Рады вітаць Вас на нашым сайце!
Упраўленне адукацыі Мастоўскага райвыканкама
Дзяржаўная ўстанова адукацыі
«Азёркаўская сярэдняя школа”
Гісторыка-краязнаўчы музей “Наша спадчына”
Профіль музея: гісторыка-краязнаўчы
Дата заснавання: 01.12.2017
На аснове якога распараджэння адкрыты музей:
Загад па школе № 313 ад 01.12.2017 “Аб рэарганізацыі музейнага пакоя ў музей”
Агульная плошча музейнага памяшкання: 35 кв. м
Кольксць экспанатаў: звыш 400 экспанатаў асноўнага фонду
Наш музей у параўнанні з іншымі вельмі малады: яму фактычна няма яшчэ і двух гадоў. Тым не менш, у ім ужо ёсць некалькі раздзелаў: "Беларуская сялянская хатка", "З гісторыі нашай мясцовасці", "Гады ваеннага ліхалецця", "Яны прайшлі праз вайну", "Воіны-афганцы", "З гісторыі школы". Вядома, яшчэ вядзецца работа па іх афармленні і папаўненні, аднак ужо і зараз мы прымаем наведвальнікаў. У кожным раздзеле экспазіцыі - свае цікавыя экспанаты і экскурсія па іх.
"Беларуская сялянская хатка" запрашае пазнаёміцца з жыццём і побытам нашых продкаў. Тут сабрана багатая калекцыя музейных прадметаў, якія адлюстроўваюць увесь складаны працэс апрацоўкі льну ад пасеву да ткацтва: льняное насенне, сявенька, церніца, трапачка, грэбень, прасніца, верацяно, калаўрот, матавіла, сукала, кросны. Ёсць і прадметы ткацтва: зрэбнае палатно і вырабы з яго - радняная коўдра, сяннік, мяшкі, палавікі. Больш далікатны кужаль прадстаўлены сарочкамі, просцінамі, настольніцамі і, вядома, ручнікамі. Далей наведвальнік можа пабачыць так званы "бабін кут". Гэта - печ з качаргешнікам, вялікая паліца з посудам і маленькая насценная градка. Сярод старынных рэчаў Вас зацікавяць прасы (драўляныя і чыгунныя), начоўкі, дымар, драўляная даёнка і вядро для вады, карамысла, а таксама кола ад воза і звончыкі на дузе. У "чырвоным куце" можна пасядзець за драўляным сталом на покуці на сапраўдных лавах, засланых самаробнымі посцілкамі. Тут жа стаіць драўляны ложак з гарой падушак і шматлікімі вышыўкамі на насценным дыванчыку. Побач - спальныя месцы для дзяцей: драўляная калыска-зыбка і сплеценая з лазовых дубцоў калыбель. У кутку - куфар (сундук) з адзеннем, пасагам для нявесты. Пад столлю - керасінавая лямпа (газоўка) і самаробная цацка-павук, пастаяўшы пад якой можна праверцыь свае думкі.
У раздзеле "З гісторыі нашай мясцовасці" прадстаўлены матэрыялы, якія адлюстроўваюць найбольш важныя падзеі і асобы населеных пунктаў Азёркаўскага сельскага савета, які існаваў з 1940 па 2013 год. На жаль, мясцовасць наша не так багата насычана гістарычнымі падзеямі ў параўнанні з іншымі. І гэтаму ёсць тлумачэнне: аддаленасць ад усіх бліжэйшых райцэнтраў і вялікіх дарог і рэк, памежнае становішча з Дзятлаўшчынай і Зэльвеншчынай. Калі ж да гэтага дадаць нізкі, забалочаны характар рэльефу вакол двух глыбокіх азёр, дык і ўсё становіцца зразумелым. Таму любая гістарычная знаходка, звестка - для нас вялікая каштоўнасць. Вёскі Азёркаўскага сельскага савета існуюць даўно - з пачатку ХV ст. Большасць з іх яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага належала да маёнка Дзярэчын, найбольш вядомымі ўладальнікамі якога былі Сапегі і Палубінскія. Менавіта таму тады і ў часы Рэчы Паспалітай наша мясцовасць уваходзіла ў склад Навагрудскага ваяводства Слонімскага павета Дзярэчынскай воласці. У складзе Расійскай імперыі наш адрас быў той жа, толькі замест Навагрудскага ваяводства з'явілася Гродзенская губерня. Ну, а каб даведацца аб падзеях і людзях нашага краю, трэба прыехаць да нас у рэальны музей.
