Міхал

Агінскі




Міхал Клеафас Агінскі

Нарадзіўся Міхал Клеафас 25 верасня 1765 года ў Гузаве, што каля Варшавы. Ён быў сынам каралеўскага сенатара і ваяводы Троцкага Анджэя Агінскага і яго жонкі Паўліны з Шэмбекаў.

Ва ўзросце 21 год Міхал Клеафас быў абраны дэпутатам сейма ад Троцкага ваяводства і прызначаны фінансавым упаўнаважаным Фінансавай камісіі.

Гады жыцця і дзейнасці князя Міхала Клеафаса Агінскага — гэта эпоха падзелаў Рэчы Паспалітай суседнімі дзяржавамі і наступнай пасля нацыянальна-вызваленчай барацьбы, час абуджэння антыманархічных настрояў.

У сусветную гісторыю Міхал Клеафас увайшоў як буйны палітычны дзеяч, дыпламат, паўстанец, музыкант. Сапраўдную славу ён займеў як кампазітар і аўтар цудоўнага паланэза «Развітанне з Радзімай». Знаўцы сцвярджаюць, што напісаны гэты шчымліва-душэўны музычны твор быў менавіта на Смаргоншчыне.

Драўляная сядзіба ў Залессі перайшла ў спадчыну Міхалу Клеафасу ў пачатку дзевятнаццатага стагоддзя ад яго бяздзетнага дзядзькі, кухмістра ВКЛ Францыска Ксаверыя. Праз нейкі час новы гаспадар пачаў будаваць побач мураваны палацык у стылі класіцызму, а навакольную тэрыторыю добраўпарадкоўваць у адпаведнасці з тагачаснай модай. Непаўторную чароўнасць надавалі парку маляўнічы стаў з Лебядзіным востравам, шматлікія альтанкі, масткі, кветкавыя клумбы, аранжарэя з унікальнымі экзатычнымі раслінамі.

На жаль, час і ваенныя падзеі не пашкадавалі гэтую прыгажосць. Тым не менш на працягу дзесяцігоддзяў дзякуючы энтузіязму мясцовых жыхароў і прыезджых аматараў даўніны, прыхільнікаў Агінскага, захоўваўся будынак сядзібы, папулярызавалася творчасць кампазітара.

У 2014 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё будынка пасля рэстаўрацыі, а налета завяршылася абсталяванне экспазіцыі. Адкрыццё музея стала сапраўдным ушанаваннем памяці славутага дзеяча ВКЛ і падарункам для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

Міхал Клеафас быў выдатны педагог. Варты ўвагі яго ліст-наказ сыну Ірэніушу, які збіраўся ад'язджаць на вучобу ў Італію. І сын, і дочкі ўсё жыццё імкнуліся адпавядаць бацькоўскаму запавету. Так, набыўшы адукацыю за мяжой, Ірэніуш яшчэ ў 1838 годзе, прыехаўшы на сталае месца жыхарства ў Жамойцію, адмяніў тут прыгонны лад.

Пры ім пачалі дзейнічаць сістэма ашчадных кас, крэдытныя саюзы для кожнага сектара работнікаў. Пазней была адкрыта першая ў Літве сельскагаспадарчая бясплатная школа, выкладанне ў якой вялося на мове мясцовага насельніцтва. Развіваліся навука і мастацтва.