ФОТО
Асіповіч Дзмітрый Нікіфаравіч
Р.І. Арцёменка, жонка Дз.Н. Асіповіча
СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ
Ён варты таго, каб успомнілі!
Дзмітрый Нікіфаравіч Асіповіч. Маладыя яго не ведаюць. Помняць яго старэйшага ўзросту людзі, але іх застаецца з кожным годам усё меней. Нарадзіўся Дз.Н. Асіповіч на Шклоўшчыне, а большая частка працоўнага жыцця прайшла на зямлі круглянскай. Ваяваў з нямецкімі захопнікамі, застаўся жывы і вярнуўся з Перамогай. Але ў кнізе «Памяць» як Шклоўскага, так і Круглянскага раёнаў пра яго ніводнага радка. Ваенная і працоўная яго біяграфіі напамінаюць: ён варты таго, каб успомнілі!
Нарадзіўся Дз.Н. Асіповіч 29 мая 1925 г. у вёсцы Патапава Шклоўскага раёна ў сялянскай сям’і. Да вайны паспеў скончыць Нічыпаравіцкую сямігодку. Падчас нямецкай акупацыі дапамагаў па гаспадарцы маці-ўдаве, бо бацька памёр яшчэ ў 1939 годзе, а ўсе старэйшыя браты былі на фронце. З вайны вярнуўся толькі адзін з іх – Саўка (ён жыў у суседняй вёсцы Карзеева, дасылаў зрэдку вершаваныя радкі ў раёнку «Ударны фронт»). Трое братоў загінулі: Іван, 1918 года нараджэння, прапаў без вестак у верасні 1944 г.; Фёдар, 1922 года нараджэння, загінуў 12.02.1945 г. у Польшчы; пра старэйшага з усіх Кірыла, настаўніка, аніякіх звестак не захавалася. Івана і Фёдара ўспомнілі ў кнізе «Памяць. Шклоўскі раён», а пра Кірыла Нікіфаравіча Асіповіча чамусьці забыліся. А ён таксама набліжаў перамогу над фашызмам.
22 ліпеня 1944 г. малады прызыўнік Дзмітрый Асіповіч быў ужо ў Шклоўскім райваенкамаце і яго адправілі ў вайсковую часць курсантам вучэбна-артылерыйскага палка, дзе ў жніўні прыняў ваенную прысягу, а ўжо ў лістападзе ён у складзе франтавога 1285 гаўбічнага артпалка, палявая пошта якога 25898, меў званне сяржанта. У баях і паходах знаходзіўся з 23 снежня 1944 г. па 9 мая 1945 г. Быў кемлівы і адважны воін. Заўсёды рваўся, каб быць наперадзе. Старэйшыя вопытныя салдаты (сярод іх быў і адзін селянін са шклоўскай вёскі Лакуці) часта яго стрымлівалі, аберагалі. Але кантузію галавы ў адным з вельмі гарачых баёў ён усё ж атрымаў. Было гэта ў першых лічбах лютага 1945 г. пры ліквідацыі акружанай нашымі войскамі групіроўкі фашыстаў у горадзе Познань. Беспрытомнага артылерыста падабраў медсанбат якойсьці іншай вайсковай часці. Дакументаў пры ім не аказалася. Калі апрытомнеў, то Дзмітрый Асіповіч назваў сваю часць і за ім прыехалі. У медсанбаце спачатку хацелі адправіць у шпіталь, але па яго асабістай просьбе і просьбе яго таварышаў па службе быў адпушчаны ў сваю родную часць і далечваўся ўжо там. Затым зноў ваяваў.
Дз.Н. Асіповіч удзельнічаў у штурме і вызваленні Варшавы, пра што сведчыць медаль А №425376 «За вызваленне Варшавы». Штурмаваў Берлін і быў узнагароджаны медалем Б №407001 «За ўзяцце Берліна». Вядома ж, меў і медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.». Але самай памятнай і дарагой узнагародай для яго быў медаль А №365058 «За адвагу» за той самы крывавы бой з немцамі пад горадам Познань.
Праз год пасля Перамогі Дз.Н. Асіповіч ужо старшы сяржант, а затым і старшына артылерыйскай батарэі ВЧ 04717. I тут ён навідавоку. Яго ўзнагародзілі за поспехі ў вайсковай службе нагрудным знакам «Выдатны артылерыст», а яшчэ фотаздымкам каля разгорнутага Сцяга ВЧ 04717. А гэта каментарыяў не патрабуе.
