Куликовская Татьяна Иосифовна

Вобразы-сімвалы ў аповесці Васіля Быкава “Знак бяды”

Геніяльным з’яўляецца толькі такі твор мастацтва, які адначасова ўяўляе з сябе сімвал і дакладнае выражэнне рэчаіснасці.

Гі дэ Мапасан

Сімвал – мастацкі троп умоўнага абазначэння з’явы праз вобраз, прадмет, дэталь блізкі да метафары і алегорыі. Сімвал толькі намякае на з’яву і таму можа мець розныя тлумачэнні.

Асаблівасць быкаўскіх сімвалаў, што яны народныя, бо ўвасабляюць векавую народную мараль.

Нягледзячы на жыццёвую аснову аповесці (правобразамі галоўных герояў з’яўляюцца бацькі пісьменніка), “Знак бяды” – твор сімвалічны. “Знак бяды” – кніга-рэквіем і кніга-заклік. Гэта помнік героям і ахвярам, гэта запавет не паўтараць памылак мінулага. Назва твора “Знак бяды” – вынішчэнне духоўнасці, вынішчэнне Багацькаў як носьбітаў духоўнасці. Знакаў бяды ў творы вельмі многа, але ў загаловак вынесены нейкі адзін.

“Порвалась связь времён” — і рушацца царствы, сем’і, рушыцца ўсё. Гэтым творам Васіль Быкаў паказаў вытокі і нашых сённяшніх бед і няшчасцяў, нашай бездухоўнасці. З нічога і будзе нішто. Адкуль жа нам быць духоўна багатымі, калі многія Багацькі загінулі... Аднак усведамленне страты не здымае адказнасці чалавека за ўчынкі і стан душы. Многія Багацькі загінулі, але духоўнае багацце і духоўны вопыт засведчаныя ў кнігах. Скарыстанне ці ігнараванне яго цалкам залежыць ад чалавека, яго выбару.

Назва твора набывае сімвалічнае значэнне. Знак бяды — гэта мяжа, на якой чалавек павінен даць адказ свайму сумленню: ці здатны ён да абароны сваёй годнасці і гонару роднай зямлі.

Гэта становіцца зразумелым яшчэ з прадмовы: маляўнічая паўжывая старая ліпа, “абгарэлая і аднабокая, з тоўстым каржакаватым камлём, у якім зеўрала прамая шчыліна дупла”, выступае як сімвал разбурэння, заняпаду, абарванага жыцця. Нават птушкі баяліся сесці на яе голле, бо “сваім птушыным інстынктам адчувалі ў гэтым знявечаным дрэве злую прыкмету няшчасця, знак даўняй бяды”.

Пачынаецца аповесць апісаннем спаленага хутара. І гэта не проста надуманае жаданне аўтара: лёс жыхароў хутара служыць своеасаблівым папярэджаннем для людзей, што бяда побач, што яна толькі прыхавалася, чакаючы свайго часу.

У пачатку твора апісваецца звычайны побыт старых хутаран Петрака і Сцепаніды, іх небагатая гаспадарка, немнагаслоўныя размовы, невясёлы роздум аб канцы жыцця. Старыя думаюць пра дзяцей, ад якіх даўно не было вестак, пра зверствы акупантаў. Галоўныя героі спачуваюць адно аднаму, крыху іранізуюць: Пятрок з жончынай нявытрыманасці, рэзкасці, канфліктнасці, а яна з яго бесхарактарнасці, пакорнасці абставінам. Абое спадзяюцца перажыць цяжкі час разам. Але, як ні стараецца Пятрок прыстасавацца да абставін, як ні спрабуе Сцепаніда адносіцца спакойна, стрымана да новых гаспадароў жыцця, у іх нічога не атрымліваецца.

Паказ жыцця галоўных герояў поўны знакаў бяды, сімвалаў нязбытнасці ўсіх намаганняў да лепшай долі. Атрымаўшы свой надзел, бязмерна шчаслівыя маладыя Пятрок і Сцепаніда пачулі з вуснаў старога пана Яхімоўскага, што будаваць шчасце за кошт іншых нельга, і іх нястрыманая радасць адразу патухла. Аглядаючы палеткі, маладыя гаспадары знаходзяць на зямлі мёртвую птушку – старадаўняя прыкмета няшчасця, пакут. Гэта народны знак-вяшчун усіх пакутніцкіх віхураў, што пранясуцца над гэтым полем, так шчодра палітых чалавечым потам.

