. Вернікам патрэбна было ездзіць у Лунна. З 1997 г. праводзілася рэканструкцыя царквы.Сцены яе зроблены з чырвонай цэглы і часткова з каменя, атынкаваны. Званіца знаходзіцца ў самім будынку царквы і размяшчаецца над уваходам. Сёння Крыжаўзвіжанская царква пастаянна дзейнічае. У 2020 годзе праведзена знешняя рэканструкцыя царквы – адноўлены барабаны купалоў, а самі купалы сталі пазалочанымі.
Першы касцёл у Свіслачы існаваў яшчэ з 1705 г. пры кляштары францысканцаў. Ён меў тытул Святых Пятра і Паўла. Храм быў ліквідаваны ўладамі Расійскай Імперыі ў 1832 г.
У 2002 г. на сродкі вернікаў быў пабудаваны касцёл Божай Міласэрнасці з элементамі неаготыкі.
Яшчэ ў 1854 годзе пачалося будаўніцтва касцёла. Ён будаваўся як пахавальная капліца на сродкі пана Бажэнскага з Абрэмшчыны. Пан Бажэнскі пахаваны ў гэтым касцёле, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка. У 1922 г. касцёл быў пабудаваны і высвенчаны як касцёл Святога Юзэфата. Ён дзейнічаў і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Квадратная аснова касцёла накрыта двухсхільным дахам. Фасад аформлены калонамі і трохвугольным франтонам. Унутранае ўбранства касцёла вельмі сціплае.
Вядомая лекарка жыла ў Абрэмшчыне, была нявесткай пана Бажэнскага, заснавальніка касцёла Святога Юзэфата. Слава пра яе ішла па ўсяму наваколлю. Цэліна Бажэнская дапамагала людзям, якія страцілі надзею ў жыцці. Разам з дачкой Ядзвігай яны заснавалі Кангрэгацыю сясцёр-змёртвыхпаўстанак. Пасля смерці Цэліна была кананізавана і абвешчана благаслаўленай.
Слядамі Благаслаўлёнай Маці Цэліны Бажэнцкай