ДзедаеМедаль.mp3 Алесеў дзед Пятро Апанасавіч у свае маладыя гады быў героем, ваяваў з фашыстамі, не баяўся ні куль, ні снарадаў, ні бомбау, ні агню, ні вады. У дзеда ўзнагарод - паўнюткая шкатулка. Асабліва ганарыўся ён медалём «За адвагу».
Аднойчы завязаўся з ворагам жорсткі бой. Дзед, які тады яшчэ быў юнаком, радавым салдатам, ажно аглух ад выбухаў снарадаў. А потым на яго найшоў нямецкі танк. Вось-вось раздушыць. Дзед узняўся з акопа і кінуў гранату. Гусеніца разарвалася, танк закруціўся на месцы. Фашысты павыскоквалі з танка, хацелі дзеда забіць, а ён па іх —з аўтамата. Во якім салдатам быў Алесеў дзед.
Алесь часта дастае шкатулку і разглядае дзедавы ўзнагароды. Кожны ордэн і медаль шмат разоў трымаў у руках. А медаль «За адвагу» адзін раз адважыўся прымацаваць да свайго пінжачка. Прымацаваў і стала няёмка: дзед быў адважны, рашучы, а ён на «дарослы» веласіпед баіцца сесц!і і цемнаты баіцца - ноччу з хаты не выйдзе. Дый ці мала чаго баіцца?
Ідзе Алесь па вуліцы і разважае: як жа яму стаць такім, каб смела насіць дзедаў медаль? Яго думкі перапыніў плаксівы голас:
— Там... там сабака пасярод вуліцы ляжыць...
— Хай і ляжыць. Ты абыдзі яго, — параіў Алесь.
Алесь і сам баяўся гэтага сабакі, але прыняў смелы выгляд. Не мог жа мужчына прызнацца маленькай дзяўчынцы ў сваей слабасці.
— Я правяду цябе, - сказаў і ўзяў Людачку за ручку: - Хадзем!
Калі яны падышлі да сабакі, Алесева сэрца моцна і часта грукала ў грудзях. Яго, напэўна, і сабака пачуў, нязлосна гыркнуў: “Ідзіце, ідзіце... Я маленькіх не крыўджу і наогул нікога без прычыны не чапаю».
Дзень прайшоў хутка і ў клопатах: Алесь збегаў у магазін і купіў хлеба, накарміў курэй, паліў грады, купаўся, гуляў у футбол. Натаміўся так, што вечарам соладка заснуў. I прысніўся яму дзівосны сон: крочыць ён, статны юнак, па вуліцы, а на грудзях ззяе медаль «За адвагу». Усе з захапленнем глядзяць на яго: «Герой! У дзеда ўдаўся».
Алесь ад хвалявання прачнуўся і пашкадаваў: «Не трэба было прачынацца, паглядзеў бы, чым кончыцца сон».
А ў пакоі цёмна, пад акном шастае нешта. Алесю зрабілася страшна, але ён успомніў пра дзедаў медадь. «Я не баюся цемнаты», — сказаў сам сабеі рашуча адкінуў коўдру падышоў да акна. Нікога ў агародчыку не было, толькі галінка бэзу шкрабала па шыбе.
Раніцай Алесь пахваліўся бабулі, маме і тату:
— А я ўжо не баюся ні сабакі, ні цемнаты.
— Ты ў дзеда ўдаўся, — сказала бабуля.
Алесь дастаў з шуфляды дзедаву шкатулку, узяў медаль «За адвагу», прыклаў яго да свайго пінжачка. Але не прышпіліў...