Упаўшая ад непасільнай працы кабылка - знак непамернасці ўзваленага на чалавека цяжару.

Васіль Быкаў у аповесці "Знак бяды" некалькі разоў акцэнтуе ўвагу чытача на "гаваркім" прозвішчы сваіх герояў. Вельмі кароткай была сустрэча Багацькаў з А Чарвяковым, але яе было дастаткова, каб Чалавек пазнаў Чалавека. Падзякаваўшы за прытулак, пажадаўшы дачцэ здароўя, даўшы 10 рублёў на лекі і малако, А.Чарвякоў, развітваючыся, запытаўся: ““Прозвішча як тваё?” – “Багацька”, - сказаў Пятрок і сумеўся, упершыню засаромеўшыся ўласнага прозвішча, так недарэчна прагучала яно на гэтым хуцавым, заваленым снегам падворку. “Дык багатага вам жыцця, таварыш Багацька””, - пажадаў на развітанне старшыня ЦВК…Прозвішча Багацькі набывае сімволіка-трагічнае гучанне.

Галгофа (глеісты надзел малаўрадлівай зямлі на полі Багацькаў, які нельга апрацоўваць) - біблейскі сімвал пакут Петрака і Сцепаніды, уласны хутар становіцца для іх месцам здзекаў і катаванняў, Галгофай. Абодва шчыра верылі, што гэта зямля зачараваная, што яны робяць усё, што ад іх залежыць, каб чакаць добрага ўраджаю. Гэта сімвал зямелькі-карміцелькі, якая для герояў – гэта як Радзіма, як маці. Ёй не здраджваюць, нават калі яна няўдаліца ці пакутніца. Адна дарога ў чалавека – несці свой крыж да канца, раздзяліць з маці-карміцелькай яе лёс. Маці-прырода і сын-чалавек – неадзельныя. Багацькі не адмаўляліся несці свой крыж да канца і спадзяваліся на Бога: "А мо і праўда паможа? Адвядзе праклён ад гэтай клятай людзьмі і Богам зямлі". І ўраджаі былі: і добрыя, і благія, зямля прымала чалавечы клопат аб ёй і як-неяк вяртала сваім дабрадзеям дары.

Узнясенне Петраком на Галгофу крыжа набывае сімвалічнае значэнне. Рамантычнымі сродкамі апісвае гэты ўчынак Петрака аўтар: “Якраз уставала ранішняе сонца і тут жа, над лесам, уваходзіла ў

нізкую барвовую хмару. У баку ад яго на светлым ускрайку неба цямнела ўдалечыні чалавечая постаць – нехта прыгнуўшыся, быццам змагаўся з непакорным слупам ці дрэвам. …Тут ужо стала відаць, як на самым высокім месцы ў канцы іх надзелу пахіла стаяў велізарны, скалочаны з бярвенняў крыж, які, упіраючыся ў зямлю, узнімаў над сабой Пятрок. Як толькі яна падбегла бліжэй, ён задышліва крыкнуў: падсабі! Крыж быў сыры…велізарная важкасць пацягнула яе ўбок, яна было спалохалася, але ўсё ж такі ўтрымала, І Пятрок закідаў яго зямлёй”.

Усё жыццё Петрака – узнясенне крыжа на Галгофу. Несці свой крыж, шчыраваць, высільвацца на “праклятай людзьмі і Богам зямлі”, прычым, маючы схільнасць да скрыпкі, можа толькі моцны чалавек, незвычайная асоба. А цярпенне якраз і патрабуе найбольшай сілы ад чалавека. Гэта як у прытчы:

Прыйшоў дужы – і быў пераможаны. Прыйшоў мудры – і таксама быў пераможаны. Прыйшоў цярплівы – і перамог.

