ФОТО
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Андрэй Сцяпанавіч Мілюцін – старшы сяржант Чырвонай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1946).
Андрэй Мілюцін нарадзіўся 15 лютага 1924 года ў вёсцы Царковішча (цяпер – Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці).
Пасля заканчэння школы-сямігодкі працаваў у калгасе, пазней скончыў школу фабрычна-завадскога вучнёўства, працаваў на чыгунцы. У кастрычніку 1942 года Мілюцін быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. З верасня 1943 года – на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Да студзеня 1945 года старшы сяржант Андрэй Мілюцін камандаваў кулямётным узводам 1409-га зенітнага артылерыйскага палка 38-й зенітнай артылерыйскай дывізіі 2-га Украінскага фронту.
Вызначыўся падчас штурму Будапешта. У ходзе адбіцця варожай контратакі ўзвод Мілюціна выцягнуў свае кулямёты на адкрытую пазіцыю, знішчыў бронетранспарцёр і каля 60 салдат і афіцэраў праціўніка, ачысціўшы некалькі гарадскіх кварталаў. У ходзе далейшага прасоўвання Мілюцін знішчыў вялікую колькасць кулямётных пунктаў і снайпераў, што спрыяла руху наперад стралковых частак. 11 студзеня 1945 года Мілюцін змяніў загінуўшага камандзіра роты. Пад яго кіраўніцтвам яна знішчыла 1 бронетранспарцёр, 12 назіральных пунктаў, 3 аўтамашыны, 20 агнявых пунктаў, каля 350 салдат і афіцэраў праціўніка.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання і праяўленыя мужнасць і гераізм у баях з нямецкімі захопнікамі старшы сяржант Андрэй Мілюцін быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка». Быў таксама узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонай Зоркі, шэрагам медалёў.
Пасля заканчэння вайны Мілюцін быў дэмабілізаваны. Пражываў на радзіме, пасля заканчэння партыйнай школы працаваў старшынёй сельсавета, намеснікам старшыні калгаса, загадчыкам МТФ калгасу.
Памёр 12 ліпеня 1985 года, пахаваны ў Царкавішчы.
Милютин Андрей Степанович // Энциклопедия Победы: Беларусь – Москва / составитель А. И. Докучаев, Б. Д. Долготович, Л. В. Языкович. – Минск ; Москва, 2009. – С. 566.
Милютин Андрей Стипанович // Гордость и слава Могилевщины : в 2 ч. – Могилев, 2005. – Ч. 1. – С. 175.
Мілюцін Андрэй Сцяпанавіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі / галоўны рэдактар Л. У. Языковіч. – Мінск, 2010. – С. 644.
Напрэеў, Г. Героі Савецкага Саюза – нашы землякі / Г. Напрэеў // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Шклоўскага раёна. – Мінск, 1998. – С. 243.
Скульбедаў, У. Рота, за мной! / У. Скульбедаў // Ударны фронт. – 2005. – 23 сакавіка. – С. 1.