Раздзел "Гады ваеннага ліхалецця" адлюстроўвае падзеі нашай мясцовасці ў 1939 - 1945 г.г. Тут прадстаўлены матэрыялы аб першых актывістах, якія стаялі ля вытокаў Азёркаўскага сельскага савета. Усе яны, на жаль, былі знішчаны або ворагамі савецкай улады, або немцамі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Статыстычныя звесткі паказваюць колькасць людскіх і матэрыяльных страт па вёсках сельсавета за гады нямецкай акупацыі. Ёсць матэрыялы, якія паказваюць трагічныя падзеі, звязаныя з пачатковым этапам вайны: карты, фотаздымкі, успаміны былых ветэранаў і сведкаў вайны.
Раздзел "Яны прайшлі праз вайну" прысвечаны нашым ветэранам-землякам, якія засталіся жывымі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Гэта - франтавікі, партызаны, падпольшчыкі. Ёсць і такія, што паспелі паваяваць і ў партызанскіх атрадах, і на фронце. Іх фотаздымкі размешчаны на картасхеме, дзе можна бачыць месцы дыслакацыі партызанскіх фарміраванняў, што існавалі ў навакольных лясах і Ліпічанскай пушчы. Тут жа - успаміны ветэранаў, запісаныя пры іх жыцці, а таксама спісы ўсіх землякоў-удзельнікаў вайны, у тым ліку загінуўшых і прапаўшых без вестак. Ёсць таксама ўзнагароды і дакументы ветэранаў: медалі, пасведчанні да іх, чырвонаармейскія кніжкі, ваенныя білеты, пісьмы.
Раздзел "Воіны-афганцы" прадстаўлены матэрыяламі аб удзельніках вайны 1979 - 1989 г.г. у Афганістане-выхадцамі з нашай мясцовасці. Сярод іх 8 выпускнікоў Азёркаўскай сярэдняй школы. Найбольш звестак маецца аб выпускніку нашай школы Куляшу Віктару Мікалаевічу: фотаздымкі з ваеннай службы, падзякі-граматы. Асобае месца займаюць дакументы Саўчука А.М., ураджэнца в. Стукалы, адзінага з Мастоўскага раёна воіна-інтэрнацыяналіста, які загінуў у Афганістане пры выкананні баявога задання. Гэта - атэстат аб сярэдняй адукацыі, пасведчанне трактарыста-машыніста, успаміны аб ім сястры і настаўніцы.
У раздзеле "З гісторыі школы" сабрана нямала экспанатаў, якія адлюстроўваюць з'яўленне і развіццё школьнай адукацыі на тэрыторыі Азёркаўскага сельскага савета: пачатковыя школы ў в. Лупачы, Букштава, Малыя Азёркі, васьмігодка ў в. Котчына, сярэдняя школа ў Вялікіх Азёрках. Сярод іх - фотаздымкі школьных будынкаў, прозвішчы і фота дырэктараў і настаўнікаў, школьная форма, сшыткі, дзённікі, лічыльнікі, прылады для пісьма, узнагароды. Сярод нашых дасягненняў асобна стаяць кубкі-узнагароды хакейнай каманды "Азёркі", якая пад кіраўніцтвам трэнера-энтузіяста Пася І. М. на пачатку 2000-х неаднаразова з поспехам абараняла гонар Мастоўскага раёна на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі.