БИОГРАФИЯ
Нарадзіўся ў 1927 г. у в. Скляпава Круглянскага раёна. Да вайны вучыўся ў Зубава-Ляснянскай СШ.
У час вайны быў арыштаваны за сувязь з партызанамі і знаходзіўся ў канцлагеры у г. Беласток, уцёк, злучыўся з партызанскім атрадам «26 год Кастрычніка» брыгады Кастуся Каліноўскага. У жніўні 1944 г. добрасумленна ўступіў у дзеючую Армію і быў наводчыкам 609 палка 139 дывізіі.
Удзельнічаў у штурме Кёнігсберга, вайну закончыў на Эльбе. Узнагароджаны «Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені», медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Кенігсберга».
Памёр у 2015 г.
ВОСПОМИНАНИЯ
«Нарадзіўся я ў 1927 г. у в. Скляпава Круглянскага раёна. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў 7 класаў. Калгас наш у той час зваўся «Колас», у яго ўваходзілі вёскі Скляпава і Дваркі. Мае землякі працавалі ў калгасе дружна, і калгас быў у той час адным з багацейшых у раёне. Мелі нафтавы рухавік і лесапільны цэх, дзе распілоўвалі лес не толькі для патрэб калгаса і сваіх калгаснікаў, але і для іншых калгасаў і проста для насельніцтва раёна, а таксама на базе рухавіка ў калгасе ўкаранялася малая механізацыя. Усё гэта давала дадатковыя сродкі ў касу калгаса. За адпрацаваны працадзень калгаснікі атрымоўвалі добра: як натураплатай, так і грашыма.
З пачатку вайны ўсё змянілася. Частка мужчынскага насельніцтва была прызвана ў армію, а частка пайшла ў партызаны. Па склаўшыхся абставінах наша сям’я вясной 1942 г. пераехала жыць у вёску Красуля, дзе разам з бацькамі я займаўся гаспадаркай, г. зн. працавалі на зямлі, трымалі жывёлу, чым і жылі. У верасні 1943 г. нашу сям’ю арыштавалі і трымалі ў гестапа ў Круглым. Прад’явілі абвінавачванне, што дапамагалі партызанам. Але пратрымаўшы нейкі час і не дабіўшыся прызнання віны, маіх маці і бацьку адпусцілі. А мяне з іншымі вязнямі накіравалі ў канцлагер, які знаходзіўся ў г. Беласток. Аб жыцці ў лагеры нават у цяперашні час не магу ўспомніць без уздрыгвання. Тут для ваеннапалонных былі створаны нечалавечыя ўмовы, і людзі паміралі дзясяткамі ад знясілення і зверскіх пытак фашыстаў. І калі ў лагеры ўспыхнула эпідэмія тыфу, фашысты знішчылі ўсіх. Жудасна было глядзець на магілы зверскі замучаных нашых ваеннапалонных. А каранавала ўвесь гэты ландшафт вялікая брацкая магіла, у якой былі захаваны, адпаведна надпісу на крыжу, больш шасці тысяч чалавек. Гэтыя жудасныя падзеі і цяпер стаяць у мяне перад вачыма.
Не лепшая доля чакала нас у канцлагеры. З першых дзён нас пачалі ганяць на працу. Побач з дзеючым аэрадромам будаваўся новы, ці дакладней расшыраўся дзеючы. Працаваць прымушалі з васьмі гадзін раніцы да шасці гадзін вечара. Ад лагера да месца працы трэба было ісці 3 км. Кармілі адзін раз у дзень: 150 грам хлеба, просты размол ячменю і яшчэ нешта дабаўлена, казалі, што драўляныя апілкі, і 700 грам ці адну банку кансервы баланды з бруквы альбо капусты. Жылі мы ў бараках, былых танкавых гаражах. Спалі на чатырохпавярховых нарах, дзе драўляная стружка служыла і матрацам, і коўдрай, якую ніколі не мянялі, хоць яна і ператварылася ў труху. За парушэнне лагернага рэжыму прыходзілася атрымоўваць такое, што і ўспомніць жудасна, а таму хоць і былі галодныя, але прыходзілася працаваць да апошняга. Пра медыцынскае абслугоўванне і думаць не прыходзілася. Людзі хварэлі і паміралі ад прастуды і знясільвання ў агульных бараках. А калі жывых гналі на працу, мёртвых кудысьці завозілі. Мы гэтага не ведалі, дзе іх хавалі, дзе іх палілі.
