Рагнеда

Рагвалодаўна



Рагнеда Рагвалодаўна

Рагнеда Рагвалодаўна, Гарыслава (ст.-рус. Рогнѣдь ад стар.-сканд. Ragnheiðr, 966? — 1000) — княжна полацкая, дачка першага летапіснага князя полацкага Рагвалода, адна з жонак вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча

Дачка полацкага князя Рагвалода, да саюза з якой імкнуліся браты -- Яраполкі, князь кіеўскі, і Уладзімір, князь наўгародскі. Паводле летапісу, калі князь Уладзімір пасватаўся да Рагнеды, яна з пачатку 978 года была ўжо прасватана за Яраполка.

Калі ў Полацк прыехалі і ўладзіміравы сваты, паводле летапісу, Рагвалод запытаўся дачку ці хоча яна замуж за Уладзіміра, а Рагнеда адмовілася ад шлюбу, адказаўшы: «Не хочю розути робичича, но Ярополка хочю», - назваўшы Уладзіміра сынам рабыні (яго маці была ключніцай княгіні Вольгі).

Калі сваты паведамілі Дабрыні, дзядзьку Уладзіміра, адказ Рагнеды, ён з войскам з варагаў, наўгародцаў, чудзі і крывічоў (ізборска-пскоўскіх) прыйшлі пад Полацк. Рагнеду тым часам ужо сабраліся везці да Яраполка.

Рагвалод выйшаў супраць, але пацярпеў паразу ў бітве і зачыніўся ў горадзе. Полацк быў узяты вясною 978 года, Рагвалод з сынамі, жонкай і Рагнедай трапіў у палон. Рагвалод разам з жонкай і сынамі быў забіты.

Няслушна лічыць, што абразлівыя Уладзіміру словы належаць самой Рагнедзе, і што менавіта яны былі прычынай вайны. Важнейшай прычынай было ўступленне Рагвалода ў барацьбу Яраполка і Уладзіміра на баку аднаго з іх. Адказ Рагнеды сведчыў пра палітычны выбар Рагвалода на карысць Кіева, што немінуча вяло да вайны з Ноўгарадам.

Неўзабаве, 11 чэрвеня 978 года, Уладзімір стаў вялікім князем кіеўскім і забіў свайго брата Яраполка. У Кіеве было спраўлена яго вяселле з Рагнедай, дзе ён даў сваёй новай, другой ужо, жонцы імя Гарыслава. Рагнеда-Гарыслава была паселеная ў сяльцы на рацэ Лыбедзі пад Кіевам


Паводле падання, Рагнеда, каб адпомсціць Уладзіміру за крыўды зрабіла няўдалы замах на яго жыццё, калі ён спаў. Уладзімір цудам пазбег смерці і вырашыў забіць яе, але за Рагнеду заступіўся малалетні сын Ізяслаў.

Ён засланіў сабой маці і сказаў: «Бацька, ты тут не адзін!» Князь адступіў, а назаўтра абвясціў наступнае. Малодшых дзяцей Рагнеда не ўбачыць ніколі.


Пасля рады з баярамі Уладзімір вярнуў Рагнедзе яе вотчыну, такім чынам развёўшыся з ёю, а таксама пабудаваў для сына Ізяслава горад Ізяслаўль (цяпер Заслаўе).

Рагнеда адмовілася выходзіць замуж другі раз і пастрыглася ў манашкі пад іменем Анастасіі, паданне аднак узнікла ў пазнейшы час і яго змест выклікае сумненні.