У запас Дз.Н. Асіповіч звольнены 24 ліпеня 1950 года (праз шэсць гадоў пасля прызыву) ў званні старшыны і з вайскова-ўліковай спецыяльнасцю артылерыста 122, 150, 152 мм гармат гаўбіц.
Вярнуўся ў родную вёску. Пачаў працаваць у Нічыпаравіцкай сямігодцы настаўнікам фізвыхавання. Адначасова вучыўся завочна ажно восем гадоў: у Магілёве скончыў культасветвучылішча, а затым педагагічны інстытут. Працаваў старшынёй Заходскага сельсавета, сакратаром Шклоўскага райвыканкама, інструктарам, а затым загадчыкам аддзела райкама партыі і ўсюды са сваімі абавязкамі ён паспяхова спраўляўся.
У жніўні 1966 г. былы артылерыст мяняе дыспазіцыю: са Шклова пераязджае з сям’ёй у Круглае – яго там выбралі сакратаром райкама партыі, а праз два гады – другім сакратаром. Нямала добрага зрабіў Дз.Н. Асіповіч для людзей, для гаспадаркі і культуры раёна. Але паводзіў сябе сціпла. Адмовіўся ад паслуг шафёра і вадзіў аўтамашыну сам.
Дванаццаць гадоў напружанай працы. З яго характарам сумленнага чалавека зусім няпроста. Летам 1978 г. кантузія галавы ваеннага часу напомніла пра сябе. Урачы выратавалі, падлячылі, далі другую групу інваліднасці. Прыйшлося пайсці на пенсію рэспубліканскага значэння.
Ды толькі ці мог такі чалавек сядзець без працы? Праз год ён зноў пры справе – на адзінаццаць гадоў – старшым дзяржаўным раённым інспектарам па ахове прыроды. Нялёгка давалася барацьба з браканьерамі. Спатрэбіліся ваенныя навыкі, атрыманыя ў маладосці. Былі такія выпадкі: зловяць на месцы злачынства магіляўчан-чыноўнікаў, адбяруць рыбалоўны невад, ружжо ці іншыя недазволеныя сродкі, а тут званок з Магілёва і загадваюць:
– Вярнуць усё назад!
Таму іншым разам прыходзілася сякерай секчы канфіскаваны невад і іншыя прылады і па афармленні пратакола спальваць іх.
А вось як характарызавалі Дз.Н. Асіповіча кіраўнікі Круглянскага райвыканкама: «...зарэкамендаваў сябе добрасумленным і працалюбівым работнікам... шмат увагі надае пытанням аховы прыроды і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці».
Дз.Н. Асіповіч узнагароджаны ордэнамі «Айчыннай вайны» і «Знак Пашаны», медалямі «За працоўную доблесць», «Георгій Жукаў». А яшчэ ля дзясятка юбілейных медалёў, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР.
Апошнія гады свайго жыцця Дзмітрый Нікіфаравіч займаўся хатняй гаспадаркай. Нават пчол завёў. Для дома ўсё мог рабіць сваімі рукамі: і хлеў адбудаваць, і склеп, і каналізацыйную трубу з кухні вывесці, і машыну адрамантаваць, і нават вулей для пчол са свайго матэрыялу змайстраваць. У самыя цяжкія часіны свайго жыцця ён не губляў раўнавагі: трымаўся сумленна, годна. Камуністам быў з 1947 года і застаўся ім да канца свайго жыцця. Гэта і пра яго пісаў вядомы паэт:
Надзея, вера ўглыб паселены.
Змаганне. Подзвіг. Вечны бой.
Адна – і да згарання
Адданасць і любоў адна.
І чысціня – амаль наіўная.
Амаль дзіцячая яна.
Дзмітрый Нікіфаравіч быў прынцыповым, рашучым, дзейсным і разам з тым вельмі сціплым, сумленным і гуманным чалавекам. Ён не толькі не выхваляўся зробленым, ён ніколі не выстаўляў напаказ свае ўзнагароды. Толькі адзіны раз у жыцці з імі сфатаграфаваўся. Відаць па ўсяму, на памяць нашчадкам.
Дз.Н. Асіповіч быў і застаецца дастойным сынам шклоўскай зямлі, дзе нарадзіўся, і круглянскай зямлі, дзе працаваў большую частку свайго жыцця і застаўся ў ёй на 74-м годзе жыцця навечна. Ён варты, каб яго помнілі і круглянцы, і шклаўчане.
2002 г.
Арцем’еў, В. І. Вайна ў кожнага была свая. Публіцыстыка / Віктар Арцем’еў ; рэдактар М. С. Барысенка. – Магілёў, 2018.