ФОТО
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Радзімы куток дарагі
На Урале ў Вятку ўпадае невялікая рэчанька. На яе беразе прытулілася вёсачка Завальніца двароў на трыццаць. Вокны хат глядзяць на прывабныя сенажаці, хлебныя нівы. Амаль да вёскі дайшоў вялікі лес. У ім водзяцца зайцы, дзікія кабаны, ваўкі і нават ласі. У наваколлі незлічоная колькасць птушак. Вельмі прыгожыя мясціны. Людзі тут жывуць адкрытыя душой, дужыя і працавітыя, якія любяць свой родны куточак і Айчыну. Такімі выхоўваюць і сваіх дзетак з самага маленства. Жывуць дружна, гора і радасць дзеляць разам.
14 лютага 1926 года вяскоўцы дружным гуртам віншавалі Фяклінію Нікіфараўну і Якава Васільевіча Якімавых з нараджэннем сына Віктара. У яго быў ужо брацік Васіль, які з’явіўся на свет два гады раней. Да вайны яшчэ народзяцца сястра Ліна і браты Веніямін і Юрый. У Завальніцы бяздзетных і маладзетных сямей не было.
Дзеці тут – галоўнае багацце. Якімавы, як і ўсе вяскоўцы, рабілі ў калгасе «Чырвоны сцяг»: маці шчыравала на калгасных палетках, а бацька рахункаводам. Бацьку паважалі яшчэ як героя грамадзянскай вайны, артылерыста. У свята на лацкане яго пінжака ззяў ордэн Баявога Чырвонага Сцягу.
У вёсцы да працы дзяцей прывучаюць з малых гадоў: яны глядзяць курэй, качак, пасуць кароў. Калі Віця падрос і пайшоў у Сырчонскую сярэднюю школу Куменскага раёна Кіраўскай вобласці, то летам заўжды працаваў у калгасе: падвозіў снапы з поля, баранаваў пахату, дапамагаў маці на хлебнай ніве. Гэтая працоўная загартоўка не адзін раз выручыць яго і на вайне, і на розных пасадах у мірны час, і ў наладжванні сямейнага жыцця.
Ад савецкага Інфармбюро
Вестка аб Вялікай Айчыннай вайне ўварвалася ў вёску Завальніца вельмі ўжо нечакана і крута павярнула наладжанае жыццё вяскоўцаў. На дзясяты дзень бацьку ўзялі ў армію і без падрыхтоўкі накіравалі на Заходні фронт у Беларусь. Бывалы артылерыст зведаў усе пакуты адступлення. А ў баях пад Яраслаўлем яго цяжка параніла. Доўга лячылі ў шпіталі ў Горкаўскай вобласці, а 9 лютага 1943 года ён з інвалідным пасведчаннем, на мыліцах, вярнуўся ў родную хату да сваёй сям’і. За ратныя подзвігі мужны артылерыст меў гвардзейскі значок і быў узнагароджаны медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі».
Старэйшага брата Васіля мабілізавалі ў армію 3 студзеня 1942 года і накіравалі ў г. Вятлугу Горкаўскай вобласці ў танкавае вучылішча. Праз некалькі месяцаў ён ужо на фронце, лейтэнант, камандзір танка. У 1943-м Васіль на танку прабіваецца да Проні і Сажа, вызваляе Беларусь. У адным з баёў немцы падбілі танк, і ён загарэўся. Паранены камандзір, абпалены агнём, выпрыгнуў з гарэўшай машыны. Лячыцца яго адправілі на Урал. Падлячылі і зноўку на перадавую – у Прыбалтыку. У баях недалёка ад Рыгі Васіль згарэў у падбітым ворагам танку. Яго імя ёсць на помніку савецкім воінам, якія загінулі ў гэтым жа баі. Родныя атрымалі пахаванку. Пазней Віктар Якімаў ездзіў на магілу свайго брата-героя. А цяпер невядома, ці захаваўся той помнік, і ў якім стане брацкая магіла?
Бацька і старэйшы брат былі на фронце, а таму праз паўгода з пачатку вайны Віктару давялося ўзяць на сябе ўсе клопаты па хатняй гаспадарцы. У калгасе не было дарослых мужыкоў, і ён стаў рахункаводам. Яму ішоў ужо васямнаццаты год, ён два месяцы вучыўся ў дзясятым класе. 9 лютага 1943 года, у той жа дзень, як з вайны прыйшоў бацька, сыну Віктару прыйшло паведамленне з райваенкамата ісці ў армію. Маці не ведала: ёй радавацца ці плакаць? Добра, што муж вярнуўся жывы, хаця і пакалечаны. Але ж сына бяруць у пекла.
