ФОТО
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Якаў Архіпавіч Заблоцкі, жыхар в. Дзмітраўка II, у гады Вялікай Айчыннай вайны абараняў Ленінград. Пасля прарыву варожай блакады ў саставе 334 Чырванасцяжнага артылерыйскага палка дайшоў да Берліна. Узнагароджаны медалямі «За абарону Ленінграда», «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», іншымі знакамі салдацкай доблесці.
Дэмабілізаваўшыся, былы франтавік самааддана працаваў на мірным фронце. Роўна 36 гадоў аддаў ён мірнай шафёрскай прафесіі, не зрабіўшы ніводнага дарожнага парушэння. За старанную працу ўдастойваўся падзяк і прэмій. Побач з баявымі ўзнагародамі на грудзях у яго зараз красуецца медаль «Ветэран працы».
Сёння мы друкуем успаміны Я. А. Заблоцкага, якія ён прынёс у рэдакцыю раённай газеты «Сцяг Саветаў». Няхай ведаюць цяперашнія юнакі і дзяўчаты, сказаў ён, што іх дзяды мужна абаранялі сваю Радзіму, каб зараз на нашай зямлі ніхто не ведаў пакут і слёз. I каб таксама заўсёды былі гатовы гэтак жа мужна абараніць сваю Айчыну.
Я слухаю радыё, гляджу тэлевізар і шмат калі чую і бачу перадачы пра абаронцаў Ленінграда ў гады Вялікай Айчыннай вайны. I ў мяне заўсёды ўсё больш шчыміць сэрца, баліць душа. Бо мне самаму ў тую цяжкую часіну давялося адстойваць ад ворагаў вялікі горад Леніна. На ўсё жыццё запамяталіся мне былыя мае аднапалчане.
Мяне прызвалі ў рады Савецкай Арміі ў 1940 годзе. Пасля спецшколы служыў у якасці каваля ў артылерыйскім палку, які быў на коннай цязе. У ім служылі байцы многіх нацыянальнасцей: беларусы, украінцы, асеціны, армяне, грузіны, інгушы, чэчэнцы, татары, эстонцы, літоўцы. Былі тут масквічы, ленінградцы, сібіракі.
Калі фашысты ступілі сваімі кованымі ботамі на нашу зямлю, 334-ы артылерыйскі полк рушыў насустрач ворагу да савецка-фінляндскай граніцы, дзе і ўступіў у баявыя дзеянні. Але немцы сабралі шмат войск і пачалі блакаду Ленінграда. Савецкія воіны мужна супраціўляліся ворагу, не зважаючы на смерць. У баях з фашыстамі вызначыліся рускі Аляксандр Палубаяраў, украінец Міхаіл Іўчанка, чэчэнец Бячэгаў, татарын Махмутаў і многія іншыя.
Помніцца, як у час блакады ў нас, на перадавой, выступалі з канцэртам ленінградскія артысты. У самы разгар канцэрта раптам пачаўся варожы артабстрэл. Адна з артыстак, яшчэ зусім маладая, упала і пашкодзіла сабе нагу. Я падскочыў да пацярпеўшай, падхапіў на рукі і данёс яе да машыны, на якой прыязджалі ў полк артысты. Гледзячы на худзенькую, стомленую спявачку, мы, байцы, тады пакляліся, што лепш загінем у баі, а горад ворагу не здадзім.
I мы клятву сваю стрымалі з гонарам, хоць нам і нялёгка было выстаяць. Не хапала прадуктаў харчавання. Кожны кавалачак хлеба мы, людзі розных нацыянальнасцей, дзялілі пароўну паміж сабой. Праўда, аб нас, абаронцах Ленінграда, помніла ўся савецкая краіна. 3 усіх куткоў яе, ад чэчэнцаў. інгушаў, асецін, іншых народаў нашых братніх рэспублік, на перадавыя пазіцыі прыходзілі пасылкі з рукавіцамі, сухарамі і інш. Кранутыя гэтымі клопатамі, мы адчувалі больш у сябе сілы і ўпэўненасці ў нашай перамозе.
Калі была прарвана блакада, мы пайшлі з баямі на захад. Вызвалялі Эстонію, Літву, Латвію, Польшчу, грамілі нямецкіх ваяк на іх тэрыторыі.
Наш полк прайшоў з баямі да Берліна 4200 кіламетраў. Многія з байцоў і камандзіраў склалі на гэтым шляху свае галовы. Сярод іх і камандзір палка Шатохін, ураджэнец г. Ленінграда. Мне давялося ў блакадныя дні бываць на яго гарадской кватэры. У яго была жонка, трое дзяцей. I мне асабліва было цяжка перажываць за яго смерць, якая здарылася прама на маіх вачах. Калі б выпала сустрэцца з яго дзецьмі, унукамі, расказаў бы ім пра ўсё...
У 1946 годзе, я вярнуўся на радзіму, дзе ўдзельнічаў у аднаўленні разбуранай ворагам народнай гаспадаркі. Закончыўшы школу механізацыі, працаваў шафёрам у леспрамгасе, у калгасе імя Сталіна, дзесяць гадоў вучыў шафёрскай справе навучэнцаў Дзмітраўскай сярэдняй школы, развозіў па магазінах раёна хлеб з хлебапякарні, а затым перайшоў на работу ў райсельгастэхніку, адкуль і пайшоў на заслужаны адпачынак.
Часта сустракаюся з моладдзю, расказваю ёй пра абарону Ленінграда, пра мужнасць савецкіх байцоў у баях з ненавісным ворагам.
Заблоцкі, Я. Стаялі на смерць / Якаў Заблоцкі // Сцяг Саветаў. – 1984. – 28 студзеня. – С. 3.