Нікітка Сафія Кузьмінічна

Бабруйскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

Азарыцкія лагеры смерці былі створаныя фашысцкімі захопнікамі ў сакавіку 1944 года недалёка ад пярэдняга краю абароны. Больш за 50 тысяч жыхароў трымалі фашысты на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых, каб распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырвонай Арміі. Да вызвалення жывымі засталіся толькі 33 тысячы чалавек.

Адной з тых трыццаці трох тысяч і была Нікітка Сафія Кузьмінічна (дзявочае прозвішча – Філіпчык), якая нарадзілася ў 1928 годзе ў вёсцы Краснаўка Светлагорскага раёна. Калі пачалася вайна, дзяўчынцы Соні было толькі 13 гадоў.

…Аднойчы раннім веснавым ранкам вёску абкружылі немцы, павыганялі ўсіх з хат і пачалі заганяць у грузавікі. Калі хтосьці хацеў узяць з сабою цёплыя рэчы або ежу, адбіралі і выкідвалі.

Вось ён, Азарыцкі лагер смерці, куды ўсіх іх прывезлі. Была ранняя вясна, але ўначы пайшоў снег, і выпала яго столькі, колькі і ўзімку не было. Каб дзеці не замерзлі (разам з Соняю былі яшчэ браты Іван і Міша, а таксама маленькая сястрычка Марыйка), якой было толькі тры гады, маці не дазваляла нікому сядзець на месцы. Потым яе змяняла Соніна бабуля, якая прымушала дзяцей рухацца. Дарэчы, бабуля ў лагеры і памерла.

Адзін раз на дзень смертнікаў кармілі немцы, але гэта была нейкая брыдота. Дарэчы, і гэтаму «пачастунку» людзі былі вельмі радыя. А калі дзеці, не разумеючы, прасілі яшчэ, то іх на месцы і расстрэльвалі. Наогул, уся зямля была ўсцелена мерцвякамі, і той, хто не грэбаваў, клаўся на іх спаць, бо на снезе спаць было вельмі холадна. Многія так, у сне, і замярзалі.

Тры месяцы вось такога пякельнага жыцця, якое жыццём і не назавеш.

Калі нашыя войскі пачалі наступленне, немцы пакінулі лагер. Але перад адступленнем яны замініравалі ўсё навокал. І тыя першыя людзі, якія на радасцях выбеглі з лагера, усе як адзін падарваліся на мінах.

Толькі праз некаторы час, калі міны былі абясшкоджаны, астатнім было дазволена пакінуць лагер.

Праз некаторы час сям’я Соні вярнулася ў родную вёску. І што яны ўбачылі? Спаленую вёску, ад якой засталося толькі пяць хат. Вось у гэтых хатах і жылі па 6-10 сем’яў, пакуль не скончылася вайна і з фронту не вярнуліся мужчыны.

І пачала вёска адбудоўвацца зноў!

Соня працавала швачкай у суседняй вёсцы Данілоўцы. А калі да іх у 1949 годзе завітаў дзясятнік – вярбоўшчык, з толькі што арганізаванага торфапрадпрыемства «Рэдкі Рог», то, не задумваючыся, завербавалася на паўгода на распрацоўку залежаў торфу. Паўгода праляцелі хутка, і Соня перавербавалася яшчэ раз. А потым вырашыла застацца тут назаўжды.

З усёй рэспублікі прыязджалі сюды на работу людзі. Паступова забудоўваўся і пасёлак: узводзіліся баракі, двухпавярховыя дамы, будынкі сацкультбыту: дом культуры, сталовая, бальніца, лазня. Тут заўсёды было весела і шумна. Толькі ў летні сезон бралі на работу каля дзвюх тысяч часовых рабочых, не лічачы тых, хто тут жыў і працаваў пастаянна. Праца была вельмі цяжкай – практычна ўсё рабілася ўручную: уручную вагоны і нагружаліся, і разгружаліся. Але тыя хлопцы і дзяўчаты ўмелі і добра працаваць, і добра адпачываць, бо вельмі ж любілі бегаць на танцы – тут было ажно дзве танцпляцоўкі. А потым, узяўшы пад рукі гарманіста, проста гулялі па пасёлку і спявалі песні. Бабуля Соня і зараз помніць і спявае іх.

Менавіта тут яна сустрэла чалавека, з якім вырашыла звязаць свой лёс – гэта быў прыгажун Павел. Маладая сям’я атрымала кватэру, дзе і цяпер жыве бабуля Соня. На жаль, ужо даўно адна.

Дзве дачкі нарадзіліся ў іх, зараз падрастаюць унукі і нават праўнукі, якія заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджаюць да бабулі ў вёску, асабліва летам. Бо Рэдкі Рог – вельмі прыгожы куточак: вакол лес – высокія сосны і прыземістыя ёлкі абкружаюць яго з усіх бакоў. Тут заўсёды весела шчабечуць птушкі, растуць ягады і грыбы, вельмі чыстае паветра, якім лёгка дыхаць.

Бабуля Соня вельмі любіць сустракаць гасцей і расказваць аб сваім жыцці. Гадзінамі можна сядзець і слухаць, так цікава гэта ў яе атрымліваецца!

Успаміны запісала Караткевіч Вольга, вучаніца Брожскай СШ

ФОТО