Дзятлаўскія Хатыні
За гады акупацыі (1941-1944 гг.) гітлераўцы правялі ў Беларусі больш за 140 буйных карных аперацый. Імі спалены 9200 населеных пунктаў, 5295 з іх фашысты знішчылі разам з усім або часткай насельніцтва (паводле іншых дадзеных 5295 - колькасць знішчаных населеных пунктаў, у тым ліку 628 - разам з насельніцтвам. 186 вёсак не змаглі адрадзіцца, бо былі знішчаны з усімі жыхарамі, уключаючы жанчын і грудных дзяцей, нямоглых старых і інвалідаў). Вынікам нацысцкай палітыкі генацыду і "выпаленай зямлі " ў Беларусі сталі 2 230 000 чалавек знішчаных за тры гады акупацыі. Сімвалам спаленых вёсак Беларусі стала вёска Хатынь у Мінскай вобласці.
Дзятлаўскі раён стаў адной з ахвяр фашысцкай Германіі. У час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна было знішчана 23 населеныя пункты. З іх 7-цалкам (вялікая Воля, Малая Воля, Трахімавічы, пушча Ліпічанская, Дуброўка, мястэчкі, Дубароўшчына) і 16 – часткова, фашысты забілі і спалілі больш за 1845 вяскоўцаў. У выніку карных аперацый сельскае насельніцтва ў раёне зменшылася на чвэрць.
Гарадкі, Трахімавічы, Дубароўшчына, Вялікая Воля, Малая Воля і шэраг іншых вёсак сталі ахвярай жахлівай аперацыі «Гамбург» па знішчэнні партызанскіх лагераў, якія знаходзяцца ў лясных масівах Пушчы Ліпічанскай, у тым ліку і ў дамах жыхароў гэтых вёсак. Карнікі дзейнічалі згодна з аператыўным загадам начальніка СС і паліцыі Беларусі Готберга ад 7 снежня 1942 года. У правядзенні аперацыі 14-16 снежня ўдзельнічалі літоўскія, украінскія і латвійскія паліцэйскія батальёны.
Фашысты расправіліся з мірным насельніцтвам за ўдзел у партызанскім руху і падтрымку народных мсціўцаў.
З інтэрв'ю з Ганнай Салавей, ураджэнкай в. Гута Дзятлаўскага раёна:
- Якое было жыццё?
—Цяжкае. Падчас вайны хаваліся ад немцаў у балотах. А потым яны прыйшлі да нас і сказалі: «не вернецеся ў вёску — усіх заб'ём». І мы прыйшлі. Дом спалілі. Шмат суседніх вёсак спалілі дашчэнту. Але мы выжылі. Баяліся ўсіх: і сваіх, і чужых. Калі прыходзілі партызаны ў чыйсьці дом, то хто-небудзь абавязкова даносіў немцам. І тую сям'ю расстрэльвалі. Спрабавалі неяк жыць у гэтым пекле. Вакол гарэлі вёскі. Тыя, хто цудам выжываў, шукалі прытулак у суседніх вёсках.