Вайна – гэта смерць
Віктар Якімаў трапіў у г. Горкі. Тут на палігоне ў вайсковай часці пачалася муштроўка салдата: валоданне вінтоўкай і гранатай, вучэбныя стрэльбы, марш-кідок на пяць кіламетраў у начны час у любое надвор’е, рыццё акопаў і траншэй. А як споўнілася 18 гадоў, ён прысягнуў на вернасць Айчыне і трапіў у артылерыю. Гарматы – 122-мм гаўбіцы, іх рабілі на Чалябінскім трактарным заводзе.
На фронце ішлі па паўночным баку Прыбалтыкі пад камандаваннем генерала Чарняхоўскага. З кровапралітнымі баямі бралі Кёнігсберг. Ён быў увесь разбіты 243-й артылерыйскай брыгадай, у якой на адной з 16-ствольных батарэй служыў Віктар Якімаў. А як далі ў брыгаду «Кацюшу», ён стаў яе зараджаючым. Ад залпу «Кацюшы» гітлераўцы лютавалі і панікавалі.
– Пад Кёнігсбергам на высотцы быў варожы дот, і мы забуксавалі, спыніліся, – успамінае Віктар Якаўлевіч. – Дот на вышыні, а мы ў балотнай нізіне. Вораг палівае нас свінцом. Нас паклікаў камандзір батарэі:
– Якімаў, Феафанаў, Шышоў! Загадваю: пераплыць невялікую рэчку, узняцца на вышыню і знішчыць дот!
А першай гадзіне ночы да рэчкі падвезлі гранаты, узрыўчатку і зброю. Мы падзялілі іх між сабой, узабраліся на плот і пераправіліся праз рэчку. У перапынку, калі гаслі ракеты, мы перабежкамі ўзабраліся на вышыню збоку ад дота, які з двух бакоў і спераду меў амбразуры. У кожнай з іх выглядваў ствол кулямёта, які паліваў свінцом пазіцыі батарэі. Мы раздзяліліся: адзін справа, другі злева, а трэці – спераду дота. Па ўмоўным сігнале ўсе трое ў адно імгненне кінулі ў амбразуры па звязцы гранат. Унутры дота раздаліся выбухі, і адразу стала ціха. Мы забраліся ў дот і заклалі там узрыўчатку, ад якой працягнулі бікфордаў шнур. Падпалілі, раздаўся магутны выбух, і дот перастаў існаваць. За гэтую аперацыю мы атрымалі пісьмова ўдзячнасць ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Генералісімуса Савецкага Саюза І.В. Сталіна.
Калі нашы войскі занялі Кёнігсберг, артылерысты даведаліся, што Берлін таксама заняты. Але Віктару Якімаву са сваімі аднапалчанамі давялося весці баі з ворагам ажно да 13 мая 1945 года, бо асобныя групы гітлераўцаў не здаваліся ў палон і аказвалі ўпартае супраціўленне. Найчасцей яны рабілі засады і наносілі ўрон з укрыцця.
Усім вядома, што самыя цяжкія страты ў баях нясла пяхота, а ў артылерыстаў шанец выжыць значна вышэйшы. Ды нямала гінула і артылерыстаў, асабліва з «Кацюш». Дывізіёны «Кацюш», паколькі гэта была самая магутная зброя, заўсёды пасылалі на самыя цяжкія рубяжы баёў.
Віктар Якімаў на свае вочы бачыў, як варожая авіацыя поўнасцю знішчыла суседні дывізіён «Кацюш».
Калі фашысцкая Германія капітуліравала, то дайшла чарга і да яе саюзніка – Японіі. Артылерыйская брыгада, у якой служыў Якімаў, трапляе на Далёкі Усход. Яна размясцілася недалёка ад г. Іман, а 9 жніўня пайшла на Харбін і Мукдэн. Баі былі вялікія, але перамоганосныя. Было ўзята ў палон да 600 тысяч японцаў. Артылерыйская брыгада пасля гэтых баёў была накіравана ў порт Уладзівасток. Там яе пасадзілі на караблі, якія пайшлі на востраў Хакайда. Трое сутак былі ў моры, а калі амерыканцы занялі востраў, то караблі курсам пайшлі на Сахалін, які неўзабаве быў вызвалены ад японцаў.
На Сахаліне і сустрэлі канец другой сусветнай вайны.
За ратныя подзвігі на вайне В.Я. Якімаў узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне», «За перамогу над Японіяй», ордэнам Айчыннай вайны II ступені, мае ён і шэраг юбілейных медалёў.