І вось, даведзеная да адчаю, наша група, у якую ўваходзіла частка людзей з Круглянскага, Крупскага раёнаў, з Гомельскай вобласці (каля 40 чалавек), 8 сакавіка 1944 г. здзейсніла ўцёк з лагера. І праз нейкі час нам пашанцавала сустрэцца з мясцовымі партызанамі. Пасля пэўнай праверкі нас накіравалі ў партызанскія атрады брыгады імя «Кастуся Каліноўскага» Беластокскага партызанскага аб’яднання. Спачатку я быў у атрадзе «Камсамол Беларусі», а потым у атрадзе «26 год Кастрычніка». Партызанам у Заходніх абласцях было вельмі цяжка. Па першае, слабае, а ў некаторых раёнах зусім не было падтрымкі ад мясцовага насельніцтва. Партызанскія атрады не мелі пастаяннага месца дыслакацыі, увесь час знаходзіліся ў руху, што стварала дадатковыя цяжкасці. На тэрыторыі Беластокскай вобласці дзейнічалі партызанскія атрады пад назвай «Арміі Краёвай», кіруючай з Лондана. Мы павінны былі дзейнічаць разам супраць фашыстаў, але часта не толькі не атрымоўвалі ад іх падтрымку, а нават прыходзілася ўступаць з імі ва ўзброеныя канфлікты.
З партызанскага жыцця ў мяне засталіся вось такія ўспаміны. Аднойчы, вяртаючыся з баявога задання, наша партызанская група папала ў засаду і пасля непрацяглага бою была разбіта. Мне цудам удалося выйсці з гэтага бою жывым, астатнія – хто загінуў, хто пайшоў у іншыя атрады. Мне прыйшлося блукаць больш дзесяці дзён у незнаёмых лясах, пакуль не далучыўся да адной з груп партызанскага атрада «26 год Кастрычніка», дзе і прабыў да з’яднання з Чырвонай Арміяй. Удакладняючы ўмовы партызанскай барацьбы з фашыстамі ў Заходніх абласцях Беларусі, успамінаецца такі выпадак. Пад час адной з карных экспедыцый фашыстаў супраць партызан у нас з’явілася шмат раненых; шпіталя мы свайго не мелі ў сувязі з пастаянным перамяшчэннем. Прыняць самалёт з вялікай зямлі таксама не было магчымасцей. І вось камандзір атрада прыняў адно з самых лепшых рашэнняў: перавезці параненых у цяжка даступныя месцы, гэта значыць у балоты.
Не магу сцвярджаць, як былі размешчаны іншыя раненыя партызаны, але аб адным магу расказаць, таму што сам у ім прымаў удзел. Нашым падапечным аказаўся цяжка паранены начальнік разведкі атрада – Захараў. Дзесьці сярод глухога балота на дрыгве быў зроблены плыт з падручных сродкаў, на яго палажылі параненага, а для догляду за ім былі пакінуты дзве пажылыя жанчыны і я, таму што апошні час знаходзіўся ў разведцы і быў пры камандзіры ад’ютантам. І вось на працягу тыдня мы знаходзіліся на сваім «Каўчэгу», а дзесьці непадалёку рыскалі карацелі. Калі параненаму было дрэнна і ён пачынаў у трызненні крычаць і біцца, жанчыны трымалі яго, а я сваім целам закрываў яму рот, каб не пачулі фашысты. Гэтыя дні, праведзеныя ў балоце, былі сапраўдным пеклам для параненага і для нас, таму што не было звычайнай вады, і смагу прыходзілася заспакойваць балотнай жыжай. Пра ежу і думаць не было чаго. Тыя невялікія запасы, што былі нам пакінуты, кончыліся, а частка з іх прыйшла ў нягоднасць і ўжываць іх было небяспечна.
Фронт прадзвінуўся ўперад, і немцы пайшлі на Заходні бераг, занялі там абарону. Нашы таварышы знайшлі нас і дапамаглі выбрацца на больш сухое месца. Нарэшце мы далучыліся да нашай роднай арміі. Гэта было 16 жніўня 1944 г., і на гэтым закончылася маё партызанскае жыццё. У далейшым былі новыя абставіны і новыя выпрабаванні, як маральныя, так і фізічныя.
З перыяду лагернага і партызанскага жыцця хачу ўспомніць сваіх таварышаў, як па няволі, так і па зброі, гэта значыць па сумеснай барацьбе з фашызмам. Гэта Яраслаў Новікаў, сёстры Соф’я і Ліда Ламазанавы, Аляксандра Нікіціна, Сяргей Будкевіч з Круглага, Міша Лук’янаў са Смаленшчыны, Яўген Кажамякін, Бодзікаў і Буслоў з Гомельшчыны, дзякуючы якім мне пашчасціла выжыць і шмат чаму навучыцца як у жыцці, так і ў барацьбе за жыццё.
Пасля невялікага перапынку я добрасумленна пайшоў на фронт. 2 верасня 1944 г. ужо быў на перадавой. Ваяваць прыйшлося ў складзе 139 стралковай дывізіі, у 609 стралковым палку 2-га Беларускага фронта.
Быў наводчыкам супрацьтанкавага арудзія. Калі ў адным з баёў арудзіе было разбіта, я працягваў службу ў батарэі наводчыкам. За час з 2 верасня 1944 г. па 9 мая 1945 г. з баямі прыйшлося пабываць у Польшчы, Усходняй Прусіі, Германіі, з баямі фарсіраваць рэкі Нёман, Нарэў, Віслу, двойчы Одэр, шырыня якога даходзіла да 3 км; удзельнічаць у штурме Кёнігсберга, узяцці Гданьска (Данціга) і іншых гарадоў і населеных пунктаў, як на тэрыторыі Польшчы, Усходняй Прусіі, так і ў самой Германіі. Вайну скончыў на Эльбе. Падчас баявых дзеянняў быў паранены і кантужаны. У складзе нашай батарэі ваявалі таварышы рознага ўзросту і розных нацыянальнасцей. І ўсіх нас аб’яднала моцнае франтавое сяброўства, без якога нельга добра ваяваць і перамагаць у цяжкіх баях.
Яшчэ ўспамінаю такі выпадак. Радавы Бузінскі (ён быў родам з Малдовы) у адным з баёў быў цяжка паранены, але адмовіўся пакінуць поле боя і працягваў выконваць свае абавязкі падвозчыка снарадаў, растлумачыўшы свой учынак тым, што нам без яго ўдзелу будзе цяжка. За гэта мы ўсе яму былі ўдзячны. А камандванне ўзнагародзіла яго высокай урадавай узнагародай. Такіх выпадкаў вялікага салдацкага сяброўства і высокай адказнасці можна прывесці дзясяткі. Успамінаецца яшчэ такі выпадак. Калі з баямі пераходзілі мяжу з Усходняй Прусіяй, нягледзячы на бой, мы цалаваліся паміж сабой і віншавалі адзін аднаго з гэтай урачыстай хвілінай. Радаваліся, што вайна перайшла на чужую тэрыторыю, хоць нас усіх наперадзе чакалі яшчэ вялікія цяжкасці і невядомасць, каму давядзецца застацца ў жывых, а каму загінуць.
І самым вялікім і радасным святам для нас быў дзень 9 мая 1945 г., дзень заканчэння вайны, хоць і пасля 9 мая мы страчвалі сваіх баявых таварышаў. Так, 16 мая пры выкананні службовых абавязкаў быў забіты старшына нашай батарэі Сцяпанаў і яшчэ шэраг таварышаў з іншых падраздзяленняў палка. Але нягледзячы на страту баявых таварышаў пасля капітуляцыі Германіі, мы былі рады, што скончылася кровапралітная вайна, і каму было наканавана, той застаўся ў жывых. Радасці не было канца, мы смяяліся і плакалі адначасова. Смяяліся таму, што выжылі і перамаглі, а плакалі таму, што ўспаміналі ўсіх сваіх баявых таварышаў, не дажыўшых да гэтага шчаслівага дня.
Набліжаецца 60-я гадавіна з дня Перамогі, і я з вялікай удзячнасцю ўспамінаю сваіх таварышаў: камандзіра ўзвода супрацьтанкавых пушак лейтэнанта Лаворду, камандзіра батарэі 76-мм пушак капітана Шуціхіна, камандзіра майго арудзія Васільева, узброенных нумароў Бялінскага, Бузінскага, Харажуна, Cаракапятага, Князева, рабят з іншых разлікаў Лявонава Фёдара, Рыбкіна Віктара, Разжывіна Аляксандра і многіх іншых, з кім прыйшлося дзяліць і радасць перамог, і смутак страт».
ФОТО