Вялізны крыж на Петраковай Галгофе, шчодра палітым потам, сімвалізуе пакуты Петрака і Сцепаніды, іх нялёгкую долю хлебаробаў, надзею на лепшую будучыню, ён увасабленне веры, якая здольна дапамагчы чалавеку застацца Чалавекам нават у абставінах, якія мацней за яго... З самага маленства гэтыя людзі засвоілі, што жыць трэба сумленна, з сваей працы. Яны так і жылі, і ўсе так жылі. Але бальшавіцкая ідэалогія перавярнула ўсё з ног на галаву. Петракоў крыж сімвалізуе напружаную няпэўнасць, пакутлівасць людскіх шляхоў і іх выбару.

Па словах Васіля Быкава, “адно з самых недаравальных злачынстваў сталінчшыны — ліквідацыя традыцыйнай хрысціянскай маралі, спрадвечнай сістэмы элементарных жыццёвых правілаў, звычайна не надта паважанага, але нязменнага ў жыцці здаровага сэнсу. Некалі імі ў поўнай меры валодаў народ, цяпер жа не валодае ніхто”. Назначэнне рэтраспекцый (зварот у мінулае) — паказаць заканамернасць і сувязь паміж звёнамі сталінізму і фашызму ў адным ланцугу бязмерных пакут беларускага народа. Масавы генацыд, разбурэнне гнёздаў, калечанне лёсаў, давядзенне людзей да адчаю, крах веры, ідэалаў... Разрываюцца самыя моцныя сувязі паміж людзьмі— кроўныя, роднасныя. Жаніх, вымушаны “раскулачваць” нявесту, даведзены да адчаю, канчае жыццё самагубствам. Але самае страшнае, як зазначае пісьменнік, разбураецца векавая народная мараль, ствараюцца абставіны, што правакуюць чалавека на выяўленне не самых лепшых яго якасцей, нават “мабілізуюць”, рэалізуюць самыя ганебныя.

Сімвалічныя, знакавыя не толькі гібель Петрака і Сцепаніды, але і тое, ад каго яны сваю смерць прынялі. Сталінізм і фашызм – прычына самай вялікай трагедыі беларускага народа, які не быў гаспадаром на сваёй зямлі, як і Багацькі ў сваёй хаце. Няволя, нясіла… Але ж усё мінаецца, і рабства таксама не бывае вечным. Трагедыя ў тым, што Багацькі так і не дачакаліся ўнукаў, не сустрэліся з імі ў гэтым жыцці. І не перадалі ім векавую народную мараль і тыя прынцыпы, па якіх жылі і ад якіх не адступіліся нават пад страхам смерці. І тым гэты знак папераджальны і для ўсіх нас.

Самы яркі сімвал у аповесці – зруйнаванне вясковымі камсамольцамі крыжа на Галгофе. Яго спільвалі Петраковай пілой, ды яшчэ і вучылі, што забабоны – перажытак. Гэта знак поўнай маральнай разбэшчанасці, уседазволу. Чаго ж здзіўляцца бесцырымоннаму абыходжанню немцаў з паланёным народам? І ўсё ж паводзіны паліцаяў падаюцца больш страшнымі, жорсткімі, бесчалавечнымі – яны ж усё-такі свае, вясковыя. Пятрок і Сцепаніда гінуць ад рук сваіх суайчыннікаў, і гэта не выпадкова. Акупантаў можна прагнаць з роднай зямлі, а псіхалогію ўседазволенасці, духоўнага вынішчэння перамагчы нельга. Спілаваны крыж – знак парушанай, адрынутай веры, якая і дапамагала нашым героям вытрымаць усе нягоды і выпрабаванні.

Сімвалічная ў творы сцэна забойства каровы Бабоўкі, спрадвечнай, як сама зямля, карміцелькі селяніна.

Знак бяды — не паспець аддаць пазычаныя грошы чалавеку пры яго жыцці. У тым, што Пятрок не паспеў аддаць Чарвякову грошы, не яго віна, а бяда, трагедыя. Але ж колькі народнай мудрасці і перасцярогі ўсім нам і ў гэтай прыкмеце – знаку: усяму свой час. Паспей зрабіць дабро бліжняму, пакуль яму гэта яшчэ патрэбна. Спазніцца з добрай справай — паспрыяць злу.

