Матлах Ніна Аляксееўна

Круглянскі раён | Шклоўскі раён

ВОСПОМИНАНИЯ

...Вайна пачала рушыць яе жыццёвыя планы якраз у той момант, калі Ніна толькі-толькі пачала ix будаваць. Яна выйшла замуж і чакала дзіцяці. Муж, Ягор, у той час удзельнічаў у арганізацыі партызанскага атрада ў яе родных мясцінах – Круглянскім раёне. Зрэдку наведваўся дамоў за ежай і звесткамі пра немцаў. А найчасцей у атрад ix насіла Ніна. Спадзявалася, што на цяжарную жанчыну гітлераўцы ўвагі звяртаць не будуць.

Яе хата стаяла насупраць хаты старасты. I даводзілася вынаходнічаць, каб не заўважыў той лясных гасцей, якія заходзілі сюды велымі часта. А ён ні то і сапраўды нічога не бачыў, ці толькі выгляд такі paбiў. Больш таго, менавіта яго жонка выратавала аднойчы хату ад намераў фашыстаў яе падпаліць. А можа разам з ёй і суседзяў.

Гэта здарылася тады, калі ў Ніны з’явілася немаўлятка-дачушка. Каля Быкавай Слабады, што непадалёку ад ix роднай вёсачкі Літоўск, у той момант праходзіў карны атрад. Вось тады і з’явіліся карнікі ў яе хаце. Загаласіла тады яна, запрасілася, каб не чапалі Лілечку, каб не забівалі яе.

....Яе схапілі праз некалькі месяцаў. Разам з іншымі пасадзілі спачатку ў Круглянскую турму, потым – у Стара-Барысаўскую, далей у канцлагер у Новым Барысаве. I, кінуўшы дома немаўлятак – Нініну Лілю і сваю Соню – спяшалася да яе сястра Васіліса, каб падтрымаць сястру, пачуць звесткі аб ёй. А аднойчы нават паднесла пад будыніну маленькі камячок – яе дачушку. Маладой маці выць хацелася, крычаць, бегчы... Да яе, да родненькай крывіначкі.

Аднойчы ахоўнікі сказалі, што заўтра ў Германію пагоняць. Ніна не вытрымала. Ноччу, калі ўсе ўгаманіліся, папаўзла падкопвацца пад дрот. Ваенных навыкаў не мела, сігналізацыю зачапіла. Перапалох пачаўся, па усёй тэрыторыі трасіруючыя кулі засвісцелі. Адбеглася назад, схавалася і ўспомніла раптам, што кофту каля лаза забылася. I зразумела, што раніцай знойдуць яе абавязкова. Таму не стала чакаць расправы, праз ахоўніка сама папрасілася да начальніка.

I калі трапіла да яго, прызналася, што гэта яна хацела ўцячы і пачала маліць яго:

– Не магу ад дачушкі адарвацца. Лепш тут расстраляйце ці да яе адпусціце.

I ён адпусціў яе жывую... Каб заўтра адправіць у Германію.

Ад нервовых узрушэнняў яна зусім аслабела. А яшчэ да касці нацёр нагу драўляны чаравік. На авіяцыйны завод, дзе прымусілі яе выточваць «нейкія гайкі», сяброўкі вадзілі пад рукі. А потым і ўвогуле стаяць не магла. Думала, што прыстрэляць за «непатрэбнасцю».

Там і атрымала радасную вестку аб заканчэнні вайны.

Але на радзіму адправілі ў першую чаргу пажылых і хворых. На душэўныя раны ўвагі ніхто не звяртаў. I прызначылі яе ў гаспадарчую часць дзеючай арміі. Дзевяць месяцаў яна была там і ўсё думала, думала пра дом, мужа і дачушку.

17 сакавіка 1946 года нарэшце вярнулася дамоў. Прысмакаў накупіла. I, убачыўшы каля роднай хаты дзяцей, пачала ix ім раздаваць, зазіраючы кожнаму ў вочы. Тыя радасна расхоплівалі і запіхвалі ў рот. Толькі адна маленькая дзяўчынка ручку не працягвала.

– Чыя ж гэта сарамлівая? – спыталася Hінa Аляксееўна. – Ці не Лілечка ж мая?..

Так, гэта яе дачушка была. Маці сваю яна не памятала. I яшчэ потым доўгія гады цуралася яе, быццам помсцячы за разлуку. A мацi і цяпер тая сустрэча баліць.

Вось такі адбітак наклала на Ніну Аляксееўну Матлах вайна.

