Вялікая Айчынная вайна ў лічбах, падзеях і лёсах
У часу свае законы. Рана ці позна ён згладжвае ў памяці не вельмі значныя эпізоды нашага жыцця, вызваляючы месца для іншых. Але ёсць такія падзеі, над якімі час не ўладны. Яны ў аднолькавай ступені належаць і мінуламу, і сённяшняму дню. Гэта слаўныя старонкі гісторыі.
Аграгарадок Свіслач, што размешчаны ў Гродзенскім раёне, вядомы з XVI стагоддзя. За сваю гісторыю Свіслач стала ўдзельніцай шматлікіх падзей: войны, рэвалюцыі, палітычныя і эканамічныя ўзрушэнні...
Але найбольшы адбітак на гісторыю вёскі наклалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Свіслач была акупіравана захопнікамі ў першыя ваенныя дні. 1120 дзён яе жыхары жылі пад цяжарам нямецкай акупацыі. Вёска стала цэнтрам падпольнай і партызанскай барацьбы. У час Беластоцкай аперацыі па вызваленню Гродзеншчыны Свіслач перажыла нямецкія бамбардзіроўкі, бязлітасныя баі. Тут размяшчаўся штаб 609-га стралковага палка 139-й стралковай дывізіі. Святым для свіслачан месцам з'яўляецца помнік на брацкай магіле загінуўшых савецкіх воінаў-вызваліцеляў.
Вайна прайшла праз лёсы многіх сем'яў свіслачан. Сёння і дарослыя, і дзеці памятаюць пра подзвігі сваіх продкаў, пра цяжкасці і выпрабаванні ваеннага часу, што прыйшліся на долю нашых прадзедаў.
Пра ўсё гэта мы пастараліся расказаць на старонках нашага сайта. Работа працягваецца. З адкрыццём новых звестак, са стварэннем новых сямейных гісторый мы будзем размяшчаць іх на сайце.
Запрашаем усіх да сумеснай працы!