Ваенныя дарогі і Магілёў
Пасля вайны В.Я. Якімаў застаўся служыць у арміі. Служыў у Латвіі, на Сахаліне, у Казахстане, у Германіі, у Пашкаве пад Магілёвам, а потым зноў у Германіі. У 1947 годзе скончыў агульнавайсковую школу і атрымаў званне малодшага сяржанта. У 1951 годзе – аўтамабільнае ваеннае вучылішча ў Разані. Служыў камандзірам узвода, камандзірам роты, намеснікам камандзіра батальёна, памочнікам намесніка камандзіра па тэхнічнай частцы палка, часова выконваў абавязкі намесніка камандзіра палка. Калі ўлічыць і ўсе ваенныя гады, то праслужыў 33 каляндарныя гады. Зволены ў запас у званні падпалкоўніка 25 снежня 1973 года.
А потым служба ва ўпраўленні ўнутраных спраў Магілёўскага аблваенкамата. Тут ён на грамадскіх пачатках быў сакратаром пярвічнай партарганізацыі, старшынёй мясцовага камітэта прафсаюза. У вытворчым аб’яднанні «Магілёўхімвалакно» ўзначальваў аддзел аховы. Агульны працоўны стаж склаў 57 гадоў.
І на вайне, і ў мірны час, і на адпачынку Віктар Якімаў заўсёды займаў і займае баявую жыццёвую пазіцыю. Ён актыўна ўдзельнічае ў ветэранскім руху, энергічна выконвае абавязкі члена магілёўскага гарадскога савета ветэранаў. Часта сустракаецца з моладдзю Магілёва: рэгулярна наведваецца ў школы № 5 і № 38, у вайсковую часць № 7271, у школу кадзетаў, у цэнтральную гарадскую бібліятэку. Хто б яго ні запрасіў на сустрэчу з моладдзю, ён гаворыць:
– Прыйду! Абавязкова прыйду!
І франтавік перадае юным праўду пра вайну, пра Вялікую Перамогу над ворагам, пра грамадзянскі доўг кожнага чалавека перад сваёй Айчынай.
Былі ў Віктара Якаўлевіча паездкі ва Уладзімір, Бранск, Быхаў і іншыя мясціны. У газеце «Веснік Магілёва» ад 25 сакавіка 2011 года мы бачылі яго на здымку на сустрэчы ў Бранску з расійскім прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым.
Пашэнціла і ў сямейным жыцці, якое доўжыцца з 1956 года. Жонка Лідзія Уладзіміраўна – медсястра. Разам узгадавалі двух сыноў: Юрый – механік на «Магілёўхімвалакно», а Анатолій – механік аэрапорта. Ганарыцца Віктар Якімавіч нявесткамі Галінай і Святланай, радуецца за ўнукаў: Юрый заканчвае інстытут, а Антон добра вучыцца ў школе.
А які ж лёс бацькоўскай сям’і? Пра брата Васілія, героя-франтавіка, мы ўжо ведаем. Бацька памёр у 75 гадоў, а маці ў 90. Сястра Ліна закончыла бухгалтарскую школу і працавала па спецыяльнасці недалёка ад г. Кірава, цяпер на пенсіі. Брат Веніямін служыў на флоце падводнікам. Закончыў ваенны інстытут і працаваў намеснікам генеральнага дырэктара на абаронным заводзе па выпуску зброі. Пайшоў з жыцця ў 50 гадоў ад інфаркта сэрца. Брат Юрый працаваў рабочым на заводзе. Цяпер на пенсіі, жыве ў Кіраве.
Віктар Якаўлевіч свой лёс лічыць хаця і цяжкім, але шчаслівым:
– Толькі хочацца яшчэ дачакацца праўнукаў, – прызнаўся ён.
Франтавік жадае маладым, якім давялося жыць пад мірным небам, быць здаровымі і шчаслівымі.
– Сёння, – гаворыць ён, – у моладзі нярэдка з’яўляюцца памкненні абагаціцца: браць, браць, браць.., а сквапнасць чалавека губіць.
Падпалкоўнік Віктар Якімаў бачыў усю Еўропу і Азію, ён ведае жыццё, а таксама кошт яму, таму да яго заўваг-парад юнакам і дзяўчынам варта прыслухацца.
2014 г.
Арцем’еў, В. І. Вайна ў кожнага была свая. Публіцыстыка / Віктар Арцем’еў ; рэдактар М. С. Барысенка. – Магілёў, 2018.