Запісала бібліятэкар Зарэчанскай сельскай бібліятэкі Краўчанка А. А.

.Абпаленая вайной маладосць

Вайна. Яна не шкадавала нікога. Тысячы юнакоў і дзяўчат, чые сэрцы былі напоўнены бязмежнай любоўю да Радзімы, узняліся на барацьбу з ворагам.

Ягор Піменавіч і Ніна Аляксееўна Матлах не выключэнне з ix.

Ягор Піменавіч нарадзіўся ў вёсцы Саколіна Талачынскага раёна ў мнагадзетнай сям’і. Закончыў школу, атрымаў прафеciю вадзіцеля і быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу. Потым працаваў на будауніцтве аэрадрома ў горадзе Лунінец Брэсцкай вобласці. За тры месяцы да вайны лёс юнака закінуў у вёску Літоўск Круглянскага раёна. Тут уладкаваўся ў мясцовы калгас. У гэтай жа вёсцы знайшоў і сваё каханне. Аднак вайна парушыла жыццёвыя планы якраз у той момант, калі маладыя толькі-толькі пачалі ix будаваць. У той час Ніна чакала дзіця.

Сэрцы маладых патрыётаў не маглі застацца раўнадушнымі да людскога гора. На акупіраванай ворагам тэрыторыі яны шукалі сувязь з партызанамі. Так, у кастрычніку 1941 года у доме Матлах з’явіліся арганізатары партызанскага атрада B. Paбінін, Г. Салафудзінаў і В. Чысцякоў. Маладая сям’я доўгі час хавала ix ад фашыстаў, нягледзячы на тое, што па-суседску жыў стараста вёскі. Пастаянна падтрымлівалі сувязь з актывістамі іншай мясцовасці, распаўсюджвалі лістоўкі.

17 сакавіка 1942 года адбылося аб’яднанне 30 мсціўцаў з партызанскім атрадам у Рацаўскім лесе. Пайшоў з імі і Ягор. Hiнa засталася ў вёсцы для cyвязi з атрадам. Яна дастаўляла звесткі пра немцаў, выконвала іншыя заданні. Партызаны ж наносілі немцам значныя страты дыверсіямі на чыгунках і шасэйных дарогах. У канцы жніўня таго ж года са штаба партызанскай брыгады «Чэкіст» Ягор Матлах быў адпраўлены на фронт.

Цяжкае выпрабаванне чакала Ніну. Яна трапіла пад аблаву карнага атрада немцаў, якія акружылі вёску і забралі ўсю моладзь у Круглянскую турму. Дома засталася дачушка-немаўлятка. Маладая маці спрабавала ўцячы ад катаў, але не ўдалося. Заставалася толкі чакаць перамогу. Радасныя весткі аб ёй атрымала, знаходзячыся на нявoльнiцкaй працы ў Германіі. Яшчэ 10 месяцаў Н. А. Матлах адбыла ў гаспадарчай часці дзеючай арміi і толькі 17 сакавіка 1946 года вярнулася дадому.

Пасля вайны сям’я ўладкавалася на працу ў калгас. Праз некаторы час мужа адправілі працаваць на Шклоўскую папяровую фабрыку. Так пераехалі ў Шклоў. За працоўныя заслугі на фабрыцы Ягор Пімінавіч і Ніна Аляксееўна aтpымaлi шмат падзяк, узнагароджаны Ганаровымі грaмaтaмi і абодва маюць званне Ветэрана працы.

Запісала бібліятэкар Зарэчанскай сельскай бібліятэкі Краўчанка А. А.

ФОТО

СРЕДСТВА МАССОВОЙ ИНФОРМАЦИИ

Пісьмо пра сапраўдную жанчыну

Добры дзень, паважаная рэдакцыя. Пішу да вас таму, што хачу падзяліцца пачуццямі, якія перапаўняюць маю душу. Справа ў тым, што 28 снежня споўнілася 90 год самай цудоўнай жанчыне з тых, якія мне сустракаліся на працягу ўсяго жыцця, хоць доля мне падарыла бязмерную колькасць надзейных сяброў, цікавых знаёмых і найлепшых родных і блізкіх.

Пра Ніну Аляксееўну Матлах, якая жыве на вуліцы Малой Зарэчнай, можна расказваць вельмі доўга і цікава. Нарадзілася яна ў вёсцы Літоўск Круглянскага раёна ў 1923 годзе. У сям’і было шасцёра дзяцей і, вядома, няпроста было пракарміцца ў тыя часы. Але сям’я была вельмі дружная і ўмелі падтрымаць адзін аднаго ў патрэбную хвіліну. Ды і працу не дзялілі, бо кожны меў свае абавязкі і стараўся выканаць як найлепш, каб парадаваць бацькоў.