Сімвалічная смерць пана Адольфа Яхімоўскага. Яшчэ адзін, бадай, самы забыты ў наш час, прынцып Петрака і Сцепаніды: трэба быць літасцівым нават да свайго ворага, асабліва калі ён павержаны. Нельга здзекавацца з таго, ад каго вызваліўся, а трэба знайсці ў сабе сілу паспагадаць, зразумець пераможанага і зрынутага. Вядома, пан Яхімоўскі не быў Петраку і Сцепанідзе ворагам, але ён стаў зрынутым, а ў такой сітуацыі раб і хам заўсёды прагне выцяць свайго пана. Але ж то – раб і хам. Па-людску паставіліся да Яхімоўскага яго ўчарашнія парабкі, даглядалі яго, жылі ў істопцы, хаця маглі і заняць панскія пакоі. І пахавалі па-людску.

Нашы продкі ведалі і помнілі пра тое, што забываецца сёння: паспагадаць пакутніку, наведаць хворага, пахаваць памерлага — справы, якімі ратуюцца лечацца нашы душы. Смерць пастушка Янкі – клопат пра калек і сірот. Паспагадаць, паклапаціцца пра пакутнікаў, параіць, паспачуваць чужой бядзе,

зняць з душы камень, ратаваць другога, нават калі небяспека пагражае самім, — на такое здольны Пятрок і Сцепаніда. Апошні з роду Ганчарыкаў, Янка, бяскрыўдны пастушок, які знямеў ад жаху, калі ўбачыў мёртвага брата, што налажыў на сябе рукі, загіне. Кінутая ў калодзеж Сцепанідай вінтоўка каштавала загубленай чалавечай душы. Вынікам дыверсіі і стала выпадковае забойства падлетка Янкі Ганчарыка. Смерць пастушка Янкі Сцепаніда ўспрыняла як знак вялікай бяды. Нашы продкі добра ведалі, што не прыгрэць сірату, не паспрыяць калеку – грэх, а ўжо пакрыўдзіць сірату і калеку ці загубіць іх душы – знак бяды для ўсіх, хто нават і не прычыніўся да злачынства непасрэдна.

Сімвалічны і сон Сцепаніды пра пацука з ненажэрнай зяпай – фашысцкую навалу.

Эпізоды, звязаныя са скрыпкай, - гэта не проста моманты сюжэту, каб давесці чытачу пра пэўныя “дзівацтвы” героя. Сапраўды, у такі цяжкі, галодны час Пятрок аддаў усе назапашаныя на пакупку ботаў грошы ды яшчэ далажыў пазычаныя два чырвонцы! А ўжо калі ціхмяны, палахлівы Пятрок пайшоў ратаваць сваю скрыпку, Сцепаніда перажагналася, у думках развітаўшыся з ім навек. Трагічныя лёсы і скрыпкі і яе гаспадара. Скрыпка Петракасімвал таленавітасці, духоўнага багацця беларускага народа, сімвал спрадвечнай народнай прагі духоўнасці і прыгажосці, клопату пра духоўнае. Петракова скрыпка быццам багдановічашскі васілёк, без якога “навошта жыта”.

Хата Петрака і Сцепанідысімвал Беларусі, дзе “схадзіліся плямёны спрэчкі сілаю канчаць, каб багата адароны мілы край наш зваяваць”.

Іх калодзежсімвал невычэрпнай сілы народа.

Усе ўчынкі Сцепаніды псіхалагічна апраўданы. Нават пры куплі бомбы яна аддае свайго апошняга парсючка.

...Не стала Петрака. Вось тут і пачынае выспяваць рашэнне – узарваць мост бомбаю.

Бомба сімвал стоенага народнага гневу, які кожную хвіліну можа выбухнуць з велізарнай знішчальнай сілай, усенароднай барацьбы, перамогі дабра над злом. “Зло не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно няздольна. Але бяда ў тым, што людская дабрыня перад злом бяссільна, зло лічыцца толькі з сілай і баіцца толькі кары”. “…яна на ўзроўку чакала сваё пары…”

Мост сімвал судакранання двух светаў. Сцепаніда спадзяецца не столькі нашкодзіць ворагу, колькі ўратаваць свой свет, сваю памяць пра мінулае – хутар з яго Галгофай, хату, што засталася ў спадчыну ад старога Яхімоўскага.

