ФОТО
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Мужнага і куля мінала
Іван Іванавіч Рандзіцкі – пенсіянер, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, адзін з тых, хто перажыў яе, данёс суровую памяць аб той пары сваім дзецям, унукам. Вось і зараз ён расказвае і, хвалюючыся, перабірае пальцы рук. Бачна, што нават у думках вярнуцца да тых страшных гадоў яму нялёгка.
Дзяцінства Рандзіцкага прайшло ў вёсцы Ліхачы нашага раёна. Адсюль ён у 1938 годзе пайшоў служыць у армію ў далёкае Закаўказзе, горад Кіравакан. Іван Іванавіч і ўявіць не мог, што служыць давядзецца амаль восем гадоў. Салдат Рандзіцкі прыняў прысягу ў палкавой школе, якую закончыў на выдатна. Стаў камандзірам аддзялення. На яго рахунку два выпускі малодшых камандзіраў. Далей была вайна…
У 1941 годзе рота, дзе ваяваў Рандзіцкі, стаяла на абароне Каўказа. Амаль кожны дзень прыносіў новыя баявыя заданні, цяжкія страты таварышаў. Асабліва да яго лёс быў літасцівы, і кулі міналі.
Цярпенне, разуменне і вера ў перамогу падтрымлівалі байцоў. У хвіліны кароткіх перадышак Іван Іванавіч гутарыў з франтавікамі на разнастайныя тэмы. Таварышы любілі яго за прастату, вясёлы нораў і знаходлівасць. Ён валодаў здольнасцю падымаць настрой людзей. Як старшыня роты, Рандзіцкі забяспечваў салдат боепрыпасамі. У распараджэнні тады было 160 коней і 30 ішакоў. Без апошніх у горнай мясцовасці нельга было абысціся.
Гады, праведзеныя ў баях, спецзаданнях ішлі сваёй чаргой, як і гарады, краіны на салдацкім шляху. Краснадарскі край змяніла Беларусь. Пасля вызвалення Гомеля ад фашысцкіх захопнікаў былі Асіповічы, Баранавічы. Потым чакала Польшча. Затым змянілі напрамак на Усходнюю Прусію. Полк пастаянна папаўняўся новымі байцамі.
Пасля ўзяцця Берліна салдаты атрымалі новае баявое заданне, напрамкам якога стала Чэхаславакія. Але дайсці да яе не давялося.
Перамога. Не верылася, што закончыліся пакуты, жах, пастаянны боль і непакой за будучыню.
За мужнасць, праяўленую ў гады Вялікай Айчыннай вайны, І.І.Рандзіцкі ўзнагароджаны ордэнамі «Чырвонай зоркі», «Айчыннай вайны», медалямі «За адвагу», «За абарону Каўказа», «За ўзяцце Кёнігсберга» і іншымі.
Дадому Рандзіцкі вярнуўся ў 1946 годзе. Даведаўся пра тое, што вайна забрала двух яго братоў – Паўла і Аркадзія. Для Івана Іванавіча жыццё працягвалася. Ён уладкаваўся працаваць загадчыкам гаспадаркі ў Чарнаруцкую ўчастковую бальніцу.
У 1950 годзе І.І. Рандзіцкага выбралі старшынёй сельскага Савета, дзе працаваў да пенсіі. Іменна на гэтай пасадзе і праявіліся ва ўсёй паўнаце здольнасці гэтага адказнага чалавека.
Ён быў сапраўдным арганізатарам, добрым для людзей і строгім да сябе. Іван Іванавіч удзяляў вялікую ўвагу добраўпарадкаванню вёсак сельсавета. Інтэнсіўна ішло будаванне калодзежаў, на 7-8 двароў па адным.
Ён з павагай адносіўся да людзей, падтрымліваў у цяжкія хвіліны, радаваўся за поспехі. У той час Чарнаруцкі сельскі Савет адносіўся да ліку лепшых у раёне.
Што датычыцца асабістага жыцця, то і тут у Івана Іванавіча ўсё ў парадку. Разам з жонкай Кларай Дзмітрыеўнай вырасцілі і выхавалі пяцёра дзяцей, дачакаліся семярых унукаў і адну праўнучку. Стараюцца Рандзіцкія, каб усе яны сталі паважанымі людзьмі, жылі ў згодзе і былі дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.
Юдзянкова, М. Мужнага і куля мінала / Марына Юдзянкова. – Ударны фронт. – 2004. – 21 лютага. – С. 3.