Гісторыка - краязнаўчы музей “Спадчына” 


Калі лёсам нашай вёсачкі Вы зацікаўлены,

І гісторыю краю Вам хочацца ведаць бліжэй, -

Што тады, спадары і спадарыні, зробіце?- Правільна!

Вы хадою ўпэўненай пойдзеце прама ў школьны музей.

      А ў Кашалеўскім музеі “Спадчына”    

Вас сустрэнуць здабыткі і скарбы сівой даўніны –

Адгалоскі былога жыцця ў дамах і паселішчах,

Рарытэтныя сведкі гісторыі, разбурэнняў і жахаў вайны.

        Немагчыма выхаваць сапраўдных патрыётаў без павагі да памяці продкаў. Наш школьны музей – гэта не проста матэрыялы аб гісторыі вёскі і ветэранах, не толькі стварэнне экспазіцый,- гэта шматгранная дзейнасць, накіраваная на павышэнне якасці адукацыі, выхаванне патрыятызму, фарміраванне гістарычнай свядомасці вучняў. Мы хочам, каб будучае пакаленне разумела, якая цана заплачана за цяперашні мірны час. 

У  школьным музеі працуе экспазіцыя, якая раскрывае важнейшыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і ўтрымлівае шэраг разнастайных і каштоўных музейных прадметаў. Захоўваюцца звесткі аб 120 жыхарах сельскага савета, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і не вярнуліся дадому. Карпатлівай працай многіх педагогаў, вучняў і іх бацькоў сабраны матэрыялы, прысвечаныя ветэранам вайны – жыхарам Кашалеўскага сельсавета, партызанскаму руху і дзейнасці падпольшчыкаў, успаміны нашых землякоў аб гадах акупацыі, аб перыядзе вызвалення і вяртання да мірнага жыцця. На асобным стэндзе утрымліваецца шэраг разнастайных і каштоўных прадметаў, якімі карысталіся партызаны, падпольшчыкі, а таксама ўдзельнікі баявых дзеянняў: каскі савецкіх воінаў, кацялкі і пляшкі нашых гераічных партызан, фрагменты салдацкай зброі.

Найбольш унікальны экспанат музея- нумар газеты “Звязда”, які датуецца чэрвенем 1942 года. Цікава, што гэта першы нумар газеты, якая пачала друкавацца Мінскім гаркамам КПБ (б) у гады акупацыі. На пажоўклых старонках- весткі з франтоў, зварот да партызанаў, партызанскія навіны. Важнае месца сярод музейных прадметаў заняў макет даваеннай вёскі Каменка, спаленай фашыстамі 17 мая 1943 года. Дадзены музейны аб’ект быў зроблены сіламі настаўнікаў і вучняў у 2022 годзе. Таксама ў мінулым годзе адзін з міні- стэндаў папоўніўся новым актуальным матэрыялам: копіяй следчай справы здрадніка-паліцая з г. Навагрудка Канапацкага І.С. Гэтыя дакументы, звязаныя з генацыдам беларускага народа, былі перададзены нашай школе супрацоўнікамі раённай пракуратуры.

Экспазіцыя “Побыт сялян у канцы 19 - пач.20 ст.” прадстаўляе сабой беларускую вясковую хату. У невялікім пакоі сабраны прылады працы і прадметы быту сялян:сякера, сярпы, цапы для абмалоту зерня, ухваты, драўляны ганчарны круг, кубелец, плецены з лазы кошык, прас, мышалоўка і інш. Наша сялянская хата багата і прыладамі, якія выкарыстоўваліся пры прадзенні і ткатцтве: калаўрот, грабяні для часання ільну, матавілы, сукалы, ніценкі, бёрды і чаўнакі.

Пачэснае месца ў вясковай хаце займае покуць са сталом і лавамі, дзіцячай калыскай і мастацкімі вырабамі. Насупраць прадстаўлена разнастайная калекцыя ганчарнага посуду і прадметаў, вытканых на простым ткацкім станку: нацыянальныя мужчынскі і жаночы касцюмы, посцілкі, абрусы, ручнікі, паясы.

     У школьным музеі нашымі юнымі выхаванцамі ваенна-патрыятычнага клуба “Даследчыкі”  праводзіцца шэраг тэматычных экскурсій:  “І помніць свет выратаваны”; “Нам родную зямлю наканавана зберагчы”; “Адкрываючы старонкі Афганскай вайны…”; “Беларуская вёска: побыт і традыцыйная культура”. Змест усіх форм работы: разнастайных і пазнавальных экскурсій, лекцый, выстаў, праектаў і музейных урокаў адаптаваны для наведвальнікаў розных узроставых катэгорый, пачынаючы з самых малодшых школьнікаў.

    Гісторыка-краязнаўчы музей “Спадчына” Кашалеўскай базавай школы чакае паважаных гасцей на працягу ўсяго навучальнага года  кожны дзень з 9.00 да 16.00, нядзеля - выхадны.

Экспазіцыя 1. "Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны"

Макет вёскі Каменка

120 загінуўшых землякоў

Прысяга партызан

Асабовы лісток Мазура Я.А

Газета "Звязда" №1

Архіўны дакумент (копія)

Ліхтарык чыгуначны

Экспазіцыя 2. "Побыт і традыцыі сялян у канцы 19 ст. - пачатку 20 ст. "

Прадметы побыту

Калыска (люлька)

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва 

Ганчарныя вырабы 

Ільняная вышыўка 

Экспазіцыя 3. "Афганістан - наш боль"

Ліст дадому І.Пісарука

Камсамольскі білет Івана Пісарука

Адрас: 

Гродзенская вобл., Навагрудскі р-н., в. Кашалева, 

вул. Цэнтральная, 36

тэл.: 80159742529

e-mail: nov_koschelevo@yonovogrudok.by

 

Графік работы:

Кожны дзень з 9.00 да 16.00

Нядзеля - выхадны.