Калі ў нашу краіну прыйшло ваеннае ліхалецце, Ніна Аляксееўна была ўжо замужам і мела маленькую дачушку. У 1942 годзе гітлераўцы адпраўлялі ў турму ўсе партызанскія сем’і. У ліку іх разам з маці, меншай сястрой і сваёй дачушкай апынулася за кратамі і яна, бо яе муж Ягор Піменавіч быў партызанам. Спачатку Ніна Аляксееўна была ў Круглянскай раённай турме, затым у Талочынскай, а потым у Барысаўскай. У гэты час яна ўжо не ведала, дзе яе маці і дзе дачушка.

У 1943 годзе немцы адправілі яе ў лагер для ваеннапалонных, а потым на танкавы завод. Без слёз немагчыма пераказаць ўсё тое, што перажыла ў сваім жыцці гэта жанчына, у якой на вачах паміралі людзі ад голаду, холаду і бясконцых кулямётных чэргаў, якая сама спала на голай падлозе ў мароз, ела гнілое шалупінне ад бульбы і працавала безупынку. Дадому яна вярнулася толькі ў пачатку мая 1946 года і спаткалася з маці і дачушкай. Дачакалася мужа з вайны і нарадзіла яшчэ адну дзяўчынку. А ў верасні 1949 года пераехалі з сям’ёю ў Шклоў і прыраслі каранямі назаўсёды.

Працавала ўвесь час на папяровай фабрыцы. Дарэчы, прыемна прыгадаць, што кожны год калектыў гэтага прадпрыемства 9 мая наведвае сваю заслужаную і гераічную працаўніцу, каб павіншаваць са святам, да якого яна мае самае непасрэднае дачыненне. Вось пра гэта Ніна Аляксееўна распавядае з задавальненнем і ўдзячнасцю, а пра яе ваенныя выпрабаванні ведаюць нямногія, бо гэта для яе цяжкая тэма і нежаданая.

А, наогул, невялічкая хатка Ніны Аляксееўны бадай самая гасцінная. Сюды ведаюць дарогу ўсе, каму прыкра і каму надзвычай пашчасціла, каму хочацца параіцца ці патрэбна дапамога, або проста зайсці і прыемна паразмаўляць. Вось і ў мяне з’явілася другая матуля, калі мы з сям’ёй пераехалі ў 1987 годзе ў Шклоў (мая родная матуля памерла, калі мне было 16 год). Ніна Аляксееўна заўсёды была побач і ў горы, і ў радасці.

Зараз я рэдка бываю ў вашых мясцінах, але першае нязменнае жаданне – наведаць гэту цудоўнейшую жанчыну, якая ўжо 5 год жыве адна, але ніколі не бывае ў адзіноце. І вось, напярэдадні юбілею, мне давялося пабываць у яе, зноўку адчуць мацярынскую цеплыню, пацешыцца разам за яе дзяцей, 5 унукаў і 10 праўнукаў. З якой асалодай яна пра іх распавядае, можна толькі пазайздросціць. І самае дарагое, што ўзамен мае столькі ж павагі і цеплыні.

Я дзякую Богу, што ў маім жыцці ёсць такі непаўторны вобраз і прыклад, якой павінна быць сапраўдная жанчына. Ужо едучы дадому, я толькі паспявала запісваць радкі, якія проста ліліся з майго сэрца:

Пашчасціла вядома мне, агучыць ёсць прычына,

Матуляй стала і сяброўкай вось гэтая жанчына.

Любоўю, светам, цеплынёй яна ўся іскрыцца,

Дапамагчы гатова ўсім, за кожнага маліцца.

Пяшчоты колькі, дабрыні, як сэрца памяшчае,

Пераступіў яе парог – як роднага прымае.

Такой павагі да людзей не бачыла ніколі,

Хоць нацярпелася яна адчаю, жаху, болю.

Але сумела зберагчы ўсе лепшыя пачуцці,

Нават, з параненай душой, у горы і пакуце...

Буду Усявышняга прасіць, са шчыраю слязою,

Ёй шчасця, міра і святла, здароўя і спакою.

Галіна Мароз, г. Лагойск

Мароз, Г. Пісьмо пра сапраўдную жанчыну / Галіна Мароз // Ударны фронт. – 15 студзеня. – С. 2.