Сцепаніда падводзіць вынікі жыцця: “За сваё цяжкае жыццё яна ўсё ж спазнала праўду чалавечых адносін і пакрысе здабыла свой невялікі чалавечы гонар. А той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане”. Жанчына ўпэўнена, што нелюдзі пераступілі мяжу чалавечага цярпення, і яна мае права на актыўны пратэст. “...Бяда ў тым, што людская дабрыня перад злом бяссільна, зло лечыцца толькі сілай і баіцца адно толькі кары. Толькі непазбежнасць адплаты можа прыцішыць ягоны драпежны нораў, прымусіць задумацца. Iнакш на зямлі запануе пекла, аб якім гаворыцца ў Бібліі”.

У няроўнай барацьбе Сцепаніда гіне, але застаецца непакорнай. Акружаная паліцаямі, яна зачыняецца у істопцы, сама падпальвае хату, і гарыць разам з ёй. Задыхаючыся ў дыме і полымі, ад якога ўжо смылелі валасы на галаве, гарэлі рукавы ватоўкі, Сцепаніда падумала, як бы апраўдваючы свой учынак з бомбай: “Можа, й добра, што з бомбай яе ніхто не бачыў. Добрым людзям і не трэба, а гэтыя хай шалеюць. Хай думаюць — дзе? І не спяць ні ўдзень, ні ўначы — баяцца да скону”.

Трагічная смерць Сцепаніды ўздымаецца да подзвігу і ўспрымаецца, як знак непераможнасці народа, нязломнасці яго духу. Адна з галоўных думак, якую спрабуе давесці да чытача аўтар твора, заключаецца ў рытарычным пытанні: што лепш: памерці без супраціўлення, пасіўна ўспрымаючы гвалт, які чыніць вораг на роднай зямлі, ці змагацца з гэтым гвалтам актыўнымі дзеяннямі, ад якіх вораг не будзе мець спакою ні ўдзень, ні ўночы.

Пакутніцкая смерць высакародных і чыстых душой Петрака і Сцепаніды, носьбітаў векавой народнай, традыцыйнай хрысціянскай маралі, ды яшчэ ад рук сваіх жа суайчыннікаў, тых, каго сталіншчына ўзгадавала і мабілізавала, - таксама папераджальны знак бяды ўсім жывым. Такія, як Пятрок і Сцепаніда, здзяйсняюць повязь вякоў і пакаленняў, а з іх гібеллю “сувязь ірвецца”. Пятрок і Сцепаніда не страцілі чалавечай годнасці і атрымалі перамогу ў схватцы з бездухоўнасцю. У вобразах Сцепаніды і Петрака В. Быкаў увекавечыў нацыянальныя тыпы носьбітаў векавой народнай маралі. Гэта помнік неўміручасці чалавечага духу, непадуладнага ніякай грубай сіле. Паводзіны гэтых немаладых ужо людзей – прыклад для ўсіх нас.

Палаючая хата Петрака і Сцепаніды сімвалізуе перамогу дабра над злом, духоўнасці над бездухоўнасцю. Гэта помнік чалавечаму духу, унутранай свабодзе, якую нікому адняць не пад сілу. Гэта не пастка, а непрыступная крэпасць, помнік чалавеку, які змагаецца з абставінамі да апошняга і перамагае ў гэтай барацьбе, бо перамога заўсёды вызначаецца сілай духу.




Са слоў складзіце і запішыце сказы. Падкрэсліце галоўныя члены сказа. Вызначце, якімі часцінамі мовы яны выражаны.

У, пайшлі, лес, дзеці, раніцай, восеньскай.

Крочылі, лясной, па, яны, дарозе.

Ляснік, ім, выйшаў, насустрач.

Паказаў, невялікі, ім, раслі, баравікі, ён, лясок, дзе.

Падкрэсліце дзейнік і выказнік

1. Чайка лятае над вадой.

2. Мы чытаем вершы пра восень.

3. Школу пабудавалі нядаўна.

4. Дуб раскінуў галінкі.

5. Сёлета восень цёплая і сухая.

6. Мінск – сталіца Беларусі.