Заўтра была вайна

Трэба ведаць – сэрца просіць,

Як дзядам, бацькам жылося…

Як сахой даўней аралі,

Як смыком зямлю бярлялі,

Як з сявалкі збожжа-зерне

Рассявалі чорнай жменяй…

Тэба ведаць, што зазналі,

Як на пана працавалі…

Трэба ведаць і пра тое,

Апраналі што? Якое?..

           Пятрусь Броўка. «Наш музей»



Вядомы літаратуразнавец Адам Мальдыс лічыць, што чалавека можна параўнаць з птахам, адно крыло якога – мінулае, другое – будучае. Калі не дзейнічае адно крыло, то птах губляе раўнавагу, арыентацыю ў часе і прасторы і непасбежна падае ў прорву бездухоўнасці. Калі ў чалавека няма патрыятычных пачуццяў, ён становіцца перакаці-полем ці ператвараецца ў засохлую траву – пералёт, якому ўсё роўна, што гіне: культура, памяць, зямля Каб гэтага не адбылося, у нашай школе з лістапада  2014 года дзейнічае  музей Баявой славы.

Спынімся на першай эксазіцыі музея “Заўтра была вайна”.

Кожны куток Беларусі захаваў моўныя, фальклорныя, этнаграфічныя і іншыя асаблівасці, звычаі і традыцыі. Адметнасць культурнай прасторы насельнікаў Беларусі ствараюць своеасаблівы вобраз свету, асабістае ўспрыманне навакольнага асяроддзя, у якім фарміруецца духоўны строй чалавека, яго светапогляд, патрыятычныя пачуцці.  

 Аснова кутка  - экспазіцыя, складзеная з прадметаў сялянскага побыту. Тут ёсць і “бабін куток” – гэта значыць гаспадарчы куток, тут можна пакруціць кола калаўрота, палюбавацца прыгожымі ручнікамі, падзорнікамі, сурвэткамі, патрымаць у руках верацяно, часала, драўляную лапату, пранік, узважыць рэчы з дапамогай бязмена, наліць малака ў гліняны збан, папрасаваць бязізну жалезным прасам на вуглях, запаліць старажытны ліхтар, прасеяць муку праз рэшата і замясіць цеста ў дзежцы, даведацца аб прызначэнні  ступы, бойкі, праса, каромысла, праніка і качалак, паспрабаваць пакачаць ільняны ручнік, агледзець сялянскі гардэроб.

Усё, што прадстаўлена ў музеі, сабрана супрацоўкамі нашай  установы сумесна з бацькамі і вучнямі.

           А чаму было вырашана аформіць гэтую экспазіцыю ў выглядзе сялянскай хаты ? Хата — наша калыска, утульнае і цёплае гняздо, адкуль «вылятаем мы ў вырай», куды вяртаемся з далёкіх і блізкіх дарог. Нездарма ў народзе кажуць: «Чужая хата не грэе, а свая хатка як родная матка». 

    У вясковай хаце ёсць кут, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць — так называецца гэта пачэснае месца. Тут, на покуце, пад самай столлю, вісяць абразы  з выявамі Ісуса Хрыста і святых. Яны  маўкліваю малітваю асвячаюць хату . На сценах развешаны ручнікі, вышыванкі і сведкі мінулага - фотаздымкі. На стале, на падлозе стаяць рэчы хатняга ўжытку: дзяжа, бойка, прасніца, пранік, качалка, кашы, збаны, гарлачы, лапці.

Заходзячы ў святліцу,

Што ты ўбачыш там?

Бажніцу!

Ручнік на бажніцы

Набожнікам звалі,

I покуць у хаце ім аздаблялі.

Многа людзі працавалі:

Сеялі, палолі, рвалі,

Як вялося здавён,

Шаўкавіты лён.

А вось абрус, сняжысты да бяла.

Яго да свята бабка берагла,

Начэй не спала, вышывала

Цвяток радзімы васілька.

      Пра покуць складзены прымаўкі: «Сівой барадзе месца на куце», «Добраму чалавечку добра і ў запечку, а ліхаце кепска і на куце».

      Доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі жанчыны ўсіх узростаў, а таксама дзяўчаты пралі, ткалі, шылі, вышывалі.

      Прасніца — драўляная прылада для прадзення воўны, кудзелі. Папрадуха левай рукой выцягвала з «барады» валасіню-валаконца, а правай круціла верацяно, навіваючы на яго нітку. Ёсць больш удасканаленая прасніца — калаўрот-самапрадка. Бытавалі калаўроты-стаякі і калаўроты-лежакі. Прасці на калаўротах было куды лягчэй і хутчэй.

      Кросны — самаробны ткацкі станок. Ткалі найчасцей з лёну. Для гэтага лён мялі, трапалі, часалі, пралі. Затым бялілі або фарбавалі пражу, снавалі яе. I толькі потым прыносілі станок і пачыналі ткаць. Рыпелі панажы, стукала бёрда з набліцамі, хадзілі ўверх-уніз ніты, ткалася палатно, белае ці расквечанае яркімі ўзорамі.

Руплівая, як маладуха,             У куточку хаты

Жыла тут бабка-папрадуха.      Прасніца стаяла.

Ёй, руплівай папрадусе,            Бабцы кужаль прасці

Не было спачыну, мусіць —      Дачка памагала.

Дзень і ночку шчыравала,        Ставіла новыя

Нітак тоненькіх напрала.          Кросенцы кляновыя.

Самапрадка ля акна —             Хутка бегаў чаўнок,

Як той чмель! гула яна.             Рабіў тоненькі радок.

I матала, і круціла                         Бёрда ўмела, бёрда дбала

Пражу-ніткі матавіла.                 Той радочак прыцікала.

Зімку ўсю бабуля ткала,           Праткам адкалачу.

Ткала, ціха прымаўляла:           Панясу на сенажаць —

— Ручнікоў натку,                         Хай на сонцы паляжаць.

Панясу на раку,                              Пабялеюць ручнікі

У ваду намачу,                               На травіцы ля ракі.

  —  Драўляныя ночвы, або начоўкі. У іх раней мылі бялізну, гатавалі мяса для калбас, трымалі шаткаваную капусту перад тым, як ссыпаць у бочку. I самае галоўнае назначэнне ночваў — купанне малых дзяцей.

I цясляр, і дрывасек,

Дзед пайшоў, асіну ссек.

Ссек асіну на начоўкі

I прывёз яе дамоўкі.

Дзяўбаў ён асіну не адну часіну.

Не дарэмна шчыраваў —

Усё ж ночвы змайстраваў.

      —  Ступа — прылада для апрацоўкі зерня на крупы.

      —  Рэшата служыла для ачысткі зерня, сіта — для прасей-вання мукі.

      Здаўна людзі карысталіся гліняным посудам. Выраблялі яго майстры-ганчары. Збаны, гарлачыкі, глякі, міскі, кружкі — усё гэта ўпрыгожвалася, абпальвалася і доўга служыла людзям.

Калі ласка — гладышы                Халодны і празрысты,

Выбірайце для душы.                   Бы з крынічкі самай чыстай.

Малако ў іх налівайце —             А пузаценькі гаршчок

Ганчароў успамінайце.                  Грэе ў печы круглы бок.

Як нальеце квасу ў гляк —           Кашу смачную гатуе —


Незвычайны будзе смак:               Усіх-усіх пачастуе.

    Ёсць такая легенда. Чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы з хаты, не азіраўся назад, іначай ператворыцца ў слуп солі. Чалавек азірнуўся... Дый як жа не азірнешся, калі родная сядзіба – гэта цэлы свет. Наперадзе, за таямнічаю мяжою гарызонта новыя дарогі, новыя людзі, новы свет. Але на ўсё астатняе жыццё застаюцца ў  памяці “парог, высечаны з успамінаў, дзверы на завесах цвыркуновай песні; вокны, зашклёныя вачамі блізкіх; хата, пакрытая крыламі ластавак..."


 Часцей  азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці – у хаце з матчынай душою, каб лягчэйбыло ісці наперад, у будучыню.


 Так жылі людзі ў даваенны час.