СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Юнацтва, абпаленае вайной
У вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў удзельнічалі многія ўраджэнцы Клічаўшчыны. Сярод іх і Міхаіл Данілавіч Русецкі, партызан і франтавік Вялікай Айчынай вайны 1941–1945 гг. У фондах раённага музея з 1985 года захоўваюцца яго ўспаміны, фотаздымкі і дакументы (чырвонаармейская кніжка, пасведчанні да ўзнагарод).
Сёння мы знаёмім чытачоў раённай газеты з успамінамі ветэрана вайны М.Д. Русецкага, якія публікуюцца ўпершыню.
Міхаілу было 17 год, калі пачалася вайна. Дзяцінства ж прайшло ў роднай весцы Клічаўскія Пасёлкі, дзе нарадзіўся ў 1924 годзе (год утварэння раёна). Бацька – Даніла Дарафеевіч Русецкі – працаваў у мясцовым калгасе «Новы быт». За год да вайны Міхаіл скончыў 5 класаў Клічаўскай сярэдняй школы і стаў працаваць у шавецкай майстэрні ў райцэнтры. За сумленную працу клічаўляне называлі яго «чырвоным саматужнікам». Ад райваенкамата ён атрымаў накіраванне ў Ленінградскае рамеснае вучылішча для павышэння прафесійнага майстэрства. Але паехаць не давялося – пачалася вайна.
Да 1942 года Міхаіл займаўся сельскай гаспадаркай. Пасля вызвалення Клічава 20 сакавіка 1942 года ён уступіў у вясковую самаабарону, якую ўзначальваў Адам Іосіфавіч Багдановіч. Летам 1942 года немцы рыхтаваліся да блакады партызанскіх атрадаў. Разведаць становішча ў бліжэйшай вёсцы Перасопня было загадана Міхаілу Русецкаму, Цімафею Мацюшонку і Сантаровічу. Чэрвеньскай ноччу яны адправіліся на заданне. У вёсцы не спалі. Яе жыхары па загадзе акупантаў будавалі мост праз рэчку Сушанка. Цімафей Мацюшонак, які ўзначальваў групу, адправіўся ў вёску, дзе трапіў на часавога і быў забіты.
«Мы вярнуліся назад і далажылі камандванню партызанскага атрада, размешчанага на тэрыторыі Клічаўскіх Пасёлкаў, што ў вёсцы Перасопня немцы. Праз некалькі дзён пачалася блакада».
Міхаіла чамусці не ўзялі ў партызанскі атрад, хаця ён меў зброю. Але ж юнак не жадаў сядзець без справы. Разам з жыхарамі вёскі Ваевічы Альфонсам Ліпніцкім і Макарам Шамалём хавалі параненага ў блакадзе партызана ля ракі Ольса, на «Яловай градзе», аказвалі яму першую медыцынскую дапамогу, насілі ежу і ваду. Але ў хуткім часе прыйшлося мяняць месца прытулку, бо яно стала небяспечным. Пасля гэтага выпадку Міхаіл Русецкі стаў байцом 277-га партызанскага атрада пад камандваннем Ігната Зіноўевіча Ізоха. У 1943 годзе змагаўся з ворагам ужо ў складзе 3-й роты (камандзір Іван Іванавіч Дарыенка) 277-й партызанскай брыгады.
«Мы перадыслацыравалісь у Клімавіцкі і Касцюковіцкі раёны, дзе на базе нашых рот была ўтворана 13-я Касцюковіцкая брыгада (камандзір Сяргей Акімавіч Мазур). Былі разгромлены ўсе гарнізоны ў Касцюковіцкім раёне. Летам 1943 года, калі Чырвоная армія перайшла ў наступленне, наша брыгада разам з усімі партызанскімі злучэннямі Беларусі ўдзельнічала ў аперацыі «рэйкавая вайна». На чыгунку не хадзіў, бо знаходзіўся пры штабе брыгады. Гэтаму павышэнню пасадзейнічаў адзін папярэдні выпадак. Пры пераходзе намі, партызанамі, чыгункі, немцы з бронецягніка адкрылі ўраганны агонь. Я разам з радысткай Аней (прозвішча не ведаю), масквічкай, вынеслі з гэтага бою радыёстанцыю і апарат для яе сілкавання ў поўнай захаванасці».
У партызанскай брыгадзе Міхаіл Русецкі знаходзіўся ў гаспадарчым узводзе, займаўся нарыхтоўкай прадуктаў харчавання, хаваў ад немцаў збожжа. У час злучэння партызанскай брыгады з часцямі Чырвонай арміі партызаны перадалі вайскоўцам 15 падвод збожжа. Брыгаду расфарміравалі, і Міхаіл трапіў ў запасны полк у Мсціслаўлі. Адтуль яго накіравалі ў 222-ю Смаленскую стралковую дывізію, якая ўдзельнічала ў вызваленні роднай Беларусі. У баях пад Віцебскам 30 снежня 1943 года радавога байца Міхаіла Русецкага параніла. Лячылі яго ў Калужскім ваенным шпіталі. Адсюль ён адправіў першае за вайну пісьмо родным. Салдат не ведаў, што яго бацьку і брата растралялі фашысты.
Пасля шпіталя Міхаіл вярнуўся на фронт і змагаўся з ворагам на тэрыторыі Польшчы. Пры фарсіраванні ракі Нарва ён зноў быў паранены. Мужнасць і гераізм байца, праяўленыя ў гэтых баях, адзначаны баявым медалём «За ўзяцце Кёнінсберга».
Ачуняўшы ад ран, тэлефаніст Міхаіл Русецкі ваяваў у складзе 44-й асобнай гарматнай брыгады галоўнага камандвання, удзельнічаў у апошніх жорсткіх баях за Берлін. Вайну скончыў на рацэ Эльбе, дзе савецкія войскі злучыліся з амерыканскімі. Да яго ўзнагарод дабавілася яшчэ адна – медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчынай вайне 1941–1945 гг.». Аб тых днях у Германіі засталося фота, на якім ён, малады савецкі воін, у палявой форме з пагонамі яфрэйтара і баявым медалём «За адвагу» на грудзях. Яму 21 год. Гады юнацтва ён правёў у кровапралітных бітвах з ворагам за Радзіму. Яму пашчаслівіла выжыць і сустрэць доўгачаканы дзень Перамогі.
8 лістапада 1945 г. Міхаіла дэмабілізавалі, і ён вярнуўся ў родныя мясціны, якія не пазнаў. Яго вёска і райцэнтр Клічаў былі спалены фашыстамі. Людзі жылі ў куранях.
Пасля вайны былы франтавік працаваў у Клічаве загадчыкам хаты-чытальні, у саматужнай майстэрні. У 1953 г. скончыў Буйніцкае БПТВ, атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста і працаваў у Бацэвіцкай МТС, у арцелі «Новы свет», перад выхадам на пенсію – у раённым вузле сувязі.
Інвалід Вялікай айчыннай вайны 2 групы Міхаіл Данілавіч Русецкі ўзнагароджаны 11-ю медалямі СССР. Ветэрана вайны ўжо няма ў жывых, але памяць аб ім захоўваецца ў сэрцах яго родных землякоў.
Касцюкевіч, Т. Юнацтва, абпаленае вайной / Т. Касцюкевіч // Сцяг Саветаў. – 2014. – 11 сакавіка.